Зміцер Фурманаў: «Правёў за кратамі паўтара года і толькі яшчэ больш пачаў ненавідзець рэжым»

Знаходзіўся за кратамі з 29 мая 2020 года да 21 кастрычніка 2021 года

Фота: старонка Змітра Фурманава ў Instagram

Фота: старонка Змітра Фурманава ў Instagram

«Калі чалавек трапляе ў турму не па палітычным артыкуле, ён, верагодна, можа нават выправіцца. Па маіх адчуваннях, там ёсць не надта сацыялізаваныя людзі, і, напэўна, у турме яны атрымаюць вопыт сацыяльнай камунікацыі і, магчыма, пачнуць лепей разумець людзей навокал сябе.

Што да палітвязняў, то ніякага «выпраўлення» тут не будзе. Такія людзі пайшлі супраць рэжыму, і колькі ты іх ні трымай за кратамі, яны не зменяць свайго стаўлення. Мяне самога проста скралі, я не рабіў нічога крымінальнага. Правёў за кратамі паўтара года і, канешне, толькі яшчэ больш пачаў ненавідзець рэжым.

Пасля пераводу з турмы я няшмат часу правёў у калоніі — пяць дзён на каранціне і 48 сутак у ШІЗА. Выходзіў на волю з адчуваннем палёгкі, бо калі ты палітвязень і знаходзішся ў турме, цябе там могуць трымаць бясконца, ды і 48 апошніх дзён былі вельмі складаныя. Калі я вызваляўся, думаў, што, можа, мяне зараз схопяць і зноў куды-небудзь павязуць, але мяне ніхто не чапаў і мне нават дазволілі выехаць з краіны. Відаць, сістэме было на руку, каб я з’ехаў.

У той час складана было будаваць нейкія планы. Пра тое, што адбываецца ў свеце, я ведаў толькі ў агульных рысах, не ўяўляў нічога канкрэтнага і таму не мог планаваць, куды паеду і што буду рабіць. Думаў застацца на нейкі час у Беларусі, але мне падказалі, што гэта небяспечна і мяне зноў могуць закрыць.

Захаваў сувязі з большай часткай таго атачэння, якое меў да зняволення. Але з цягам часу ўзніклі пытанні да некаторых з сяброў, якіх зараз сябрамі, напэўна, і не варта лічыць, як кажуць, сябар пазнаецца ў бядзе. Здаецца, на волі мы добра камунікавалі, але калі трапіў у турму, ад гэтых людзей, напрыклад, не прыходзілі мне лісты. Гэта былі адзінкавыя выпадкі, большая частка людзей падтрымлівалі і мяне, і маю дзяўчыну.

Ці забылі мяне гэтыя людзі? Хутчэй, яны выбралі тыя каштоўнасці, якія больш уласцівыя рэжыму, выбралі іншы палітычны кірунак. А яшчэ вельмі шмат людзей, якіх я не ведаў, пачалі пісаць мне лісты і падтрымліваць мяне. Ад гэтых людзей я ў захапленні, і яны мяне па-добраму здзіўляюць.

Не маю крыўды на тых, хто мяне зняволіў, бо як можна крыўдзіцца на недалёкіх людзей? Крыўдзіцца можна на тых, хто разумее, што робіць, а ў той сістэме няма адэкватных людзей. Іх хутчэй трэба пашкадаваць як пракажоных, звар’яцелых, да іх я адчуваю толькі жаль.

Нянавісці да людзей у мяне няма, хутчэй я ненавіджу гэты рэжым як сістэму каштоўнасцей, бо ён бесчалавечны.

Зараз не надта часта ўспамінаю пра турму. Толькі калі бачу нейкі прадмет ці з’яву, што неяк нагадваюць час за кратамі. Напрыклад, зараз стаіць спёка, і вельмі цяжка знаходзіцца ў памяшканні. Гэта нагадвае, што і ў турме былі такія дні, калі было вельмі спякотна, тым больш там было шмат людзей у памяшканні і нельга было нікуды выйсці. У такіх умовах пераносіць спёку даволі цяжка. З іншага боку, так атрымліваеш вопыт, як сябе весці падчас спёкі (усміхаецца).

Калі знаходзішся ў турме, хутка адвыкаеш ад розных гаджэтаў, ад таго ж тэлефона ці ноўтбука. Калі выходзіш на волю, першы час не можаш зразумець, як з імі кантактаваць, але з цягам часу ўсё вяртаецца.

Калі казаць пра беларускую пенітэнцыярную сістэму, то там усё дрэнна з працай псіхолагаў і ўвогуле з псіхалагічнай падтрымкай зняволеных. Там робяць усё наадварот — прымушаюць, зневажаюць і прыніжаюць людзей, і калі казаць пра палітычных зняволеных, там усё яшчэ горш, чым у звычайных вязняў. Таму большасці людзей пасля вызвалення спатрэбіцца псіхолаг.

Думаў, што і мне варта будзе звярнуцца да псіхолага, хаця б для сацыялізацыі. За кратамі ў цябе не такое кола камунікацыі, як на волі, і да гэтых людзей прыходзіцца адаптавацца. Праз гэта вучышся выбіраць падчас гутаркі адназначныя словы, такія, якія ўсе зразумеюць так, як трэба. На волі так гутарыць не трэба, бо ты камунікуеш з людзьмі са свайго кола. Таму меркаваў, што мне спатрэбіцца трохі прапрацаваць гэта ўсё з псіхолагам ды і заняцца фізічным здароўем. Але ж праз месяц пасля вызвалення мы паехалі з нявестай у санаторый і гэтага мне хапіла, адчуў, што і псіхолаг мне ўжо не патрэбны.

Ёсць яшчэ адзін фактар, які ўскладняе зносіны ў турме. Калі чалавек знаходзіцца ў тых месцах, ён, канешне ж, хоча як мага хутчэй вызваліцца.

Калі ў зняволенага вельмі вялікі тэрмін, то, хутчэй за ўсё, ён пойдзе на любыя саступкі, толькі б выйсці на волю як мага раней. Маю на ўвазе ўсе магчымыя дамоўленасці паміж адміністрацыяй і вязнямі, паклёпніцтва і закладванне іншых вязняў. Такіх людзей за кратамі вельмі шмат, і камунікаваць з імі дужа складана. Сам разумееш, што калі ты скажаш ці зробіш нешта не тое, гэта могуць выкарыстаць супраць цябе.

Як дапамагчы былому вязню? Калі знаходзішся ў турме, камунікацыя ў цябе абмежаваная, таму чалавека, які выйшаў на волю, трэба вяртаць у соцыум, у нармальны стан, камунікаваць з ім. У тых месцах вельмі не хапае простай чалавечай камунікацыі, бо ты заўсёды сядзіш з аднымі і тымі ж людзьмі, і добра, калі яшчэ з людзьмі. А бывае, што ты сядзіш увогуле ў адзіночцы, гэта катаванне. Таму, калі чалавек выходзіць з-за кратаў, яму вельмі хочацца камунікаваць і аднаўляць сацыяльныя сувязі».

Ціхан Клюкач: «Калі камусьці будзе трэба, каб палітвязень не выйшаў, ён не выйдзе»

Знаходзіўся за кратамі год і 3 месяцы — з 30 лістапада 2020-га да 9 сакавіка 2022-га

Фота: архіў Ціхана Клюкача

Фота: архіў Ціхана Клюкача

«Я не быў упэўнены, што выйду на волю тады, калі скончыцца тэрмін, які мне даў суд. Калі б адміністрацыя калоніі пажадала зрабіць гэты тэрмін даўжэйшым на год ці на большы час, у іх былі для гэтага ўсе магчымасці. Тут размова не толькі пра мяне, але і пра ўсіх астатніх палітвязняў, бо калі камусьці будзе трэба, каб яны не выйшлі, яны не выйдуць. Таму маё вызваленне было ў нейкім сэнсе нават нечаканым.

Таксама выходзіў з разуменнем, што ўсе сілы, якія ў мяне ёсць, буду выкарыстоўваць, каб змагацца з гэтым рэжымам і каб усё тое, што са мной адбылося за кратамі, некалі стала ў Беларусі немагчымым.

Што адчуваў, калі выйшаў на волю? Крыўду, агіду, нянавісць. І ў маім выпадку адчуванні з часам не змякчаюцца.

Таксама маю гнеў, але не думаю, што ў мяне ці ў некага іншага з беларусаў ёсць неабходнасць неяк з гэтым спраўляцца. Гэта хутчэй тое, што прымушае ісці наперад. І зараз у мяне ёсць мэта: адзіная незалежная Беларусь, у якой не будзе дыктатуры, а людзі будуць размаўляць на беларускай мове, у якой будуць працаваць законы, а не страх. Да гэтай мэты я іду, а куды мяне гэты шлях завядзе, я не ведаю.

Асабіста мне не было занадта цяжка вярнуцца да мінулага жыцця. Тэрмін у мяне быў не надта вялікі, правёў за кратамі год і сто дзён, і адаптаваўся да звычайнага жыцця даволі хутка. За гэты час адбыліся такія рэчы, што ад іх, мне здаецца, цяжка ўвогуле ўсім беларусам. Мая гісторыя — гэта гісторыя самага звычайнага палітвязня, які атрымаў, па сутнасці, невялікі тэрмін. Там (за кратамі. — «НН») зараз знаходзяцца людзі, якія атрымалі па пяць, восем, дванаццаць гадоў, і іх гісторыі зусім іншыя.

Такім людзям, мне здаецца, псіхалагічная рэабілітацыя проста неабходная. У іх выпадку ты выходзіш у зусім новы свет з новымі правіламі, бачыш вялікае мноства новых людзей. Думаю, гэта маральна цяжка. Калі б я праседзеў яшчэ дзесяць гадоў, я б нічога не пазнаваў навокал і не разумеў бы, як рабіць самыя звычайныя рэчы.

Пасля вызвалення ў мяне з’явілася шмат новых знаёмых, але справа хутчэй не ў тым, што правёў час у турме, а ў тым, што зараз знаходжуся не ў Беларусі. Шмат хто з маіх знаёмых таксама трапіў за краты і зараз сядзіць, шмат хто з’ехаў, літаральна пару чалавек засталося на волі і ў Беларусі.

Усё, што я магу зараз зрабіць — гэта расказваць пра тое, чым жывуць беларускія палітвязні. У мяне ёсць пачуццё, што я павінен гэта рабіць, бо, на жаль, не так шмат з нашых палітвязняў распавядаюць грамадству пра тое, як выглядае сістэма знутры.

Спадзяюся, што гэта хоць неяк дапаможа ім і адкрые людзям вочы на тое, што зараз адбываецца ў Беларусі. Але не магу сказаць, які будзе вынік. На жаль, звычайнымі сродкамі мы можам зараз не так шмат зрабіць для палітвязняў — можна рабіць ім грашовыя пераводы, пісаць лісты і гэтак далей, але невядома, наколькі ім лягчэй ад гэтага.

Ці разумеюць іншыя мой досвед? У большасці так, але здаралася рознае. Некаторым людзям, якія вельмі далёкія ад навінаў, цяжка ўявіць сабе, што недзе ў Беларусі ёсць месцы, дзе людзей можна кожны дзень збіваць і закрываць у карцэр. Чалавек проста жыве ў іншым свеце, яму здаецца, што калі ў яго ўсё добра, то і ў астатніх таксама.

Кажу гэта пра беларусаў, але і з замежнікамі ў сэнсе разумення ўсё вельмі сумна, большасць палякаў ды ўкраінцаў нічога не ведаюць пра становішча ў Беларусі. Можа, гэта спецыфіка іх народаў — тое, што яны больш за ўсё сканцэнтраваныя на сваёй краіне, або, можа, мы, беларусы, проста не здолелі добра данесці да людзей інфармацыю пра нашу краіну.

Турма людзей змяняе, але ж па-рознаму. Адна справа — палітзняволеныя, і зусім іншая — звычайныя злачынцы. Калі казаць пра злачынцу, то яго турма ні ў якім разе не выправіць і ён застанецца такім жа, якім і быў.

Беларускую пенітэнцыярную сістэму ні ў якім разе нельга назваць папраўчай, яна толькі карная. Калі ж мы кажам пра палітвязня, то ў большасці нашых палітзняволеных праз тое, што яны перажывуць ад рэжыму Лукашэнкі, будзе да яго толькі большая нянавісць.

У Беларусі любому чалавеку, які вызваліўся, незалежна ад таго, ці быў ён прызнаны палітвязнем, будзе вельмі цяжка. Гэта чалавек, якога не возьмуць на нармальную працу, да якога заўжды будуць хадзіць супрацоўнікі МУС, бо ён будзе на прыкмеце.

Размова не проста пра дыскрымінацыю — беларусу, які адседзеў нейкі тэрмін, будзе амаль што немагчыма стварыць для сябе нармальнае жыццё. Яму перашкодзіць увага органаў, магчыма, настрой грамадства, дзяржаўная сістэма, якая не дае гэтым людзям ніякай магчымасці вярнуцца ў грамадства пасля таго, як яны адбылі свой тэрмін.

Турму згадваю даволі часта, бо ўсё-ткі з майго жыцця забралі вялікі адрэзак часу. Таксама зараз шмат расказваю пра турму журналістам ці на нейкіх імпрэзах. Згадваюцца розныя неадэкватныя дзеянні з боку адміністрацыі калоніі, нейкія бытавыя дробязі, і, канешне, сябры-палітвязні, якія там засталіся.

Пенітэнцыярная сістэма павінна быць зусім іншай. Калі людзі знаходзяцца ў калоніі, яны цалкам абмежаваныя ад знешняга свету, да іх даходзіць няшмат навін. У іх няма ўяўлення пра тое, што адбываецца па той бок кратаў. Таксама людзям трэба больш шырока прапаноўваць магчымасці далейшага развіцця, варыянты таго, чаму можна навучыцца, якія курсы прайсці. Зараз большая частка з тых, хто адседзеў, ідуць працаваць дворнікамі ці грузчыкамі, таму трэба шукаць магчымасці даць ім нармальную працу. Вядома, павінна быць і псіхалагічная адаптацыя».

Арцём Хвашчэўскі: «Думаю, што іншым людзям немагчыма зразумець такі досвед, калі яны яго не прайшлі»

Знаходзіўся за кратамі амаль год — з 15 жніўня 2020-га да 3 жніўня 2021-га:

Фота: архіў Арцёма Хвашчэўскага

Фота: архіў Арцёма Хвашчэўскага

«Не думаю, што беларуская турма ці калонія надта змяняе людзей. Калі ты зняволены ў Беларусі, ты знаходзішся ў інфармацыйнай ізаляцыі, мала што адцягвае тваю ўвагу, і дзякуючы гэтаму ў цябе больш часу на ўласныя разважанні, хаця за кратамі ты ніколі не знаходзішся ў адзіноце (хіба што ў карцэры, дзе я не бываў).

Калі выходзіў, адчуваў сябе дзіўна, таму што ўжо да гэтага я быў гатовы пакідаць сцены турмы шмат разоў. Спачатку думаў, што выйду пасля трох сутак за кратамі, потым — што пасля дзесяці. А калі ўжо быў у калонія, змянілі закон і дзень утрымання ў СІЗА сталі лічыць за 1,5 дня ў калоніі. У СІЗА я быў больш за 8 месяцаў.

Але пакуль суд пераглядаў маю справу, я прасядзеў амаль увесь свой тэрмін без пераліку і выйшаў толькі на два тыдні раней, папярэдне не ведаючы дату вызвалення. Ведаў, што вось-вось са дня на дзень магу выйсці, і гэтае чаканне ў нейкім сэнсе вымотвала. Так што калі ў адзін дзень прыйшлі і сказалі «збірайся», было дзіўнаватае пачуццё, якое складана апісаць. Ніхто з маіх блізкіх не ведаў, што мяне вызваляюць менавіта ў гэты дзень, і мне не далі патэлефанаваць, каб паведаміць. На шчасце, у наш час ёсць таксафоны, і я, калі дабраўся да вакзала ў Полацку, набраў маме.

У беларускіх калоніях не зацікаўленыя ў падрыхтоўцы чалавека да вызвалення, а пра палітычных і ўвогуле няма гаворкі. За кратамі ты змушаны працаваць за рубель-два ў месяц. А ў большасці выпадкаў, прынамсі тых, што я бачыў, працы няма, а ты ўсё роўна павінен на працягу дня знаходзіцца на прамзоне і рабіць выгляд, што працуеш. Гэта вельмі вымотвае псіхалагічна.

Думаю, што іншым людзям немагчыма зразумець такі досвед, калі яны яго не прайшлі. Вядома, гэтага я не раю. Спачатку мяне моцна чаплялі некарэктныя пытанні ад іншых накшталт «Чаму табе далі толькі год тэрміну, а іншым — чатыры?». Думаю, гэта і зараз некаторым цікава. Ёсць і людзі, якія расчаравалі, але іх мала і не будзем пра іх узгадваць.

Калі апынуўся на волі, у першую чаргу мяне хвалявала магчымасць нармальна перасоўвацца, хадзіць без нагляду, калі і куды хочаш. Калі паведаміў родным, што вызваліўся, брат хутка сабраўся і выехаў у Полацк, каб мяне забраць. Пакуль яго чакаў, пайшоў гуляць па горадзе. Раней я там не бываў, таму было вельмі цікава.

Іншыя важныя рэчы — магчымасць камунікаваць з блізкімі колькі і як хочаш, рабіць гэта не лістамі ад рукі, хаця і ў гэтым было нешта цікавае. А яшчэ ўзрушыла магчымасць прымаць душ кожны дзень, а не раз на тыдзень, асабліва калі на двары спёка за 30 градусаў.

Першае, што, на маё меркаванне, трэба зрабіць для былых вязняў — гэта дапамагчы з працай або з перакваліфікацыяй. Мне пашанцавала ў гэтым плане, я не страціў працу на момант вызвалення. Дзякуючы у тым ліку гэтаму мая адаптацыя прайшла лёгка.

Таксама сярод майго атачэння не было вялікіх зменаў, засталося блізкае кола сяброў. Шмат хто з іх пісаў лісты і падтрымліваў мяне, пакуль гэта было магчымым, бо ў калоніі мне ўжо перадавалі лісты толькі ад блізкіх сваякоў.

Адзінае, што спачатку ўскладняла жыццё, — гэта вялікая плынь інфармацыі. Калі выходзіш на волю, на цябе звальваецца занадта шмат навінаў, бо за кратамі ў цябе няма інтэрнэту, а з тэлеканалаў даступныя толькі дзяржаўныя.

Зняволенне згадваю рэдка, у асноўным думаю пра тых людзей, з кім пазнаёміўся за кратамі. Сустрэў там шмат добрых і цікавых асобаў, у тым ліку і сярод тых, хто не быў палітвязнем. Таксама згадваю тое добрае, чым займаліся ў СІЗА, бо адтуль маю больш станоўчых эмоцый, чым з калоніі».

Як вяртаюцца да нармальнага жыцця пасля турмы і дзе шукаць дапамогу? Гісторыі экс-зняволеных

Як турма змяняе людзей і што чакае палітвязняў? Вялікі гайд ад псіхолага

Клас
18
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
19
Абуральна
19