Музыка2020

Актрыса і спявачка Настасся Шпакоўская: У свой час я не стала лізаць нікому дупу

З актрысай і спявачкай Настассяй Шпакоўскай мы сустрэліся ў яе грымёрцы, у тэатры імя Горкага.

«Восень добрая была. Нават не было калі думаць пра тое, што жыццё — тлен, — жартуе Настасся. — Сэрца толькі дае пра сябе знаць. Яно абмяжоўвае мяне. Не хочацца больш спрачацца і нешта даказваць. Калі раней мы ў песнях гурта NAKA адгукаліся на нейкія хвалюючыя падзеі, то цяпер я кіруюся інстынктам самазахавання. Усё, што адбываецца навокал, я прапускаю праз сэрца, а аддачу атрымліваю мінімальную. Мне стала шкада сябе. Зладзім канцэрт у сакавіку-красавіку, падвядзём рысу пад гэтым этапам».

У 2019 годзе гурт NAKA адсвяткуе сваё 15-годдзе. Адзначыць яго Настасся плануе вялікім канцэртам, дзеля якога, нарэшце, збяруцца ўсе музыкі.

«Дакладна збяру і электрычны поўны склад Naka і Nakapiano. Гэта будзе канцэрт-дыялог з нашымі прыхільнікамі. Мы будзем пытацца ў тых, хто прыйдзе на канцэрт, што з нашых старых і новых песень яны хацелі б пачуць. Выканаем некаторыя рэчы, якія даўно не спявалі, або на канцэртах не выконвалі наогул».

Памаліліся дык памаліліся

Адна з тых рэчаў, што не гучыць на канцэртах NAKA, — песня на словы Янкі Купалы «Мая малітва».

Ад рэдакцыі: нагадаем, што ў 2015 годзе кампазітар Алег Моўчан падаў у суд на Настассю Шпакоўскую за тое, што яна парушыла яго аўтарскія правы, калі запісала сваю аранжыроўку на песню «Малітва», якую мусіла выканаць у музычным праекце «Re:Песняры». Тады праз суд Алег Моўчан спагнаў са Шпакоўскай амаль 600 (5 млн 780 тыс.) рублёў.

«Шмат часу ўжо прайшло. Раны быццам зажылі. Але тая сітуацыя мяне ўзрушыла вельмі глыбока. На пасяджэннях суда я азіралася па баках і не магла паверыць у тое, што гэта можна адбывацца. Як можна судзіць за малітву? Калі суддзя зачытвала прыгавор, у мяне слёзы ліліся градам. Я ўявіць сабе не магла, што так можна «памаліцца». Пасля мы, уражаныя ўсімі гэтымі падзеямі, выпусцілі альбом, запісалі «Маю малітву», але яе выконваць жадання няма. Ведаеце, чалавек стараецца не вяртацца да таго, што аднойчы зрабіла яму балюча. Прасцей забыць».

І крочыць далей.

Забароненыя забараняюць

У інстаграме спявачкі за апошні тыдзень з’явіліся дзіўныя фотаздымкі. Настасся ва ўборы наменклатурнай работніцы 80-х гадоў фатаграфуецца з Вольскім, Вайцюшкевічам, якія таксама апранутыя па модзе тых часоў.

«О, хацелася б, канечне, захаваць інтрыгу, але гэта здымкі навагодняй перадачы для тэлеканала «Белсат». Па задумцы рэжысёра і сцэнарыста, артысты, якія былі забароненыя ў Беларусі, граюць камісію, якая забараняе выступ артыстаў на сцэне. Атмасфера была на здымках цудоўная, мы ад душы пасмяяліся».

Маніякальная жарсць да навізны

«Мой муж кажа, што ў мяне маніякальнай жарсць да навізны, — працягвае Настасся. — Гэта праяўляецца ва ўсім. Калі ў жыцці не адбываецца нічога новага, я вельмі хутка пачынаю сумаваць. Мне неабходна, каб побач знаходзіліся новыя людзі, ад якіх я атрымліваю эмацыйнае ўзрушэнне».

Акцёрскую прафесію Настасся Шпакоўская выбрала не ў апошнюю чаргу менавіта з гэтай прычыны. А як жа магла гэтая «несумная дзяўчынка», так назвала сябе Насця сама, працаваць у офісе?

Дзе, як не на тэатральнай сцэне, ёсць магчымасць кожны дзень адчуваць новыя эмоцыі?

Сёння Настасся Шпакоўская рыхтуецца да прэм’еры спектакля «Абломаў» па п’есе Міхаіла Угарава.

«Цікавы матэрыял. Цікавы творчы саюз маладой рэжысёркі Машы Матох і народнага артыста Барыса Луцэнкі, які з’яўляецца мастацкім кіраўніком спектакля. Маша і Барыс Іванавіч — гэта іншыя эпохі. І так цікава апынуцца паміж імі».

Прэм’ера спектакля «Абломаў» адбудзецца 20 снежня.

Настасся Шпакоўская ўпэўненая, што творчая праца таленавітых людзей павінна ўзнагароджвацца. Не толькі матэрыяльна.

«Пра матэрыяльную ўзнагароду ў тэатры гаварыць не даводзіцца, але поспех вымяраецца не грашыма, а запатрабаванасцю спектакля ў гледача».

Што ж тады рабіць, калі тэатр грошай не прыносіць, канцэрты адбываюцца рэдка? Здымацца ў кіно.

Хочаш здымацца ў кіно — сябруй з усімі і ўсміхайся ўсім

«У маім творчым жыцці чамусьці адбываецца так, што ў тэатры я іграю ў асноўным вялікія ролі, а ў кіно мне дастаюцца маленькія эпізоды. І мяне гэта бянтэжыць. Я ж падыходжу да ролі адказна, рыхтуюся да яе, як да вялікай, а на экране гэта выглядае так: «Вось-вось зараз пакажуць, вунь я, усё».

Настасся Шпакоўская знялася ў адным з эпізодаў фільма «Крышталь».

«Гэта роля не адзначылася нічым асаблівым. І я наогул не разумею той шуміхі, якая паднялася вакол гэтага фільма. Радасна толькі тое, што ў беларускім кіно адбываюцца нейкія падзеі, што мы ў стане не толькі нешта лаяць, а можам хваліць. Гэта дорыць надзею на тое, што ў нашым кіно будуць здарацца нейкія прыемныя нечаканасці».

Аднак сёння для Шпакоўскай кіно — гэта проста спосаб зарабіць грошы. За адзін, два дні здымак у кіно плацяць столькі, колькі акцёр у тэатры зарабляе за месяц.

«На жаль, я здымаюся вельмі рэдка. Чаму? У кіно наогул пытанне занятасці акцёра рэч фатумная. Шмат чаго тут залежыць ад лёсу».

«Асяроддзе тут сваё, балоцістае. Усе адзін аднаго ведаюць, трэба хадзіць усміхацца ўсім, сябраваць з усімі. Я ж нарабіла шэраг памылак, калі раней выказвалася занадта адкрыта. Трэба быць разумнай і хітрай. Я не стала лізаць дупу тым, каму трэба было яе лізаць».

«І цяпер са мной проста не хочуць звязвацца, я так думаю. Але я не бачыла апошнім часам ніводнага фільма, дзе б я шкадавала, што не знялася».

Пры гэтым Настасся супрацоўнічае з маладымі рэжысёрамі, якія яшчэ вучацца ў Акадэміі мастацтваў.

«Шмат людзей цяпер робяць альтэрнатыўнае кіно. І іх спробы мяне захапляюць. Але гэта тое кіно, дзе ты здымаешся бясплатна, толькі дзеля таго, каб проста падтрымаць таленавітага маладога рэжысёра.

Але мяне вельмі засмучае, калі маладыя рэжысёры, якім адкрытыя ўсе шляхі, зноў пачынаюць здымаць кіно пра вайну. Каб мне зараз было 19 гадоў, я б здымала якую-небудзь дзіч, двіжняк».

І хаця, прызнаецца Настасся, у яе ёсць думкі пра тое, каб паставіць, напрыклад, спектакль, але яна не робіць гэтага. Па-першае, таму, што трэба думаць пра камерцыйны патэнцыял праекта.

«Калі рабіць нешта сваё, усё адно давядзецца думаць, як вярнуць грошы, выдаткаваныя на пастаноўку. Адзінкам, прычым вельмі таленавітым адзінкам, удаецца сумяшчаць тое, што цікава самому, з тым, на што пойдзе глядач». 

Тое ж Наста кажа і пра здымкі кліпаў для свайго гурта.

«У пэўны момант з’явілася пытанне: навошта? Я зараз не бачу сэнсу ўкладаць свой заробак за цэлы год у здымкі кліпа. Цяпер жа можна зняць відэа на тэлефон, заліць у «Ютуб» і яго паглядзяць тыя ж 4 000 чалавек, што і прафесійна зняты кліп. Навошта?»

«Я вельмі лянівая. І каб можна было весела ляжаць пад коўдрай, я б гэта і рабіла. Асабліва такой позняй восенню. Але, зноў жа, кажучы пра маю жарсць да навізны, мне вельмі хутка становіцца сумна. І я люблю сваю прафесію, мне падабаецца сустракацца з людзьмі, знаходзіцца ў вечным руху. Канечне, я сумую, калі вакол мяне адбываецца поўная фігня. Бывае, што на рэпетыцыях мяне падмывае псіхануць. Але я з узростам стала разумець, што калі ты ўпрогся ў справу, то ты не маеш ніякага права зрываць рэпетыцыі ці рабіць толькі тое, што хочацца табе.

Як сказала адна мая знаёмая: «Ніколі не здавайся, ганьбіся да канца».

Але ўся мітусня, усе крыўды, уся стомленасць адступае на другі план, калі заходзіць гаворка пра дзяцей.

«Трэба быць вельмі дзёрзкім чалавекам, каб сказаць: «Не, ты сёння нараджацца не будзеш»

«У маім разуменні, у адэкватных людзей мацярынства ў прыярытэтах, бясспрэчна, пад нумарам адзін. Я не разумею, як можна выбіраць паміж працай і дзецьмі. Гэта вельмі лёгка сумяшчаецца. На восьмым месяцы цяжарнасці я выступала на рок-фестывалі, калі была цяжарная Серафімай, збегла з радзільні на «Рок-каранацыю». Мая калега на 9 месяцы іграла ў «Інтымнай камедыі». Таму я нават не ўяўляю, як можна адмовіцца ад мацярынства. Трэба быць вельмі дзёрзкім чалавекам, каб сказаць свайму дзіцяці: «Не, сёння ты нараджацца не будзеш, у мяне іншыя планы».

Старэйшаму сыну Настассі Арсенію зараз 12 гадоў.

«У Арсюшы пачынаецца пераходны ўзрост. Мы, бывае, сварымся, але маёй злосці хапае на дзве хвіліны. Пасля мы сітуацыю разрульваем, просім адзін у аднаго прабачэння. Нічога не магу з сабой зрабіць, дзяцей я люблю па-вар'яцку. Калі была цяжарная Серафімай, думала пра тое, як я змагу кагосьці яшчэ палюбіць, мне здавалася, што ўсё маё сэрца належыць сыну, а пасля зразумела: каханне, яно не дзеліцца, яно памнажаецца. Адным сэрцам можна любіць і дзяцей, і працу, і калег, і ўвесь свет. А вось бацькоўскія сходы ў школе не люблю».

«Бацькоўскія сходы лічу пустым марнаваннем часу. Мне нецікава выслухоўваць праблемы, якія мяне не датычацца. Таксама мне нецікавыя людзі з іншага асяроддзя. Колькі разоў абяцала сабе больш не хадзіць туды. Усе пытанні, лічу, можна высветліць з настаўніцай па тэлефоне».

Хатняе навучанне ідэальна для пачатковай школы

«Наша сістэма адукацыі настолькі недасканалая, дзяцей грузяць настолькі лішнімі рэчамі. Тое, што дзіцяці ў школе выкладаюць восем гадзін, ён дома можа вывучыць за 15 хвілін. Мае дзеці ў садок не хадзілі. Я шкадую цяпер, што ў мяне не хапіла адказнасці пакінуць дзяцей на хатнім навучанні і ў пачатковай школе. Але разумею, што ад соцыума дзяцей не схаваеш».

Толькі бывае, расказвае Настасся, што ў яе сэрца крывёй абліваецца, калі дзеці плачуць, што не хочуць ісці ў школу.

«З аднаго боку, я разумею, што гэтых слёз магло б не быць. А з іншага боку, я дзецям у такіх выпадках кажу: «А вы думаеце, я на сваёй працы заўсёды рада ўсіх бачыць?»

А дадатковымі гурткамі Наста Шпакоўская дзяцей не перагружае.

«Мы проста так любім свой дом, што часцей імкнёмся праводзіць час там: гуляць на прыродзе, паліць камін».

У горад я больш не вярнуся

У свой прыватны дом Настасся з сям'ёй пераехала год таму.

«Мой дом — гэта як выдых. Пасля бурнай дзейнасці ў горадзе так хочацца сюды, у ціш, ведаць, што цябе тут акружаюць толькі блізкія людзі. Я вельмі люблю сустракацца з сябрамі, люблю доўгія размовы, прагулкі. Нават дрэўцы пасадзіла на ўчастку. Камянёў навезлі, каб двор нагадваў нешта дзікае і прыроднае. І дакладна ведаю, што ў горад больш не вярнуся».

Каментары20

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?9

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?

Усе навіны →
Усе навіны

«Грабуць вазкамі». У Віцебску прадпрымальнікі са згарэлага гандлёвага цэнтра прадаюць выратаваны тавар на вуліцы19

У Пружанскім раёне выпадкова застрэлілі паляўнічага4

У аграгарадку пад Маладзечнам з-за перабояў з электрычнасцю загараюцца ацяпляльныя катлы?6

Вялікабрытанія ўпершыню пратэсціравала радыёхвалевую сістэму супрацьпаветранай абароны. Што гэта такое?3

У якія еўрапейскія краіны ездзілі беларусы ў 2024 годзе?3

Азербайджанскі дэпутат: Расія павінна выбачыцца за атаку на самалёт Баку — Грозны10

Халезін: «Бяляцкі — добры кандыдат у прэзідэнты. Ён такі чалавек, які хацеў бы сузіраць Беларусь»9

Разведка Паўднёвай Карэі: УСУ ўзялі ў палон паўночнакарэйскага салдата2

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмешыць вас толькі канцоўка19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?9

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?

Галоўнае
Усе навіны →