У Мінску затрымалі школьніка, які выманіў у знаёмага больш за 10 тысяч даляраў і патраціў на таксі, дыскатэкі ды набыццё машыны, піша guvd.gov.by.

Пацярпелы распавёў міліцыі, што ў снежні быў на лячэнні ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Там ён пазнаёміўся са школьнікам, які пасля выпіскі з бальніцы падтрымліваў кантакт з новым знаёмым у сацсетках. Падчас перапіскі школьнік выпрошваў грошы на дапамогу ў сувязі са смерцю бабулі, смерцю маці, каб дапамагчы бацьку-інваліду, на рамонт машыны і гэтак далей.

У суме падлетак выманіў 10 150 даляраў.

Усе пералічаныя на картку грошы хлопец траціў на паездкі ў таксі, на дыскатэкі, бары, а таксама купіў машыну, якой кіраваў без вадзіцельскага пасведчання ў стане алкагольнага ап'янення.

17-гадовага школьніка затрымалі. Вядома, што ён знаходзіцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх за прагулы школьных заняткаў і ўжыванне спіртных напояў.

У дачыненні да яго распачата крымінальная справа па ч.3 арт. 209 КК Беларусі («Махлярства»), што прадугледжвае пакаранне да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0