Інсталяцыі толькі з’явіліся, а гродзенцы ўжо ацэньваюць фотазоны. На ўваходзе ў парк сустракаюць ялінка «Гродна-Азот» і снегавік «Хімвалакно» з абматанага ватай каркаса
Па парку расстаўленыя елкі ўсіх відаў канструкцый — драўляныя конусы, конусы шкляныя з начыннем-прадукцыяй, паўнавартасныя фотазоны і, вядома, зялёная маскіровачная сетка. Свае елкі падрыхтавалі гродзенскія каледжы і іншыя ўстановы адукацыі.
«Гроднагаз» паставіў суровую ялінку-гарэлку і правобраз новага 2022 года з балона.
У паліклінік ключавой стала тэма каранавіруса.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна вырашыў не разменьвацца на дробязі і паставіў адразу дзве ялінкі: міленькую і не вельмі.
Транспартнікаў прадстаўляюць фотазона з тыграм і эка-аўтобусам ад Аўтобуснага парку і елка-прыпынак ад Тралейбуснага. Тралейбусную елку варта разгледзець: яна завешаная талончыкамі і праязнымі за розныя гады (можна панастальгаваць пра цэны) з Гродна і Польшчы.
З прадпрыемстваў самая тэхналагічная ялінка атрымалася ў «Беларусбанка». Інфакіёскам у аснове каркаса можна будзе карыстацца, паабяцалі супрацоўнікі. Праўда, не ўсе адразу разумеюць, чыя гэта елка — на ёй шмат «шарыкаў» назваў і эмблем. Так чынам банк пазначыў сваіх партнёраў.
Фотазона з аленямі ад завода «Белкард» была і год таму, а вось ялінка ўжо новая.
Гродзенскае МНС падрыхтавала фотазону, дзе можна стаць кіроўцам часткі машыны. Ялінку ўпрыгожылі ўсім патрэбным: шлемам, пажарнымі апавяшчальнікамі, вогнетушыцелямі і пажарным шлангам.
Хатку на курыных нагах ад «Гроднакадастра» таксама варта разглядаць падрабязна.