Грамадства22

«Тут адкладаем больш за палову заробку. У Беларусі ў жыцці так немагчыма». Медыкі, якія з’ехалі у Польшчу, расказалі аб працы і стаўленні

У Беларусі Аляксандр працаваў фельчарам на хуткай дапамозе, яго жонка Кацярына — траўматолагам. З Мінска пара пераехала з-за нізкіх заробкаў і пасялілася ў Польшчы ў невялікім гарадку — Казяніцы. «Наша Ніва» паразмаўляла з медыкамі і даведалася, як яны шукалі працу, наколькі ў іх павялічыўся заробак і што іх больш за ўсё ўразіла ў польскай сітэме аховы здароўя.

У такіх байках Аляксандр і Кацярына ходзяць на працу

«Веданне мовы ад нас не патрабавалі, сказалі, што падчас працы вывучым за некалькі месяцаў»

Аляксандру (імя зменена) 32 гады, стаж працы — 16. Яго жонцы Кацярыне 39 гадоў, 13 з іх яна працуе ў медыцыне. 

«Адразу кінулася ў вочы тое, што тут зусім іншае стаўленне пацыентаў да медперсаналу, — расказвае мужчына. — Ніхто не дазваляе сабе павышаць голас, тупаць нагамі, крычаць. Гэта ў іх грамадстве непрымальна. Не адчуваем сябе, як былі ў Беларусі, сферай абслугоўвання. Тут мы найперш спецыялісты». 

Раней на фоне пандэміі ў Польшчы паўтара года таму была ўведзена спрошчаная працэдура міграцыі медыцынскіх работнікаў з «трэціх краін» (такімі, напрыклад, лічацца ЗША і тыя краіны, якія не ўваходзяць у ЕС). Пад яе патрапілі Аляксандр і Кацярына. 

«Падчас каранавіруса медыкаў катастрафічна не хапала. Польшча не патрабавала пацверджання дыплома. Выдавалі часовы дазвол на працу, потым на працягу самой працы ты займаешся пацверджаннем сваёй адукацыі. Гэтыя правілы і цяпер дзейнічаюць», — кажа Аляксандр. 

Яны з жонкай знайшлі групу ў тэлеграме, у якой людзі дзяліліся досведам пераезду. Там перыядычна калегі, якія ўжо працавалі ў Польшчы, скідвалі вакансіі. Аднойчы там з’явіўся варыянт, які падыходзіў Аляксандру і Кацярыне.

«Я напісаў на пошту бальніцы, у якой мы зараз працуем. Адказ прыйшоў хутка, спыталі, калі нас чакаць.

Усё, што трэба было, — перавесці дыплом на польскую, адправіць яго ў Міністэрства аховы здароўя Польшчы і атрымаць ад іх часовы дазвол на працу. Веданне мовы ад нас не патрабавалі, сказалі, што падчас працы вывучым за некалькі месяцаў», — расказваюць муж і жонка. 

На другі тыдзень жыцця ў Польшчы Аляксандр ужо стаў заўважаць, што яму лягчэй размаўляць па-польску і разумець людзей. 

«Спачатку ў галаве спрабаваў перакладаць, што я хачу сказаць, выбудоўваў лагічны ланцужок. Але зараз такога ўжо няма. Хаця, вядома, бываюць нюансы, калі трапіцца нейкая спецыфічная тэрміналогія.

Палякі ў большасці сваёй нацыяналісты. Для іх Польшча — гэта ўсё.

І яны з медыцынскай лацінкі, якой карыстаецца ўвесь свет, перайшлі менавіта на польскую тэрміналогію. Калі я, напрыклад, немцу скажу, што ў яго апендыцыт, то ён мяне зразумее, а паляк не», — расказвае ён. 

Кацярыне першы час было сорамна, што яна доктар, якая не ведае мовы краіны, у якую прыехала працаваць. Але праз пару месяцаў няёмкасць знікла. 

Аляксандр падкрэслівае, што за тры месяцы знаходжання ў Польшчы ў іх ні разу не было канфліктаў з мясцовымі жыхарамі з-за таго, што яны рускамоўныя. 

«Старэйшыя людзі пры любой магчымасці скажуць, што яны таксама ў школе некалі вучылі рускую. Самі палякі абсалютна палітычна нейтральныя. Яны кажуць, што два чалавекі ва ўладзе пачалі вайну, а звычайныя людзі пакутуюць», — дзеліцца ён. 

«Дадаткова за суткі зарабляю 517 рублёў»

Дырэктар бальніцы, у якую ўладкаваліся працаваць беларусы, сказаў ім, што дзяржава не можа забяспечыць установы дактарамі, таму ён ахвотна бярэ медыкаў з Усходу. 

«Не хоча, каб насельніцтва адчувала недахоп спецыялістаў. У нас тут працуе 6 беларусаў і каля 20 украінцаў», — заўважае Аляксандр. 

Усе медработнікі з так званых «трэціх краін» маюць у пачатку выпрабавальны тэрмін тры месяцы. 

Разліковы ліст Аляксандра за чэрвень без уліку падаткаў

«Цябе прымацоўваюць да каго-небудзь, ходзіш, азіраешся. Зразумелая справа, што тут заробак будзе яшчэ няпоўны. Няма начных дзяжурстваў, працы ў выходныя дні, звычайная пяцідзёнка — з 8 раніцы да 15:30.

За гэтую працу без усяго пералічанага я атрымліваю 3056 злотых (1650 рублёў), у Беларусі заробак фельчара — 700 рублёў: з начнымі зменамі, працай у святы і выходныя. Так я адпрацаваў першыя тры месяцы. З гэтага месяца мне дазволілі ўжо браць дзяжурствы.

Дадаткова яшчэ зарабіў за 24 гадзіны працы 957 злотых (517 рублёў). А гэта проста за адзін дадатковы працоўны дзень. У Мінску суткі звышнормы каштуюць 110 рублёў. Вядома, тут ёсць матывацыя працаваць больш», — расказвае ён. 

Разліковы ліст Аляксандра за чэрвень з улікам падаткаў

У Кацярыны заробак у Беларусі складаў 1000-1100 рублёў за пяцідзёнку, тут — 5469 злотых (2953 рублі). Яна працуе ў Польшчы з 8 раніцы да 15:30. 

Мужчына і жанчына кажуць, што ў Польшчы вельмі празрыста складаецца разліковы ліст. 

«У нашых беларускіх чорт галаву зламае, там больш за 20 радкоў і незразумела, якім чынам і адкуль бяруцца грошы. Тут у мяне ў разліковым два радкі — адпрацаваныя гадзіны і стаж. Асобна ідуць падаткі. 

Аплата — пагадзінная. Напрыклад, у дзённы час гадзіна ў мяне каштуе 20 злотых, начная — 40 (11 і 22 рублі адпаведна). Кожная нядзеля лічыцца святочным днём — таксама гадзіна каштуе 40 злотых. Плюс яшчэ з 1 ліпеня паднялі заробак дактарам у Польшчы на 1800 злотых (972 рублі), фельчарам і медсёстрам на 1500 (810 рублёў). У Беларусі таксама паднялі, але я звярнуў увагу, наколькі там вялікая розніца ў павышэнні заробку паміж дактарамі і сярэднім медыцынскім персаналам», — адзначае Аляксандр.

Разліковы ліст Кацярыны за чэрвень без уліку падаткаў 

Кавідных надбавак зараз у Польшчы няма. З 1 красавіка афіцыйна «адмянілі» пандэмію. 

«Калегі казалі, што калі быў кавід, надбаўка была сто працэнтаў за працу ў такіх умовах.

У Беларусі апошнія месяцы, калі табе трапляўся хворы на кавід, дык трэба было давесці, што гэта так. Напрыклад, калі я заводжу пацыента ў бальніцу ў 10 вечара, тэст яму, вядома, робяць толькі раніцай, а гэта ўжо не мая змена. Гэта значыць атрымаць нейкія кавідныя грошы далёка не заўсёды можна. Былі часы, калі атрымлівалі і па 2000 тысячы рублёў на кавідзе, але яны хутка скончылася», — тлумачыць мужчына. 

Разліковы ліст Кацярыны за чэрвень з улікам падаткаў

Таксама Кацярына і Аляксандр адначаюць, што праца звышнормы ў Польшчы забаронена. Але і такое правіла пры жаданні можна абысці.

«Я працую ў бальніцы і, напрыклад, афармляюся яшчэ ў якую-небудзь кампанію, якая аказвае паслугі маёй бальніцы ў выглядзе маёй асобы. Атрымліваецца, здаюць мяне ў арэнду гэтай бальніцы. Такім чынам, у мяне ёсць магчымасць зарабляць больш. 

Працаваць значна прасцей. Чаму — не ведаю. Ці то людзі тут самі сябе берагуць, ці то яны проста іншыя. Тут няма такога, каб у прыёмным пакоі былі бамжы ці людзі ў стане алкагольнага ап'янення, якія выйшлі на вуліцу, разбілі галаву і выклікалі хуткую. У Беларусі ў мяне вельмі шмат было такіх выклікаў», — успамінае мужчына.

«Бінты нямецкай вытворчасці, не крышацца»

У тэхнічыным плане таксама ёсць свае плюсы. Напрыклад, у машыне хуткай дапамогі ёсць прынтар.

«Не трэба нічога пісаць, усю інфармацыю аб пацыенце раздрукоўваеш. Прывозіш чалавека ў прыёмнае аддзяленне, яго адразу садзяць у крэсла, падлучаюць да яго датчыкі, і ўсё аб ім відаць на экране», — расказвае Аляксандр. 

У Беларусі мужчына ўсе дакументы запаўняў ад рукі. 

«Потым гэтую сістэму сталі мяняць, закупілі планшэты. Яны былі вельмі вялікія і нязручныя.

Я ім не карыстаўся, таму што, калі яго выдавалі на змену, адпаведна, я станавіўся асобай, матэрыяльна адказнай за яго. Адмовіўся, бо і так мала там зарабляў.

Але ў выніку склалася так, што калегам трэба было і запаўняць карту ад рукі, і ўносіць даныя ў планшэт.

Па абсталяванні ў машыне хуткай дапамогі ў цэлым прыкладна ўсё аднолькава. Можа, толькі вытворцы розныя». 

Кацярына дапаўняе, што ў Польшчы зусім іншая якасць матэрыялаў. Напрыклад, бінтоў. 

«Тут яны нямецкай вытворчасці, не крышацца, дастаткова хутка можна пацыенту накласці павязку. І яшчэ гіпсавы матэрыял тут лепшы.

Таксама я магу браць столькі матэрыялаў, колькі мне патрэбна. Не трэба даваць справаздачу потым, колькі было патрачана на пацыента», — тлумачыць жанчына. 

У Казяніцы пара арандуе невялікі дом. У іх ёсць свой гарод, арэлі і мангал для шашлыкоў.

«Гэта ў цэнтры горада. На жытло ў нас сыходзіць 1700 злотых (918 рублёў), на прадукты — 1500 злотых (810 рублёў) у месяц, гэта максімум.

Мы ўдваіх палім, гэта тут, вядома, нятанна. Грошай застаецца дастаткова, каб адкласці ці дазволіць сабе нешта большае. Тут адкладаем больш за палову заробку. У Беларусі ў жыцці так немагчыма.

Адчуваеш сябе нашмат камфортней, дыхаецца лягчэй. Не лічыш дні ад заробку да заробку». 

«Медыцына тут — гэта рэч, якая прыносіць даход»

Таксама пары пашанцавала з калектывам. 

«Мы апошнім часам заўважылі, што кіраўніцтва, калі шчыра, да беларусаў ставіцца лепш, чым да ўкраінцаў. І, хутчэй за ўсё, гэта звязана з тым, што ўкраінцы першапачаткова ставяць сябе так, што ім усе вінныя, таму што яны з Украіны. На фоне вайны ім, канешне, ніхто нічога не зробіць, карыстаюцца гэтым», — мяркуюць беларусы.

Польшча цяпер мае вялікую патрэбу ў хірургах. Мясцовыя жыхары часта з'язджаюць вучыцца на медыкаў у Нідэрланды, Нарвегію, Германію, Вялікабрытанію. 

«Не так даўно да нас прыехала знаёмая з Мінска. Ёй яшчэ хутчэй, чым нам, зрабілі ўсе неабходныя дакументы, бо ёсць востры недахоп у прафесіяналах.

Мне шмат хто тэлефануе з калег з Беларусі. У іх ёсць думкі з'язджаць, але ім страшна. Мне таксама было страшна. Але ўсё не так, як падаецца. Мы з жонкай спачатку ўзялі адпачынак на працы ў Беларусі, каб паехаць у Польшчу, паглядзець. Адразу зразумелі, што трэба пагаджацца, вярнуліся, звольніліся і пераехалі канчаткова.

Не варта баяцца, горш сапраўды не будзе, гэта я гарантую. Лепш паспрабаваць, чым потым сябе вінаваціць, што не зрабілі», — лічыць Аляксандр. 

Новым для мужчыны і жанчыны было тое, што ў Польшчы доктар сам можа сказаць кіраўніцтву, за якія грошы ён гатовы працаваць. 

«Напрыклад, за 100 злотых у гадзіну на сутках. Дырэктар збівае цану. І, напрыклад, доктар у выніку дзяжурыць за 80 злотых.

Сістэма аховы здароўя зусім іншая. Медыцына тут — гэта рэч, якая прыносіць даход. Людзей страхуюць працадаўцы, іх медыцынскія паслугі аплачвае страхавая.

У нас у бальніцы ёсць прыватнае аддзяленне. Дырэктар прадаў яго прыватніку на нейкіх узаемавыгадных умовах. Уяўляеце? Так можна зрабіць. Насельніцтва ад гэтага не пацярпела абсалютна. Якая ім розніца, у якога ўладальніка лячыцца.

Быў у нас на тэрыторыі бальнічны морг. Дырэктар прадаў яго рытуальнаму агенцтву. Ён ім дае морг, але пры гэтым памерлых у яго бальніцы гэты морг забірае да сябе, займаецца імі далей. Гэта бізнэс», — кажа Аляксандр. 

Самае складанае пару чакае наперадзе. Дазвол на працу яны атрымалі часовы, таму на працягу 5 гадоў Кацярыне трэба будзе пацвердзіць свой дыплом у Польшчы. 

«Са мной сітуацыя іншая. Паколькі спецыяльнасці «фельчар» даўно не існуе ў цывілізаваным свеце, мне неабходна адвучыцца тут нанова. Тры гады ў вышэйшай медыцынскай школе па вочна-завочнай форме (дзве суботы і дзве нядзелі ў месяц), каб атрымаць бакалаўра экстранай медыцынскай дапамогі. Але ў нас ёсць пяць гадоў, а не два, як, напрыклад, у Германіі», — заўважае мужчына.

Чытайце таксама: 

Расследаванне: «Справа траўматолагаў» дапамагла бізнэсу сяброўкі сям'і Лукашэнкі

Кавід вяртаецца. Усяму віной новыя штамы, і вось іх сімптомы

Каментары2

  • Максим Дизайнер
    17.07.2022
    Какой на фиг фельдшер медик?
  • Фельдшер
    23.07.2022
    Максим Дизайнер, а кто?
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Паліцыя Дубая: 20-гадовая мадэль з Украіны ўпала з вышыні на будоўлі17

Паліцыя Дубая: 20-гадовая мадэль з Украіны ўпала з вышыні на будоўлі

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп скасоўвае прававы статус 530 тысяч кубінцаў, гаіцянаў, нікарагуанцаў і венесуэльцаў2

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць6

Пагражаюць за Дзень Волі? Вось што трэба рабіць45

Трамп заявіў пра стварэнне амерыканскага знішчальніка новага пакалення8

Стаў вядомы жорсткі прысуд, вынесены жыхару Гомеля за «здраду дзяржаве»1

Кетоны: што за рэчывы, якія спыняюць старэнне мозгу і дапамагаюць схуднець?1

Трамп расказаў пра перамовы па «падзеле тэрыторый» Украіны24

Памёр знакаміты кадэбіст-перабежчык Алег Гардзіеўскі10

З'явілася спадарожнікавае ФОТА вынікаў украінскай атакі на вайсковы аэрадром у расійскім Энгельсе3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Паліцыя Дубая: 20-гадовая мадэль з Украіны ўпала з вышыні на будоўлі17

Паліцыя Дубая: 20-гадовая мадэль з Украіны ўпала з вышыні на будоўлі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць