Кіно

Нікалас Кейдж у найлепшай форме ў дзіка смешнай камедыі «Сцэнар мары»

Кар'ера Нікаласа Кейджа зведала мноства паваротаў. Але яго апошняя роля, калі ён грае прафесара-неўротыка, які раптоўна пачынае з'яўляцца ў снах розных людзей, — адна з яго найлепшых, піша Кэрын Джэймс у аглядзе для BBC.

Nicolas Cage
Нікалас Кейдж у «Сцэнары мары» (Dream scenario). Фота: A24 / AP

У гэтай вар'яцкай змрочнай камедыі, якая ўжо выйшла на экраны ў ЗША і Вялікабрытаніі, гледачы становяцца сведкамі супрацы эксцэнтрычнага Нікаласа Кейджа — зоркі, якая не паддаецца класіфікацыі, і рэжысёра з на дзіва з'едлівым уяўленнем — Крыстафера Борглі. Кейдж грае Пола, несамавітага прафесара, які знянацку пачынае з'яўляцца ў снах іншых людзей — спачатку толькі сваёй сям'і, а затым сваіх студэнтаў і незнаёмцаў па ўсім свеце.

Пол абсалютна нязграбны ў стасунках з іншымі людзьмі і выглядае як тыповы прафесар — лысеючы, у акулярах у драцяной аправе і з барадой. Ён просіць прабачэння ў калегі па аспірантуры, чыя нядаўняя публікацыя запазычыла смутную ідэю, выказаную Полам дзесяцігоддзі таму. І ён спадзяецца знайсці выдаўца для акадэмічнага даследавання ў галіне эвалюцыйнай біялогіі — яго кнігі пра мурашак — хоць ён яшчэ не пачаў пісаць ні яе, ні што-небудзь яшчэ.

Аднак усё мяняецца, калі Пол пачынае з'яўляцца ў снах незнаёмцаў — на заднім фоне, як бяскрыўдны пасіўны назіральнік. Гэтая невытлумачальная з'ява шырока распаўсюджваецца, і Пол пачынае атрымліваць асалоду ад віруснай славы, якую ён прымае абсалютна бесцырымонна, як нешта, што, на яго думку, з самага пачатку мусіла яму належаць. Яго вучні нарэшце пачынаюць старанна вучыцца. І ён нават становіцца аб'ектам эратычнай цікавасці (хоць гэта не самая прыемная сцэна).

Усё развіваецца цудоўна, пакуль зноў не адбываецца нечаканы паварот — Пол з’яўляецца ў снах, але цяпер гэта жорсткія кашмары, якія прымушаюць людзей баяцца яго ў жыцці так, як калі б ён быў Фрэдзі Кругерам. Неўзабаве кашмарная версія Пола пачынае жыць уласным жыццём, якое не мае ніякага дачынення да таго, што ён напраўду сказаў ці зрабіў.

У інтэрв’ю Кейдж зазначыў, што «ў яго быў жыццёвы досвед, звязаны з вобразам Ніка Кейджа ў інтэрнэце», і гэты досвед даў яму магчымасць пераканаўча сыграць свайго героя ў «Сцэнары мары».

Акцёр робіць Пола настолькі выбітным і годным даверу, што фільм ніколі не становіцца метафільмам, як леташняя сатыра «Невыносны цяжар вялізнага таленту», у якой Кейдж сыграў выдуманую версію свайго «я», што стала мемам.

Больш, чым проста камічная гісторыя

Вы можаце атрымаць асалоду ад «Сцэнара мары» як ад проста камічнай гісторыі, але варта прызнаць, што ён заслужана мае большыя амбіцыі і дасягае большага. «Гэта сюррэалістычная фантастычная сатыра пра небяспечную прастору сацыяльных сетак і прыроду віруснай славы, пра нешта, да чаго імкнецца ці пра што марыць кожны — магчымасць стаць зоркай, нягледзячы — ці нават дзякуючы адсутнасці ўсякіх дасягненняў», — піша кінакрытык Пітэр Брэдшоу. На яго думку, «Сцэнар мары» — стрыечны брат «Быць Джонам Малкавічам» Спайка Джонза і «Жыцця наяве» Рычарда Лінклейтэра, і ён вельмі займальны; гэты фільм адначасова на дзіва бесклапотны і цяжкі ад пагрозы».

Яшчэ ў большай ступені, чым уплыў сацыяльных сетак і вірусная слава, стужка даследуе чалавечае несвядомае і тое, як яно ўплывае на паўсядзённае жыццё — як кашмары Пола ўплываюць на яго сям'ю і кар'еру. Фільм напраўду заглыбляе ў «трусіную нару» чалавечага несвядомага, так, што становіцца складана адрозніць, дзе сон, а дзе рэальнасць.

Апошняя частка фільма здаецца не такой займальнай, як пачатак і сярэдзіна, адзначаюць крытыкі. Кіраўнікі агенцтва спрабуюць дапамагчы Полу атрымаць выгаду з яго славы, распрацоўваючы «схаваную рэкламу» (продакт-плэйсмент) — ідэя, якая магла б быць больш смешнай, чым яна паказана ў фільме. Тым не менш, гэтая стужка з вялікай доляй імавернасці вам запомніцца. Будзе кампліментам сказаць, што вы можаце сысці з незвычайным адчуваннем, што ўвесь гэты час былі ў сне іншага чалавека.

Больш пра кіно:

Дзесяць новых серыялаў: вось што можна паглядзець

Выйшаў беларускі серыял «Працэсы». Расказваем, чаго чакаць

Вялікая іронія, развагі пра волю выпадку і маляўнічы восеньскі Парыж — якім атрымаўся 50-ты фільм Вудзі Алена

Каментары

Цяпер чытаюць

На Шры-Ланцы ў 37 гадоў памёр беларускі кінапрадзюсар Андрэй Маталыга3

На Шры-Ланцы ў 37 гадоў памёр беларускі кінапрадзюсар Андрэй Маталыга

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка: Да канца гэтага года мы павінны мець свае боепрыпасы да артылерыйскіх сістэм38

Урад Ціханоўскай прыняў пастанову «Аб беларускім партызанска-супраціўным руху»25

У Будслаўскім касцёле люты холад: прыхаджане стаяць у пухавіках і шапках, а святары адпраўляюць службу ў пальчатках4

Міжнародная ліга КВЗ спыняе сваю працу ў Мінску пасля 12 гадоў3

Ад 7 еўра за гадзіну на будоўлі ў Гамбургу да 14 еўра на Алімпіядзе ў Парыжы: досвед беларуса пра заробкі ў Еўропе6

Сёння ўначы было амаль да 30 градусаў марозу

Канец эпохі цалкам бясплатнага ШІ? У ChatGPT з'яўляецца рэклама, і вось як яна будзе выглядаць4

Маладую фатографку з Баранавічаў асудзілі за палітыку. Яна толькі нядаўна стала мамай2

У Гомелі кіроўца трапіў у занос і вылецеў на прыпынак з людзьмі. Цудам усё скончылася добра ВІДЭА2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На Шры-Ланцы ў 37 гадоў памёр беларускі кінапрадзюсар Андрэй Маталыга3

На Шры-Ланцы ў 37 гадоў памёр беларускі кінапрадзюсар Андрэй Маталыга

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць