Здольнасць будаваць адносіны з рознымі людзьмі, нават з тымі, якіх ты не паважаеш, здольнасць ісці на кампрамісы, здольнасць заўважаць магчымасці, якія іншым не заўсёды былі бачныя, а яшчэ непахісная адданасць беларускай справе зрабілі айца Аляксандра Надсана (1926—2015) вялікім духоўным лідарам, піша адзін з ягоных вучняў Ігар Іваноў. Вось што важнага для разумення намі рэалій жыцця мы маем у біяграфіі, выказваннях і інтэлектуальнай спадчыне Надсана.
ЦРУ пры пасярэдніцтве былога афіцэра Беларускай краёвай абароны Барыса Рагулі на пачатку 1950-х вербавала беларускіх эмігрантаў для дэсантавання ў савецкую Беларусь. Заходнія спецслужбы спадзяваліся такім чынам ажывіць партызанскі рух у занятых саветамі краінах. Засылалі не толькі беларусаў — аналагічныя аперацыі ажыццяўлялі ў Албаніі, Украіне, Літве.
Аляксандр Надсан надаваўся для гэтага ідэальна: у яго быў рэальны баявы досвед. Ён ваяваў супраць нацыстаў у Італіі ў складзе арміі Уладзіслава Андэрса, 2-га Польскага корпуса, які быў часткай брытанскіх войскаў. Там ён быў паранены. Па сканчэнні вайны, у 1946 годзе, жаўнераў гэтага фармавання перавезлі ў Вялікабрытанію і дэмабілізавалі.
Людзі бедныя, траўмаваныя, але…
Пра 1940-я Надсан прыгадваў як пра час значных выпрабаванняў: беларусы ў Вялікабрытаніі былі вельмі бедныя, траўмаваныя вайной і збольшага слаба адукаваныя. Але гэта быў і час вялікай ахвярнасці: з першых невялікіх заробкаў яны збіралі грошы на Беларускі дом для сустрэч, работы Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі (ЗБВБ) і часовага прытулку суродзічаў, на выдавецкія і адукацыйныя ініцыятывы.
Надсан быў у цэнтры таго жыцця. Ён ініцыяваў стварэнне пры ЗБВБ часопіса «Беларус на чужыне», які меўся пашырыць фокус арганізацыі са спраў узаемадапамогі да грамадскапалітычных тэм. У 1951—1953 гадах ён узначальваў ЗБВБ і вучыўся адначасова на матэматыка ў Лонданскім універсітэце (самастойна вывучыў англійскую мову і скарыстаўся дзяржаўнай стыпендыяй для навучання).
Эміграцыя дзеліцца, але не множыцца
Пасляваеннае Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі ў першыя ж гады існавання перажыло раскол па лініі лаяльнасці да Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) або да Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР). Большасць сяброў пайшлі за Радай БНР, якая не прызнавала права БЦР і Другога Усебеларускага кангрэсу прадстаўляць усіх беларусаў. Сярод іх быў і Аляксандр Надсан. У гэты час ён зблізіўся з Чэславам Сіповічам, вельмі энергічным грэка-каталіцкім (уніяцкім) святаром. Няўдалым інтэрв’ю мясцовай каталіцкай газеце Сіповіч дадаў алею ў полымя расколу ў ЗБВБ, які набыў таксама рэлігійны характар.
У адрозненне ад Янкі Філістовіча, Цімоха Вострыкава і дзясятка іншых, Надсан дэсантавацца ў Беларусь катэгарычна адмовіўся. Ён заўсёды лічыў, што тыя хлопцы, ягоныя сябры, былі падманутыя і прададзеныя Рагулем за грошы. Надсан лічыў гэта марнаваннем чалавечага жыцця: на яго думку, у хлопцаў не было шанцаў.
З Цімохам Вострыкавым Надсан сустрэнецца толькі праз 50 гадоў, падчас адной з паездак ужо ў незалежную Беларусь. Вострыкаў быў адзіны з тых хлопцаў, хто выжыў.
Ён памёр у Гомелі ў 2007 годзе.
«Вера была справай старых»
Аляксандр Надсан быў не меншым патрыётам за тых, хто паддаўся на ўгаворы амерыканцаў. Але ён бачыў перад сабой іншы шлях. У 1953 годзе Надсан выехаў у Рым вучыцца на святара.
Ён згадваў, што ў Заходняй Беларусі з яго пакалення ў царкву хадзілі толькі дзівакі. Вера была справай старых. Гэта былі гады, калі ў маладых у модзе быў сацыялізм, а кансерватыўная царква, дзе служылі на незразумелых мовах, не карысталася папулярнасцю. У Брытаніі ж ён сустрэўся з інтэлектуальнай традыцыяй у хрысціянстве, якая ўразіла яго. Нездарма ён любіў чытаць Джона Толкіена — волата англійскай літаратуры і глыбока веруючага чалавека.
Universitas Gregoriana, Ελληνικό Κολλέγιο
Надсан вучыўся багаслоўю ў прэстыжным езуіцкім Грыгарыянскім універсітэце, дзе тады выкладалі на лацінскай мове, а жыў у Грэчаскім калегіуме — семінарыі для каталікоў візантыйскага абраду.
Тут ён адкрыў для сябе багатую гісторыю сувязяў калегіума з Беларуссю, пра што напісаў артыкул у парыжскім беларускім часопісе «Божым шляхам». З таго артыкула пачалася доўгая гісторыя знаходак і адкрыццяў айца Надсана.
У наступныя дзесяцігоддзі ён пазнаёміць англамоўны свет з Кірылам Тураўскім, беларускімі летапісамі, зробіць значны ўнёсак у вывучэнне татарскіх кітабаў, ідэнтыфікуе год выдання «Малой падарожнай кніжкі» Скарыны (яго захапленне календарамі аказалася тут вельмі дарэчы) і раскрые таямніцу дыяментавага калье Магдалены Радзівіл (яно было ахвяравана княгіняй у 1917 годзе на заснаванне беларускай грэкакаталіцкай калегіі ў Рыме, а пасля след яго часова згубіўся). Нарэшце, перакладзе багацці візантыйскай літургікі на беларускую мову: яго непакоіла, што большасць іншых усходніх хрысціян моляцца на сваіх мовах, а беларусы працягвалі тады па звычцы трымацца царкоўнаславянскай.
«Жорсткая ўлада над ім была яму непрымальнай»
Вярнуўся з Рыма Надсан святаром у 1958 годзе і нейкі час выкладаў матэматыку ў Нотынгеме. Потым вярнуўся ў Лондан, дзе беларускае жыццё было найбольш інтэнсіўным, у значнай ступені сканцэнтраваным вакол Беларускай каталіцкай місіі, якую ўзначальваў айцец Чэслаў Сіповіч.
У пачатку 1950-х гадоў Чэслаў Сіповіч задумаў стварыць «Новую Друю» — беларускі кляштар айцоў марыянаў з сядзібай у паўночным Лондане, дзе знаходзілася і місія.
Кангрэгацыя, або Зграмаджэнне айцоў марыянаў, — гэта асацыяцыя каталіцкіх святароў, створаная ў Польшчы ў XVII стагоддзі, якая ў міжваенны час мела кляштары ў Вільні і Друі. Прычым у Друі марыяне былі з мясцовых і карысталіся беларускай мовай, наколькі міжваенная польская рэчаіснасць гэта дазваляла.
Для «Новай Друі» Чэслаў Сіповіч настойліва шукаў кандыдатаў. Для гэтага трэба было ўступіць у Кангрэгацыю. Прасіў і айца Надсана далучыцца, але той адмовіўся. Ён выдатна функцыянаваў самадзін і мог самастойна прымаць доўгасягальныя рашэнні. Падобна, што жорсткая ўлада над ім была яму непрымальнай.
Ён таксама бачыў сумны прыклад айца Льва Гарошкі, на энергіі якога спачатку някепска трымаўся наш паваенны Парыж. Стомлены працай, Гарошка паслухаўся Сіповіча — кінуў парыжскую парафію, спыніў выданне найлепшага на той час беларускага рэлігійнага часопіса «Божым шляхам» і пераехаў у Лондан да Сіповіча. Як і Надсан, Гарошка быў неймаверна здольны, шматфункцыянальны працаўнік-адзіночка. Але ў Лондане ён страціў свой ранейшы імпэт і збольшага пераключыўся на пчалярства.
Надсан ніколі не шкадаваў, што адмовіў Сіповічу, і гэта не перашкодзіла іх цёплым адносінам у наступныя два дзесяцігоддзі.
Доўгі час айцец Надсан быў адзіны немарыянін пры Беларускай каталіцкай місіі. Акрамя святароў, у розныя гады тут жылі таксама браты-законнікі — манахі без святарскіх свячэнняў. Яны адказвалі за гаспадарку ды кухню і прыбіралі за святарамі. Айцец Надсан у выніку аддзяліўся ад іх гаспадаркі — хацеў самастойнага жыцця. Калі ён пачаў гатаваць сабе сам, то стаў вегетарыянцам: казаў, што есці мяса яму ніколі не падабалася. Пазней гэта ўражвала многіх яго гасцей, асабліва — з Беларусі. Многія спрабавалі таксама і заставаліся вегетарыянцамі.
Дзеці імігрантаў імгненна асімілююцца
У 1960-я гады айцец Аляксандр кіраваў Школай св. Кірылы Тураўскага. Гэта быў інтэрнат для хлопчыкаў, дзе яны жылі і мелі заняткі па беларусазнаўчых тэмах, а прадметы агульнага цыклу брытанскай школьнай праграмы вывучалі ў добрай каталіцкай школе непадалёк.
Захаваліся лісты айца Надсана да ўжо біскупа Сіповіча ў Рым, дзе той узначальваў Зграмаджэнне айцоў марыянаў. У лістах ён часта жаліўся на хлопцаў. Выглядае, што педагагічнай цярплівасці яму бракавала.
Магчыма, яму проста невыносна было бачыць і разумець, як хутка асімілююцца дзеці імігрантаў і як нацыянальныя ідэалы бацькоў ім чужыя. Сапраўды, з выпускнікоў інтэрната ніхто актыўнага ўдзелу ў беларускім жыцці браць не будзе.
У тыя ж гады ён пачынае актыўна пісаць: спачатку ў адноўлены ў Лондане Язэпам Германовічам часопіс «Божым шляхам», а потым — у «Часопіс беларускіх даследаванняў» (The Journal of Byelorussian Studies) — адзіны тады навуковы беларусазнаўчы часопіс на англійскай мове.
Паліцы разладу
У жніўні 1969 года ў Лондан вярнуўся біскуп Сіповіч, каб засяродзіцца на Беларускай каталіцкай місіі і «Новай Друі». Гэта кардынальна змяніла дынаміку жыцця ў беларускім асяродку ў паўночным Лондане. Ідэя стварэння бібліятэкі як самастойнай установы не была тады новай, гэта абмяркоўвалася і раней, але па вяртанні Сіповіча яе нарэшце атрымалася рэалізаваць.
Бібліятэка ўжо існавала з 1960 года, калі Леў Гарошка далучыў да лонданскага збору свае 5000 кніг. Ён збольшага і адказваў за бібліятэку наступныя 10 гадоў. Але ў 1970-м, калі ўжо набылі асобны дом для бібліятэкі, у выніку дробнай сваркі з-за таго, як расставіць кніжныя паліцы, айцец Гарошка зрокся пасады бібліятэкара, рэктара місіі і кіраўніка марыянскага кляштара і папрасіў дазволіць яму вярнуцца ў Парыж.
Паводле айца Надсана, «гэты сумны выпадак паказаў, што айцец Гарошка адчуваў сябе не вельмі шчаслівым у Лондане».
Бібліятэкарам навастворанай Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў выніку стаў айцец Аляксандр.
Уменне бачыць
Тут праявіліся важныя рысы яго асобы: здольнасць будаваць адносіны з рознымі людзьмі, ісці на кампрамісы, а таксама заўважаць магчымасці, якія іншым не заўсёды былі бачныя.
У адным з інтэрв’ю ён расказаў гісторыю перапраўкі на Захад і выдання ў Лондане ў 1979-м рукапісу пад назвай «Письмо русскому другу», які хадзіў у Беларусі па руках як самвыдат. Гэта была крытыка русіфікацыі Беларусі, напісаная ў Савецкім Саюзе (як стала вядома пасля, дыпламатам Аляксеем Каўкам у Маскве). Ананімны тады рукапіс быў у выніку выдадзены Згуртаваннем беларусаў у Вялікай Брытаніі ў рускім арыгінале і ў англійскім перакладзе, з прадмовай беларусіста Джыма Дынглі. Айцец Надсан згадваў, што «была большая рэакцыя сярод ангельцаў, якія цікавіліся нацыянальным пытаннем у Савецкім Саюзе, чымся беларусаў. [Нашы] проста не зразумелі важнасці. Ужо тое, што напісана па-расейску, для іх было дрэнна. […] проста эміграцыя беларуская шмат чаго недаацэньвала ў тым часе».
«Я застаўся адзін»
У 1981 годзе памёр біскуп Сіповіч. Раз’ехаліся ці памерлі і іншыя святары. «Я застаўся адзін, — казаў пра той час айцец Аляксандр, — на чале Каталіцкай місіі і бібліятэкі».
Праз нейкі час яго паклікалі ў Ватыкан спытаць пра біскупскія свячэнні. Ён сказаў, што ёсць старэйшы за яго святар — Уладзімір Тарасевіч, які тады быў святаром у беларускай парафіі ў Чыкага. У выніку ў 1983 годзе Тарасевіча высвецілі на біскупа для беларусаў-каталікоў у дыяспары. Ён хутка памёр — у 1986 годзе, а айцу Надсану біскупскія свячэнні ўжо больш не прапаноўвалі. Ватыкан прызначыў яго Апостальскім візітатарам для беларусаў-каталікоў замежжа.
Так прыродная сціпласць кіравала жыццём Надсана.
Між тым айцец Аляксандр узяўся за пераклад літургічных — богаслужбовых — тэкстаў і пачаў служыць па-беларуску ў Лондане і паўсюль у свеце, дзе былі яго вернікі. Ён перакладаў з грэчаскай мовы, а таксама сам стварыў некалькі багаслужбаў: Службу аб памнажэнні любові, Службы да святой Еўфрасінні Полацкай і да святога Кірылы Тураўскага і інш.
Цэнтральная фігура
У гэты ж час ён становіцца цэнтральнай фігурай беларускага жыцця ў дыяспары — нягледзячы на канфесійныя падзелы і сваркі па розных нагодах сярод суайчыннікаў.
Дзверы місіі і бібліятэкі былі адчыненыя ўсім, і гэтым карысталіся ўсе. Беларусаў старэйшага пакалення, народжаных у Беларусі, з часам станавілася менш, жыццё замірала ў іншых гарадах. У 1990х асяродак у паўночным Лондане стаў практычна адзіным месцам рэгулярнага беларускага жыцця ў Заходняй Еўропе.
І сам гатаваў
Ён часта садзіў сваіх гасцей і сяброў за стол, звычайна сам гатаваў. І шчодра аддаваў часу тым, хто праяўляў цікавасць да беларускай справы. Гэта кранала многіх, і яны адплачвалі ўзаемна — удзелам у беларускіх справах.
Беларусь заставалася цэнтрам яго ўнутранага свету.
Па-англійску ён гаварыў з моцным акцэнтам, заўсёды быў імігрантам у гэтым сэнсе. Яму падабаўся прадпрымальніцкі дух брытанцаў і законапаслухмянасць, але ён не ўцягваўся ў жыццё брытанскага грамадства, быў засяроджаны на беларускіх справах. Калі якім брытанцам Беларусь была нецікавая, ён хутка страчваў тэмы для размоў з імі.
Ён жыў сціпла, але і грошай асабліва не лічыў. Проста не меў ані часу, ані жадання шукаць зніжкі, думаць пра выгоду. Грошы прыйшлі-пайшлі — і добрыя справы зробленыя, прыйдуць новыя грошы. Сваіх гасцей ён часта вадзіў у рэстаранчыкі, у тым ліку італьянскія, з добрым хатнім віном. Іх уласнікі яго добра ведалі і здалёк віталі: Buongiorno, Padre, come stai? («Добры дзень, ойча, як маецеся?») Ён ім адказваў якім-небудзь жартам, і ўсе доўга і па-італьянску гучна смяяліся.
Радыё пастаянна грала ў яго кабінеце — чацвёрты канал Бі -бі- сі, што без музыкі, а ўвечары заўсёды — радыё «Свабода» па-беларуску.
Айцец Аляксандр не забываўся, дзеля чаго існуе беларускае жыццё ў дыяспары.
Калі стала магчымым паехаць у Беларусь, яшчэ пры Савецкім Саюзе, ён стварыў дабрачынны фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля. Тады без складаных працэдур можна было прывезці лекі і іншую дапамогу ў шпіталі — на запыт дактароў. На гэта айцец Аляксандр збіраў грошы і сярод беларусаў па ўсім свеце, і сярод брытанцаў.
Групы беларускіх дзяцей увесь час спыняліся ў Каталіцкай місіі пераначаваць і пагуляць па горадзе — па дарозе ў Уэльс ці Ірландыю, дзе іх чакаў доўгі адпачынак.
У мястэчку Гародзей. І загадка бацькі
Зробім кароткі біяграфічны экскурс.
Айцец Аляксандр нарадзіўся ў мястэчку Гародзей (ніколі не называў яго зрусіфікаванай формай Гарадзея) пад Нясвіжам у 1926 годзе ў сям’і настаўнікаў.
Маці выкладала ў школе нямецкую і французскую мовы і навучыла ім Алеся яшчэ ў дзяцінстве.
Бацька, Антон Бочка, быў удзельнікам Слуцкага збройнага чыну, а выкладаў матэматыку.
Бацька прасіў сына не гаварыць па-беларуску пры людзях, у тым ліку ў польскай школе, дзе бацька працаваў, а сын вучыўся. Напэўна, ён баяўся звальнення — польскія ўлады прынцыповых беларусаў ганялі.
Айцец Надсан чамусьці не любіў распавядаць пра сваіх бацькоў. Вядома, што яго бацька быў фізічна агрэсіўны чалавек.
Айцец Надсан даў выдатны прыклад служэння, нават калі і не рабіў гэтага наўмысна. Вернасць і пастаянства, здольнасць дамаўляцца і працаваць разам з самымі рознымі людзьмі, адначасова — захоўваць асабістую аўтаномію, гасціннасць, якая ўражвала і заахвочвала людзей разняволіцца і застацца пры беларускіх справах.
Ён цудоўна разумеў, што такое палітыка: да яго ўніяцкага святарства многія брытанскія беларусы ставіліся з падазрэннем і нават нянавісцю, але ён зноў і зноў заваёўваў іх давер, каб працаваць разам.
Да айца Надсана ў царкву хадзілі і праваслаўныя. Ніхто з іх не станавіўся ўніятам, але быццё разам умацоўвала ўсіх і прыносіла радасць, якой інакш проста не было б.
Поўны перон
Калі ён першы раз ехаў у Беларусь у 1990 годзе, то чакаў, што яго сустрэне адзін знаёмы святар. А сустракаў яго песняй «А ў бары, бары…» поўны перон моладзі — з таварыства «Талака» і першай грэка-каталіцкай суполкі. 11 сакавіка 1990 года ён адслужыў першую за 150 гадоў грэка-каталіцкую літургію ў Мінску.
Сярод шматлікіх успамінаў удзельнікаў тых падзей захаваўся адзін, які пралівае святло на яшчэ адзін аспект характару нашага героя, — абыякавасць да адзення. Пакуль яго кармілі абедам, гаспадары высветлілі, што ў паліто высокага госця «душа выдраная» — у падкладцы дзірка на дзірцы сядзелі. Айца Надсана ўсімі сіламі трымалі за сталом, пакуль тое паліто ў іншым пакоі цыравалі.
Ён не любіў хадзіць па крамах. За яго вопраткай сачылі іншыя, каму гэта трапляла на вочы. Магчыма, гэта і неахайнасць у пэўнай ступені: айцец Аляксандр выдатна арыентаваўся ў хаосе. Калі так, то гэта можа патлумачыць, напрыклад, адсутнасць каталога ў бібліятэцы, бо ён размяшчэнне кніг ведаў на памяць.
Час спадзяванняў
Пачатак 1990-х быў часам велізарных спадзяванняў і неймаверна смелых праектаў.
Айцец Надсан не разлічваў пабачыць уніятаў у Мінску ў 1990 годзе. Ён змірыўся быў з думкай, што будзе апошнім грэка-каталіцкім святаром у беларускім свеце. Але ўсё павярнулася зусім нечаканым чынам: былі прагныя вернікі, толькі без пастыраў.
Амаль адразу ж айцец Надсан задумаў праграму адукацыі святароў у Лондане. Але правал. Ніхто з тых, хто выехаў у Лондан вучыцца, у Беларусь святаром не вярнуўся. Адзін стаў праваслаўным святаром у ЗША, другі — капеланам у амерыканскай арміі і яшчэ адзін — святаром у беларускай парафіі ў Лондане.
Чаму такі правал? Паўнамоцтвы айца Надсана не распаўсюджваліся на Беларусь, і біскупам ён не быў. А няма біскупа — няма памеснай Царквы. Але гэта былі самыя першыя дні, усё толькі пачыналася для ўсіх, у тым ліку для Ватыкана. У наступныя гады было з дзясятак зваротаў вернікаў, самых першых грэка-каталіцкіх святароў у Беларусі і нават Міністэрства замежных спраў з просьбай прызначыць біскупа для грэка-католікаў.
Ніхто тады не мог сабе ўявіць, што Ватыкан будзе стрымліваць развіццё Грэка-Каталіцкай царквы ў Беларусі, каб не цвяліць Рускую праваслаўную царкву.
«У пэўны момант 70-ці гадовы айцец Аляксандр павіс на турніку і падцягнуўся восем разоў»
«Ранкам 2 жніўня 1996 года я сядзеў на другім паверсе аўтобуса Варшава — Лондан і, абсалютна агаламошаны 24 гадзінамі падарожжа, глядзеў на тлум і мітусню горада, які неўзабаве стане мне амаль родным, — успамінае святар Ігар Лабацэвіч. — Амаль гадзіннае падарожжа ў падземцы — і вось мы на Фінчлі, у беларускім цэнтры. Закінуўшы валізы ў студэнцкай хаце, мы пайшлі ў бібліятэку, дзе нас чакаў у сваім кабінеце айцец Аляксандр Надсан. «Вітаю ў нашай беларускай вёсцы! — сказаў ён з усмешкай. — Хадзем нешта з’есці».
За сталом ужо былі айцец Кастусь Маскалік, Гай Пікарда і, канечне, Вера Рыч. Гай і Вера аб нечым горача спрачаліся, але зразумець тэму гэтай спрэчкі я не мог. Мая ангельская мова была на той момант вельмі нават абмежаваная.
Айцец Кастусь, пакуль айцец Аляксандр і хлопцы гатавалі абед, расказаў пра тое, як ён мыў ногі ў Іардане на Каляды ў 1944 годзе.
У пэўны момант на той час амаль 70-гадовы айцец павіс на турніку, які быў прымацаваны да сцяны ў калідоры, і падцягнуўся восем разоў. У мяне з хлопцамі ажно сківіцы ўпалі…
Трохі паспаўшы, я прывёў сябе ў парадак і пайшоў да Марыян-хауса на службу. Сонечныя прамяні асвятлялі цёмныя абразы іканастаса, Вера, Гай і хлопцы спявалі вечаровы гімн «Святло лагоднае».
Па вячэрні айцец Аляксандр узяў мяне да бібліятэкі, дзе доўга распавядаў пра ўсе беларускія скарбы, што гадамі збіралі нашы святары, паказаў музей, старадрукі».
«Наколькі палітыкі — дылетанты»
У прыватных размовах Надсан выказваўся пра многіх дзеячаў часам далёка ад мэйнстрымных меркаванняў пра іх.
Напрыклад, яго заўсёды ўражвала нецярпімасць і няздольнасць лідараў Беларускага народнага фронту — Зянона Пазняка і іншых — дамаўляцца са Станіславам Шушкевічам і іншымі сіламі, якія, на думку Надсана, таксама былі «нашымі». Ён пераконваў прыхільнікаў БНФ, што гасцявалі ў яго, ісці на кампрамісы і ствараць кааліцыі.
Яго шакавала і абурала, наколькі палітыкі 90-х у Беларусі былі дылетанты і «жылі ў сваім свеце». Калі Пазняк прыехаў у Лондан упершыню, быў арганізаваны з гэтай нагоды сход Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі.
Людзі сабраліся, чакаюць, а Пазняка ўсё няма і няма. Нарэшце прыехалі Пазняк з беларускім консулам у Лондане, які вадзіў лідара парламенцкай апазіцыі па горадзе. Аказалася, Пазняк фатаграфаваў горад, а тады пабачыў фотакраму з цудамі тэхнікі і завіс там.
Айцец Надсан сказаў пасля гэтага, што Пазняку як палітыку нічога не ўдасца, бо ён аддае перавагу сваім прыватным інтарэсам, а не грамадскім.
Гучныя тэмы
Айцец Надсан цаніў пастаянства ў людзях: калі паабяцаў, даў зарок, то трымай сваё слова. Да тых, хто парушаў свае абяцанні, кідаў святарства ці сужонка, ён ставіўся кепска. У яго было слова, якое ён дадаваў, калі гаварыў пра такіх: «няшчасны».
А яшчэ пра святароў і манахаў, што кінулі служэнне: «пайшоў сабакам сена касіць». Людзей, што не трымалі абяцанняў, вакол яго было шмат, таму расчараванняў ён меў багата.
Але ён мог працягваць працаваць разам з «няшчаснымі» — быў інстынктыўна добрым камандным гульцом.
Ён быў чалавекам традыцыйнага выхавання, у тым ліку тэалагічна. Гучныя багаслоўскія дэбаты канца ХХ і пачатку ХХІ стагоддзя — жаночае святарства, аднаполыя адносіны, разводы, эўтаназія, аборты — яго па-сапраўднаму не цікавілі, да ўсяго гэтага ён ставіўся або скептычна, або адмоўна.
Што яго шакавала, чаго ён проста не мог сабе ўявіць, то гэта скандалы са святарамі-педафіламі. Яму на ўсё жыццё запомнілася, як аднойчы на вуліцы жанчына плюнула ў яго, калі пабачыла святарскае ўбранне. Ён казаў, што пасля гэтага баяўся нават зірнуць на дзяцей на вуліцы.
Ён сур’ёзна, але без фанатызму ставіўся да свайго цэлібату. Ён быў не з тых, хто лічыць цэлібат найвышэйшай формай жыцця. Паўтараў, што цэлібат — гэта царкоўная дысцыпліна, а шлюб — зусім іншая справа, адно з таінстваў.
Больш, чым радасцяў
Амаль да самай смерці Аляксандр Надсан жыў у Марыян-хаусе, ужо не падымаўся, але пры светлым розуме і прымаў шматлікіх гасцей пры сваім ложку. У той час зычліўцам удалося выкупіць дом у Гародзеі, дзе ён правёў дзяцінства. Ён быў вельмі рады гэтаму. Хутка, праўда, той дом давялося разабраць на загад мясцовых уладаў, бо ён быў у аварыйным стане, але была зроблена яго фотафіксацыя, так што ў спрыяльныя часы будзе магчымасць аднавіць яго выгляд і стварыць музей.
Нягледзячы на гэтую светлую і спакойную старасць, пры канцы жыцця айцец Аляксандр казаў, што расчараванняў у яго было больш, чым радасцяў.
Ён бачыў, як Беларусь стала незалежнай і як нацыянальны сцяг быў парваны на шматкі.
Яго сустракалі маладыя ўніяты ў Мінску, якіх ён не спадзяваўся пабачыць, і потым ён назіраў, як гэтыя людзі мусяць зберагаць веру насуперак царкоўным уладам.
І ён казаў: «Я зрабіў што мог, цяпер рабіце вы».
Каментары