Аляксандр Лукашэнка даручыў МУС і МНС праверыць месцы масавага збору людзей пасля здарэння ў Кемераве і пры наяўнасці сур'ёзных недапрацовак з боку ўладальнікаў такіх устаноў жорстка пакараць іх.

Такую задачу кіраўнік дзяржавы паставіў сёння ў час рабочай сустрэчы з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам, паведамляе БелТА.

«Вяртаючыся да падзеяў у Расіі, хацеў бы вас папрасіць (учора я даручыў міністру па надзвычайных сітуацыях) вельмі сур'ёзна праверыць не гандлёвыя цэнтры, як у нас СМІ напісалі (так, іх трэба праверыць, прытым капітальна), а месцы масавага збору людзей, а гэта не толькі гандлёвыя цэнтры, гэта і кінатэатры, і гэтак далей», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму занепакоены гэтымі пытаннямі. «Мы ў мінулым годзе далі большую свабоду прадпрымальніцтву. Калі ласка - стварайце, рабіце, прыносьце карысць дзяржаве.

Папярэдзілі і на ўзроўні законаў аб тым, што адказваць будуць галавой, прабачэння не будзе ні за выбухі, ні за пажары. Не дай бог, людзі загінуць.

Адказваць будуць яны. Але, ведаеце, з іх нічога не возьмеш. Што з іх возьмеш, калі загінулі дзясяткі, а яшчэ не вядома, можа быць, і сотні людзей у гэтым цэнтры ў выходны дзень у Расіі, у Кемераве. Таму, каб, не дай бог, у нас гэта не адбылося. І МНС у кароткі прамежак часу адно не справіцца, таму падключыцеся да гэтага пытання», — запатрабаваў ён.

«І ў мяне просьба і даручэнне вам: самым жорсткім чынам караць, калі толькі вы ўбачыце дзесьці нейкія недапрацоўкі, якія могуць пацягнуць цяжкія наступствы, асабліва для людзей, і, недапушчальна, для дзяцей», — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0