Мы знайшлі Святлану, каб распытаць, як праходзіла іх затрыманне і як усё перажыў сын. 

— Тыя, хто глядзеў на наша затрыманне з боку, думаю, былі ў шоку, — кажа Святлана. — Сям’я з трох чалавек ідзе каля кінатэатра «Аўрора» ў кірунку прадуктовай крамы, як раптам са спіны пад’язджае сіні бус, які часта стаіць на Пушкінскай. Я чую, як адчыняюцца дзверы, і людзі ў зялёнай форме бягуць на нас.

Мяне з дачкой пры гэтым затрымлівалі культурна, а вось мужа — жорстка. У бусе ўсе ў асноўным былі адэкватныя, але сярод іх быў мужчына з шалёнымі вачыма. Ëн пачаў мужа біць дубінкай па галаве. Крычаў, што можа забіць, што за радзіму парве нас усіх. Так і хацелася сказаць: «А мы што, не за радзіму?»

Але я маўчала. І мужа прасіла маўчаць, бо баялася, што бус могуць спыніць і з намі нешта зрабіць. Дачцэ ў бусіку стукнулі тэлефонам па галаве — прымушалі сказаць пін-код.

Святлана з сынам.

Святлана з сынам.

Адбылося ўсё гэта ў раёне народнага мемарыяла, прысвечанага загінуламу Аляксандру Тарайкоўскаму. Прычым, як кажа Святлана, да іх затрымання ў гэтай лакацыі хапалі ўсіх — нават людзей, якія проста выйшлі з метро і ішлі з пакетамі.

У РУУС адмовіліся адпусціць дадому жанчыну, хоць яе і чакала непаўналетняе дзіця.

— Я спадзявалася, што яны праб’юць па сваёй базе, што мы законапаслухмяныя, ніколі раней не затрымліваліся ўвогуле. Але ім усё роўна. На аргумент, што ў мяне дома непаўналетні сын, я пачула: «Не трэба гуляць, сядзіце дома».

Я пасля папрасіла хаця б яго набраць, прасіла доўга, у выніку мне дазволілі пазваніць: перадала Сцяпану, што мы ў РУУС, папрасіла не хвалявацца, распавяла, дзе грошы ляжаць. Ëн у нас увогуле хлопец самастойны. Сам у школу ў панядзелак сабраўся і пайшоў, прыкідваў ужо, як без нас будзе жыць 15 сутак. Хоць да яго адразу, толькі даведаўшыся пра наша затрыманне, прыехала сястра мужа і хлопец дачкі. 

Перадачкі ні ў РУУС, ні ў ІЧУ да суда для сям’і не ўзялі. А само рашэнне суда ўвогуле стала для Святланы нечаканасцю.

— Што мы зрабілі, я не разумею… Пастаялі 15 хвілін на Пушкінскай сям’ёй? У нас не было ні сцягоў, нічога. Нам прыпісалі ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, але побач з намі нават нікога не было. Калі сям’я з трох чалавек — гэта ўжо мітынг, то я не ведаю… Я не чакала, што дачцэ дадуць 14 сутак. Яна сама, відаць, не чакала — расстроілася моцна пасля суда, — расказвае Святлана.

Выносіў прысуд членам сям’і суддзя суда Фрунзенскага раёна Дзмітрый Лукашэвіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0