Кіберпартызаны апублічылі 40 тысяч зваротаў, дасланых у КДБ з верасня 2014 па жнівень 2023 года. Сярод бессэнсоўнага спаму і просьбаў дапамагчы з пошукамі інфармацыі пра рэпрэсаваных сваякоў там ёсць і класічныя даносы.
«Наша Ніва» дазванілася некалькім даносчыкам, каб даведацца пра іх матывацыю і тое, што ім кажа сумленне.
«Вазьму палку і па дупе надаю»
«Добры дзень, сумняваўся, ці варта гэта рабіць, але пасля забойства афіцэра ўсе сумневы адпалі… К.В., настаўнік нямецкай мовы ў школе, на хвалі пратэстаў неаднаразова вывешваў бчб сцяг у сябе ў двары, яго зяць з сябрам прымалі актыўны ўдзел у пратэстах… Паляк, ненавідзіць уладу… Рэгулярна вывозіць класы на прыроду, пра што ён кажа, невядома», — гучыць тэкст аднаго са зваротаў ад Сяргея Конанава з аграгарадка Воўпа Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці.
У тэлефоннай размове Конанаў адмаўляе, што даносіў на К.В.: «Мы ж сябруем». Але пры гэтым дадаў, што прасіў КДБ і міліцыю разабрацца з іншым суседам, які называў яго «лукашыстам, пуцінскім прыдуркам і рускім фашыстам».
«Ён з жонкай абражаў мяне некалькі разоў днём, а потым увечары прыйшлі, і там відэарэгістратар на машыне ўсё зафіксаваў. Я ж расіянін, і я добра стаўлюся да Лукашэнкі, да Пуціна, да спецыяльнай ваеннай аперацыі — і за гэта мяне так аблаялі. Я напісаў на іх у КДБ і паліцыю. Цяпер не камунікуем, а раней усё было добра, казан яны ў мяне бралі раз на тыдзень», — распавёў Сяргей Анатольевіч.
«НН»: Даныя з вамі апублікавалі ў інтэрнэце сярод іншых даносчыкаў. Як вам — жыць у такім статусе цяпер?
— А мне ўсё роўна. Хай людзі кажуць, што хочуць. Калі трэба будзе абараніцца — вазьму палку і па дупе надаю каму трэба.
«Я не даносіў, я паведаміў пра злачынства»
Аляксандр Дзяшко з Копішча папрасіў завесці крымінальную справу супраць свайго паплечніка, які, на яго думку, «уступіў ва Украіне ў адзін з нацысцкіх батальёнаў»:
«Па інфармацыі, якую я маю, ён з'яўляецца прапаведнікам адной з баптысцкіх цэркваў Мінска… Мяркую, што сваімі дзеяннямі Андрэй Кушняроў здзейсніў злачынства і па законах нашай краіны павінен несці крымінальную адказнасць», — заклікае Дзяшко.
Раней мы расказвалі гісторыю Андрэя Кушнярова — праграміста, які далучыўся да палка Каліноўскага. Самае пікантнае ў сітуацыі тое, што Кушняроў і Дзяшко — былыя паплечнікі па «Дэмакратычным саюзе», дзе апошні з’яўляецца намеснікам старшыні аргкамітэта. «Дэмакратычны саюз» — партыя, якая была створаная пад крылом Васкрасенскага. Сярод іншых удзельнікаў у ёй былі былыя члены штаба Валерыя Цапкалы. Дзяшко, у прыватнасці, адказваў там за бяспеку. Цяпер ён актыўна выступае на беларускіх дзяржканалах як прадстаўнік «апазіцыі», які падтрымлівае вайну.
«Я не даносіў, я паведаміў пра злачынства. У нас ёсць такі артыкул у Крымінальным кодэксе — «Пакрывальніцтва злачынстваў». Калі б я не паведаміў пра Кушнярова, то гэта было б пакрывальніцтва факта злачынства, пра які нам стала вядома. Ён публікаваў фота, дзе са зброяй у руках, і ледзь не зігуе там «Хайль Гітлер!», — каментуе сваю матывацыю Дзяшко.
«НН»: Што б вы адчулі, калі б па вашым даносе чалавека пасадзілі?
— Гэта не данос, яшчэ раз. Мы паступілі па законе, зафіксаваўшы прыкметы ўчыненага злачынства. Яго небяспеку і правамернасць хай вызначае суд. І яму не шкада забіваць людзей ва Украіне? Чаму мне павінна яго быць шкада?
«НН»: Наколькі вы давяраеце беларускай судовай, сілавой сістэме ў сітуацыі, калі людзей затрымліваюць і жорстка караюць нават за песню на ўкраінскай мове як праяву салідарнасці з суседняй краінай?
— А як не давяраць? Суд ён ва ўсіх краінах для гэтага: калі нават з вынікам будзеш не згодны — падавай потым апеляцыю.
«Я не даносчыца, я сказала праўду!»
46-гадовая Алена Бялькевіч жыве ў Мінску на вуліцы Галадзеда — побач са сталічным Чыжоўскім рынкам. У жніўні 2022 года яна звярнулася ў КДБ з просьбай праверыць гэту «бчб-памыйніцу».
«Праходзячы міма шэрагаў (на рынку — НН) пачула, як некаторыя ІП выхваляліся, што ходзяць на несанкцыянаваныя мітынгі і чакаюць зноў, каб пайсці. Адныя з іх суперактыўныя: прадаюць гародніну і садавіну. У абедзвюх кароткія стрыжкі і яны падобныя на ЛГБТ. Іншая ІП абзывала Прэзідэнта, казала, што [дзяржаўны] сцяг выдумаў Прэзідэнт. Прадае яна каву, чай. З ёй усе збіраюцца і брудам паліваюць дзейную ўладу. Рынак — БЧБ-памыйніца. Адміністрацыя рынку ніяк на гэта не рэагуе. Дзякуй за ўвагу і Вашу працу. З велізарнай да Вас павагай».
Размова з Аленай Леанідаўнай атрымалася кароткай:
«Хай не вядуць сябе непрыстойна, тады не буду пісаць звароты! — адрэзала жанчына. — Я не даносчыца, я сказала праўду!».
«НН»: Калі б гэтых людзей пасадзілі ў турму праз вас, вы б радаваліся?
«Не радавалася б і не плакала! Заслужылі!» — адказала жанчына і кінула слухаўку.
«Прашу даць прававую ацэнку выказванням грамадзян Сяргея Чалага і Вольгі Лойка»
У жніўні 2020-га жыхарку Мінска Юлію Марозаву так уразіў артыкул журналісткі Вольгі Лойка і эканаміста Сяргей Чалага на Tut.by, што яна вырашыла падзяліцца ўражаннямі з кадэбэшнікамі:
«Я, Марозава Юлія Уладзіміраўна, прашу даць прававую ацэнку выказванням грамадзян Сяргея Чалага і Вольгі Лойка ў артыкуле, размешчаным на інфармацыйным партале Tut.by «Стратэгія руху па легальным трэку раптам аказалася самай небяспечнай для ўлады. Чалы пра вынікі выбараў» на прадмет наяўнасці складу злачынства па артыкуле 130 КК РБ (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы)».
Падчас тэлефоннай размовы яна нават не адразу згадала, пра што ідзе гаворка:
— Ужо ж чатыры гады мінула. А што там здарылася?
«НН»: Вольга Лойка з іншымі калегамі была затрыманая 18 мая 2021-га. Амаль год правяла ў СІЗА.
— Значыць, у яе была адпаведная дзейнасць, за якую адпраўляюць у турму.
«НН»: Вы не думалі, што ў тым ліку ваш зварот мог паўплываць на лёс чалавека?
— Мне ўсё роўна. Я не ведаю сутнасці разбіральніцтва, па маім гэта звароце адбылося ці не.
Пры гэтым у канцы размовы Юлія Марозава папрасіла прыбраць яе тэлефон і даныя з публічнай базы, калі ёсць такая опцыя.
Каментары