Усяго патроху5

«Любімае кафэ — «Сайгон» на Камароўцы». Японец пераехаў у Мінск і расказвае пра нашу краіну ў твітары

Японцу Хірокі Акамота 27 гадоў. Месяц таму ён пераехаў у Мінск — збіраецца адкрыць тут свой бізнэс. А пакуль знаёміцца з нашай краінай (любуецца квітнеючымі каштанамі, разбіраецца, who is who ў родзе Радзівілаў) і дзеліцца сваімі назіраннямі ў твітары. Мы сустрэліся з Хірокі ў горадзе і пагутарылі пра яго любімыя месцы ў сталіцы, беларускую кухню, славянскіх жанчын і няветлівых касіраў.

«Мінск аказаўся больш развітым, чым я думаў»

За месяц, што Хірокі ў Беларусі, ён паспеў пабываць у Міры, Нясвіжы, Брэсце.

— Брэсцкая крэпасць — сама крута. Перад тым, як трапіць туды, я паглядзеў фільм «Брэсцкая крэпасць» 2010 года. Персанажы ў кіно вельмі падобныя да тых, што на карцінах у музеі. Гэта кранае, — дзеліцца ўражаннямі японец.

Падчас гутаркі мы шпацыруем па Верхнім горадзе і Кастрычніцкай плошчы — любімых месцах Хірокі ў Мінску. Плошчу ён любіць за вялікую прастору і малую колькасць людзей.

— У Японіі нагрувашчана стаяць высокія дамы і ўсюды шмат народу. У цягніках кашмар як шмат — насамрэч, вы будзе здзіўлены, калі трапіце ў Токіа і паспрабуеце пракаціцца ў транспарце раніцай: немагчыма рухацца. Гэта не перабольшанне.

Хірокі прызнаецца, што Мінск аказаўся больш развітым, чым ён думаў да прыезду сюды.

— Магчыма, гэта звязана з набліжэннем Еўрапейскіх гульняў. Тут прыгожа, амаль усё свежапафарбавана. Мінск вельмі падобны да еўрапейскіх гарадоў. З пункту гледжання турыста, гэта прыцягальна. Я здзівіўся таму, што ў метро па крэдытнай картцы можна прайсці. Чуў, што хутка гэта з'явіцца ў аўтобусах — класна.

Што для Хірокі нечакана, дык гэта тое, колькі людзей у нас ходзіць па кафэ і рэстаранах. Ён ведаў, што сярэдні заробак у нас нізкі ў параўнанні з іншымі краінамі, таму думаў убачыць іншую карціну.

«Вашы дзяўчаты больш патрабавальныя»

Хірокі родам з Токіа, але дзяцінства яго прайшло ў суседняй прэфектуры Сайтама, на поўначы ад сталіцы. Пасля школы ён паступіў у Такійскі ўніверсітэт замежных моў, дзе вывучаў рускую. Выбраў яе, бо, па-першае, Расія блізка, а па-другое, у Японіі мала людзей, якія ведаюць гэту мову — а значыць, канкурэнцыя пры працаўладкаванні будзе невысокая.

— Руская мова гучыць прыгожа для мяне: скланенні, склоны. Але вельмі складаная граматыка. Я чатыры гады вывучаў рускую ва ўніверсітэце — і наогул не мог размаўляць на ёй. Проста таму што ў той час я займаўся рэгбі, не быў батанікам. А потым, калі па працы вывучаў мову, канечне, засяродзіўся, для таго каб прыносіць прыбытак кампаніі. І праз паўгода больш-менш змог размаўляць.

Хірокі працаваў у буйной гандлёвай кампаніі Marubeni, у аддзеле прамысловых тавараў. Адказваў за адкрыццё гандлёвых прадстаўніцтваў на тэрыторыі СНД. Спачатку працаваў у Токіа, а потым яго перавялі ва Уладзівасток. Там мужчына пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай.

Гэта было чатыры гады таму, на японскім фестывалі. Галодны Хірокі падышоў па ланч-бокс і ўбачыў на раздачы Анастасію — яна тады працавала перакладчыкам у кампаніі, што кіравала рэстаранам. Узяў нумар тэлефона. Так і завязаліся стасункі. А праз паўтара года пара ажанілася.

— Мы рабілі сціплае вяселле, бо праводзілі яго і ў Расіі (Анастасія родам з партовага горада Находка. — NN.by), і ў Японіі. Калі б мы кожны раз ладзілі вялікае, мы б збанкрутавалі, — смяецца суразмоўца.

Хоць у яго на радзіме многія аддаюць па 20 тысяч даляраў за святкаванне. «Нават ёсць людзі, якія на Гаваях ладзяць. Кашмар!» — усклікае Хірокі. Ён тлумачыць: у Японіі традыцыя на шыкоўныя вяселлі, бо звычайна шлюбам бяруцца раз у жыцці.

— У нас працэнт разводаў маленькі. Мы цярплівы народ. Часам сужэнцы не любяць, ненавідзяць адно аднаго, але працягваюць адносіны. Напэўна, у Японіі так прынята… Культура сораму — людзі слухаюць грамадскае меркаванне. Апасаюцца, што, калі развядуцца, на іх будуць глядзець з асуджэннем. Хоць насамрэч ніхто не асуджае. А вашым людзям, мне здаецца, важнае сваё меркаванне, свае пачуцці. Не падабаецца — то ўсё!

Славянскія жанчыны, па назіраннях Хірокі, моцна адрозніваюцца ад японак. Любяць, каб з імі шмат размаўлялі, і злуюцца, калі папярэджваеш, што затрымліваешся на працы і позна вернешся дадому.

— Вашы дзяўчаты больш патрабавальныя. Яны словамі тлумачаць, што ім хочацца — каханне, кветкі, падарункі. Японкі больш сціплыя, хаваюць свае эмоцыі. Але гэта праблема. Бо пасля лопне цярпенне і яна ўсё выкажа. Калі цярпенне скончыца, то гэта хана, капец!

«Беларуская мова моцна адрозніваецца ад рускай»

У Беларусь Хірокі прыехаў, каб разведаць бізнэс-абстаноўку. Ён чуў, што ў нашай краіне развіваюць прамысловасць (як і ў Японіі, выпускаюць самазвалы, шыны) і ІТ-сектар. Нядаўна мужчына быў на канферэнцыі і здзівіўся, што ў нас шмат стартапаў.

— У плане бізнэсу ваша краіна для мяне прывабная, тым больш у вас мала японцаў — большасць звяртае ўвагу на Кітай, ЗША, Паўднёва-Усходнюю Азію, магчыма, на Ізраіль, Эстонію. Я звольніўся з вялікай кампаніі, бо хацеў бы самастойна зарабляць, рабіць што-небудзь новае. Я магу стаць мостам паміж дзвюма краінамі. Пакуль канкрэтнай ідэі няма, але, напэўна, буду кшталту пасярэднікам паміж беларускімі і японскімі кампаніямі. Або пачну імпартаваць японскія тавары ў Беларусь.

У вольны час Хірокі знаёміцца з нашай культурай. У тым ліку гастранамічнай.

— Я пражэрлівы чалавек, — жартуе. — Дранікі смачныя. У вас ёсць яшчэ дранік-бургер. Каштавалі? Я, калі даведаўся пра яго, адразу захацеў. Калі шчыра, для мяне руская, беларуская і ўкраінская кухня падобныя.

— І што з гэтых трох кухняў падабаецца найбольш?

— Катлеты па-кіеўску! Калі масла выходзіць — ах, вельмі смачна, ажно пальчыкі абліжаш. А яшчэ пельмені падабаюцца — танна-сярдзіта.

Але куды бліжэй Хірокі азіяцкая ежа. Яго любімае кафэ — «Сайгон» на Камароўцы. Мужчына сумуе па японскіх стравах, таму дома жонка гатуе яму рыс з кары і місосуп. Прыправы яны спецыяльна прывозілі з Японіі. Беларускія сушы Хірокі, дарэчы, таксама каштаваў. Адзначае: нядрэнна. Але вельмі далёка ад арыгінала.

— Хачу падкрэсліць, што тут марозіва вельмі смачнае. І таннае. Я каштаваў шакаладнае, не памятаю назвы. У Японіі мала сустракаю такога смачнага марозіва.

У крамах мужчына часта бярэ беларускія тавары, бо яны значна таннейшыя за імпартныя. Ужо купляў рушнік, пену для галення, фен — да якасці прэтэнзій няма.

Беларускую мову Хірокі складана разумець.

— Ведаю толькі «чытыры». І «дзякуй», «дзверы зачыняюцца» — гэта часта чую. Адзін з маіх падпісчыкаў мяне запрасіў на «Гульню тронаў» на беларускай мове, я з задавальненнем пагадзіўся. Спадзяваўся, што зразумею. Але не зразумеў. Вельмі моцна адрозніваецца ад рускай мовы.

Прапануем японцу здагадацца, як перакладаецца фраза «выконвай хуткасны рэжым», наконт якой не так даўно выказваўся прэзідэнт.

— Рэжым, рэжым… Каменданцкі час?

«Падабаецца Ціма Беларускіх»

У твітары Хірокі часта піша пра адрозненні японцаў і беларусаў. Напрыклад, пра тое, што ў нашых сем’ях больш цесныя адносіны.

— У вас часцей тэлефануюць бацькам. Могуць размаўляць па тэлефоне з сям’ёй на працы. Японцы так не робяць. Зараз на рабоце яны перапісваюцца з дапамогай WhatsApp, сацыяльных сетак, але раней, калі такіх зручных праграм не было, не маглі пагутарыць. Прынята так: працоўны час — гэта працоўны час.

Адзначае мужчына і мінусы, якія заўважае ў горадзе. Малую колькасць грамадскіх прыбіральняў і адсутнасць паперы ў іх, паводзіны нашых касіраў.

— У Японіі касіры вядуць сябе ветліва, нават занадта. «Добры дзень. Пакет патрэбны? Палачкі? Відэлец? Падагрэць?» І калі рэшту даюць, то з рук у рукі. У вас — проста кладуць грошы на касу і кідаюць чэк. Культура іншая. Я магу прымаць гэта, але звычайныя японцы не. «Што? Я кліент! Я плачу вам грошы, трэба ветліва ставіцца да нас». Канечне, японцы неэмацыйныя, не скажуць так, але падумаюць.

Пасты Хірокі складае па-руску, і часам з-за недасканалага валодання мовай здараюцца казусы. «Тэрмінал» становіцца «тэрмінатарам», «падэшва» — «падушкай». Неяк мужчына падзяліўся відэаролікам пра смецце ў моры, але пераблытаў адзіночны і множны лік і напісаў «много мусоров». Падпісчыкі яму пасля патлумачылі, што гэта за слова…

А яшчэ японец у курсе музычных навінак, якія круцяць нашы радыястанцыі. З ходу называе папулярных выканаўцаў: Цімаці, Ягор Крыд, «Грыбы», Насця і Патап, «Ленінград». Падабаецца яму і Ціма Беларускіх. «Разноцветная витами-и-и-нка», — напявае Хірокі адну з яго песень.

— На YouTube кожны тыдзень абнаўляецца топ-20 рускіх песень. Таму я заўсёды сачу, — тлумачыць суразмоўца, адкуль ён у тэме.

Каб пазнаёміць японцаў з Беларуссю, Хірокі вядзе яшчэ адзін блог на сваёй роднай мове. Паколькі яго суайчыннікі мала ведаюць пра нашу краіну, то размяшчае там асноўную інфармацыю — пра цэны, інфраструктуру.

— Звычайна японцы здзіўляюцца: «Ах, такая развітая гэта краіна».

Каментары5

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць