Амерыканскае аэракасмічнае агенцтва НАСА выклала здымкі прахода каметы Івамота на фоне спіральнай галактыкі. Камета (зялёная кропка на відэа) была адкрытая японскім аматарам-астраномам Масаюкі Івамота летась.

Папярэднім разам камета завітала ў Сонечную сістэму каля 648 года — за тры стагоддзі да княжання Рагвалода ў Полацку.

13 лютага касмічная госця максімальна наблізілася да Зямлі і цяпер зноў адлятае ад нас у глыбіні Сусвету.

На відэа здаецца, што камета і спіральная галактыка NGC 2903 знаходзяцца зусім побач. Але не падманвайцеся: калі касмічная вандроўніца знаходзіцца на адлегласці «ўсяго толькі» 10 светлавых хвілінаў ад нашай планеты, то галактыку ад нас аддзяляе ажно 30 мільёнаў светлавых гадоў.

Дзве знічкі-бліскавіцы, якія праносяцца наўскос экрану — гэта спадарожнікі, створаныя людзьмі. Застаецца толькі падзівіцца, што ўсе гэтыя аб’екты, такія далёкія і такія розныя, можна пабачыць на маленькім квадраціку экрана, створанага чалавекам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?