Гісторыя1212

Чамадан — вакзал — Расія! Адкуль гэтая фраза?

Фраза сёння настолькі звыклая і часта ўжываная, што складваецца ўражанне, што яна існуе столькі, колькі людзі вымушаны суіснаваць з «рускім светам». Але ўсё не так адназначна.

Скульптура «Чамадан — вакзал — Расія!» ва ўкраінскім сяле Памічна Кіраваградскай вобласці. Фота: Wikimapia

Не паглыбляючыся ў гісторыю, фраза з аднолькавай імавернасцю магла б узнікнуць і ў час распаду Расійскай імперыі, калі ўзнікалі новыя нацыянальныя дзяржавы, і ў час савецка-польскай ці савецка-фінскай войнаў, і напачатку Другой сусветнай вайны, калі Савецкі Саюз з Германіяй дзяліў Еўропу, і пасля яе — калі ўзнік Усходні блок сатэлітаў савецкай дзяржавы.

У кожны з гэтых перыядаў у многіх народаў існавалі важкія падставы, каб жадаць пазбавіцца ад прадстаўнікоў Расіі — перасяленцаў-каланістаў, грамадзянскай адміністрацыі ці вайскоўцаў — на сваёй тэрыторыі. 

На праверку фраза досыць маладая. І ўвесь час свайго існавання яна шырока выкарыстоўваецца ў СМІ, публіцыстыцы, навуковых артыкулах і выступах палітыкаў рознага ідэалагічнага кірунку. Прадрацца праз гэты пласт да вытокаў яе з'яўлення амаль немагчыма.

Сёння гэтая фраза шырока выкарыстоўваецца па-за межамі Расіі ў краінах, дзе засталося шмат рускамоўных жыхароў, многія з якіх не толькі патрабуюць культурнай аўтаноміі, на якую маюць законнае права, але і кардынальнай пераарыентацыі ўнутранай і знешняй палітыкі ў рэчышчы «рускага свету».

Натуральная рэакцыя астатняга насельніцтва — калі не падабаецца жыць з намі, паспрабуйце жыць у тым свеце, пра які так марыце. Гэтая рэакцыя абурэння і фармалізуецца ў фразе «чамадан, вакзал, Расія».

Не менш часта да яе звяртаюцца ў расійскіх патрыятычных колах: ад тых, хто настальгуе па агульнай савецкай Радзіме, да ўльтраправых нацыяналістаў. Гэтай фразай выкрываецца ўся сутнасць антырасійскай палітыкі і русафобскіх настрояў грамадстваў краін, якія акружаюць Расію з усіх бакоў.

Найранейшыя прыклады ўжывання словазлучэння «чамадан — вакзал» у Нацыянальным корпусе рускай мовы. Скрыншот сайта

У Нацыянальным корпусе рускай мовы найбольш ранняя згадка словазлучэння «чамадан — вакзал» сустракаецца ў газеце «Известия» за люты 2002 года, дый то там фраза заканчваецца «сталіцай». 

«Гугл Кнігі», якія змяшчаюць амаль усю рускамоўную літаратуру і перыёдыку за апошнія стагоддзі, дазваляюць шукаць глыбей, праўда, у большасці выпадкаў карыстальнікам паказваецца толькі невялікі фрагмент тэксту, якога часта дастаткова, каб зразумець кантэкст ужывання.

Неверагодная колькасць згадак гэтай фразы прыпадае на 2020-я гады і публікацыі, якія прысвечаны расійска-ўкраінскаму канфлікту з пазіцый расійскай дзяржаўнай ідэалогіі.

Але калі наладзіць пошук на 20 стагоддзе, то геаграфія змяняецца. Гэта ўсё яшчэ «рускамірныя» патрыятычныя публікацыі, праўда, цяпер гаворка ідзе пра краіны Балтыі, Азербайджан, але ў большасці выпадкаў у 1990-х гадах фразу згадваюць у кантэксце нядаўніх падзей у Малдове часоў «перабудовы».

Малдаўская «перабудова»

У другой палове 1980-х гадоў абвешчаная генсекам Міхаілам Гарбачовым палітыка «перабудовы» сацыяльна-эканамічнага развіцця і «галоснасці» абудзіла грамадскую актыўнасць па ўсім Саюзе. Пачалі з’яўляцца «нацыянальныя франты» ў падтрымку перабудовы. У нацыянальных рэспубліках з прычыны супярэчнасцяў паміж імі і цэнтрам і недальнабачнай палітыкі савецкага кіраўніцтва, якое не ведала, што з гэтай падтрымкай рабіць і нават асцерагалася іх, вельмі хутка перайшлі на пазіцыі нацыянальнага самавызначэння і атрымання суверэнітэту. 

Антысавецкія пратэсты ў Кішынёве ў 1989 годзе. Патрабуюць не вырашэння нацыянальнага пытання, а адстаўкі савецкага кіраўніцтва і свабоды прэсы. Фота: Wikimedia Commons

У Малдове, як і ў балтыйскіх рэспубліках, сярод эліт востра стаялі два пытанні: пытанне захавання нацыянальнай самаідэнтычнасці ва ўмовах русіфікацыі і засялення рэспублікі выхадцамі з Расіі і законнасці ўваходжання ў склад СССР.

Дзякуючы ціску балтыйскіх рэспублік савецкія ўлады былі вымушаны прызнаць сапраўднасць сакрэтнага пратакола да пакта Молатава-Рыбентропа, паводле якога размяркоўваліся сферы ўплыву паміж нацысцкай Германіяй і Савецкім Саюзам. Менавіта заключэнне гэтага пакту дазволіла СССР у 1940 годзе заявіць Румыніі ўльтыматум, каб адарваць ад яе Бесарабію, на тэрыторыі якой была створана Малдаўская ССР.

Гэта таемная дамова з нацысцкай Германіяй разбурала легітымнасць уваходжання краю ў склад Савецкага Саюза. Пад уладай Масквы Бесарабія актыўна русіфікавалася і засялялася перасяленцамі з іншых савецкіх рэспублік. Румынская мова стала называцца малдаўскай, каб разбурыць гістарычную сувязь з Румыніяй, а яе графіка пераведзена з лацінскай на кірылічную — лічылася, што так насельніцтва прасцей і хутчэй зможа засвоіць рускую мову. 

У часы «перабудовы» нацыянальная мова і культура былі ўжо ў глыбокім заняпадзе — ва ўсіх сферах дамінавала руская мова, а немалдаўскае насельніцтва ў гарадах на той час складала больш за траціну.

Мясцовы «народны фронт», які ўзнік у 1988 годзе, перайшоў з пазіцыі захавання савецкай дзяржавы ў новым фармаце на пазіцыі нацыянальнага адраджэння і ўз'яднання з Румыніяй. 

Мітынг у Кішынёве з патрабаваннем прызнаць малдаўскую мову дзяржаўнай. 20 мая 1989. Фота: ТАСС

27 жніўня 1989 года ў Кішынёве адбыўся буйнамаштабны мітынг, на якім было прапанавана прызнаць малдаўскую мову ў лацінскай графіцы адзінай дзяржаўнай мовай, што і было зроблена праз некалькі дзён. 

У процівагу гэтаму народнаму руху ў прамысловым Прыднястроўі, населеным пераважна рускамоўнымі і абураным такой «дыскрымінацыяй», узнік рух, які патрабаваў замацаваць двухмоўе ў краіне і кірылічную графіку для малдаўскай мовы, якой самі «прыднястроўцы» не карысталіся і асабліва не ведалі. У рэгіёне супраць «малдавізацыі» праходзілі маштабныя забастоўкі.

Іхнія патрабаванні ніхто задавольваць не збіраўся, таму ў канцы 1989 — пачатку 1990 года адбыліся рэферэндумы, на якіх насельніцтва рэгіёна выказалася за стварэнне аўтаномнага Прыднястроўя. 

Рух супраціву малдавізацыі і ўз’яднанню з Румыніяй узнік і ў іншым кутку краіны, дзе пражывала спрэс русіфікаваная гагаузская меншасць — барацьба тут вялася быццам бы за нацыянальнае самавызначэнне, але па факце аказалася барацьбой за «рускі свет», дзе няма нават школ з выкладаннем на гагаузскай мове.

Народны фронт, які прыйшоў да ўлады праз выбары, узяў курс на далучэнне да Румыніі. Паміж яго прыхільнікамі і праціўнікамі адбываліся адкрытыя сутыкненні. Малдаўскія нацыяналісты паводзілі сябе агрэсіўна ў дачыненні да нацыянальных меншасцей. Існавала рэальная пагроза грамадзянскай вайны ў краіне.

У Гагаузіі ваенны канфлікт удалося прадухіліць, але ў 1992 годзе кроў пралілася ў Прыднястроўі, калі малдаўскія ўлады паспрабавалі вырашыць сілай пытанне сепаратысцкага рэгіёна.

Па слядах лозунгаў

Надпіс «Акупанты ідзіце дадому» ў час уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію. Фота: Радыё Свабода

Як бачна з вышэй апісанай палітычнай сітуацыі ў Малдове, з'яўленне фразы «Чамадан — вакзал — Расія!» у вуснах малдаўскага насельніцтва было б цалкам натуральным.

У самой фразе нічога сутнасна новага няма — гэта сумесь лозунгаў кшталту «Германія для немцаў», якія выказваюць усе радыкальныя нацыяналістычныя рухі, перакананыя ў тым, што нейкая краіна створана толькі для аднаго народа, і вызвольных лозунгаў кшталту «Акупанты, ідзіце дадому», якія гучалі, напрыклад, у часы ўводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію.

Надпіс на машыне «Ідзіце дадому, гарэлкі няма!» у час уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію. Фота: Радыё Свабода

Але з лозунгам «Чамадан — вакзал — Расія!» насамрэч не ўсё так адназначна. На працягу дзесяцігоддзя ўжываецца ён прыкладна ў аднолькавых крыніцах і з адной мэтай:

«Лозунг, кінуты ў 1989-1990 гг. «гарачымі галовамі» і не падтрыманы народам Малдовы» — з кнігі «Политический шмекеризм в Молдове» 1999 года.

«У Балтыі першымі заскандавалі на мітынгу: «Чамадан вакзал Расія!» яшчэ ў годзе восемдзесят восьмым. Кліч быў падхоплены ў Малдавіі і ва Украіне, у Цэнтральнай Азіі і ў Закаўказзі, на Паўночным Каўказе», — з кнігі «Тайны уходящего века» 1998 года.

«Лозунг «Чамадан — вакзал — Расія» стаў звычайным для нацыяналістычных маніфестацый. Экстрэмісцкая частка грамадства, уніяністы (прыхільнікі далучэння Малдавіі да Румыніі) яшчэ да ліквідацыі СССР высунулі палітычную праграму, арыентаваную на выхад з Савецкага Саюза, вывад з Малдавіі «арміі акупантаў», аб'яднанне ў «незалежную дэмакратычную Малдову ўсіх акупаваных румынскіх зямель» — Бесарабіі, Прыднястроўя, Паўночнай Букавіны і шэрагу раёнаў поўдня Украіны — з наступным іх далучэннем», — з публікацыі ў зборніку «Этнополитические конфликты в посткоммунистическом мире» 1996 года. 

«І ведаю, што расце спіс ахвотных памяняць Кішынёў на… Куды, усё роўна. Чамадан, вакзал, Расія? І на касеце дрыготкі голас малдаўскай радыёжурналісткі з Дубасараў», — з артыкула ў маскоўскай газеце «Огонек» 1991 года.

Публікацыя ў газеце «Огонек» — найбольш ранні прыклад ужывання фразы. Ніводная крыніца за 1990, 1989 ці 1988 гады не падае нічога нават набліжанага да яе.

Узняцце нацыянальнага сцяга над будынкам Вярхоўнага савета ў Кішынёве. 1990. Фота: Wikimedia Commons

Поруч з антысемітызмам

Поруч з «Чамадан — вакзал — Расія!» таксама нярэдка ў звязцы ідуць і больш радыкальныя лозунгі «Утопім рускіх у яўрэйскай крыві!» і «Яўрэяў — у Днестр, рускіх за Днестр!». Можа, яны прывядуць да першакрыніцы?

«У верасні 1988 г. быў апублікаваны «Ліст 66» прадстаўнікоў малдаўскай інтэлігенцыі, у якім вылучаўся ўльтыматум прызнаць дзяржаўнай толькі малдаўскую мову на аснове лацінскай графікі. Увосень таго ж года ў СМІ з'явіліся антырускія публікацыі, у Кішынёве прайшлі дэманстрацыі і мітынгі, на якіх гучалі ўсё больш радыкальныя заклікі часоў румынскага дыктатара Антанеску: «Рускіх за Днестр, яўрэяў у Днестр!», «Утопім рускіх у жыдоўскай крыві!»

Шматтысячныя натоўпы нацыяналістаў, якія бесперашкодна маршыравалі і бясчынствавалі на вуліцах малдаўскай сталіцы, выкарыстоўвалі лозунгі не толькі часоў Антанеску, але і сучасныя перабудоўныя — «Малдавія для малдаван!», «Чамадан — вакзал — Расія!», «Умыем рускай крывёю асфальт!» і інш.» — з кнігі «История Приднестровской Молдавской Республики» 2000 года.

«А вось там, у Прыднястроўі, у Кішынёве, былі мітынгі, на якіх лозунгі былі такія: «Утопім рускіх у яўрэйскай крыві!». Я яшчэ ў Маскве чуў пра іх, але думаў: можа, гэта, як бывае, міфы ствараюцца. Пачаў там распытваць. І сустрэў людзей, якія мне гаварылі: «Так, я сам бачыў такі лозунг, яшчэ і іншы: «Яўрэяў — у Днестр, рускіх за Днестр!». І хоць бы адзін чалавек тут, у сталіцы Расіі выступіў з пратэстам супраць гэтага, назваў гэта антысемітызмам!» — з кнігі Ігара Шафарэвіча «Сочинения в 3-х томах» 1994 года.

Бітва за Бендэры ў час Прыднястроўскага канфлікту. 1992. Фота: Wikimedia Commons

«Па тым жа сцэнары, здавалася, ішоў і працэс у Малдавіі: забойства 17-гадовага Дзмітрыя Мацюшына на нацыянальнай глебе, збіццё гагаузскіх і прыднястроўскіх дэпутатаў, бурныя дэманстрацыі пад лозунгамі «Чамадан, вакзал, Расія» або «Шагай, рускі Іван, чакае цябе Магадан», лютыя «13 строф пра манкуртаў» вядомага паэта Рыгора Віеру сканчаюцца воклічам: «Пайшлі прэч, дрэнь!», намёкі на «мільён кватэр», якія неўзабаве вызваляцца», — абвяшчае артыкул у расійскай газеце «Наш современник» № 2 за 1991 год.

Аўтарамі артыкула пад назвай «Славянские ручьи», якая адсылае да знакамітага верша Аляксандра Пушкіна, упадабанага адэптамі «рускага свету», з'яўляюцца эканаміст Пётр Ганчароў і гісторык Ксенія Мяла.

Аўтарытэтныя людзі, калі не ўчытвацца ў іхнія біяграфіі: Мяла — праваслаўная камуністка, якая нарадзілася на тэрыторыі Малдаўскай АССР, але ўсё жыццё пражыла ў Маскве. У 1990-я гады яна была членам чарнасоценскага Усерасійскага нацыянальнага правага цэнтра. То-бок рускія нацыяналісты вінавацілі малдаўскіх нацыяналістаў ў антысемітызме, на грунце якога чарнасоценцы і з'явіліся.

Пра збіццё на вакзале яўрэяў, якія з'язджалі з Малдовы, і лозунгі «Рускіх — за Днестр, яўрэяў — у Днестр!» і «Утопім рускіх у жыдоўскай крыві!» пісалі таксама са спасылкай на «Гласность» за 1990 год, штотыднёвы дадатак да часопіса «Известия ЦК КПСС». Крыніца ангажаваная і прадузятая, калі не сказаць маргінальная. 

Плакат «Смірноўцы! Прэч з Малдавіі». Рускі Ігар Смірноў — лідар Прыднястроўя і яго галоўнакамандуючы ў час узброенага канфлікту.

Ізноў усё ўпіраецца ў крыніцы пачатку 1990-х, якія апісваюць падзеі мінулых гадоў.

Дадатковы пошук па гэтых антысеміцкіх лозунгах прыводзяць да кнігі пачатку 2000-х гадоў, напісанай «прыднястроўцам» Яфімам Бершыным, у якой той сцвярджае, што гэтыя лозунгі «метровымі рускімі літарамі» зіхацелі на будынку Вярхоўнага Савета.

Ён жа бачыў на будынку парламента ў Кішынёве плакат «Гагауз добры толькі мёртвы», надпіс з якога прыводзіцца ў публікацыях побач з антырускімі і антыяўрэйскімі лозунгамі. Ён жа спыняецца і перакладае «13 строф пра манкуртаў» Грыгорэ Віеру. І больш ніхто пра іх разам не згадвае.

Выглядае так, што Бершын або «ненадзейны сведка», чые ўспаміны — гэта кампіляцыя газетных выразак за мінулыя гады, успрынятых ім самім як уласныя ўспаміны, або ён — адзіная крыніца ўсіх тых лозунгаў, якія распаўзліся па публікацыях расійскіх нацыяналістычных і прасавецкіх выданняў 1990-х гадоў. 

Народная творчасць ці свядомы ўкід?

Усе пералічаныя гэтыя лозунгі маглі мець месца, бо ад радыкалаў можна пачуць і страшнейшыя рэчы.

Але ва ўсёй гэтай гісторыі звяртае на сябе ўвагу такая нестыкоўка — ва ўсіх выпадках прыпісваецца гэтая фраза малдаванам ці прыбалтам, гаворка ідзе пра часы «народных франтоў», то-бок пра 1988-1989 гады.

Але найранейшыя згадкі пра «чамадан — вакзал» (з любой з магчымых канцовак) датуюцца пазнейшымі гадамі. І ўсе яны рэтраспектыўныя — пра падзеі мінулага, а не пра тагачасныя падзеі.

Вельмі дзіўна, што ні адна крыніца не засведчыла гэтую і іншую ксенафобскія фразы ў моманце, быццам ніхто не заўважыў іх у разгар канфлікту, а прыгадалі толькі значна пасля. Пры тым, што выданні 1970-1980-х таксама ёсць у вольным доступе і праіндэксаваны пошукавікамі. 

Яшчэ больш дзіўныя сцвярджэнні пра плакаты і транспаранты з гэтымі лозунгамі, якія быццам выкарыстоўваліся нацыяналістамі на мітынгах.

Падзеі таго пераломнага часу не засталіся па-за аб’ектывамі фота– і відэакамер, але дагэтуль ніводнага візуальнага пацвярджэння не адшукана — іначай яго б бясконца тыражавалі ўсе зацікаўленыя ў гэтым рэсурсы.

Фотаздымак, паказаны як доказ расстрэлу мірнага насельніцтва на Беласточчыне з выкарыстаннем бэчэбэ-сімволікі. Кадр з праграмы «Неверагодны фашызм»

Фотаздымак, зроблены на акупаванай тэрыторыі Івана-Франкоўскай вобласці Украіны, які Марзалюк выдаваў за забойства мірнага насельніцтва Беласточчыны беларускімі калабарацыяністамі, якія выкарыстоўвалі бчб-павязкі. Кадр з праграмы «Неверагодны фашызм»

Гэтая сітуацыя моцна нагадвае спробу беларускай прапаганды раскруціць сцвярджэнне, што пад бела-чырвона-белым сцяг калабарацыяністы быццам бы забівалі мірных беларусаў — гучыць моцна, абвергнуць немагчыма, але ніводнай пісьмовай згадкі і ніводнага фотадоказу гэтага не існуе. І гэта ўжо стала агульным месцам для антынацыянальных сіл — яны бясконца спасылаюцца самі на сябе ў гэтым пытанні.

Усё наводзіць на думку, што фраза «Чамадан, вакзал, Расія» была штучна сканструявана (ці штучна раздзьмута) для ачарнення ўсіх нацыянальных і дэмакратычных рухаў у савецкіх рэспубліках, а пасля пайшла ў народ.

Насельніцтва новых рэспублік звыклася з абвінавачваннямі ў гэтым і іншых грахах супраць «вялікага брата», а пасля апрапрыявала фразу — пачало шырока выкарыстоўваць менавіта так, як апісвала расійская прапаганда.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ
 

Каментары12

  • *_*
    20.06.2024
    Скульптура «Чамадан — вакзал — Расія!»

    чамадан-трыкалор на чырвона-зялёнай цялеге

    https://nashaniva.com/345207

  • Янка Купала
    20.06.2024
    Заспрачаўся кажух з ватай,
    Адагнаўшы згоду,
    Хто з іх лепшы, карыснейшы,
    Хто якога роду.

    Вата кажа: «Што ты значыш
    Мне, кажух касматы?
    Я чужыя знаю землі —
    Ты ж — сяло ды хату!»

    «Праўда, праўда,— тут гаворыць
    Ёй кажух-маруда,—
    Я жыхар зусім тутэйшы,
    Ты ж адно — прыблуда!»

    1913
  • Так
    20.06.2024
    ад тых, хто настальгуе па агульнай савецкай Радзіме, да ўльтраправых нацыяналіста
    А дзе тэрмін ультралевых на камуністаў і розных homo sovieticus?

    Ці "ультра" могуць быць толькі з аднаго боку, бо такая мода так пісаць у некаторых СМІ?
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Знікненне спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай. Усё важнае, што вядома на гэты момант25

Знікненне спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай. Усё важнае, што вядома на гэты момант

Усе навіны →
Усе навіны

Візіт Вэнса ў Грэнландыю: віцэ-прэзідэнт ЗША распавёў пра пагрозы з боку Расіі і паабяцаў не ўжываць сілу1

У Мінску створаць першы атрад народнага апалчэння5

У Каардынацыйнай радзе новы спікер пасля знікнення Анжалікі Мельнікавай20

Больш за 1000 чалавек загінулі ў выніку землятрусу ў М'янме

У беларускай гімназіі ў Вільні з'явяцца дадатковыя месцы. Але заяўкі трэба пакідаць зараз2

«Ферментаваны напой, скарбніца прабіётыкаў». Захад з захапленнем адкрыў для сябе квас27

Анжаліка Мельнікава вылецела з Польшчы ў Вялікабрытанію11

Расіяне атакавалі беспілотнікамі Дняпро

У Баранавіцкім раёне знік 10-гадовы хлопчык

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Знікненне спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай. Усё важнае, што вядома на гэты момант25

Знікненне спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай. Усё важнае, што вядома на гэты момант

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць