Багацце заснавальніка і кіраўніка Amazon Джэфа Безаса вырасла на 24 млрд даляраў пасля таго, як высокі попыт на анлайн-пакупкі тавараў павялічыў цану акцый яго кампаніі да новага максімуму, піша bbc.com.

Паводле Bloomberg Index Billionaires, Джэф Безас мае 138 млрд даляраў.

Кампанія Безаса выйграе ад павелічэння анлайн-пакупак, якія робяць людзі, вымушаныя заставацца дома з-за ўспышкі каранавіруса.

Amazon наймае зараз тысячы работнікаў, каб справіцца з ростам попыту.

Сям'я Уолтан, якой належыць амерыканскі гігант рознічнага гандлю Wal-Mart, таксама выйграла ад каранціну. Сёлета іх маёмасць вырасла на 5% да 169 млрд даляраў, і гэта зрабіла іх самай багатай сям'ёй у свеце, паведамляе Bloomberg.

Паколькі мільёны людзей цяпер працуюць з дому, прыбыткі заснавальніка сэрвісу відэаканферэнцый Zoom Эрыка Юаня выраслі больш чым удвая — да 7,4 млрд даляраў.

У той жа час, паводле звестак індэкса мільярдэраў Bloomberg, у гэтым годзе 500 самых багатых людзей у свеце страцілі 553 млрд даляраў.

Інвестары ў сусветную нафтагазавую галіну назіралі рэзкае падзенне кошту акцый, з-за падзення цэнаў на сыравіну, памяншэнне сусветнага попыту і спрэчку Саудаўскай Аравіі і Расіі.

Безас заснаваў Amazon у 1995 годзе, выкарыстаўшы 100 тысяч даляраў асабістых і сямейных грошай. Ён кінуў працу ў хедж-фондзе ва ўзросце 30 гадоў пасля таго, як убачыў статыстыку пра хуткі рост Інтэрнэту. За першыя пяць гадоў існавання Amazon продажы выраслі з 511 000 даляраў да больш чым 1,6 мільярда даляраў. У 1999 годзе часопіс Time згадаў яго сярод маладых «Людзей года» і ў той час назваў «каралём электроннай камерцыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0