Чаму каты варкочуць? Некаторыя ўладальнікі жывёл лічаць, што яны гэта робяць выключна ад асалоды. Але гэта не зусім так.

Мурканне ў катоў — гэта наўмысны спосаб маніпуляцыі чалавекам для задавальнення каціных патрэб ва ўвазе, у ежы і г. д. Пра гэта 14 сакавіка напісаў навуковы часопіс BBC Science Focus са спасылкай на некалькі даследаванняў у гэтай галіне.
Даследаванні паказваюць, што прычынай кацінага муркання можа быць спроба маніпуляваць чалавечай псіхікай. Навукоўцы ведаюць, што гукі варкатання ідуць з гартані ката: жывёла сціскае тую частку гартані, якая сутыкаецца з галасавымі звязкамі, што выклікае вібрацыю на ўдыху. Гэта і ёсць варкатанне.
Каты могуць мяняць сваё мурканне ў залежнасці ад абставін. Акустычная якасць гуку ката, які просіць, каб яго пачаставалі, адрозніваецца ад акустычнай якасці варкатання ў расслабленым стане.
«Нельга не заўважыць, што мурканне з сігналам «выпрошвання ласункаў» успрымаецца чалавекам як больш тэрміновае, важнае і менш прыемнае. Хатнія гадаванцы ў такім выпадку выкарыстоўваюць высокачастотныя галасавыя кампаненты, якія падобныя да тых, што выдаюць пры плачы немаўляты. Такім чынам, гэтым варкатаннем каты ўплываюць на наш інстынкт выхавання і просяць увагі», — піша BBC Science Focus.
Эксперты таксама мяркуюць, што каты могуць муркаць у тым ліку для таго, каб супакоіць сябе альбо нават палегчыць боль. Ёсць нават даследаванні аб тым, што мурканне мае лячэбны эфект і можа спрыяць росту костак і загойванню ран.
«Адно даследаванне, апублікаванае ў часопісе New Zealand Veterinary Journal, паказала, што вібрацыя кацінага муркання (ад 20 да 150 Гц) можа спрыяць росту костак і аднаўленню мяккіх тканак. Хоць гэты механізм яшчэ да канца не вывучаны, ужо ўдалося высветліць, што ён спрыяе росту важнай грануляцыйнай тканкі вакол пашкоджаных участкаў арганізма», — тлумачыць BBC Science Focus.
Аднак у часопісе адзначаецца, што на людзях падобнае не спрацуе.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары