Грамадства22

Як кіроўца пагрузчыка на аптэчным складзе робіць беларускамоўныя агляды гульняў

Апошнія чатыры месяцы блогер Рудзі вядзе беларускамоўны канал пра відэагульні і навіны гульнявой індустрыі і ўпэўнены, што трэба ствараць на роднай мове разнастайны кантэнт. Пачынаючы ад камп’ютарных гульняў і заканчваючы шансонам. dev.by паразмаўляў з ім пра цяжкасці прасоўвання беларускамоўнага кантэнту і чаму беларуская мае быць сучаснай.

Хто такі «Рудзі»

У жыцці відэаблогера Рудзі завуць Яўген і ён працуе кладаўшчыком на аптэчным складзе — кіруе пагрузчыкам. Пару гадоў таму вёў YouTube-канал пра футбол, але закрыў яго ў 2020 годзе.

Гуляць у камп’ютарныя гульні Яўген пачаў яшчэ ў дзяцінстве. Спачатку ў «васьмібіткі» на велізарных дыскетах, а потым і ў класіку накшталт Warcraft або Half-Life.

— Пасля каледжа я паступіў у БДУ на гістарычны, але кінуў, калі мне заставалася толькі тры сесіі. Як кажуць, хто ў маладосці не быў рэвалюцыянерам, у таго не было юнацтва, — кажа Рудзi. — Я тады чытаў розных Ніцшэ, думаў, што самы разумны, а ўвесь свет — гэта сістэма. Ну і вырашыў, што не буду вучыцца. Прыкладна ў той жа час я трапіў на не самы вядомы расійскі гульнявы партал, вёў там бложык.

У 2011-м напісаў праходжанне Skyrim, і за гэта мне ўладальнік партала падарыў гульню, здаецца, Battlefield. Гэта быў мой першы досвед, калі ты не проста гуляеш у гульні, а і штосьці з гэтым робіш, пішаш праходжанні, агляды. То-бок адбыўся пераход да нейкай творчасці.

На пытанне, калі Яўген пачаў размаўляць на беларускай, той адказвае, што яшчэ ў каледжы, недзе ў 2006-м. Але досвед атрымаўся вельмі балючы і нават траўмавальны — у веку, калі камунікацыя вельмі істотная, хлопец апынуўся, па сутнасці, у ізаляцыі. «Ніхто са мной не размаўляў, а толькі слухалі, як я гавару. І дагэтуль я адчуваю наступствы ўсяго гэтага», — стрымана кажа Яўген.

«YouTube не разумее, як прасоўваць беларускамоўны кантэнт»

Праца над футбольным блогам дала Яўгену неабходны досвед працы з відэамантажом, сцэнаром, агучкай і прасоўваннем канчатковага выніку на YouTube. Пасля Рудзi некаторы час запісваў «лэтсплеі» (відэа, якое дакументуе праходжанне відэагульні з каментарамі ад геймера). Намагаўся рабіць караценькія агляды гульняў на 2 хвіліны, потым — пародыі на «Ведзьмара» з адсылкамі да расійскай палітыкі. І ў лютым гэтага года вырашыў, што настаў час рабіць гульнявы канал на беларускай мове.

— Мы проста маем ствараць сваю беларускую інфапрастору, каб у людзей быў выбар, на якой мове глядзець кантэнт, — тлумачыць Яўген. — 

На мой погляд, зараз шмат хто стварае кантэнт менавіта пра саму мову — як на ёй гаварыць. Але трэба ўжо проста пачаць на ёй размаўляць і ствараць розны кантэнт, не падкрэсліваючы, што — «глядзіце, яно на беларускай!».

Я калі запісаў сваё першае відэа, «сюжэтку» пра Skyrim, то заліў яго з дапаўненнем у назве «па-беларуску». І праз пяць хвілін выдаліў, бо — якога чорта я наогул мушу камусьці тлумачыць, на якой гэта мове! Я зрабіў відэа — усё, глядзіце.

Але моўнае пытанне на YouTube усё ж такі існуе. Бо, кажучы па-простаму, платформа не разумее, як прасоўваць беларускамоўны кантэнт.

— Нават калі вы зараз паглядзіце два відэа на беларускай, то потым усё роўна ўключыце 5 ці 10 на рускай. А для YouTube глядач, які глядзіць умоўнае «Что было дальше?» — спажывец рускай мовы. І таму ён будзе прапаноўваць і прасоўваць яму відэа на рускай.

І наадварот, YouTube намагаецца падабраць мне такіх гледачоў, якім можа спадабацца мой канал. І тут пытанне, каго YouTube можа прыцягнуць, калі тыя, каму падабаюцца мае відэа, глядзяць рускамоўны кантэнт? Лагічна, што YouTube прапаноўвае мае ролікі камусьці з Ніжняга Ноўгарада. Бо глядач з Ніжняга Ноўгарада, па сутнасці, нічым не адрозніваецца ад гледача з Мінска. Яны глядзяць адное і тое ж, і YouTube не разумее, якая між імі розніца.

— Як можа памяняць гэты стан рэчаў?

— Тут атрымліваецца такое заганнае кола. Па-першае, трэба, каб людзі шукалі кантэнт у пашукавіках па-беларуску. Але ў такім выпадку вы нічога не знойдзеце, бо на беларускай нічога няма. Бо ніхто не шукае. 

Рэкамендацыі для крэатара — вельмі важная штука. Але калі мае відэа трапляюць у рэкамендацыі, YouTube пачынае прапаноўваць іх усім навокал, у тым ліку і расійцам. І яны мне руйнуюць усю статыстыку, бо — адкрываюць відэа, праз 5-10 секунд разумеюць, што нічога не зразумела, і закрываюць. А YouTube інтэрпрэтуе гэта так — відэа благое і нецікавае. І на гэтым усё.

То-бок платформа не рэкамендуе мае відэа выключна беларусам, бо не разумее, хто такія гэтыя беларусы і што яны глядзяць.

Але YouTube намагаецца. Напрыклад, да мяне прыходзяць людзі, хто глядзіць канал «Вожыка», які агучвае ролікі па-беларуску.

«Калі ў мяне з’явіўся першы патрон, хобі ператварылася ў працу»

Цяпер Рудзі намагаецца ахапіць як мага больш фарматаў, улічваючы, што ён яшчэ працуе паўнавартасны 8-гадзінны дзень і намагаецца «жыць жыццё» (напрыклад, па выходных ён разам з жонкай аднаўляе хутар).

Спачатку блогер апавядаў пра сюжэты, затым дадаў агляды праектаў, якія выйшлі даўно, як, напрыклад, Disco Elysium. Потым — новых гульняў накшталт Stray. І пасля з’явіліся гульнявыя навіны, якія Яўгену дапамагае рабіць знаёмы па імені Ігар.

— Я мару зрабіць вялікі партал з вялікай колькасцю фарматаў. Каб відэа з’яўляліся не раз на два тыдні, умоўна кажучы, а два разы на тыдзень. Але дзеля гэтага трэба знайсці людзей, якія будуць пісаць сцэнары, рабіць агучку, мантаж. У кожным разе гэта грошы, бо без дамоўленасцей праца будзе нерэгулярнай.

А я ўжо не магу спыніцца, бо ўжо ўлез ва ўсё гэта! Калі ў мяне з’явіўся першы патрон на Patreon, хобі ператварылася ў працу. Цяпер у мяне 52 спонсары, што даволі шмат. З іх дапамогай я магу дакупаць нешта ў камп’ютар, бо — як я буду гуляць у сучасныя гульні, калі мой рондаль амаль кіпіць, калі я займаюся мантажом! Ну і гульні ліцэнзійныя ў Steam каштуюць нямала. Вось зараз купіў Scorn за 20 долараў, дзякуй маім патронам.

На праходжанне камп’ютарнай гульні ў мяне сыходзіць толькі каля 20% часу. Потым мне трэба напісаць сцэнар. Ён яшчэ мусіць саспець у галаве, наляжацца. А затым пачынаецца мантаж, які часам займае 12 гадзін. Плюс агучка, пошук музыкі і гэтак далей.

Калі ў мяне будзе большы даход, то я змагу проста сысці з працы. У мяне з’явіцца больш вольнага часу, і тую працу, што я раблю два тыдні, я змагу зрабіць за некалькі дзён.

«Беларуская — гэта добра, а што яшчэ ты можаш прапанаваць?»

Яўген кажа, што ў YouTube ёсць гульнявыя блогі на любы густ, ад праходжання «стоячы на адной назе» і да 50 разбораў персанажаў і сюжэтаў. А вось у беларускім сегменце канкурэнцыі амаль няма. 

— Я не магу рабіць усё, але разумею, што людзям трэба рознае, — паясняе блогер. — Цябе могуць глядзець у першы час толькі праз тое, што твой кантэнт на беларускай. Але з часам гэты налёт беларускасці знікае, і людзі пачынаюць пытацца: беларуская — гэта добра, а што яшчэ ты можаш прапанаваць? 

І тут трэба разумець, навошта чалавек прыйшоў у твой канал, што ён хоча паглядзець. Таму я лавірую: то зраблю сюжэтку для тых, хто любіць сюжэты, то аглядзік для тых, хто не хоча спойлераў.

Якія беларускамоўныя каналы пра гульні можна паглядзець? Падборка ад Рудзі

Яшчэ Яўген згадвае хлопца ў твітары, які збірае каманду для перакладу (патча) Europa Universalis IV на беларускую, і падкаст «Першы Гікаўскі».

Ну і, вядома, заклікае ўсіх спрабаваць свае сілы ў беларускамоўным кантэнце. Бо чым больш будзе з’яўляцца беларускіх каналаў, тым лепш стане ўсім блогерам. Нават адзін моцны аўтар дапаможа прасоўваць і іншы беларускі кантэнт праз рэкамендацыі YouTube.

— Ёсць вялікая праблема, што на беларускай — ці то пра гісторыю, ці то пра палітыку, ці то пра вайну. А я кажу, што Караткевіч і Быкаў, звычайна, нашае ўсё, але ж не ўсё нашае апошняе. Беларуская мае быць сучаснай. Думаю, на беларускай трэба пісаць тупыя статусы ў інсту. Па-беларуску мае быць шансон.

Трэба жыць сучаснае жыццё, а не перажываць што было. Ні ў якім разе не змяншаю павагу да нашай гісторыі, але ж цяпер мы жывём у сучаснасці.

І гульні таксама абавязкова маюць быць на беларускай — пра перастрэлкі, гонкі, пра монстраў і іншапланетнікаў. Усё сучаснае мае быць, і таму — калі вы хочаце ладзіць стрымы, то ладзьце, лупіце, чаго вы паселі!

Каментары2

  • Літл Літ
    29.10.2022
    Годны кантэнт, дзякуй!
  • хх
    30.10.2022
    "Бо глядач з Ніжняга Ноўгарада, па сутнасці, нічым не адрозніваецца ад гледача з Мінска."
    )
    сайт Ніжняга Ноўгарада - NN.ru )

Цяпер чытаюць

«Адгукнуўся на 95% аб'яў — і ўсе адмовілі». Расіяніну не хочуць здаваць кватэру ў Гродне12

«Адгукнуўся на 95% аб'яў — і ўсе адмовілі». Расіяніну не хочуць здаваць кватэру ў Гродне

Усе навіны →
Усе навіны

Галкіпер хакейнага «Дынама» злавіў раскошнага карпа4

«Калі шандарахне па цягніку, хто будзе лідарам дэмсіл?» Два дні з дэлегацыяй Ціханоўскай у Кіеве — што засталося за кадрам42

УСУ ўдарылі па Таганрогу: акрамя нафтавых аб'ектаў, знішчаныя два самалёты і «Іскандэр»8

Пасла Расіі ў Арменіі адклікалі ў Маскву для кансультацый1

Беларуска прадала расіяніну BMW, скрадзены ў Швецыі. Расійскі суд пакінуў машыну пакупніку — бо Швецыя варожая краіна7

«Гэта добрая рыса, трэба гаварыць». Пазняк пахваліў Макрона за званок Лукашэнку82

Ракета Blue Origin, што выбухнула падчас выпрабаванняў, ставіць пад сумненне планы НАСА вярнуцца на Месяц8

Як Навагрудак перастаў быць Руссю і зрабіўся Літвой31

Расія, Беларусь, Казахстан і Кыргызстан запатрабавалі ад Арменіі правесці рэферэндум і выбраць паміж Еўрапейскім і Еўразійскім саюзамі14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Адгукнуўся на 95% аб'яў — і ўсе адмовілі». Расіяніну не хочуць здаваць кватэру ў Гродне12

«Адгукнуўся на 95% аб'яў — і ўсе адмовілі». Расіяніну не хочуць здаваць кватэру ў Гродне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць