Гісторыя11

Як беларусы перавезлі ў Маскву залаты запас Іспаніі 

Франкісты перамаглі ў грамадзянскай вайне, і таму толькі гіпатэтычна можна сабе ўяўляць долю Іспаніі і ўсёй Еўропы, калі б там усталяваўся камуністычны рэжым. На той вайне масава забівалі ўсе — у тым ліку і шматлікія ўдзельнікі-беларусы. Некаторыя факты сталі вядомыя толькі праз гады пасля іх смерці, піша кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі.

Узрадаваны Сталін прамовіў: «Іспанцам гэтага золата не бачыць як сваіх вушэй». Фота: Wikimedia Commons.

18 ліпеня 1936 года радыёстанцыя Сеуты перадала ўмоўную фразу-сігнал: «Над усёй Іспаніяй бязвоблачнае неба». У той жа дзень вайскоўцы па ўсёй краіне абвесцілі пра тое, што бяруць уладу ў свае рукі. Але вернай ураду засталася паліцыя, і, да таго ж, улады раздалі зброю рабочым. Пачалася грамадзянская вайна.

З аднаго боку рэспубліканцы (камуністы, «чырвоныя»), з другога — нацыяналы (фашысты, «белыя»). Першых фінансава і матэрыяльна падтрымліваў СССР, другіх — Італія і Нямеччына.

Пра іспанскую грамадзянскую вайну ў савецкі час вучылі ў школьным курсе гісторыі. Цяпер не вучаць, а дарма. У той вайне бралі ўдзел і многія беларусы. Іх подзвігі, хай і сціпла, у савецкай літаратуры апісваліся. Пра іншы ж бок гэтай вайны ў СССР згадваць не любілі — што савецкія чэкісты разгарнулі на тэрыторыі Іспаніі крывавы тэрор. А касцяк таго чэкісцкага дэсанту складалі ўраджэнцы Беларусі.

Як усё пачыналася

Супярэчнасці назапашваліся доўга. Калісьці найвялікшая ў свеце імперыя не здолела скарыстацца неймавернай колькасцю золата, якое цякло з калоній. Індустрыялізацыя адбылася толькі на ўскрайках дзяржавы, у Басконіі і Каталоніі, якія адразу ж пачалі прэтэндаваць на незалежнасць. Краіну раздзіралі пастаянныя ваенныя канфлікты паміж манархістамі, лібераламі і вайскоўцамі. Напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Іспанію пранікаюць і анархісцкія ідэі.

Парадак у краіне спрабаваў навесці ў 1923—1930 гадах генерал Мігель Прыма ды Рывера. Але ягоная дыктатура выніку не дала. Пасля яе правалу левыя рэспубліканцы змусілі караля адрачыся ад трону. Такім чынам, у 1931 годзе была абвешчана Другая Іспанская рэспубліка (першая праіснавала няпоўныя два гады ў 1873—1874-м).

Але і рэспубліканцам кантраляваць сітуацыю было не так проста: вайсковыя мяцяжы, пастаянныя стачкі і рост сепаратызму па-ранейшаму раздзіралі краіну. Рэспубліканцы-цэнтрысты сябе дыскрэдытавалі, а левыя і правыя радыкалы рваліся да ўлады. Некалькі левых палітычных сіл (сацыялісты, камуністы, левыя рэспубліканцы, каталонскія і галісійскія нацыяналісты, анархісты і трацкісцкая POUM — Рабочая партыя марксісцкага адзінства) стварылі супольны палітычны блок пад назвай «Народны фронт», які перамог на выбарах 1936 года.

Паралельна набірала моц і фашысцкая групоўка «Іспанская Фаланга», якую ўзначальваў арыстакрат, бліскучы адвакат і палымяны прамоўца Хасэ Антоніа Прыма ды Рывера, сын колішняга дыктатара. «Вера і рыцарскае служэнне — вось дзве вечныя і сапраўдныя формы нашага быцця», — пісаў заснавальнік партыі.

«Іспанская Фаланга» складалася з ультрапатрыётаў, лозунг руху: «Адзіная, вялікая і вольная Іспанія». Прыма ды Рывера называў яе «паэтычным рухам». Гэта не замінала фалангістам забіваць сваіх праціўнікаў.

Франкісцкі мяцеж

Як левыя радыкалы, так і фалангісты тэрарызавалі і забівалі. Усяго за пяць месяцаў кіравання ўрада Народнага фронту адбылося 269 палітычных забойстваў. Урад быў не здольны спыніць гэтую хвалю і не хацеў весці расследаванне гэтых злачынстваў. Лічыцца, што менавіта ўсплёск палітычнага тэрору стаў для вайскоўцаў апошняй кропляй, якая змусіла іх умяшацца і «навесці парадак».

Мяцеж пачаўся 17 ліпеня 1936 года ў Марока, дзе стаяў іспанскі каланіяльны корпус, а пасля распаўсюдзіўся і на ўласна Іспанію. Базай «нацыяналаў» (nacionales — так сябе называлі мяцежнікі) стала паўднёва-заходняя Іспанія, а апорай камуністаў былі Мадрыд і Барселона. Паколькі ніводзін з бакоў не атрымаў зразу рашучай перавагі, пачалася зацяжная вайна. Лідарам мяцежнікаў хутка стаў генерал Франсіска Франка.

Дыктатар Франсіска Франка і ягоная жонка Марыя дэль Кармэн Пола-і-Марцінэс-Вальдэс. 1968 год, 32 гады пасля прыходу Франка да ўлады. Фота: Wikimedia Commons.

На дапамогу мяцежнікам прыйшлі нацысцкая Германія і фашысцкая Італія. Германія накіравала на дапамогу франкістам найноўшыя самалёты і лётчыкаў, з якіх быў сфармаваны легіён «Кондар». Сімвалам пакут Іспаніі стаў знішчаны «Кондарам» у 1937 годзе невялічкі баскскі гарадок Герніка. Тады чалавецтва ўпершыню ўбачыла наступствы татальнай паветранай вайны.

Вуліца Гернікі пасля бамбардзіроўкі легіёнам «Кондар». Красавік 1937 года. Фота: shutterstock, by Everett Historical.

Інтэрбрыгады

Сацыялістычны ўрад у адчаі звярнуўся па дапамогу да розных краін. Але на заклік адгукнулася толькі Францыя, і тое чыста сімвалічна.

Затое ў Іспанію, каб змагацца з фашызмам, пачалі адпраўляцца добраахвотнікі, якім былі блізкія сацыялістычныя ці камуністычныя ідэалы. Адным з найбольш баяздольных інтэрнацыянальных атрадаў лічыўся польскі батальён імя Яраслава Дамброўскага.

Рэспубліканец пільнуе самалёты на фронце пад Гвадалахарай. Фота: SHUTTERSTOCK, BY EVERETT HISTORICAL.

Польшча баялася, што яе грамадзяне на іспанскай вайне абстраляюцца і вернуцца ў краіну з баявым досведам: той, хто адпраўляўся туды ваяваць, аўтаматычна страчваў грамадзянства. Але многіх мясцовых камуністаў гэта не спыніла, у тым ліку і беларусаў ды ўкраінцаў. На чале ўкраінскай роты імя Тараса Шаўчэнкі НКВД паставіў ураджэнца Гомеля Мікалая Дворнікава. Раней яго з СССР адправілі на падпольную працу ў Польшчу і паставілі на чале заходнебеларускага камсамола.

Дворнікаў марыў стварыць і асобную беларускую роту — імя Кастуся Каліноўскага, але гэтаму не суджана было здзейсніцца.

У 1938 годзе Дворнікаў загіне ў баі з франкістамі ў гарах Эстрэмадуры, а Максім Танк напіша пра свайго былога сябра паэму.

Мікалай Дворнікаў узначальваў украінска-беларускую роту імя Тараса Шаўчэнкі.

Пісалі, што нібыта ў складзе польскай вайсковай місіі (на баку войска Франка) ваяваў славуты генерал Станіслаў Булак-Балаховіч, але ніякіх дакументальных пацвярджэнняў гэтаму пакуль няма. Магчыма, гэта была толькі адна з многіх легендаў, якімі поўнае жыццё гэтага чалавека.

Савецкі дэсант: спецыялісты і чэкісты

Адзінай краінай, якая аказвала сістэматычную падтрымку іспанскай сацыялістычнай Рэспубліцы, быў СССР. Савецкі корпус «добраахвотнікаў» быў вельмі кваліфікаваны: лётчыкі, танкісты, афіцэры. Без савецкай авіяцыі Рэспубліка не магла б ваяваць.

Сталін разлічваў стварыць камуністычную дзяржаву на заходнім ускрайку Еўропы. Акрамя таго, Іспанія стала плацдармам для праверкі новага ўзбраення. А пастаўкі зброі не былі бясплатнымі — іспанскі ўрад пераправіў у Маскву ўвесь залаты запас краіны, на той момант найвялікшы ў свеце. Калі золата выгрузілі ў Маскве, узрадаваны Сталін прамовіў: «Іспанцам гэтага золата не бачыць як сваіх вушэй». Так і адбылося.

Сярод савецкіх ваенспецаў многія былі з Беларусі. Лётчык Сяргей Грыцавец зрабіў у Іспаніі 88 баявых вылетаў і збіў 6 самалётаў праціўніка, за што атрымаў зорку Героя Савецкага Саюза (пазней ён дадасць да гэтай зоркі і другую — за баі з японцамі на рацэ Халхін-Гол).

Бюст Сяргея Грыцаўца працы вядомага беларускага скульптара Заіра Азгура паставілі ў 1955 годзе ў цяперашнім парку імя Янкі Купалы, але пазней яго перанеслі на вуліцу Леніна, дзе ён цяпер і стаіць. Фота: SHUTTERSTOCK, BY BAKA SOBAKA.

Беларусы былі і ў рэзідэнтуры НКВД. Сюды адправіліся многія чэкісты, якія ў 1920-х займаліся дыверсійнай дзейнасцю на тэрыторыі Заходняй Беларусі: Кірыла Арлоўскі, Аляксандр Рабцэвіч, Васіль Корж, Станіслаў Ваўпшасаў.

Кірыла Арлоўскі — беларус-дыверсант з НКВД. Фота: БДАКФФД.

Кірыла Арлоўскі паспеў у час сваёй іспанскай камандзіроўкі стаць літаратурным героем — ён жыў разам з пісьменнікам Эрнестам Хэмінгуэем у адным гатэлі і распавядаў таму пра партызанскі рэйд на тэрыторыю франкістаў для падрыву моста. Пазней дакладна такую ж аперацыю будзе рабіць Роберт Джордан, галоўны герой рамана «Па кім звоніць звон».

Але нічога асабліва рамантычнага ў гэтай гісторыі сустрэчы беларускага партызана і амерыканскага пісьменніка ў бары гатэля не было — гэта была серыя сустрэч з дыверсантамі, не толькі Арлоўскім, арганізаваная НКВД. Хэмінгуэю, які сімпатызаваў рускім і камуністам, трэба было даць матэрыял для апісання подзвігаў інтэрбрыгад.

Эрнест Хэмінгуэй падчас працы над раманам «Па кім звоніць звон», штат Айдаха, снежань 1939 года. Фота: Wikimedia Commons.

Значна большую ролю ў Іспаніі адыграў Станіслаў Ваўпшасаў (Ваўпшас), які стварыў школу для партызан-рэспубліканцаў, арганізаваў ахову кіраўнікоў кампартыі, а на познім этапе адказваў і за контрвыведку, дапытваў і катаваў падазраваных. Гэта ён браў удзел і ў сумнавядомай расправе над трацкісцкай Рабочай партыяй марксісцкага адзінства (POUM), у шэрагах якой змагаўся яшчэ адзін сусветна вядомы пісьменнік — Джордж Оруэл. Ваўпшасаў будзе адказваць і за вываз архіва Рэспублікі ў Маскву, ужо пасля канчатковай паразы Народнага фронту.

Рэзідэнтура НКВД у Іспаніі працавала на тое, каб у рэспубліканскім лагеры рэй вялі камуністы. Метады для гэтага маглі быць рознымі. Газета «Праўда» бадзёра рапартавала, што чыстка трацкісцкіх і анарха-сіндыкалісцкіх элементаў у Іспаніі будзе праводзіцца так жа энергічна, як у СССР, дзе тады напоўніцу разгарнуўся махавік масавых рэпрэсій.

Расправа над трацкістамі

Самымі сур’ёзнымі апанентамі камуністаў сталі трацкісты з POUM. Кіраўніком рэзідэнтуры НКВД у Іспаніі Аляксандрам Арловым была распрацавана складаная аперацыя, якая ўключала ў сябе фальсіфікацыю дакументаў пра нібыта супрацу гэтай арганізацыі з франкістамі. Лідара POUM Андрэаса Ніна, які быў рэгіянальным міністрам Каталоніі, выкралі і катавалі: з яго жыўцом здзіралі скуру. Але той не зламаўся, таму чэкісты яго застрэлілі і схавалі труп, распаўсюдзіўшы чуткі, што міністр збег да фашыстаў.

Адным з непасрэдных выканаўцаў гэтага забойства быў Іосіф Грыгулевіч — віленскі караім, былы член КПЗБ. Пазней ён зробіць бліскучую кар’еру. Спачатку шпіёнскую: на яго рахунку была арганізацыя замаху на Троцкага з удзелам геніяльнага мексіканскага мастака Давіда Сікейраса, а пасля ён пад чужым прозвішчам стаў паслом Коста-Рыкі ў Ватыкане і Югаславіі і распрацаваў план заражэння Іосіпа Броз Ціта смертаноснымі бацыламі падчас уручэння даверчых лістоў. А пасля і акадэмічную: на пенсіі ён стане маскоўскім прафесарам-лацінаамерыканістам (крыху падрабязней пра гэты этап ягонай біяграфіі гл. на старонцы 87).

Члены POUM не здаваліся. У асаджанай франкістамі Барселоне разгарэліся баі, грамадзянская вайна сярод грамадзянскай вайны. Адолець чэкісцкую машыну рамантыкі-рэвалюцыянеры не маглі. Джордж Оруэл з горыччу апісваў, як у яго на вачах распраўляліся з ягонымі сябрамі, а сам ён ледзь здолеў жывым пакінуць Іспанію. «У горадзе ўсталявалася атмасфера задухі, паветра было прасякнута падазрэннямі, страхам, няўпэўненасцю, адусюль выглядала ледзь замаскіраваная нянавісць», — так апісвае свае апошнія дні ў Барселоне пісьменнік. Адзінае рускае імя, якое прысутнічае на старонках «Памяці Каталоніі», — Аляксандр Арлоў.

Фельдбін і Эйцінгон

Оруэл, натуральна, не ведаў, што пад псеўданімам Аляксандра Арлова хаваўся Лейба Фельдбін, ён жа Леў Нікольскі — таксама выхадзец з Беларусі, а канкрэтна з Бабруйска. Менавіта ён адказваў за перапраўку ў Маскву 510 тон іспанскага золата, і гэтая аперацыя была бліскуча выканана.

Лейба Фельдзін, ён жа Леў Нікольскі.Ураджэнец Бабруйска, кіраўнік рэзідэнтуры НКВД у Іспаніі, арганізатар вывазу ў Маскву залатога запасу краіны. У кнізе Оруэла «Памяці Каталоніі» фігуруе як Аляксандр Арлоў. Уратаваўся ад сталінскіх рэпрэсій, перабегшы ў ЗША, дзе працаваў прафесарам у адным з універсітэтаў. Ураджэнец Бабруйска, кіраўнік рэзідэнтуры НКВД у Іспаніі, арганізатар вывазу ў Маскву залатога запасу краіны. У кнізе Оруэла «Памяці Каталоніі» фігуруе як Аляксандр Арлоў. Уратаваўся ад сталінскіх рэпрэсій, перабегшы ў ЗША, дзе працаваў прафесарам у адным з універсітэтаў. Фота: Wikimedia Commons.

Магчыма, лёс гэтага скарбу быў бы невядомы, калі б яго не раскрыў сам Арлоў. У 1938 годзе ён атрымаў загад вярнуцца ў Маскву. Хітры ліс Фельдбін супаставіў інфармацыю, задумаўся, чаму некаторыя «адкліканыя» на радзіму калегі перастаюць выходзіць на сувязь. І ён зразумеў, што ў Маскве адбываецца вялікая чыстка. Тады Арлоў выкраў з сейфа НКВД 90 тысяч даляраў (на сённяшнія грошы гэта прыкладна паўтара мільёна), разам з сям’ёй сеў на параход і адправіўся ў Амерыку.

З дарогі хітры шпіён піша лісты Яжову і Сталіну, дзе абяцае не выдаваць рэзідэнтуру савецкай выведкі за мяжой у абмен на сваё жыццё. А выдаваць было каго, бо менавіта Арлоў завербаваў у Іспаніі Кіма Філбі, найлепшага савецкага шпіёна часоў халоднай вайны (чытайце пра яго ў «Нашай гісторыі» №2/2018). У эміграцыі ён апублікаваў «Тайную гісторыю сталінскіх злачынстваў» (дзе сціпла апусціў арганізаваную ім расправу над POUM) і спакойна дажыў сваё жыццё прафесарам у амерыканскім універсітэце.

Замяніў Арлова на пасадзе кіраўніка рэзідэнтуры НКВД Навум Эйцінгон, былы ягоны намеснік. Родам са Шклова, Эйцінгон пачынаў службовую кар’еру ў гомельскай ЧК у змаганні з атрадамі Станіслава Булак-Балаховіча і Барыса Савінкава. У адрозненне ад тых жа Арлоўскага ці Каржа, ён заўсёды пераважна працаваў за мяжой — ад Кітая да ЗША, паўсюль арганізуючы шпіёнскія сеткі, выкрадаючы і забіваючы ворагаў савецкай улады. «Карны меч Сталіна» — так названая яго біяграфія, што выйшла ў Маскве ў 2003 годзе. У Іспаніі Эйцінгон завербаваў Рамона Меркадэра, які стаў прыладай для забойства Льва Троцкага ў 1940 годзе. Падчас Другой сусветнай вайны ён ствараў у беларускіх лясах фальшывую групу германскіх дыверсантаў, а пасля вайны кіраваў знішчэннем «лясных братоў» у Беларусі і Літве.

У адрозненне ад многіх герояў гэтага расповеду, пры ўсёй сваёй бліскучай кар’еры Эйцінгону не ўдалося ўратавацца ад сваіх. Спачатку ён быў арыштаваны падчас антысеміцкай кампаніі пачатку 1950-х, а пасля смерці Сталіна Лаўрэнцій Берыя яго выпусціў і зрабіў сваім найбліжэйшым паплечнікам. Але якраз гэты кар’ерны рост прывёў яго ў турму на 12 доўгіх гадоў, пасля адбыцця якой Эйцінгон ціха дажыў сваё жыццё ў якасці рэдактара выдавецтва «Международная жизнь».

Франкісты перамагаюць

Пакуль чэкісты распраўляліся над сваімі праціўнікамі, раздзіраная ўнутранымі супярэчнасцямі Рэспубліка адступала і адступала. Хто змог — уцёк за мяжу. А ўнутры Іспаніі разгарэўся тэрор: каля 50 000 тысяч прыхільнікаў рэспубліканцаў былі забітыя ўжо пасля заканчэння вайны.

Хоць Франка перамог дзякуючы Гітлеру, у Другую сусветную вайну ён не ўвязаўся. Абмежаваўся адпраўкай на Усходні фронт «Блакітнай дывізіі» добраахвотнікаў, пра знаходжанне якой у Гродне і дагэтуль можна пачуць згадкі старых месцічаў. Іспанія пяройдзе ад дыктатуры да дэмакратыі толькі пасля смерці Франка ў 1975 годзе. Франка выбраў пераемнікам караля Хуана Карласа, а той рашуча разбурыў сістэму, якую быў атрымаў у спадчыну.

Для Беларусі ж грамадзянская вайна ў геаграфічна далёкай краіне была, па сутнасці, звяном паміж савецка-польскім канфліктам і Другой сусветнай. Адныя і тыя ж людзі партызанілі тут і там. Калі нацысты акупавалі Беларусь, то сярод арганізатараў першых партызанскіх атрадаў былі чэкісты з практыкаю Іспаніі.

Пра камуністычны тэрор у Іспаніі, які быў непасрэдна арганізаваны нашымі землякамі, дагэтуль нідзе афіцыйна не ўспамінаюць. Толькі раман Джорджа Оруэла «1984» застаўся помнікам той пары. Ён не напісаў бы яго, калі б не сутыкнуўся з НКВД у Барселоне.

І яшчэ некалькі фактаў…

***

Іспанская выбарчая сістэма ў той час была вельмі спецыфічная. Яна аддавала перавагу кааліцыям партый перад уласна партыямі. Дзякуючы ёй Народнаму фронту ўдалося ўзяць парламент пад поўны кантроль, здабыўшы толькі мінімальную перавагу ў колькасці галасоў выбаршчыкаў. За Народны фронт прагаласавала 47,03% выбаршчыкаў, што прынесла яму 285 дэпутацкіх мандатаў, у той час як Нацыянальны блок з 46,48% атрымаў толькі 131. Яшчэ 57 мандатаў адышлі партыям Цэнтра, якія атрымалі на выбарах усяго 3,51%.

***

Пад уплывам поспеху партый Мусаліні і Гітлера фашысцкія рухі ў міжваенны час раслі па ўсёй Еўропе як грыбы. Нават у Заходняй Беларусі была Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя на чале з Фабіянам Акінчыцам. Лёс гэтых партый склаўся па-рознаму. У некаторых краінах яны пры падтрымцы немцаў прыйшлі да ўлады (Славакія, Харватыя) і зганьбавалі сябе актыўнай супрацай з Гітлерам. Часам, наадварот, такія партыі ўступалі ў канфлікт з нацыстамі, паколькі іх ультранацыяналізм не супадаў з планамі Гітлера датычна іх краіны (польскія і ўкраінскія праварадыкальныя арганізацыі). А лідар румынскай «Жалезнай гвардыі» Карнэлію Кадрану быў арыштаваны і забіты па загадзе караля, а сама арганізацыя забаронена, хоць Румынія і стала саюзніцай нацысцкай Германіі.

 ***

Франсіска Франка (1892—1975) кіраваў Іспаніяй каля 40 гадоў, больш чым любы кароль за гісторыю гэтай дзяржавы. Патомны вайсковец, таленавіты камандзір, салдаты яго паважалі. Але з яго іменем звязаныя і жорсткія рэпрэсіі супраць праціўнікаў.

Асцярожнасць дазволіла Франка захаваць уладу і пасля паражэння Германіі і Італіі ў Другой сусветнай вайне. У вайну ён афіцыйна не ўступіў, лавіраваў між Гітлерам і Чэрчылем, Гібралтара не атакаваў. А пасля вайны Франка ўжо ўспрымалі як меншае — у параўнанні з камуністамі — зло.

Франка быў адданым католікам і ўзорным сем’янінам. Жонка ягоная паходзіла са знатнага дваранскага роду, і маладому вайскоўцу давялося прыкласці шмат намаганняў, каб яе заваяваць. У сям’і нарадзілася адна дачка. Цяпер сямейны клан Франка — адзін з самых багатых у краіне, узначальвае яго ўнук каўдзільё.

 ***

Узаемны тэрор

Яшчэ да пачатку грамадзянскай вайны рэспубліканцамі па надуманым абвінавачанні быў арыштаваны лідар фалангістаў Хасэ Антоніа Прыма ды Рывера, пазней ён будзе расстраляны. Ёсць версія, што Франка адмовіўся ад прапановы абмяняць яго: яму не дужа быў патрэбны ў сваім лагеры такі харызматычны супернік. А вось у якасці ахвяры Прыма ды Рывера прыдаўся, узнік нацыяналістычны культ гэтай асобы. «Іспанскую Фалангу» ж Франка ўзяў пад кантроль і пераўтварыў у рэспектабельную бюракратычную партыю.

Сімвалам франкісцкага тэрору стала гібель бліскучага паэта Федэрыка Гарсія Лоркі. Сацыяліст і гомасэксуаліст, ён спрабаваў схавацца ад пераследу ў логаве фалангістаў, Прыма ды Рывера любіў яго вершы — але і гэта не выратавала паэта ад расправы. Месца расстрэлу Лоркі дагэтуль невядомае.

Іншы бок таксама бачыў у масавым тэроры шлях да перамогі. «Мы хочам рэвалюцыі! — заклікала сацыялістка і феміністка Маргарыта Нелькен. — Але расійская рэвалюцыя не можа служыць для нас прыкладам, бо ў нас выбухне полымем пажар рэвалюцыі, які пашырыцца на ўвесь свет. Краіну мусіць заліць хваля крыві, якая чырванню афарбуе мора!»

Асабліва жорстка распраўляліся сацыялісты з царквой, якая была абвешчана ворагам Рэспублікі, — было забіта 4 184 святары, 2 365 манахаў і 283 манашкі.

 ***

Пабла Пікаса. «Герніка». Адзіны колер — шэры, як руіны і папялішчы. Кавалкі цел. Людзей, жывёл. Раты, пашчы застылі ў немым крыку.

Гэтую гіганцкую — 7,8 на 3,5 метра — карціну Пікаса напісаў у 1937 годзе па просьбе чырвонага ўрада Іспаніі. Яны папрасілі самага папулярнага мастака сваёй эпохі напісаць нешта для іспанскага павільёна на Сусветнай выставе, а ён стварыў ім «Герніку». Гэта быў і акт салідарнасці з рэспубліканцамі, і пратэст супраць фашызму, і жах вайны.

Баскскі гарадок Герніка нямецкія лётчыкі разбамбілі ў красавіку 1937 года. Еўропа пабачыла, якою будзе наступная вайна: татальныя бамбёжкі.

Для Пікаса гэтая карціна была вельмі важная: пакуль у Іспаніі была дыктатура, мастак захоўваў карціну ў Амерыцы, а ў 1981 годзе ён папрасіў перавезці яе ў дэмакратычную Іспанію.

Пабла Пікаса — адзін з самых важных мастакоў ХХ стагоддзя, які літаральна перавярнуў уяўленні пра жывапіс. Кубізм — гэта Пікаса. «Герніка» — адна з самых пазнавальных карцін усіх часоў. Гэтую вусціш немагчыма забыць.

Большую частку жыцця Пікаса пражыў у Францыі, але ніколі не забываўся пра свае іспанскія карані. Сімпатызаваў камуністам, у 1944 годзе ўступіў у французскую кампартыю — у «партыю расстраляных», як яе называлі пасля акупацыі.

«Герніка» — гэта не проста трагедыя маленькага гарадка. Гэта прароцтва татальнай вайны, якая спустошыць Еўропу.

 ***

Што варта прачытаць пра вайну ў Іспаніі

«Памяці Каталоніі» Джорджа Оруэла. У адрозненне ад Хэмінгуэя, Оруэл браў удзел у ваенных дзеяннях на баку рэспубліканцаў. Ён пакінуў гранічна шчыры, але разам з тым і горкі расповед пра апошнія дні існавання Рэспублікі ў Барселоне.

«Грамадзянская вайна ў Іспаніі 1936—1939» Энтані Бівара. Гэтую кнігу ў 2018 годзе пераклалі на рускую мову.

Цыкл раманаў «Фалька» Артура Пераса-Рэвертэ. Спроба мастацкага пераасэнсавання грамадзянскай вайны ў жанры шпіёнскага рамана ад аднаго з найбольш папулярных сучасных іспанскіх пісьменнікаў. Галоўны герой нагадвае Джэймса Бонда. Такі ж бязлітасны і элегантны, ён выконвае самыя патаемныя і брудныя даручэнні франкістаў. У першым рамане з цыкла Фалька атрымлівае загад вызваліць з турмы лідара фалангістаў Прыма ды Рыверу, у другім — спрабуе перахапіць рэспубліканскі карабель з золатам у Танжэры. Трэці раман выйшаў у 2018 годзе і пакуль яшчэ не перакладзены з іспанскай. Напісана захапляльна і вельмі цынічна.

Манаграфія Ірыны Варанковай «Беларусь і вайна ў Іспаніі (1936—1939)», выдадзеная ў 2009 годзе ў Мінску.

 ***

17-гадовая Марына Жынэста пазіруе з вінтоўкай на даху гатэля «Калон» у Барселоне. Яна была ў інтэрбрыгадзе, але як перакладчыца і памочніца карэспандэнта газеты «Праўда» Міхаіла Кальцова. Дзеля гэтага фота яна першы і адзіны раз у жыцці возьме ў рукі вінтоўку — вырабу іспанскай фабрыкі з Аўеда, мадэлі M1916 Mauser. Марына будзе ўдзельнічаць у POUM і руху анархістаў і горка расчаруецца ў сталінізме пасля «Майскіх падзей» 1937 года.

Параненую, яе вывезуць у Францыю. У 1960 годзе яна выйдзе замуж за бельгійскага дыпламата і памрэ ў Парыжы ў 95 гадоў. Яе фота стане культавым у 2000-х, а сама Марына ўпершыню яго пабачыць у 2006-м.

 ***

«Я хату покинул, пошел воевать»

Я хату покинул,
Пошел воевать,
Чтоб землю в Гренаде
Крестьянам отдать.
Прощайте, родные!
Прощайте, семья!
«Гренада, Гренада,
Гренада моя!»

Знакамітая рамантычная песня на словы Міхаіла Святлова была напісаная за 10 гадоў да вайны ў Іспаніі і на той час ужо была суперпапулярнай. А сам Святлоў, ветэран расійскай грамадзянскай, адправіўся ў Іспанію карэспандэнтам «Праўды».

Разрывы бомбаў у Гатычным квартале і на плошчы Каталунья ў Барселоне. Фота з італьянскага бамбавіка. Фота: Wikimedia Commons.

Дзякуючы «Грэнадзе», Сталін пакінуў Святлова жывым, хоць яго энкавэдэшнае дасье поўніцца даносамі сексотаў пра яго неасцярожныя выказванні.

«Святлоў устаў, працягваючы мне руку, — успамінаў вязень ГУЛАГа, вялікі пісьменнік Варлам Шаламаў. — «Пачакайце. Я вам нешта скажу. Я, магчыма, кепскі паэт, але я ніколі ні на каго не данёс, ні на каго нічога не напісаў». Я падумаў, што для тых гадоў гэта немалая заслуга — цяжэй, бадай, чым напісаць «Грэнаду»», — пісаў Шаламаў.

Рэвалюцыянеры выкінулі мошчы святых з кафедральнага сабора Барселоны. Фота: IBERIANATURE.COM.

Святлоў нарадзіўся ў украінскім Кацярынаславе (цяпер гэты горад называецца Дняпро) у 1903 годзе. Яго сапраўднае прозвішча было Шэйнкман, Святлоў — гэта псеўданім. У 17 гадоў ён пайшоў у Чырвоную армію. А ў 1920-я горача падтрымаў левую апазіцыю, НКВД зафіксаваў, што ў Харкаве ў яго доме друкавалі нелегальную апазіцыйную газету, а ён на сваіх паэтычных вечарах збіраў грошы для тадышніх палітвязняў-трацкістаў. Час быў няўмольны: у Іспаніі ў яго на вачах будуць мардаваць трацкістаў з інтэрбрыгад, а ён будзе пасылаць у Маскву ідэалагічна вытрыманыя рэпартажы.

 ***

Што ўбачыць у Іспаніі, калі вас цікавіць спадчына грамадзянскай вайны?

Алькасар у Таледа. У гэтым замку месцілася вайсковая акадэмія, і на пачатку мяцяжу ворагі Рэспублікі тут адчайна трымалі абарону. Разлютаваныя рэспубліканцы захапілі сына палкоўніка Маскарда, кіраўніка мяцежнікаў, і прымусілі яго тэлефанаваць бацьку пад пагрозаю расстрэлу. Палкоўнік прамовіў: «Што я табе магу сказаць, сынку? Памаліся Богу і памірай годна». Ягонага сына расстралялі. Алькасар пратрымаўся да прыходу франкістаў. Цяпер там месціцца вайсковы музей, але пакой, дзе знаходзіўся штаб абароны, захавалі ў аўтэнтычным выглядзе. Яго не аднаўлялі ад ваенных знішчэнняў.

Цэнтр мастацтваў каралевы Сафіі ў Мадрыдзе (скарочана Reina Sofia). Менавіта тут можна ўбачыць знакамітую карціну Пабла Пікаса «Герніка», створаную ім для рэспубліканскага павільёна на Сусветнай выставе ў Парыжы ў 1937 годзе.

Даліна палеглых. Гэты гіганцкі мемарыял непадалёк ад манастыра Эскарыял быў узведзены адразу пасля завяршэння грамадзянскай вайны рукамі вязняў-рэспубліканцаў. Цэнтр яго — велізарная базіліка, высечаная ў скале. Каля базілікі пахаваныя 40 000 былых ворагаў, як франкістаў, так і рэспубліканцаў. Але гэтае месца пераважна служыць як сімвал нацыяналістаў, бо ў храме спачатку быў пахаваны лідар фалангістаў Хасэ Антоніа Прыма ды Рывера, а пасля сваёй смерці — і каўдзільё Франка. Зараз у Іспаніі прыняты закон пра перанос пахавання Франка з базілікі, але ён да гэтага часу не выкананы.

Каментары1

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?5

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

Усе навіны →
Усе навіны

Шольц і Зяленскі наведалі параненых салдат ФОТАФАКТ3

Бунт камерунскага футбаліста ў беларускім клубе: ён патрабаваў не карміць яго грэчкай8

Адміністрацыя Пуціна даручыла віцэ-губернатарам рыхтавацца да заканчэння вайны і фармаваць «вобраз перамогі»15

Афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага24

«Схапілі і панеслі. Некалькі разоў паспелі ўдарыць». Беларус расказаў пра сваё затрыманне ў Грузіі1

Ціханоўская: Мы не павінны дазволіць дыктатарам пасварыць беларусаў і літоўцаў15

Лукашэнка: Тое, што адбываецца ў беларускім кінематографе, гэта проста ганьба13

Адкуль узяўся «кулямёт з феерверкаў» на пратэстах у Грузіі?8

Прызначылі кіраўнікоў трох буйных кампаній1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?5

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

Галоўнае
Усе навіны →