Праект дэкрэта аб лічбавай эканоміцы знаходзіцца на разглядзе, паведаміў журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Валерый Міцкевіч.

«Цяжка сказаць, калі кіраўніком дзяржавы будзе прынята рашэнне, але дакумент падрыхтаваны і цяпер знаходзіцца на разглядзе. Увогуле ж, вельмі высокая ступень гатоўнасці», — растлумачыў Валерый Міцкевіч. Ён падкрэсліў, што праект дэкрэта — калектыўная праца вялікай колькасці спецыялістаў, у тым ліку прадстаўнікоў ІТ-бізнесу і юрыстаў.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта нагадаў, што 23 лістапада быў падпісаны ключавы дакумент з пакета нарматыўных прававых актаў па спрашчэнні ўмоў вядзення бізнесу. «Некаторыя нормы дэкрэта ўступаюць у сілу з моманту апублікавання, частка нормаў — праз тры месяцы, а сёе-тое — ужо на наступным тыдні. Улічваючы, што кіраўніком дзяржавы прыняты беспрэцэдэнтныя меры па развіцці бізнесу, якія ўтрымліваюцца ў гэтым дэкрэце, усё-ткі трэба нейкі час для падрыхтоўкі і асэнсавання», — адзначыў ён.

Валерый Міцкевіч акцэнтаваў увагу, што ўсе астатнія дакументы, нарматыўныя прававыя акты, законы будуць працаваць толькі ў той частцы, якая не супярэчыць дэкрэтам.

«Гэта вельмі аб'ёмны дакумент, вельмі няпросты, але мы стараліся выкласці яго так, каб ён быў зразумелы і тым, хто займаецца бізнэсам, і тым, хто кантралюе бізнэс. Мне здаецца, што гэта ўдалося, бо некаторыя нормы выкладзены нестандартна — яны выкладзены катэгарычна і канкрэтна, каб было зразумела, што трэба рабіць менавіта так. Думаю, што бізнес натхнёны гэтым дакументам і будзе працаваць на ўздыме», — канстатаваў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?