Актывісты ініцыятывы «Дзея» за два месяцы сабралі 1408 подпісаў за ўсталяванне помніку ўдзельнікам Слуцкага паўстання. Больш за 1000 сабраных подпісаў — ад жыхароў Слуцкага раёну. Таксама было сабрана 466 электронных подпісаў праз платформу zvarot.by.

Подпісы былі перададзеныя ў Слуцкі выканкам 7 лютага. Перад падачай подпісаў ініцыятары збору былі на прыёме ў старшыні Слуцкага савета дэпутатаў Віктара Ражанца, які на словах станоўча ўспрыняў ідэю помніка і ўзняў праблему пошуку сродкаў на яго, паведамляе прэс-служба ініцыятывы.

У суправаджальным лісце прапануецца стварыць пры выканкаме грамадскі камітэт, у які на парытэтных пачатках увайшлі б, з аднаго боку, прадстаўнікі мясцовых уладаў і саветаў дэпутатаў, а з другога — вядомыя гісторыкі, культурныя і грамадскія дзеячы нашай краіны, якія падтрымалі ідэю ўсталявання помніку. Задача грамадскага камітэту — шырокае абмеркаванне і інфармаванне пра значэнне Слуцкага збройнага чыну, прыняццё прапановаў адносна выгляду помніку і актыўная дапамога ў пошуку сродкаў на яго ўсталяванне.

«Гістарычная памяць мае выключнае значэнне для будавання нацыянальнай супольнасці. Такія помнікі мусяць быць па ўсё краіне, бо Слуцкі збройны чын — падстава гонару і ўзор патрыятызму беларусаў», — кажа заснавальнік «Дзеі» і сябра рады руху «За свабоду» Алесь Лагвінец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0