Чым жылі неалітычныя людзі?

Не трэба думаць, што гэтыя людзі былі нейкімі грубымі, менш кемлівымі, чым мы, што гэта былі такія напаўмалпы. Гэта абсалютна людзі нашага тыпу. Такія самыя цікаўныя, актыўныя, лянівыя, крыўдлівыя.

Калі цяперашняга чалавека адправіць у старажытнасць, вялікая магчымасць, што ён памрэ з голаду. Калі таго чалавека ў наш час — таксама. Але калі адзін аднаму падкажа, дык наш чалавек адаптуецца і навучыцца, як жыць там. А дзеці таго неалітычнага чалавека, калі іх адправіць у школу, спакойна паступяць ва ўніверсітэт — і стануць праграмістамі.

Неаліт

перыяд развіцця чалавецтва, якім завяршаецца каменны век. На Беларусі цягнуўся з канца V тысячагоддзя да н.э. да пачатку II тысячагоддзя да н.э.

Усё іх жыццё было адаптавана да тагачасных умоў. Уся Беларусь часоў неаліту і бронзавага веку — гэта быў суцэльны лес. Быў крыху цяплейшы клімат, чым цяпер, больш лісцевых дрэў. Было больш ядомых раслін. І ўсё наваколле было вельмі багатае на дзічыну, птушку, рыбу.

Тое, як казалі некаторыя мысляры XX стагоддзя: «человек влачил жалкое полуголодное существование», — лухта. Ежы было настолькі многа, што, каб забяспечыць сябе на заўтра, трэба было працаваць у сярэднім каля 2 гадзін у дзень — а рэшту часу можна было выкарыстоўваць на сябе, на блізкіх, на казкі, на спевы, на паспаць, паленавацца, павалэндацца… У тых людзей было значна больш вольнага часу, чым у нас.

Зразумела, не было медыцыны, быў вялікі траўматызм. Сем’і гублялі кожнае другое дзіця. Калі дзіця выжывала да 5 гадоў, то ў яго былі шанцы дажыць і да 50—60 гадоў. Але прыродны адбор быў вельмі жорсткі. Хаця ў нашых вёсках блізкая смяротнасць захоўвалася да пачатку XIX стагоддзя.

Людзі на беларускім Паазер’і часоў неаліту жылі вёсачкамі. Кожную вёсачку займала адна невялікая сям’я чалавек на 15—20 — тры пакаленні: бабуля-дзядуля і іх сыны са сваімі сем’ямі. Вёскі былі пераважна прывязаныя да азёраў — не такіх, як Нарач, глыбокіх і чыстых, а зарастаючых, забалочаных азёраў, плыткіх, дзе лепш прагравалася вада і ад таго больш было жыўнасці: рыба, качкі, гусі, лебедзі, гнёзды з яйкамі, чарапахі балотныя, шмат раслін… 

FLICKR.COM, DSHOT ICC-BY-2.0

FLICKR.COM, DSHOT ICC-BY-2.0

Чылім

У тыя часы людзі яшчэ не ведалі злакаў. На муку яны пераціралі зярняты вадзянога арэха — чыліму. Цяпер гэтая расліна рэдкая, а ў тыя часы часы чылімам былі скрозь зарослыя азёры. Яго плады ў калючых лупінах можна было сушыць і захоўваць на зіму.

Чылім трапіў у Чырвоную кнігу, бо людзі яго з’елі — яго можна есці сырым, смажаным, печаным, змалоць на муку і прыгатаваць хлеб. Гэта адна з версій, чаму ў паўночнай Беларусі так позна зараджаецца земляробства. Доўгі час яно было папросту забаўкай, рытуалам. Магчыма, таму, што быў хлеб, які рос сам па сабе і не трэба было ні араць, ні сеяць — проста ісці і збіраць.

Ці была ў старажытных людзей нейкая духоўная культура?

На развіццё духоўнай культуры ў тых людзей было многа часу. Але археалогія даследуе рэчы. Калі яны ў рэчах адлюстроўвалі нейкія духоўныя праявы, мы гэта бачым па фігурках з косткі і рогу, па ўзорах на посудзе. Існаваў культ качкі, мядзведзя, лася. Касцяныя статуэткі змеек звязаныя з культам змяі (цікава, што беларусы шанавалі вужоў тысячагоддзямі, гэты звычай дайшоў да Новага часу). Фігуркі чалавека кажуць пра культ продка — або ж гэта выява антрапаморфнага (чалавекападобнага) боства.

Верагодную повязь з тагачасным культам качкі можна ўбачыць у фіна-вугорскім эпасе «Калевала».

Там ёсць кавалачак пра тое, як утварыўся Сусвет. Было толькі мора, і лётала над морам качка. Узмалілася яна багіні — і тая высунула з мора калена, на якім качка адклала яйка. Але калена ў багіні зацякло, яна ім варухнула, яйка пакацілася і разбілася. З бялка ўтварылася неба, з жаўтка — сонца, са шкарлупіны — зямная цвердзь. Стварэнне сусвету ад качкі. Гэтая ідэя перадавалася ад пакалення да пакалення, ад культуры да культуры. Першымі носьбітамі гэтай ідэі на нашых землях былі людзі археалагічнай культуры грабянёва-ямкавай керамікі. Некаторыя даследчыкі лічаць іх далёкімі продкамі фіна-вугорскіх народаў. 

Чалавек неаліту цягнуўся да прыгожага, як і мы. Скульптура качкі з Крывінскага тарфяніку. Скульптура чалавека стуль жа. Ім прыкладна 4 тысячы гадоў. Іх адносяць да паўночнабеларускай археалагічнай культуры.

Як выглядаў дзень першабытнага жыхара Беларусі?

З раніцы частка мужыкоў ішла ў лес на паляванне: праверыць сілкі, пасткі. Можа, нешта патрапіцца падстрэліць, тады клікалі людзей з вёскі, каб дапамаглі прынесці. Гэта быў ужо перыяд індывідуальнага палявання.

Частка мужыкоў ішла праверыць пасткі і сеткі на рыбу. Аднойчы мы былі з бацькам у разведцы пад Лепелем, і кабета запрасіла зайсці паглядзець татавы старыя інструменты. Мяне ўразіў рыбацкі рыштунак. Гэта было тое, што я знаходжу ў Асаўцы! Такія самыя гліняныя грузілы, той жа формы. Сетка з такімі ж вузламі. Берасцяныя паплаўкі ідэнтычныя тым, што ў раскопе… Паміж гэтымі людзьмі 4 тысячы гадоў. Але калі нешта добрае, то нашто прыдумляць новае? Увогуле, пасля неаліту, калі не браць XIX стагоддзе з яго выбухам тэхналогій, у Сярэднявеччы і Новым часе прыдумалі толькі вінт. Многімі вынаходніцтвамі каменнага веку мы карыстаемся і цяпер.

Неяк так выглядала жытло насельнікаў Крывінскага тарфяніку. Хоць раскопкі там ідуць вельмі даўно, агульна ўскрытая плошча не вельмі вялікая, праца марудная і далікатная, таму яшчэ і не адшукалі ніводнай поўнай пабудовы. На фота: рэканструкцыя хаціны каменнага веку ў Кіерыкі, Фінляндыя. WIKIMEDIA.COMMONS, BY NINARAS

Неяк так выглядала жытло насельнікаў Крывінскага тарфяніку. Хоць раскопкі там ідуць вельмі даўно, агульна ўскрытая плошча не вельмі вялікая, праца марудная і далікатная, таму яшчэ і не адшукалі ніводнай поўнай пабудовы. На фота: рэканструкцыя хаціны каменнага веку ў Кіерыкі, Фінляндыя. WIKIMEDIA.COMMONS, BY NINARAS

Нейкі час людзі аддавалі на тое, каб прыбіраць участак. Рыбу і жывёлу разбіралі непадалёк ад хатаў, усё смецце заставалася тут жа і гніло, стаяў смурод. Выглядае, што такія месцы адмыслова засыпалі пяском — такая санітарная чыстка.

Зразумела, па меры неабходнасці людзі займаліся ўпарадкаваннем у паселішчы: падпраўлялі хату, вогнішча. У раскопе відаць, як вогнішча далікатна і акуратна рыхтавалі і даглядалі. Калі вогнішча выходзіла за падсыпную падушку супрацьпажарнай бяспекі, то можна было ўпаліць торф — а гэта была катастрофа.

Жанчыны маглі збіраць расліны, карані, ягады, грыбы, а таксама нарыхтоўваць матэрыялы: луб, бяросту для посуду і паплаўкоў, трыснёг для пляцення… Тагачасныя людзі плялі такія ж вырабы, як беларусы цяпер, але не з саломы, а з трыснягу. Нейкую частку дня аддавалі на тое, каб паправіць інструменты, вопратку. Тады ўжо пачыналі ткаць, але спярша не з воўны (авечка з’яўляецца ў познім неаліце і бронзавым веку), а з лубяных або крапіўных нітак. Беларуская традыцыя спявання жнеек у полі можа паходзіць з прадаўніх часоў, калі даводзілася выконваць манатонную работу, напрыклад мяць на ніткі крапіву. Зразумела, гэта не рабілі моўчкі. У неаліце і бронзавым веку ў нашых продкаў была вельмі вялікая вусная спадчына. «Іліяда» Гамера — гэта блізкія часы. Калі гэта было ў Грэцыі, значыць, было і ў нас.

Ад часоў мезаліту прырода на Беларусі мала змянілася. Але шчыльнасць насельніцтва была куды меншая. У адным цяперашнім раёне маглі жыць пару соцень чалавек. На ўсю Беларусь жыло каля 10 тысяч — групкамі па 15—20 чалавек. Кожная сям’я мела вялікую тэрыторыю, дзе было 5—6 стаянак, летніх і зімовых. Яны прыходзілі ў адно месца, жылі там месяц, пакуль не аб’ядалі ўсё навокал. Калі ім станавілася трошкі цяжэй здабываць ежу, усё пакідалі: посуд, большасць інструментаў… Бралі з сабой толькі самае неабходнае — і ішлі на наступную стаянку. А там павуціну вымесці, пару калкоў падмяніць — і наступны месяц яны жывуць тут. І так год за годам ходзяць па коле, а на зіму сыходзяць на зімовую стаянку ў глыбокі лес, у зацішнае месца… Рэчы на стаянках пакідалі спакойна: а хто забярэ? З суседзямі сустракаліся, можа, раз на паўгода — памяняцца дзяўчатамі-хлапцамі: аддаць дзяўчат, узяць хлапцоў…

З усёй Усходняй Еўропы новыя культурныя імпульсы прыходзілі ў Беларускае Паазер'е фактычна ў апошнюю чаргу. Хвалі, што пераварочвалі традыцыйнае грамадства, не мелі тут радыкальных наступстваў. Такое спакойнае беларускае балота, на якім людзі жылі ў сваё задавальненне.

У час, калі людзі жылі на стаянках у Асаўцы, у Егіпце будавалі піраміды. Будавалі такія самыя людзі, з такім жа розумам і вачыма. Проста ў іх была патрэба збудаваць піраміды, была свая цывілізацыя, свая прырода, якая вымагала асобнага падыходу. Чаму мы кажам: тыя цывілізаваныя, а гэтыя не — бо не будавалі піраміды і жылі ў драўляных лёгкіх хацінах? Яны проста ідэальна адаптаваныя да канкрэтных прыродных умоў. 

Гісторык Міхась Чарняўскі меў унікальна цэльнае бачанне далёкіх эпох. На фота: ён ідзе між намётаў падчас студэнцкай археалагічнай экспедыцыі на Крывінскім тарфяніку

Гісторык Міхась Чарняўскі меў унікальна цэльнае бачанне далёкіх эпох. На фота: ён ідзе між намётаў падчас студэнцкай археалагічнай экспедыцыі на Крывінскім тарфяніку

Мы можам лічыць тагачасных людзей сваімі продкамі?

Прынамсі з часоў мезаліту ўсе археалагічныя культуры на Паазер’і маюць пераемнасць. У вялікай ступені насельніцтва застаецца тое ж, прыходзяць толькі новыя ўплывы, новая культура, ідэалагічна мацнейшая.

У раннім неаліце ў Асаўцы існуе нарвенская культура — нашчадкі мезалітычнай культуры кунда. У сярэдзіне IV тысячагоддзя да н. э. з поўначы прыходзіць хвосцік імпульсу культуры грабянёва-ямкавай керамікі. Іх помнікаў на Беларусі зусім мала: на Нарачанскіх азёрах, у раёне Вілейкі, крышку ў раёне Лепеля і па Дзвіне бліжэй да Латвіі. Але нешта ў іх было такое моцнае, што пад іх уплывам мясцовае насельніцтва змяняе светапогляд: з’яўляецца культ качкі, змяняецца арнамент на кераміцы і спосаб апрацоўкі яе паверхні.

Археалагічнай культурай

прынята называць агульнасць археалагічных помнікаў, аб'яднаных адной матэрыяльнай культурай, тэрыторыяй і часам існавання.

У раннім бронзавым веку арнамент на посудзе — гэта як вышыванка: твар культуры. Археалагічныя культуры адрозніваюцца найперш керамікай: формай венца, дна, арнаментам і складам таго, што дамешвалася ў гліну. Так што змену культур неаліту і бронзавага веку мы бачым найперш па змене керамікі.

Калі на землі нарвенскай культуры прыйшла грабянёва-ямкавая, іх камбінацыя ўтварыла ўсвяцкую культуру. У пачатку III тысячагоддзя да н. э. на яе землі ў невялікай колькасці прыходзяць носьбіты культуры баявых сякер, або шнуравой керамікі. Гэта першыя індаеўрапейцы. Яны прыносяць культ агню, сонца, з'яўляюцца складаныя бурштынавыя ўпрыгожанні, частка з іх аздобленая насечкамі — імітацыяй сонечных прамянёў.

Мікс усвяцкай культуры і шнуравікоў утварыў супольнасць, якую мы называем паўночнабеларускай культурай. У 2-й палове II тысячагоддзя да н. э. да іх дадалася невядомая нам пакуль культура — і з іх міксу ўтварыліся балты.

Адкрыццё

Даследаваць беларускую прагісторыю намнога цяжэй, чым грэчаскую ці, прыкладам, шумерскую. Да пачатку XX стагоддзя наша цывілізацыя на 90% была цывілізацыяй з дрэва, а дрэва гніе.

Каб арганіка захоўвалася тысячагоддзямі, трэба ўнікальныя ўмовы: адсутнасць доступу кіслароду і добрая ўвільготненасць. Міхась Чарняўскі адшукаў месца, дзе гэтыя ўмовы вытрымліваліся: нічым, здавалася б, непрыкметны тарфянік каля вёскі Асавец у Бешанковіцкім раёне. У дагістарычныя часы там было возера, на берагах якога сяліліся людзі. Гэта было нешта кшталту сезонных пасяленняў: улетку людзі прыходзілі сюды, лавілі рыбу, палявалі, а ўзімку сыходзілі ў сушэйшае месца, дзе дроў даволі — у лясы.

З часам клімат стаў халаднейшым і дажджлівейшым. (Некаторыя навукоўцы звязваюць гэта з выбухам вулкана Сантарын (1700—1600 гады да н. э.) у Міжземным моры, які знішчыў цэлы востраў і выкінуў сотні тысяч тон попелу ў атмасферу.) Узровень вады ў возеры паступова рос, людзі мусілі адступаць усё далей. Дзед, плывучы з унукам на чоўне, мог паказваць пад вадою месца, дзе было пасяленне ў часы яго дзяцінства. З часам возера зарастала, ператвараючыся ў балота і кансервуючы рэшткі колішняга жыцця. Унікальнасць Крывінскага тарфяніка ў тым, што па яго помніках можна прасачыць жыццё цягам 2500 гадоў.

Міхась Чарняўскі меў унікальна цэльнае бачанне далёкіх эпох. Ён не быў археолагам-бюракратам, які ўлетку капае, узімку перапісвае знаходкі і піша справаздачу ў вузкаспецыялізаванае выданне. Чарняўскі ўмеў інтэрпрэтаваць свае адкрыцці для масавага ўжытку. Яго кніга «Вогнепаклоннікі» выйшла вялікім накладам і была папулярная сярод дзяцей. Чарняўскі ўмеў «улезці ў галаву» чалавеку каменнага ці бронзавага вякоў. «З чалавека нараджаецца чалавек, з каровы — маленькая кароўка, з качкі — яйка, з яго — зноў качка. Гэта ўспрымалася як цуд», — так Чарняўскі тлумачыў, чаму ў арнаментах трапляюцца выявы качак, а гісторыі пра стварэнне свету з яйка ёсць у многіх народаў.

Таксама Чарняўскі быў пэўны, што ў пазнейшыя часы існаваў агульнаеўрапейскі культ пакланення агню і сонцу.

Ад канца 1980-х, калі абудзілася цікавасць да ўласнай гісторыі, Чарняўскі многа пісаў і пра гістарычныя часы: пра славутыя бітвы часоў ВКЛ, пра падзеі і асобаў. Дзякуючы лёгкаму стылю яго артыкулы добра чытаюцца і цяпер.

Што вядома пра паходжанне, мову, этнічную прыналежнасць нашых продкаў да прыходу індаеўрапейцаў?

Вядома вельмі мала. Традыцыі даіндаеўрапейцаў паходзяць ад палеаліту. Гэта так званыя паляўнічыя на паўночных аленяў. Частка іх засталася тут, пачала мяняцца і змешвацца з іншымі людзьмі. А частка, верагодна, сыходзіць на поўнач.

Калі прыходзяць індаеўрапейцы і займаюць тэрыторыю Прыбалтыкі, Беларусі, Польшчы, Украіны, часткова Расіі — тут пачынае заварвацца культурная мешаніна, з якой праз доўгі перыяд часу, больш за тысячу гадоў, вылузваюцца германцы, балты і славяне. А да І тысячагоддзя да н. э. мы не можам гаварыць пра этнічную прыналежнасць тых, хто тут жыў, і ўвязваць з нейкім этнасам.  

Суіснаванне культур было мірным?

Калі прыходзіць чужое насельніцтва і выбівае мясцовае, яно цалкам прыносіць сваю матэрыяльную культуру. А ў нашым выпадку звычайныя прылады працы і нават большая частка паляўнічай зброі застаюцца ранейшымі. Культ качкі не знікае, а існуе поруч з новым культам агню і сонца, крыжамі на дне гаршкоў.

Насельніцтва дапаўняецца, абнаўляецца, але ў большасці застаецца тутэйшым.

label.reaction.like
98
label.reaction.facepalm
5
label.reaction.smile
9
label.reaction.omg
16
label.reaction.sad
21
label.reaction.anger
29