16 ліпеня ў Брытанскім парламенце вяліся дыскусіі па Беларусі.

Дэбаты распачаў дэпутат ад Кансерватыўнай партыі Марк Прытчард, які наведаў Беларусь у траўні. Ад імя Ўраду выступаў Кім Хоўэлс, намеснік міністра замежных спраў Злучанага Каралеўства. Таксама выступалі Марк Франсуа, міністр Еўрапейскіх справаў ценявога ўраду Кансерватыўнай партыі, і Джо Суінсан, намеснік міністра замежных справаў ценявага ўраду ад Ліберальна-Дэмакратычнай партыі.

Асноўная тэмы, закранутыя падчас дэбатаў:

• Злучанае Каралеўства асуджае выбухі, што адбыліся ў Мінску 3 ліпеня, выказвае спачуванне ахвярам і спадзяецца, што вінаватыя будуць прыцягнутыя да судовае адказнасці.

• Злучанае Каралеўства лічыць Беларусь часткай сям'і еўрапейскіх нацыяў. Беларусь можа больш поўна рэалізаваць свой еўрапейскі патэнцыял, імкнучыся да еўрапейскіх стандартаў у галіне правоў чалавека і свабодных выбараў.

• Брытанскі ўрад заклікае Беларусь вызваліць ўсіх палітычных вязняў і правесці свабодныя і справядлівыя парламенцкія выбары. Мы вітаем рашэнне Беларусі запрасіць місію АБСЕ да назірання за выбарамі. Ніхто не чакае ад выбараў пэўных вынікаў. Найважней за ўсё справядлівасць і празрыстасць іх правядзення.

• Еўрапейскі Саюз гатовы прапанаваць Беларусі паўнавартаснае супрацоўніцтва ў выніку істотнага і неабарачальнага прагрэсу па гэтых пытаннях. Мы па-ранейшаму заклапочаныя стаўленнем да грамадзянскае супольнасці і палітычных партыяў, улучна з некаторымі хрысціянскімі канфесіямі.

• Эканамічныя стасункі паміж Злучаным Каралеўствам і Беларуссю не развітыя ў дастатковай ступені. Яны маюць вялізны патэнцыял. Брытанскія кампаніі, асабліва Лонданскі Сіці, гатовыя інвеставаць на Беларусі. Многія з іх у цяперашні час заклапочаныя звязанай з гэтым рызыкай страты рэпутацыі, і спадзяюцца на паляпшэнне сытуацыі з выбарамі і правамі чалавека.

Важныя цытаты дэбатаў па Беларусі:

Kiм Хоўэлс, намеснік міністра замежных спраў:

Урад Яе Вялікасці жадае канструктыўна супрацоўнічаць з Беларуссю. Калі я маю данесці толькі адно пасланне, я хацеў бы заахвоціць Беларусь разглядаць парламенцкія выбары ў верасні як добрую магчымасць адбудаваць такое супрацоўніцтва, дэманструючы здольнасць вырашаць важныя пытанні правоў чалавека. Лепшыя стасункі з Еўрасаюзам прынясуць спрашчэнні ў падарожжах грамадзянаў, эканамічныя магчымасці і шанец браць удзел у абмеркаванні пытанняў, якія закранаюць нас усіх, такіх як навакольнае асяроддзе.

Я спадзяюся, што ўвосень мы будзем зноў размаўляць пра Беларусь і віншаваць яе з паспяховым правядзеннем выбараў. Я заклікаю ўлады дзейнічаць згодна з духам афіцыйных заяваў, зробленых імі наконт выбараў, і прымаць парады місіі АБСЕ. І толькі ў гэтым выпадку Еўрапейскі Саюз здолее супрацоўнічаць з Беларуссю як з роўнай еўрапейскай краінай.

Марк Прытчард, дэпутат ад Кансерватыўнай партыі:

Размаўляць пра выбар Беларусі паміж захадам і ўсходам ёсць памылковай дыхатоміяй. Беларусь ніколі не здолее адмовіцца ад блізкіх стасункаў з Расіяй – славянскі і рускі ўплыў на яе застаецца істотным — але ніхто да гэтага не заклікае. Тым не менш, еўрапейскія якасці Беларусі таксама неаспрэчныя і відавочныя, і варта ганарыцца гэтым элементам сутнасці Беларусі, якая ёсць выдатнай і культурнай краінай мужных людзей. Я спадзяюся, што краіна будзе рухацца да разумення свайго сапраўднага і поўнага еўрапейскага патэнцыялу, са шматлікімі перавагамі, якія нясе паўнавартае супрацоўніцтва, што таксама важна ў гэты складаны эканамічны час.

Міжнародная рэпутацыя Беларусі вельмі важная. Я ведаю некаторыя брытанскія кампаніі, якія хацелі б працаваць у Мінску і іншых беларускіх гарадах, але яны заклапочаныя тым, што гэта можа нанесці ўрон іх рэпутацыі. Яны ёсць вялізнай страчанай магчымасцю для эканомікі Беларусі, але я не веру, што гэтыя магчымасці страчаныя назаўжды. Гэта пытанне для Ўраду Беларусі. Хаця Беларусь імкнецца палепшыць ўласны імідж, найважней за ўсё рэальнасць, але не ўспрыняццё прагрэсу.

Вельмі важны працэс правядзення парламенцкіх выбараў 2008 году. Слова “працэс” мае значанне, бо для міжнароднае супольнасці важны працэс, а не вынік. ЕС і сотні еўрапейскіх кампаніяў, улучна з брытанскімі, як я адзначыў, нецярпліва чакаюць дэмакратычнага сігналу ад Беларусі.

Джо Суінсан, дэпутат ад Ліберальна-Дэмакратычнай партыі:

Што тычыцца сродкаў масавай інфармацыі, я была надзвычай занепакоеная, калі прачытала, што ў 2005 годзе дзяржаўныя друкарні-манапалісткі прыпынілі кантракты з апошнімі незалежнымі газетамі, і што ў мінулым месяцы былі прынятыя новыя законы з патрабаваннем дзяржаўнай рэгістрацыі ўсіх вэбсайтаў на Беларусі. Журналісты могуць быць змушаныя да жорсткіх пакаранняў, да двух гадоў турмы, за перадрук матэрыялаў замежных крыніцаў, дыскрэдытуючых Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?