Алена Карагачава — былая памочніца Віктара Бабарыкі ў Белгазпрамабанку і сябра яго ініцыятыўнай групы. Яна была затрыманая 1 ліпеня супрацоўнікамі ДФР КДК. Паводле атрыманых звестак, Карагачова абвінавачваецца па ч. 2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты сумы падаткаў і збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры). Яна змешчаная пад варту ў СІЗА КГБ, паведамляе spring96.org.

Адзін з каардынатараў ініцыятыўнай групы Дзмітрый Карака быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 г. разам з Эдуардам Бабарыкам па дарозе ў ТВК для здачы сабраных подпісаў. Ад моманту затрымання Карака знаходзіцца пад вартай у СІЗА КГБ.

Улічваючы дадзеныя акалічнасці, праваабаронцы робяць выснову, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Віктара Бабарыкі і сябраў ягонай ініцыятыўнай групы з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне іх публічнай дзейнасці па вылучэнні В. Бабарыкі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і далейшым удзеле ў выбарах, гаворыцца ў заяве праваабаронцаў

Удзел у кіраванні краіны праз працэдуру перыядычных, свабодных і дэмакратычных выбараў з’яўляецца адной са свабодаў, рэалізацыя якой гарантаваная грамадзянам Беларусі як Канстытуцыяй, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У сувязі з гэтым, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, падцвярджаючы сваю пазіцыю, выкладзеную ў заяве аб прызнанні В. Бабарыкі і затрыманых сябраў ягонай ініцыятыўнай групы ад 19 чэрвеня 2020 г., завілі аб прызнанні Алены Карагачовай і Дзмітрыя Карака палітычнымі зняволенымі і патрабуюць іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення.

Колькасць палітвязняў у Беларусі дасягнула 24. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0