Меркаванні55

«Ідэя, што Украіна разваліцца за тры дні, была не толькі расійская». Гісторык Цімаці Снайдэр пра тое, як Расія зрабіла прывабнай сваю імперскую рыторыку

Амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр прачытаў у Ельскім універсітэце з верасня па снежань курс з 23 лекцый пра фармаванне сучаснай Украіны. Снайдэр прэзентуе падзеі з украінскай гісторыі ў кантэксце цяперашняй вайны, якую Расія вядзе ва Украіне. Сярод іншага гісторык аналізуе, як Расія зрабіла свае імперскія наратывы прымальнымі на Захадзе. Найбольш цікавыя думкі з завяршальнай лекцыі пераказала «Радыё Свабода».

Цімаці Снайдэр

«Еўрапейская інтэграцыя пачалася толькі пасля ваенных паразаў»

  • Цяперашняя імперыялістычная вайна, якую Расія распачала ў 2014 годзе і ў якой адбылася эскалацыя пасля маштабнага расійскага ўварвання сёлета ў лютым, шмат нам кажа пра Еўропу і пра яе імперскае мінулае.
  • У сваім курсе я відавочна крытыкую імперскі наратыў, што Украіны не існуе. Але ёсць і не настолькі відавочная крытыка еўрапейскага наратыву, быццам бы еўрапейская інтэграцыя стала вынікам вышэйшай мудрасці Еўропы, якая зразумела, што вайна гэта кепска, а мір — добра.
  • Калі вы з краіны Еўрасаюза, дык вам з дзяцінства казалі, што еўрапейцы лепшыя за амерыканцаў тым, што яны перажылі Другую сусветную вайну і пабачылі, што гэта кепска. Насамрэч гэта не так. Пасля Другой сусветнай еўрапейцы працягвалі весці іншыя войны, пакуль іх не прайгралі — напрыклад, галандцы ў Інданезіі, французы ў Алжыры і Паўднёва-Усходняй Азіі. Гэта былі імперскія войны.
  • Ёсць і іншая праблема з такім падыходам — з яго робіцца выснова, што дастаткова проста весці з іншымі народамі гандаль, і ўсё будзе добра. Але важна разумець, што гісторыя еўрапейскай інтэграцыі, з усім яе гандлем, Рымскім пагадненнем аб стварэнні Еўрапейскай эканамічнай супольнасці і г. д., адбываецца пасля паразы ў імперыялістычнай вайне.

«Украіна была ў самым цэнтры планаў Гітлера»

  • Другая сусветная была імперыялістычнай вайной, дзе Украіна была ў самым цэнтры планаў Гітлера і самой вайны. Тэорыя, якой Нямеччына абгрунтоўвала гэтую вайну, была ў тым, што мацнейшая нацыя і раса павінна каланізаваць слабейшыя. Паводле Гітлера, перашкодай на гэтым шляху былі яўрэі, якія сваімі ідэямі нібыта размякчалі розумы немцаў, а таксама кіравалі Савецкім Саюзам. У Гітлеравай карціне свету яўрэі кіруюць украінцамі, і калі забіць яўрэяў, дык украінцы будуць радыя жыць пад панаваннем іншых каланіяльных гаспадароў.
  • Немцы планавалі замарыць голадам дзясяткі мільёнаў савецкіх грамадзян, каб каланізаваць заходнюю частку Савецкага Саюза. І ў сваіх планах немцы абапіраліся на досвед Галадамору — масавага голаду 1932—33 гадоў. Паводле нямецкага аналізу, калгасы ў Савецкім Саюзе можна было выкарыстоўваць, каб накіраваць харчовыя прадукты ў любым напрамку. У рэальнасці большасць смерцяў ад голаду адбылася ў лагерах для ваеннапалонных — там памерла каля 3 мільёнаў грамадзян СССР.
  • Для разумення цяперашняй палітыкі важна ўсведамляць, што гэта была імперыялістычная вайна, якая ў значнай ступені вялася за Украіну. Параза Нямеччыны ў гэтай імперыялістычнай вайне пачала серыю паразаў іншых еўрапейскіх дзяржаў у імперыялістычных войнах. Гэта той аспект, які звычайна замоўчваецца ў гісторыі еўрапейскай інтэграцыі.

«Немцы ўзялі на сябе адказнасць адносна нядаўна і часткова»

  • Расійскі імперыялізм цяпер вельмі відавочны, адкрыты і не надта складаны, але ў нашым цяперашнім аналізе мы часта забываемся пра гісторыю нямецкага каланіялізму і нямецкай імперыі.
  • Для Нямеччыны з 1945 па 1989 год асноўнай гісторыяй быў падзел краіны на Заходнюю, дэмакратычную, і Усходнюю, камуністычную. У Заходняй Нямеччыне ў 1950-я, 60-я і на пачатку 70-х шмат увагі канцэнтравалася на немцах як ахвярах — «нас бамбавалі ў канцы вайны, столькі людзей загінула, нашу краіну падзялілі». Немцы ўзялі на сябе адказнасць за Другую сусветную вайну адносна нядаўна і пры гэтым часткова.
  • Абмеркаванне нямецкай адказнасці за вайну пачалося як абмеркаванне сістэматычнага масавага забойства яўрэяў, Халакосту. Але ў Нямеччыне 1970-х і 80-х Халакост абмяркоўвалі, не згадваючы тэрыторыі Усходняй Еўропы і не згадваючы нямецкі імперыялізм, які і прывёў Нямеччыну ва Усходнюю Еўропу. А гэта ключавая частка Халакосту, бо менавіта ва Усходняй Еўропе жыла большасць яўрэяў.
  • Нямецкая самакрытыка за Халакост не згадвала канкрэтныя тэрыторыі і нямецкія імперскія амбіцыі. І ў гэтай дыскусіі самымі важнымі былі нямецкія яўрэі. Вядома ж, гэта важная гісторыя, але сярод ахвяр Халакосту нямецкіх яўрэяў было толькі каля 3 працэнтаў. Канцэнтрацыя на нямецкіх яўрэях дазваляла не пераходзіць на іншыя злачынствы.

«Расія манапалізавала і перамогу, і ролю ахвяры»

  • У 1970-я сацыял-дэмакратычныя ўрады Нямеччыны пачалі працэс прымірэння з Савецкім Саюзам. Гэта быў брэжнеўскі Савецкі Саюз, і падчас прымірэння сустрэліся дзве гісторыі пра тое, што адбылося падчас Другой сусветнай вайны. У СССР быў культ вайны, дзе «мы былі ахвярамі і пераможцамі». Пакт Молатава—Рыбентропа і хаўрус СССР з нацысцкай Нямеччынай былі цалкам табу, дакументы пра гэта схаваныя. Пры гэтым культ вайны быў «русіфікаваны», з акцэнтам на ролю Расіі.
  • Савецкая гісторыя сустрэлася з нямецкай, у якой немцы былі ўсё больш гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за Другую сусветную вайну. І немцы скіравалі сваю «энергію вінаватасці» на цэнтр у Маскве. У Нямеччыне, як і ў СССР, стала панаваць гісторыя, што Другая сусветная вайна — гэта пра дзясяткі мільёнаў забітых расіян.
  • Падчас вайны сапраўды загінулі мільёны расіян, але маштаб пакутаў насамрэч быў большы ва Украіне і ў Беларусі. Аднак Расія манапалізавала і перамогу, і ролю ахвяры. І гэтая манаполія зрабілася нечым бясспрэчным і ў Нямеччыне. Расійскі «ціхі імперыялізм», адміністрацыйная русіфікацыя 1970-х сустрэліся ў Нямеччыне з адсутнасцю асэнсавання нямецкага імперыялізму.

«Нямеччына не атрымала міру. Нямеччына атрымала паразу ў вайне»

  • Пасля 1989 года, з нямецкага гледзішча, адбыўся акт гістарычнай справядлівасці — абʼяднанне Нямеччыны. Нямеччына зрабілася найважнейшай дэмакратычнай краінай у Еўропе, яе найбольшай эканомікай. Немцы атрымалі рэпутацыю народа, які разабраўся са сваім мінулым. Але гэтая рэпутацыя заслужаная толькі часткова.
  • З боку Нямеччыны можна было пачуць, што народы Усходняй Еўропы — напрыклад, палякі ці ўкраінцы — не разумеюць важнасці міру, а немцы, маўляў, гэтую важнасць усвядомілі. Але ў 1945 годзе Нямеччына не атрымала міру. Нямеччына атрымала паразу ў вайне. Пры гэтым сучасныя нямецкія палітычныя эліты не казалі пра той урок, што дзеля міру імперскія дзяржавы павінны атрымаць паразу.
  • У ХХІ стагоддзі — і пры сацыял-дэмакратычным урадзе Герхарда Шродэра, і пры хрысціянска-дэмакратычным урадзе Ангелы Меркель — палітыка Нямеччыны адносна Расіі будавалася на ідэі, што эканамічнае супрацоўніцтва развяжа ўсе праблемы. «Калі мы будзем купляць расійскі прыродны газ, гэта абавязкова пазітыўна паўплывае на Расію».

«У 2014 годзе імперыялізм расійска-нямецкага супрацоўніцтва зрабіўся адкрытым»

  • Уважлівыя назіральнікі ў сярэдзіне першага дзесяцігоддзя 2000-х ужо бачылі, што частка расійскай эліты, у тым ліку прэзідэнт Расіі, пачынае карыстацца адкрыта фашысцкай рыторыкай. Але ў Нямеччыне гэтага зусім не заўважалі. Здаецца, што логіка была такая: «Мы супраць фашызму, а значыць, калі мы з імі вядзем справы, яны не могуць быць фашыстамі». Выглядае, што гэтая логіка панавала да пачатку сёлетняга расійскага ўварвання.
  • Калі Расія пачала вайну супраць Украіны ў 2014 годзе, схаваны імперыялізм расійска-нямецкага супрацоўніцтва зрабіўся адкрытым. Расія здолела паспяхова пашырыць імперыялістычныя клішэ: «Украіна ніколі не была сапраўднай дзяржавай, украінцы — не сапраўдны народ, а калі яны і народ, дык карумпаваны, і таму іх дзяржава разваліцца, бо яна карумпаваная. І, дарэчы, яны ўсе нацысты. І геі». Гэтак яны працуюць з алгарытмамі сацыяльных сетак — калі вам не падабаюцца геі, вам скажуць, што ўсе ўкраінцы — геі, а калі вы супраць нацыстаў, вам скажуць, што яны ўсе нацысты. А калі вы любіце нацыстаў, вам скажуць, што ўсе ўкраінцы — насамрэч яўрэі.
  • Гэтая імперская рыторыка ў часы Майдану, у 2013—14 гадах, была ў значнай ступені прынятая нямецкімі СМІ. Дыскусія канцэнтравалася на пытаннях: «Ці сапраўды яны ўсе нацысты? (А гэта іншы спосаб спытацца: ці сапраўды яны ўсе варвары?) Наколькі вінаватыя самі ўкраінцы ў тым, што адбываецца?» Усё гэта адпавядала традыцыі нямецкага імперскага погляду на Украіну. А расіяне свядома маніпулявалі гэтым, ведаючы нямецкія перакананні.
  • Ужо пасля расійскага ўварвання ва Украіну ў 2014 годзе нямецкі ўрад Ангелы Меркель абвясціў пра дамову аб пабудове газаправоду «Паўночны паток — 2». Тады не толькі палякі і ўкраінцы, але і некаторыя заходнееўрапейскія саюзнікі Нямеччыны ўспрынялі гэта як узнагароду Расіі за ўварванне ва Украіну. Бо сутнасць «Паўночнага патоку — 2» — дазволіць без праблем пастаўляць расійскі газ у Еўропу ў абыход тэрыторыі Украіны.
Цімаці Снайдэр і Уладзімір Зяленскі

«Расійскае ўварванне ва Украіну паўтарае нямецкае ўварванне ў СССР»

  • У ліпені 2021 года Пуцін у сваім артыкуле пісаў, што цяперашнія падзеі былі перадвызначаныя тысячу гадоў таму. Паводле яго, падзеі, якія адбыліся тысячу гадоў таму, даюць яму права казаць, хто сапраўдны народ, а хто не. Гэта класічны імперыялістычны погляд: «Яны не народ, а племя, клан, а іх дзяржава — не сапраўдная дзяржава, закон іх не тычыцца. Да таго ж, што такое закон?»
  • Сёлетняе расійскае ўварванне ва Украіну ў значнай ступені паўтарае мадэль нямецкага ўварвання ў Савецкі Саюз. Пры гэтым калі расіяне гавораць пра «дэнацыфікацыю», яны кідаюць прынаду заходнім СМІ, асабліва нямецкім, прапануючы ім: «Чаму б вам не пагутарыць пра гэта?» Хай тэмай дыскусіі будзе «Колькі нацыстаў можа быць ва Украіне», а не «Мы пачалі ўварванне ў гэтую краіну».
  • Падабенствы паміж двума ўварваннямі ўражваюць — ідэя, што Украіна існуе толькі дзякуючы змовам; ідэя, што Расія не агрэсар, а ахвяра змоваў, таму ёй давялося напасці на Украіну; ідэалагічнае абгрунтаванне, што дзяржавы, на якую вы нападаеце, насамрэч не існуе. Маўляў, яна трымаецца толькі дзякуючы змовам і таму разваліцца, як толькі вы па ёй ударыце. Гэта літаральна тое, што Гітлер казаў пра Савецкі Саюз, а Пуцін кажа тое ж самае пра Украіну.
  • У цяперашнім нападзе таксама ёсць антысеміцкі элемент, звязаны з прэзідэнцтвам Уладзіміра Зяленскага, які з'яўляецца яўрэем. Хоць гэты элемэнт не мае такога вялікага значэння, як у нямецкім выпадку, ён павялічваецца ў расійскіх СМІ з цягам часу. Таксама практычна плагіятам можна назваць ідэю, што Украіна — гэта калонія, у якой цяпер адзін гаспадар, але ім было б лепш з іншым гаспадаром.
  • Палітыка Расіі ва Украіне ўключае ў сябе дэпартацыі насельніцтва, у тым ліку дзяцей, вынішчэнне элітаў, згвалтаванні як палітычны інструмент, бамбаванне шляхоў эвакуацыі, а таксама пазбаўленне насельніцтва доступу да вады і электраэнергіі. Пачатак зімы 2022 года да болю нагадвае зіму 1941 года, калі людзей забівалі, пазбаўляючы іх доступу да патрэбных рэчаў.
  • Мільёны савецкіх ваеннапалонных загінулі не таму, што іх расстралялі, — хоць такое таксама было, асабліва з палоннымі яўрэямі, — але ў асноўным таму, што яны не мелі доступу да жыццёва неабходных рэчаў. Цяпер Расія спрабуе паўтарыць гэта ва Украіне. У Нямеччыне такіх паралеляў цяпер не праводзіцца, бо немцы ў асноўным не прызвычаіліся думаць пра Другую сусветную вайну як пра тое, што адбывалася на ўсходзе.

«Вайна паставіла пад сумнеў думку, што Украіна — слабая дзяржава»

  • Цяперашняя вайна мяняе погляды. Раней існаваў кансэнсус, не толькі ў Нямеччыне, але і ў Злучаных Штатах, што Украіна — гэта слабая дзяржава. Падзеі лютага, сакавіка, красавіка і рэшты 2022 года паставілі гэты кансэнсус пад сумнеў.
  • Ідэя, што Украіна разваліцца за тры дні, была не толькі расійская. У гэта таксама пераважна верылі і ў Берліне, і ў Вашынгтоне. І прычына, чаму мы ў гэта верылі, моцна звязаная з нашай уласнай імперскай мінуўшчынай. Тут рэч не толькі ў расійскай прапагандзе, але і ў нашай схільнасці да канкрэтнага тыпу аргументаў — пра тое, што іншыя народы карумпаваныя, не мелі сапраўднай дзяржавы і што яны ўсе радыкалы.
  • Сітуацыя мяняецца — напрыклад, у канцы лістапада Бундэстаг прызнаў Галадамор генацыдам. Мне хочацца думаць, што ад гэтага недалёка да разумення таго, як нямецкае планаванне масавага голаду ў 1941—42 гадах было звязанае з Галадаморам.
  • Калі мы гаворым пра імперыі, важна памятаць, што яны грунтуюцца на адмаўленні субʼектнасьці іншых. «Мы існуём, а яны насамрэч не існуюць». Гісторыя расійскага імперыялізму ва Украіне — гэта таксама гісторыя ўкраінскай рэакцыі на гэты імперыялізм. І тут мне найбольш цікавымі падаюцца апошнія дзесяцігоддзі. Расіяй кіруюць тыя ж эліты, што і 20 гадоў таму. У выпадку Украіны гэта не так. Людзі, якія цяпер кіруюць Украінай, пераважна маюць каля 40 гадоў.
  • Украінскія дзеянні, у тым ліку на палях баёў, залежаць не толькі ад дзяржавы, якая выявілася нашмат больш функцыянальнай, чым многія думалі. Шмат залежыць ад грамадзянскай супольнасці, ад гарызантальных сувязяў, якія запаўняюць тыя нішы, дзе дзяржава не можа даць рады.
  • Для ўкраінцаў гэта вайна за сваю субʼектнасць і за свабоду ў пазітыўным сэнсе — не толькі ў сэнсе свабоды ад расіян, але і свабоды вызначаць, што будзе далей.

Лекцыі Цімаці Снайдэра цалкам і ў арыгінале даступныя тут.

Каментары5

  • Железный Дровосек
    29.12.2022
    Статья лишний раз подтверждает тот факт,что при подмене фактов легко самому впасть в иллюзию,которая приведёт к неверным выводам и катастрофическим действиям.
    Во,на наших глазах дебил по кличке Моль отказал украинцам в государственности,в воспалённом возбуждении решил,что может решать судьбу чужого народа чужой страны,и—что его немытая орда—непобедимая.
    Все,капкан кропотливо создаваемый его собственными руками,захлопнулся.
    Дальше будет медленная агония и распад.
    Буряты ж должны с кого-то спросить за уничтоженный генофонд. И татары. И алтайцы. И чеченцы.
  • feafania
    29.12.2022
    Ня здолела прачытаць артыкул тут, перайшла на свабоду. Навошта рабіць пераклад з беларускай на наркамаўку? Вуха рэжа цалкам не натуральнае ў беларускай мове слова яўрэй.
  • Бахмутчаночка
    02.01.2023
    feafania, наркоманским вы русский называете? Ну уж извините, беларуский не особо легко читать, понимать то понимаю, но читать устаю, потому и переводят так, чтоб было удобно читать всем.

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Усе навіны →
Усе навіны

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»37

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна2

Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца2

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!15

«Межы сціраюцца». Беларуска расказала, як і навошта стала вывучаць эсперанта на радзіме яго заснавальніка2

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Галоўнае
Усе навіны →