Грамадства77

Як схуднець да непазнавальнасці. Пра харчаванне ў зняволенні піша Алег Груздзіловіч

Пра свой дзевяцімесячны турэмны досвед востра, дасціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст «Свабоды» Алег Груздзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры», якая выходзіць у серыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагоддзе». У кнізе выкарыстаныя малюнкі аўтара. Публікуем фрагмент.

 Алег Груздзіловіч да і пасля вызвалення

За чатыры месяцы, праведзеныя пасьля СІЗА ў калёніі, схуднеў на 15 кіляграмаў. Чаму так шмат? Ніхто ня верыць, што там галадуюць, але чамусьці фігуры і твары тых шчасьліўчыкаў, хто выйшаў з калёніі на волю, такія падазрона «аптымізаваныя».

Што ж там адбываецца зь ежай?

«Харчы кладзі сюды, на стол. Будзем глядзець. Што гэта, маянэз? Альбо выціскай у пакунак, альбо выкідаеш. Не паложана».

Як трапляеш зь СІЗА ў калёнію, ужо на першай праверцы торбаў разумееш, што іншым тут будзе рэжым ня толькі ўтрыманьня, але і харчаваньня. Папярэджаньні, атрыманыя ў сьледчым ізалятары ад бывалых вязьняў, спраўджваюцца на 90% і нават болей. На тое, што празь няўважлівасьць кантралёраў удасца пранесьці нешта забароненае, лепш не разьлічваць.

Мне трапіўся кантралёр з усьмешлівым, добрым тварам, але пасьля ягонай праверкі я застаўся без паловы прывезеных зь СІЗА прадуктаў. Пакунак парашку какавы паляцеў у сьметніцу, бо кантралёр заўважыў у ім белыя драбочкі цукру, а яго праносіць у калёнію забаронена. І сапраўды, крыху цукру было намяшана, можа ў прапорцыі 1 да 10, але каму ад таго шкода, ня мог потым уцяміць.

Цукар у калёнію не прапускаюць, каб асуджаныя не маглі зь яго зрабіць брагу. Але хіба я мог бы аддзяліць драбочкі цукру ад какавы? Гэта нерэальна, аднак у сьметніцу пайшло цэлае кілё любімага напою. Такі ж лёс спасьціг і кіляграмовы пакунак кавы. За ім загадалі выкінуць цюбік маянэзу і пакуначак кетчупу.

Ужо зь іншай прычыны. Выяўляецца, гэтыя прыправы былі не ў празрыстай упакоўцы. Тлумачыў маладому ахоўніку, што набыў іх не на вуліцы, а ў краме сьледчага ізалятара, яны ўжо былі дасканала правераныя. Аднак у адказ пачуў толькі прапанову пераціснуць усё ў празрыстыя пакуначкі. Для маянэзу пакунак знайшоўся, для кетчупу — не. Паляцеў у сьметніцу. Яшчэ цудам уратаваўся ад зьнішчэньня цюбік згушчонкі, якую таксама давялося выціснуць у пакуначак. Але пасьля ШЫЗА і яго выкінуў, бо ў атраднай лядоўні месца не дасталася, а ў торбе захоўваць — нязручна, дый якасьць прадукту пасьля маіх 20 дзён ШЫЗА выклікала падазрэньне.

Карацей, першым уражаньнем пасьля праверкі было пачуцьцё, што больш-менш адпрацаваная ў СІЗА сыстэма захоўваньня перададзеных з волі прадуктаў тут ушчэнт зламаная. І цяпер уся надзея на тыя харчы, якія табе дадуць у сталоўцы. На так званы «палажняк» — ад расейскага слова «положено». Але тут выявілася, што быццам нешта ў талерку «положено», а папраўдзе есьці няма чаго.

Каша — радасьць наша

Сьняданак для нашага атраду пачынаўся ў 7:15 і заканчваўся праз 20 хвілін новым шыхтаваньнем на пляцоўцы перад сталоўкай.

Калі шчыра, у першыя дні ўжо на выхадзе са сьняданку заўсёды адчуваў, што зноў хачу есьці. Тое, што пазьней пачуцьцё голаду прытупілася, — проста ад прыстасаваньня. Там хутка вучысься пераключаць увагу з рэчаў, якія раздражняюць, на нешта нэўтральнае.

Асноўнай стравай сьняданку заўсёды, кожны дзень тыдня без выключэньня, была каша. У панядзелак — прасяная. Потым панцак, ячная каша, сечка, зноў панцак, аўсянка на малацэ і зноў жа панцак альбо сечка. Да кашы заўсёды дадавалася па два кавалкі чорнага і белага хлеба дрэннай мясцовай выпечкі і шклянка мутнай гарбаты, у якой ніводнага разу ня бачыў чаінак — толькі карычневая вада.

Звычайна пяць разоў на тыдзень да кашы і гарбаты дадавалі альбо варанае яйка, альбо кавалачак масла. Калі яйкі давалі тры разы на тыдзень, дык сьметанковае масла атрымлівалі іншыя два дні, але бывала, што масла канчалася, і яго замянялі яйкам.

Масла зэкі любяць больш. Невялікую шайбачку сьметанковага, амаль белага масла можна было намазаць на кавалак умоўна белага хлеба і зьесьці з гарбатай, а можна было паловай кавалка масла заправіць кашу. Атрымлівалася так сабе, але бяз масла некаторыя кашы ня лезьлі ў горла. Найперш панцак, які турэмныя кухары чамусьці так любяць скормліваць зэкам. Але ячная каша і сечка ня лепшыя.

Калярыйнасьць такога сьняданку была настолькі нізкая, што ўжо блізу 11 гадзіны, яшчэ за дзьве гадзіны да абеду, страшэнна хацелася есьці. І што рабіць? Ратаваў свой дадатковы сьняданак, але яго мог сабе дазволіць ня кожны. Толькі пра гэта пазьней.

«Шчы, хоць … палашчы»

Пойдзем цяпер на абед. Уявім, што мы неяк пратрымаліся да 13 гадзіны дня і хуценька спускаемся ў «лякалку». Адчыняецца фортка, і вось ужо атрад пашыхтаваўся на дарозе, усе чакаюць паходу ў сталоўку, дзе ўжо накрываюць абед. Летам праз адчыненыя вокны мы нават можам унюхаць, што гэтым разам нас чакае — боршч ці суп з панцаком.

Дарэчы, збольшага інфармацыя пра тое, што асуджаны будзе есьці цягам дня, не закрытая. Ужо на сьняданак мэню вывешваецца на ўваходзе ў сталоўку. Праўда, не заўважыў, каб хто спыняўся і яго вывучаў.

Па-першае, няма магчымасьці. Ты хутка ўваходзіш у сталоўку, па пятах чорнай лявінай ідуць такія ж галодныя, як ты, таварышы, думаеш больш пра тое, каб хутчэй дабрацца да лесьвіцы на другі паверх, дзе нашы сталы.

Ну, можа мімаходзь кінеш вокам, будзе кісель ці зноў несалодкі кампот, вось і ўся цікаўнасьць. Бо яшчэ трэба зрабіць крук да ўмывальні, каб памыць рукі, але гэта як атрымаецца.

Па-другое, разнастайнасьці ў прыгатаваных стравах усё адно няма.

На першае звычайна боршч, альбо крупяны суп з салёным агурком, альбо капуста, але такая пустая, што пра яе зэкі, дарэчы, казалі: «шчы, хоць … палашчы». Ва ўсякім разе за чатыры месяцы ніводнага кавалачка мяса з супу я ня вылавіў, бо яго проста не было. Мясны пах адчуваўся, дробненькія кружочкі тлушчу на паверхні плавалі, але самога мяса ня бачыў. І мае суседзі таксама.

На другую страву ў абед звычайна былі кашы, бульба ці ражкі, і вось тут да іх нарэшце дадавалася нешта мясное. Самай смачнай, звычайна ў суботу, была рысавая каша зь мясам, некаму больш падабаліся ражкі па-флёцку, то бок ражкі ўперамешку зь мяснымі валокнамі.

Таксама на абед ня менш як два разы на тыдзень маглі падаваць «рагу з гародніны зь мясам птушкі». Насамрэч за гародніну выдавалі бульбу з цыбуляй, якія пахлі капустай. А ў якасьці «мяса птушкі» выступала звычайная курыца, прычым дробненькімі кавалачкамі, так што асуджаныя пачыналі думаць, ці гэта не галубы ды галкі, якія сотнямі жылі на дахах карпусоў калёніі і часта рабіліся здабычай мясцовых катоў.

Напоем на абед заўсёды быў альбо кампот без аніякіх сухафруктаў, альбо напаўразбаўлены кісель.

«Падэшва»

І засталася вячэра. Мне здаецца, што на вячэру адкладалася ўсё самае нясмачнае.

Перавараныя да склейваньня ражкі з палоскамі варанай каўбасы, вадкае рагу з гародніны з пахам мяса птушкі, а па чацьвяргах — панцак ці бульба з рыбнымі катлетамі. Але калі панцак ці бульба маглі быць яшчэ дастаткова добра прыгатаваныя, дык рыбу можна было есьці толькі зь вялікай галадухі і заплюшчыўшы вочы. Бо тая рыба ніколі не падавалася натуральнай формы, заўсёды гэта была перамолатая і падсмажаная рыбная маса з мойвы ці кількі, са смакам рыбіных кішак і дробнымі косткамі. У вязьніцах такую рыбу зэкі грэбліва завуць «падэшвай» і талеркі зь ёю на стале амаль не чапаюць. Ну, можа, зьядаюць адсоткаў 20. Астатняе ідзе ў бачок з адкідамі.

Дадам, што за ўсе летнія месяцы і верасень ніводнага разу на сьняданак, абед ці вячэру не прапаноўвалі ані садавіны, ані гародніны. Ні ў якім выглядзе — ні сьвежай, ні кансэрваванай. Толькі ў канцы жніўня пачалі зьяўляцца бульба і капуста, і то не ў такім аб’ёме, каб наесьціся.

Затое з канца лета раз на тыдзень, звычайна па суботах, на вячэру пачалі даваць пяльмені. Амаль па поўнай місцы! Да пяльменяў не дадавалася ніякай прыправы, ані масла, ані кетчупу. Нават на хлебе адміністрацыя ў такія дні эканоміла, але ўсё роўна гэта было сьвята зэкаўскага страўніка. Праўда, дабаўкі дапрасіцца ад дзяжурных па сталоўцы было немагчыма. Кожны пяльменьчык быў на ўліку. А вось калі кармілі панцаком, дык нават лішняй порцыі не шкадавалі.

Пытаньне: а чаму ў катле на раздачы часам багата заставалася панцаку альбо сечкі, калі гатаваць павінны былі паводле колькасьці едакоў? Некаторыя асуджаныя не прыходзяць есьці? Гэта дакладны адказ.

Звычайна разам з атрадам на абед не прыходзілі тыя, хто раніцай адпраўляўся на промку і абедаў па іншым раскладзе. Дзіўна, але ў ліпені — жніўні порцыі супоў і баршчоў для такіх асуджаных усё адно выстаўляліся на стол, іх ніхто не перашкаджаў есьці. Плюс на вячэру часта не прыходзілі тыя, хто вырашыў паесьці сваіх харчоў, атрыманых з дому ці купленых у турэмнай краме.

«Кабан»

Вядома, хапае і адносна сытых хлопцаў. На пачатку верасьня Дзянісу, суседу па койцы, прыйшла з дому пасылка з харчамі вагой пад 50 кілё.

Такая пасылка ў калёніі завецца «кабан»: цэлая вялікая торба, забітая палкамі каўбасы, шматамі сала, пачкамі розных каш хуткага прыгатаваньня, збольшага грэчкай. Плюс печыва, яблыкі, гародніна.

Толькі разборам і пакаваньнем харчоў хлопец займаўся тры-чатыры дні, ды не адзін, а зь сябрамі, якіх вакол яго раптам значна паболела.

Штовечар, пакуль ішло пакаваньне — а трэба ж усё раскласьці па пакуначках, каб даўжэй захоўвалася — Дзяніс частаваў памагатых дадатковай вячэрай. Але нарэшце ўсё ж душа ня вытрымала, перайшоў на індывідуальнае паяданьне дамашніх прысмакаў.

Толькі прыйдзе Дзяніс з палажняковай вячэры, а ўжо раскладае на зэдліку ручнічок і выкладае на ім шыхт невялічкіх «бутэраў з каўбасой», якія па чарзе зьніштажае, запіваючы кавай. Відаць, працэдура тая выклікала неймаверную зайздрасьць у навакольных маладзёнаў. На пах бутэраў прыходзілі нават з суседніх «хат». Памнецца, памнецца такі госьць, сорамна прасіць, але куды падзецца: «Дасі кавалак каўбаскі?» — «Ну, на…» — сусед у адказ мацюкаецца, але дае.

Паводле правілаў асуджанаму дазволена атрымліваць чатыры «кабаны» на год, але за парушэньне парадку яго могуць і пазбавіць перадачы. Кантралёры, маючы адпаведны загад, а то і з сваёй ініцыятывы, «дапамогуць». Мяне зь іх «дапамогай» так пакаралі ўжо на другі тыдзень, што я быў у калёніі.

Атаварка

У турэмную краму па прадукты (гэта завецца ў калёніі «на атаварку») кожны атрад ходзіць тры-чатыры разы на месяц паводле раскладу, які штомесяц складаецца наноў. Расклад вывешваюць каля кожнай брыгады побач з раскладам выхаду на тэлефонныя званкі. За раскладамі трэба сачыць. Прапусьціш, спозьнісься з выхадам на шыхтаваньне — твая праблема, застанесься без «атаваркі».

Але трэба разумець, што зэкі ў краме грошай ня плацяць. Наяўных грошай у зэка няма і быць ня можа, бо лічыцца, што калі ў асуджаных на руках будуць грошы, дык яны пачнуць адзін у аднаго красьці, гуляць на іх у карты ды рабіць іншыя забароненыя рэчы. Грошы ляжаць на рахунку, адкрытым на імя кожнага вязьня. І на атаварку кожны можа патраціць штомесяц пэўную частку, ня болей.

Прычым для розных групаў асуджаных — розны ліміт грошай. «Жаўтабірачнікі», каго паставілі на ўлік як схільных да экстрэмізму, маюць права штомесяц патраціць толькі дзьве базавыя велічыні, у 2022 годзе гэта было 62 рублі, то бок амаль 25 даляраў. А для большасьці асуджаных ліміт быў пяць базавых, то бок пад 75 даляраў.

Ліст палітвязьня Алега Грузьдзіловіча

Аднак шмат хто зь вязьняў у нашым атрадзе такіх грошай на рахунку ня меў, нават і дзьве базавыя велічыні для іх былі недасяжнай марай. Адкуль іх узяць? Зарабіць 60 рублёў на промцы нерэальна, там нармальным лічыцца, калі за месяц налічваюць тры-пяць рублёў.

Што ж да дапамогі з волі ад бацькоў-сваякоў, дык шмат хто яе не атрымліваў увогуле ці атрымліваў мінімальную. З гэтай прычыны мой сусед Вадзім выходзіў на атаварку не часьцей як раз на месяц. Адшкадуе яму маці з пэнсіі 20-30 рублёў, пералічыць на рахунак, вось на іх і «шыкуе». За блёк танных цыгарэт (а гэта 10 пачкаў) трэба аддаць амаль 20 рублёў. Застаецца толькі на пачак кавы (хопіць на тыдзень), можа яшчэ нейкі пакунак печыва. Ды жменю карамэлек атрымае на рэшту — вось і ўся атаварка. Ужо праз тыдзень страляе цыгарэты. І такіх у атрадзе ня менш за палову.

А былі і тыя, хто ўвогуле ніякай хатняй дапамогі ня меў. Для іх падараваная цукерка — вялікая радасьць.

У нашай краме заўсёды можна было набыць наступныя прадукты: каўбасу, сасіскі ці сардэлькі, кандытарскія вырабы, рыбныя кансэрвы, сьметанковае масла, кансэрваваныя салаты, згушчонку ці сухое малако, сыр, гарбату, каву, джэмы, маянэз, кетчуп.

Паўтаруся, з цукеркамі, шакалядам, зэфірам і розным печывам праблем ніколі не было, а вось пра малочку, гародніну і асабліва садавіну гэтага ня скажаш. Але, паводле дасьведчаных зэкаў, узімку садавіны-гародніны ўвогуле няма, чаму можна паверыць. Бо нават у сярэдзіне лета 2022 году ў калёніі без абмежаваньняў я мог набываць у краме толькі цыбулю і часнык. Безь перабояў гандляваць агуркамі, памідорамі і яблыкамі крама пачала толькі ў канцы лета.

І гэта яшчэ ня ўся праблема. Таго, што зьявілася ў продажы, вязьню можа і не дастацца. Са мной некалькі разоў бывала, што пакуль да мяне даходзіла чарга, яблыкі канчаліся. Альбо рэгулярна зьнікалі тварожныя сыркі, бо на іх вельмі багата ахвотных — у калёніі шалёна адчуваецца недахоп кальцыю.

Дарэчы, каб захаваць адносную роўнасьць, у калёніі завялі адмысловую сыстэму. Паколькі асуджаныя заходзяць у краму па чарзе, складзенай адпаведна альфабэту, прыдумалі пэрыядычна мяняць адлік. То зьверху ўніз, то зьнізу ўверх. Калі першымі праходзілі ў краму вязьні прозьвішчамі ад А і ніжэй, дык наступным разам — ад Я і вышэй.

Канечне, лепш бы завозілі ў краму больш тварагу, яблык ці іншых дэфіцытаў, але чамусьці так наладзіць гандаль ніколі не ўдавалася. «А як тут прадугледзіш, чаго вам больш трэба?!» — адказвала прадавачка на прэтэнзіі, што сёньня няма згушчонкі. У выніку набралі сухога малака. А пазьней даведаліся, што і на волі згушчонка зьнікала з усіх крамаў і зьявілася, толькі калі значна падаражэла.

Сталоўка

Будынак для прыёму ежы займае на тэрыторыі калёніі цэнтральнае становішча, і гэта невыпадкова. Штаб недзе яшчэ на падыходзе да галоўнай дарогі, клюб збоку, побач з стадыёнам, а сталоўка — вось яна, як некалі абкам партыі, на цэнтральнай плошчы. За «трыюмфальнай аркай» у выглядзе брамы з калючым дротам наверсе і рыпучай форткай, толькі помніка Леніну не хапае, а так — атрыбутыка падобная. Лёзунг «Не згубі свой шанец на здаровае жыцьцё», газончыкі па баках, добра адрамантаваны фасад зь вялікімі літарамі «СТОЛОВАЯ». Відаць, каб зэкі не абазналіся, калі ў залеву ці сьнегапад будуць дабірацца сюды паасобку — гэта ў дрэннае надвор’е, дзякуй богу, дазваляюць.

Сама сталоўка двухпавярховая, з залямі памерам недзе 70 на 20 мэтраў на кожным паверсе і схаванай за сьцяной кухняй. Як байніцы, з кухні ў залю выглядаюць вакенцы, празь якія выдаюць дыетычнае харчаваньне. Зэкі, хворыя на цукроўку ці на іншыя хваробы са сьпісу Мінздароўя, прыходзяць да такіх вакенцаў па ежу паводле асобнага графіку.

На першым паверсе ёсьць куток з рукамыйнікамі — адзінае ў калёніі месца, дзе цячэ гарачая вада. Кранаў недзе восем. Але рукі перад ядой там мала хто мые, няма калі, трэба хутчэй заняць сваё месца за сталом. Часьцей мыюць лыжкі ўжо пасьля яды, тады стаіць амаль што чарга.

Ядуць зэкі за даўгімі сталамі ўпоперак залі. На бліжнім тарцы сталоў купкай стаяць кубкі з гарбатай ці з кампотам-кісялём, далей усё застаўлена міскамі з кашай. Падхопліваеш кубак і міску, прабіраесься паміж лаўкамі ўздоўж стала, кантралюеш пры гэтым кожны рух, каб, ня дай бог, не праліць каму гарбату на галаву, даходзіш да свайго месца на лаве і хуценька пачынаеш… Не, ня есьці. Яшчэ трэба пасьпець адламаць ад надрэзанага бохана кавалак белага хлеба. За чорны можна не перажываць, яго заўсёды хапае.

І толькі потым сядаеш, дастаеш з адмысловага скуранога чахольчыка лыжку, за ёю скрыначку з прыправай-сольлю, і вось тады — бярэсься за кашу.

«Смачна есьці» ці «Добрага апэтыту» суседзям па стале — гэта ўжо як падказвае культура. Большасьці не падказвае, хоць адгукаюцца звычайна ўсе, хто побач. На яду застаецца дзесяць хвілін. Крыху болей, калі гэта абед, бо ў тую ж міску, дзе быў суп, яшчэ пакладуць кашы з варанай каўбасой, па якую прыйдзецца прабірацца да баландзёра. Але бывае, што другая страва ўжо чакае ў асобнай місцы на стале. Тады абед канчаецца хутчэй.

Дарэчы, ніякай каманды «Ўстаць!» Пакуль ядуць, усе паглядаюць на атраднага заўгаса. Той, як наесца, ідзе да вакна і глядзіць на плошчу насупраць сталоўкі. Менавіта там шыхтуецца чарговы атрад, што паеў. Як месца вызваляецца і падыходзіць чарга нашага атраду, заўгас проста ідзе да лесьвіцы. Вось гэта і ёсьць сыгнал канчаць зь ежай і выходзіць на двор. Тады ўсе хуценька падымаюцца — даеў, не даеў, але бяжы ўніз і шыхтуйся.

Зразумела, ужо не зьвяртаюць увагі на лаўкі, на якіх сядзелі. Але ў карантыне вучылі, што пасьля яды лаўкі трэба падымаць на кранштэйны, прымацаваныя да сталоў. Толькі добрыя прыёмы хутка забываюць, тут іншыя рэаліі. Прыбяруць за намі баландзёры. Лічыцца, што ганарарам за дадатковую працу ім будуць лішнія катлеты. Ці чым там змогуць пажывіцца.

Драма: катлета і баландзёр

Кажуць, што парадкі ў атрадзе, дзе жывуць баландзёры, даволі строгія. Адзін з нашых хлопцаў тры гады таму пасьля карантыну быў трапіў у той атрад. Прабыў паўтара года і дзякуе лёсу, што ўдалося перавесьціся. «Ды гэта, блін, катарга!» — закончыў Мікалай аповед пра сваю кар’еру баландзёра.

Спачатку ён лічыў, што паколькі апынуўся блізка да кухні, дык пашанцавала. Будзе ня толькі хлеб, але і масла з катлетай. Толькі тая лішняя катлета на карысьць Мікалаю не пайшла. Крывіцца, як згадвае цяганьне па сталоўцы цяжкіх катлоў зь ежай, прыбіраньне посуду са сталоў, мыцьцё бруднай падлогі ў велізарным памяшканьні. А яшчэ — сваркі зь сябрамі за кавалак мяса.

«Бывала, за дзень не прысядзеш, ды на… той кусман! Тфу! Выносіў пад курткай паўбохана белага хлеба, дык кантралёры ўбачылі, спынілі. Пакаралі, а тады перавялі сюды. У роце меней, затое спакойны», — цяпер Мікалай турэмным лёсам больш-менш задаволены.

Сядзець яму яшчэ некалькі гадоў. Ходзіць на промку, дыхае мазутам, але трывае. З дому пераводамі ніхто яму не дапамагае, старая маці сама ледзь выжывае на малую пэнсію. Бывае, што зьбярэ невялічкую пасылку, вось і ўся падтрымка. Таму Мікалай жыве на тое, што тут заробіць. Каву купляе ў турэмнай краме на тыя некалькі рублёў, што налічаюць за працу на промцы. А цыгарэты здабывае тым, што адзін прыбірае «хату» і мые ўмывальнікі — за гэта хлопцы штомесяц плацяць яму па пачку цыгарэт кожны.

Але вярнуся за свой стол. За ім маглі ўсесьціся чалавек шаснаццаць, калі ўпрытык, але два-тры месцы, часьцей у абед ці вячэру, пуставалі. У такім выпадку лішняя капуста ці панцак з каўбасой даставаліся як дабаўка іншым вязьням. Але не тады, калі да кашы давалі катлету (раз на тыдзень такое здаралася). Тады ўлік быў звышдакладны. Баландзёры перад раздачай па некалькі разоў пералічвалі катлеты і зьвяралі з колькасьцю едакоў. Ня дай бог хто атрымае лішнюю.

Ах! Падсмажаная да бранзаватасьці бачкоў, таўсмаценькая, блякла-ружовенькая і сакавітая ўнутры спадарыня катлета! Дагэтуль галаву кружыць ад твайго паху, які крыху нагадваў водар ад дамашняй, бабулінай патэльні.

Так, турэмная катлета — сапраўдная радасьць беднага арыштанта. Шкада толькі, што ўсяго адна на тыдзень. Зь якой асалодай паспытаў бы цябе зноў, але ня дай бог вярнуцца ў тую халодную сталоўку з расчыненым вакном, у якое нахіліўся заўгас, а мы чакаем ягонага позірку, а пакуль не павярнуўся, запіхваем тую катлету ў рот, каб яшчэ пасьпець запіць яе кіславатым кампотам. Хутчэй!

  • Журналіст «Свабоды» Алег Груздзіловіч быў арыштаваны ў 2021 г., асуджаны на 1,5 году зьняволеньня і прызнаны палітвязьнем. Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі №15 пад Магілёвам. Выйшаў на волю ў верасьні 2022-га. Цяпер жыве ў Вільні.

Каментары7

  • mikola
    11.06.2023
    Shud ja vjazen Buhenvalda.....Ne ! Vjazan Magadana...Ni dai Bog nikomu !
  • Питон
    11.06.2023
    у меня только один вопрос: как это все помогает перевоспитаться?
  • Пляваць на нівіраятных, бо здайцы
    11.06.2023
    Вертухаі баяцца таго, чым караюць. Падказка для нівіраятных, матайце на вус)

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў3

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Падарыў кватэру сваяку, а пасля пашкадаваў. Ці можна адмяніць дагавор?

Фірма, якая належала мадэлі з Мінска, адпраўляла ў Расію брытанскую вайсковую оптыку6

У 52 гады памёр лукашэнкаўскі прапагандыст Дзмітрый Крат14

Блакітнае святло смартфонаў выклікае заўчаснае палавое даспяванне дзяцей — вучоныя2

СБУ паказала рэшткі расійскай ракеты «Арэшнік»1

Што ў згубленых пасылках, якія прадаюць па 10 рублёў? Журналісты правялі эксперымент

«Нібыта людзі з іншай планеты». Чым уразіла Беларусь замежнікаў, якія прыехалі па бязвізе14

Модны аўтамат з нашумелым кобрынскім марозівам паставілі ў Мінску2

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў3

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →