Мышцы Фэлпса ня самыя магутныя, але яны надзіва элястычныя і хутка ўзнаўляюцца.

Мышцы Фэлпса ня самыя магутныя, але яны надзіва элястычныя і хутка ўзнаўляюцца.

17 жніўня амэрыканскі плывец Майкл Фэлпс заваяваў свой восьмы залаты мэдаль пэкінскай Алімпіяды. Гэтую ўзнагароду ён атрымаў у складзе эстафэтнай каманды на дыстанцыі 4х100 метраў комплексным плаваньнем.

Фэлпс пабіў рэкорд свайго суайчыньніка Марка Сьпітца, які на Алімпіядзе-1972 у Мюнхэне выйграў сем залатых узнагародаў. Сёлета Фэлпс быў найлепшым у спаборніцтвах 400 м комплексным плаваньнем, 200 м кролем, 200 м батэрфляем, 200 м комплексным плаваньнем, 100 м батэрфляем, а таксама ў эстафэтах 4х100 і 4х200 метраў кролем. Прычым ва ўсіх заплывах, акрамя стомэтроўкі батэрфляем, Фэлпс паставіў сусветныя рэкорды!

Агулам жа за жыцьцё 23-гадовы амэрыканскі плывец выйграў 14 залатых алімпійскіх узнагародаў.

Тым самым атлет увайшоў у гісторыю Алімпійскага руху.

Яшчэ ніхто да яго не станавіўся 14-разовым пераможцам Гульняў.
А яшчэ Фэлпс 17 разоў падымаўся на найвышэйшую прыступку першынстваў плянэты, а сусьветныя рэкорды на розных дыстанцыях усталёўваў ажно 33 разы. Пра такіх спартоўцаў прынята гаварыць «Чалавек-легенда».

У басэйн Фэлпс пайшоў па прыкладзе сваіх старэйшых сёстраў (ён трэцяе дзіця ў сям’і). Ягоныя ўнікальныя дадзеныя амаль адразу трапіліся на вочы дасьведчанаму спэцыялісту Бобу Боўмэну, якому толькі заставалася шліфаваць гэты талент.

Майкл мае ідэальнае для плыўца цела — ён пляскаты і шырокі, нібыта тая рыба камбала.
За гэта плыўца часта так і называюць. А яшчэ яго называюць «Амэрыканскім дэльфінам» і «Балтыморскай куляй». На целе амэрыканца няма ні граму лішняга тлушчу.
Мышцы таксама ня робяць асабліва ўражаньня сваёй магутнасьцю. Але яны надзіва элястычныя і хутка ўзнаўляюцца.
Першы старт Фэлпса на Алімпіядах адбыўся ў 2000 г. у Сыднэі, калі плыўцу было ўсяго 15 гадоў. Ён стаў самым маладым амэрыканцам, якому выпала выйсьці на блакітныя дарожкі Гульняў за апошнія 68 гадоў. Там падлетак ня выйграў ніводнага мэдалю. Але здолеў узысьці на пятае месца.

Многія дзівіліся, навошта пацан выходзіць у Аўстраліі на тры старты ў дзень, ня маючы ніякіх шанцаў на посьпех. «Гэта альбо ідыёт, які не разумее, што ён робіць, альбо геній, які мае свой абсалютна неверагодны плян», – пісалі пра Фэлпса вядучыя выданьні сьвету.

І ўжо праз тры гады на чэмпіянаце сьвету ў Барсэлёне Фэлпс бліскуча абверг меркаваньні ўсіх скептыкаў. Ураджэнец Балтымору заваяваў тры залатыя мэдалі мундыялю, выклікаўшы павагу калег і спэцыялістаў.

А яшчэ ён запомніўся ў сталіцы Каталёніі неардынарным учынкам: прайграўшы спрэчку трэнэру, стаў галіць галаву пад нуль проста ля борціка басэйну, дастаўшы станок, крэм, нажніцы, пенку.

Яшчэ праз год на Алімпіядзе ў Афінах Майкл Фэлпс выйграў ажно шэсьць залатых мэдалёў. У Пэкіне – ужо восем.

У дзяцінстве Майкл пакутаваў ад досыць рэдкай хваробы – парушэньне разьвіцьця. Хлопец ня мог канцэнтраваць сваю ўвагу і рэдка нешта запамінаў, але гэта ўсё межавала з гіпэрактыўнасьцю.
Напрыклад, хлопцу прапаноўвалася прабегчы стомэтроўку і выйграць нейкую шакалядку ці чупа-чупс. Майкл перамагаў усіх без асаблівых цяжкасьцяў, але цалкам забываўся на прыз. Зрэшты, цяпер Фэлпс дакладна ведае дзеля чаго ён плавае.

Фэлпс мала чым розьніцца ад сваіх амэрыканскіх аднагодкаў –трушчыць поп-корн, не здымае навушнікаў з музыкай любімага Эмінэма, а на ўсе старты цягае сьмешны талісман у выглядзе бляшанкі кансэрваваных малюскаў. Такі ён, новы спартовы ідал чалавецтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?