Хто такі Дзмітрый Сасноўскі, якога абвінавачваюць у замаху на Азаронка? Падрабязнасці
2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка распавёў аб спробе забойства журналіста СТБ Рыгора Азаронка. Маўляў, спробу ажыццявілі мінулай ноччу, Азаронак адбіўся. Пазней па тэлебачанні паказалі кадры нападу на прапагандыста (праўда, у белы дзень і на вуліцы). Назвалі і паказалі падазраванага — нехта Дзмітрый Сасноўскі. «Наша Ніва» высветліла, хто гэты чалавек.
Сасноўскаму 31 год. Ён ураджэнец Ліды. Вучыўся ў родным горадзе, пасля некаторы час у адным з мінскіх універсітэтаў, але ўрэшце вучобу кінуў. Вярнуўся ў Ліду, дзе і жыў да нядаўніх падзей. Ажаніўся, мае 6-гадовага сына.
Сасноўскі нейкі час працаваў электрамантажнікам, але апошнія паўгода — таксістам.
Увесь тыдзень перад «замахам» Дзмітрый быў з сям’ёй, нікуды не з’язджаў. На выходных ездзілі на лецішча, пасля з панядзелка Сасноўскі займаўся хатнімі справамі: вадзіў сына да цырульніка, да лагапеда. У чацвер, 1 ліпеня, Сасноўскі таксама быў дома, прыглядваў за сынам. Жонка працуе майстрам па манікюры, працуе з дома. Яна таксама была ў кватэры, прымала кліентаў.
Раптам Дзмітрый выйшаў з кватэры, сеў у машыну і з’ехаў, ні слова не сказаўшы жонцы. Пазней даслаў ёй кароткае паведамленне: «Паехаў па працы, буду заўтра».
Па словах блізкіх, гэта была не вельмі тыповая сітуацыя. Увечары жонка званіла яму, Дзмітрый не здымаў слухаўку. На наступны дзень, 2 ліпеня, яго тэлефон увогуле быў выключаны.
2 ліпеня сваякі Дзмітрыя чакалі, што ён прыедзе і растлумачыць свае паводзіны. Але замест яго каля 18-й ці 19-й гадзіны прыехалі сілавікі: спачатку правялі ператрус у кватэры бацькоў Дзмітрыя, пасля ў кватэры, дзе жыў ён з жонкай і сынам.
Цяпер Сасноўскі пад вартай. Па якім артыкуле яго абвінавачваюць і ўвогуле што канкрэтна ставяць у віну, сям’я не ведае. Кажуць, што нават адваката яшчэ не нанялі: «Пакуль у яго дзяжурны адвакат, прозвішча не памятаем».
«Наша Ніва» звязалася з жонкай Сасноўскага. Відэа з «замахам на Азаронка» яна ўжо бачыла.
«Я не ведаю, што дакладна там адбылося і якім чынам. Магу толькі будаваць тэорыі і версіі. Адна з іх: магчыма, мужа недзе затрымалі, а пасля ўжо прыдумалі гэтую ўсю фігню? Можа, сказалі мужу: рабі, што скажуць, каб менш атрымаць,? Гэта, канечне, толькі мае гіпотэзы, — кажа Ксенія. — Але я ж ведаю свайго мужа. Каб ён — дапусцім! — ішоў на такую справу, то гэта дакладна быў бы не белы дзень. Які адэкватны чалавек будзе выкрадаць кагосьці пасярод дня?! І паходка — я ж ведаю яго паходку. Рухаўся б ён таксама па-іншаму».
Прозвішчы затрыманых, якія назваў Лукашэнка (Гулевіч, Глотаў, Гаспадароў і Ашурак), жонцы нічога не кажуць. Яна такіх людзей не ведае. Як не ведае і таямнічага «падзельніка» з пісталетам, якога паказалі ў відэароліку, але ж не прадэманстравалі яго твар.
Машына на відэа таксама не тая, на якой з’язджаў Сасноўскі. Дзе цяпер іх аўтамабіль, жонка Дзмітрыя не ведае.
Сасноўскага затрымлівалі ў жніўні 2020, напярэдадні выбараў. Падазравалі, што расклейваў улёткі, пратрымалі трое сутак, але пасля адпусцілі — нават без штрафа.
«Ён сядзеў у нейкіх чатах, так, актыўна. Але са мной стараўся такія тэмы не абмяркоўваць. З кім ён там перапісваўся — я не ведаю. Можа перастрахоўваўся, каб пасля да мяне пытанняў не было? Але ж я не думаю, што муж быў гатовы да нейкіх рэзкіх дзеянняў. У мяне поўнае адмаўленне гэтай сітуацыі, якая адбылася. Бо каб нешта і рабілася — то рабілася б не так. Я думаю, што гэта нейкая падстава, можа, падставіў хтосьці з тых яго чатаў? Усё вельмі дзіўна.
Муж нават у войску не служыў, пісталет не ўмее трымаць, а тут раптам едзе на такую справу?
У мяне шмат пытанняў, — кажа жонка Дзмітрыя Сасноўскага. — Не ведаю, чаго цяпер чакаць. Разумею, што добра ўсё не скончыцца. Будзе нейкі прысуд».
Каментары