Генерал Залужны ўпершыню апублікаваў артыкул. Асноўная думка: не заняцце Крыма, а атрыманне Украінай зброі далёкага радыуса дзеяння спыніць вайну
Галоўнакамандуючы ўкраінскай арміі Валерый Залужны выпусціў на дзяржаўным украінскім сайце «Укрінформ» артыкул, у якім расказаў пра тое, што вайна можа расцягнуцца і на 2023 год, нават вызваленне Крыма не гарантуе бяспеку Украіны, а ключавым для спынення вайны будзе атрыманне зброі далёкага радыуса дзеяння. Таксама ён расказаў, на якіх кавалках фронту сітуацыя выглядае нявыгаднай для ўкраінцаў.
Паводле генерала Залужнага, вайна ўжо даўно не з’яўляецца лакальным канфліктам сярэдняй інтэнсіўнасці. Яна працягваецца месяцамі, і канфлікт ніяк не ўкладваецца ў канцэпцыю «бліцкрыгу», якую спадзяваліся рэалізаваць расіяне. Як гаворыцца ў артыкуле, вайна перанясецца і на 2023 год.
Чаго можна чакаць ад расіян?
Залужны бачыць аператыўныя перспектывы для праціўніка на Ізюмскім і Бахмуцкім кірунках. Канцавой мэтай гэтага расіяне бачаць выхад на межы Данецкай вобласці. Яшчэ больш прываблівай для расіян можа выглядаць перспектыва прасоўвання на Запарожскім кірунку. Гэта стварае непасрэдную пагрозу для Запарожжа і Дняпра, што прывядзе да страты кантролю ўкраінцамі над значнай часткай тэрыторыі Левабярэжнай Украіны.
Не выключае ў сваім артыкуле Залужны і тое, што расіяне захочуць зноў паспрабаваць захапіць Кіеў і зноў выкарыстаць для гэтага беларускую тэрыторыю.
Але найбольш магчымасцяў адкрывае далейшае прасоўванне ў Паўднёвабугскім кірунку з аператыўнага плацдарма на правым беразе Дняпра. Тады ў расіян узнікнуць перспектывы авалодання Мікалаевам і Адэсай, а таксама з'явіцца пагроза для Крывога Рога.
Чаму Крым ключавы фактар, але не адзіны?
Залужны адзначае, што Крым быў і застаецца асновай для ліній камунікацый на паўднёвым стратэгічным флангу расійскай агрэсіі. У Крыме — галоўная база Чарнаморскага флоту Расіі і сетка аэрадромаў.
Але ў 2023 годзе, мяркуе Залужны, сітуацыя будзе іншай. Пазіцыі ўкраінцаў будуць вызначацца паводле таго, дзе будзе праходзіць лінія судакранання.
Лініі сутыкнення маюць нявыгадную канфігурацыю для ўкраінцаў на Ізюмскім і Бахмуцкім кірунках. Істотныя ўкліненні расіян скоўваюць любы аператыўны манеўр украінскіх войскаў. Не лепшай выглядае і сітуацыя на поўдні і ўсходзе.
Што трэба для контрудараў УСУ?
Адзіны спосаб змены стратэгічнай сітуацыі — нанясенне некалькіх контрудараў. Але якая тэрыторыя будзе цэнтральнай у гэтым плане?
Пры ўмове, калі такім цэнтрам прыцягнення вызначаць кантроль над Крымам, то ўкраінцам спатрэбіцца шмат рэсурсаў, грашовых выдаткаў, часу і новай сучаснай заходняй зброі.
Але нават калі расіяне і страцяць Крым у выніку контрудараў, нішто не зможа істотна перашкодзіць ім перабазавацца ў Новарасійск. І пагроза ракетных удараў і выкарыстання авіяцыі для ўкраінцаў захаваецца.
Таму Залужны прапануе вызначыць іншы цэнтр цяжкасці для расіян.
Супрацьстаянне Расіі і Украіны вызначаецца дыспрапорцыяй у здольнасцях. УС Украіны, у найлепшым выпадку, могуць наносіць удары састарэлымі сродкамі паражэння толькі на глыбіню аператыўнага тылу праціўніка. У той час як расіяне здольныя беспакарана наносіць кропкавыя ўдары па цэлях на ўсёй глыбіні тэрыторыі Украіны.
Але як расіян пазбавіць такой перавагі? Рашэнне Залужны бачыць у пастаўках саюзнікамі Украіны сістэм узбраення або боепрыпасаў з адпаведнай далёкасцю дзеяння. Толькі ў гэтым выпадку можна абмяркоўваць уплыў на рэальны цэнтр цяжкасці Расіі ў гэтай вайне.
Расія мае велізарную тэрыторыю. Дзякуючы гэтаму, расіяне не так балюча ўспрымаюць страты, няўдачы, а галоўнае — кошт гэтай вайны. На думку Залужнага, расіяне тады расчаруюцца ў вайне, калі будуць «зблізку» адчуваць яе наступствы.
Што з'яўляецца крыніцай упэўненасці і гатоўнасці для кіраўніцтва Расіі і расійскага грамадства падтрымліваць вайну супраць Украіны і шчыра верыць у правільнасць яе завяршэння? На думку Залужнага, менавіта адчуванне беспакаранасці, якое фармуецца дзякуючы вялікай адлегласці і прасторам Расіі.
А вось перааснашчэнне УС Украіны сістэмамі ўзбраення адпаведнай далёкасці дзеяння могуць змяніць сітуацыю і зрабіць пералом у вайне.
Пра дапамогу саюзнікаў Украіны
Залужны піша, што існуюць два істотныя фактары, якія ўплываюць на дапамогу саюзнікаў Украіне.
Першы — няправільнае ўяўленне пра маштабы расійска-ўкраінскай вайны. Саюзнікам цяжка ўявіць сабе ў рэальнасці баявыя дзеянні ў стылі Другой сусветнай вайны.
Другім фактарам з'яўляецца непасрэдная пагроза прымянення тактычнай ядзернай зброі. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны ўжо прадэманстравалі, наколькі Расія грэбуе пытаннямі сусветнай ядзернай бяспекі. Нельга ігнараваць пагрозу, якая з'явіцца для ўсёй Еўропы. Нельга таксама цалкам выключаць імавернасць прамога ўцягвання вядучых краін свету ў «абмежаваны» ядзерны канфлікт.
«Любыя спробы практычных крокаў па ўжыванні тактычнай ядзернай зброі павінны быць спыненыя з выкарыстаннем усяго арсенала сродкаў, якія ёсць у распараджэнні краін свету. Бо, пачынаючы з гэтага моманту, Расія ўжо не толькі стане пагрозай для мірнага суіснавання Украіны, іншых яе суседзяў і шэрагу еўрапейскіх краін, але і дзяржавай-тэрарысткай сапраўды сусветнага маштабу», — гаворыцца ў артыкуле.
Каментары