«Гадоў праз 5-10 усюды будуць сімуляцыі». Беларуска заснавала IT-кампанію, якая стварае аватараў
Аліса Патоцкая нарадзілася і хадзіла ў школу ў Баранавічах, цяпер жыве і працуе ў Лондане. Яна — заснавальніца IT-кампаніі, якая займаецца стварэннем відэа з аватарамі, амаль неадрознымі ад сапраўдных людзей. Оnliner даведаўся ў дзяўчыны, чаму яна пайшла з навукі, кінула высокую пазіцыю ў Facebook і навошта нам віртуальныя асобы.
![](http://nashaniva.com/img/w840d4webp1/photos/z_2022_05/-s6vwn.jpeg.webp)
Працавала на калайдары, хацела стаць навукоўцам, расчаравалася і пайшла ў IT
Аліса з Баранавічаў. Пасля школы паступіла ў мінскі Ліцэй БДУ, адвучылася на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, а таксама ў Політэхнічным інстытуце Грэнобля ў Францыі.
Пачынала працаваць распрацоўшчыцай праграмнага забеспячэння ў беларускіх кампаніях, у тым ліку каля года працавала ў Wargaming.
Потым пераехала ў Заходнюю Еўропу. Яна хацела займацца даследчай дзейнасцю, прычым марыла працаваць у лабараторыі з калайдарам. І ў яе гэта атрымалася. Хоць працавала яна над іншым праектам, але доступ да калайдара сапраўды быў.
Аднак у навуковай дзейнасці дзяўчына расчаравалася.
«У бізнэсе ўсё адбываецца больш дынамічна, патрабаванні куды больш зразумелыя», — кажа яна.
Пасля гэтага былі іншыя месцы працы, у тым ліку 4,5 года ў падраздзяленні Facebook у Лондане. Аліса працавала праграмісткай, яе задачы былі звязаныя з machine learning (машыннае навучанне).
«Мяне павысілі, у выніку я стала тэхлідам. Працавала з тэхналогіямі як дапоўненай (AR), так і віртуальнай (VR) рэальнасці, у тым ліку ў камандзе Oculus (падраздзяленне цяперашняй Meta, якое выпускае гарнітуры віртуальнай рэальнасці. — прым. Onlíner). Але зразумела, што мне трэба нешта большае. Урэшце рэшт вырашылася заснаваць кампанію», — кажа яна.
«Можна ўзяць і сімуляваць цэлага чалавека?»
Цяпер у яе кампанія Immersive Fox, дзе з дапамогай алгарытмаў штучнага інтэлекту ствараюцца відэа з генераванымі аватарамі, практычна неадрознымі ад рэальных людзей.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2022_05/-xayo9.jpeg.webp)
«Ідэю падаў мой сябар, уладальнік відэапрадакшн-студыі. Аднойчы ён спытаў: «Ці можна ўзяць і сімуляваць цэлага чалавека?» Спачатку я падумала: гэта наўрад ці. Але ідэя запала ў галаву», — распавядае Аліса.
У выніку яна сабрала каманду, цяпер у ёй 10 чалавек.
Для атрымання аватара патрэбны пяціхвілінны запіс параметраў чалавека, прычым высокай якасці.
Immersive Fox працуе з бізнэсам. «Працэс выглядае прыкладна так: кампанія дасылае відэа з акцёрам, алгарытм апрацоўвае яго каля двух з паловай дзён. Пасля гэтага можна ствараць бясконцую колькасць AI-кантэнту (аrtificial intelligence — штучны інтэлект). Таксама можна змяніць голас або ў аўтаматычным рэжыме перакласці тэкст, які гучыць у роліку, на іншую мову (іх падтрымліваецца 25, у тым ліку руская)».
Для чаго бізнэсу патрэбны такі кантэнт?
«Ёсць некалькі сцэнарыяў. Напрыклад, для навучальных відэа. Цяпер мы робім курс лекцый для аднаго ўніверсітэта. Наступны варыянт — карпаратыўны кантэнт накшталт штомесячных справаздач для каманды або прэзентацый. Генераваць такія AI-ролікі, а не здымаць іх у студыі, танней, плюс гэта эканоміць час. Трэці сцэнарый — продажы. Замест адпраўлення «халодных» электронных паведамленняў тэкст канвертуецца ў відэа, атрымліваецца больш персаналізавана, канверсія вышэйшая. Апошні кейс — кліенцкія камунікацыі. Гаворка пра ролікі ў чат-ботах, дэманстрацыях прадукту кампаніі», — кажа Аліса.
Як яна бачыць, у будучыні гэта можа развіцца ў паўнавартасную сімуляцыю, уключаючы не толькі асабовую міміку, але і рухі цела.
«Бярэш чалавека, скануеш і робіш яго поўную віртуальную копію. Але рынак вельмі малады. Большасць кампаній, якія працуюць у гэтай сферы, пачалі з'яўляцца два-тры гады таму. Тэхналогія перадавая, пакуль гэтым мала хто займаецца», — распавядае дзяўчына.
У адрозненне ад метасусвету, каманда нацэленая рабіць аватары рэалістычнымі, а не анімаванымі.
«Я веру, што ўжо гадоў праз 5-10 мы наогул перастанем выкарыстоўваць камеры, а прыйдзем да сімуляцый. З імі можна дамагчыся большага.
Мой генераваны персанаж размаўляе куды выразней, чым я. І без акцэнту», — апісвае перспектывы Аліса.
Каментары