Старшыня Дзяржкантролю Леанід Анфімаў падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам расказаў гісторыю, якая нібыта адбылася 1 верасня ў Слабодкаўскай сярэдняй школе Браслаўскага раёна.
Адна з першакласніц, калі Анфімаў уручаў ёй кнігу «Беларусь — наша Радзіма», пацікавілася, ці не ён Аляксандр Лукашэнка. А калі пачула адмоўны адказ, папрасіла перадаць ад першакласнікаў школы «прывітанне кіраўніку краіны».
«З якім сэрцам і пачуццём яна гэта папрасіла! Я, вядома, не магу не выканаць гэтую просьбу і, стрымліваючы абяцанне перад дзяўчынкай, перадаю вам прывітанне не толькі ад першакласнікаў гэтай школы, але і ўсіх навучэнцаў са словамі вялікай удзячнасці», — заявіў Анфімаў.
«Можа, гэтая дзяўчынка вырасце і стане добрым, душэўным кантралёрам ў краіне?» — перапытаў Аляксандр Лукашэнка.
«Чаму б і не? Але, вы ведаеце, я такога ад яе не чакаў проста. Гэта было настолькі шчырае, і ніхто яе, натуральна, не рыхтаваў да гэтага. Ад усяго сэрца сказала», — запэўніў Анфімаў.