Спорт

«Навошта вы змагаецеся? Не трэба нікуды выходзіць». Кіраўнік футбольнага «Нафтана» расказаў, як клуб тапіла само кіраўніцтва прадпрыемства

Старшыня наваполацкага футбольнага клуба «Нафтан» даў інтэрв'ю выданню football.by, у якім расказаў, як ранейшы клуб, уладальнікам якога быў завод «Нафтан», практычна спыніў сваё існаванне, а замест яго стварылася новая структура. І раскрыў цікавую перадгісторыю гэтага.

Дзмітрый Бандарчук

Паводле тлумачэння Дзмітрыя Бандарчука, сёння ў Наваполацку існуюць два клубы. Першы, які ўзначальвае ён — гэта грамадскае аб'яднанне «ФК «Нафтан». А другі — дзяржаўная спартыўная ўстанова «ФК «Нафтан-Наваполацк». Апошняму 31 снежня канчаткова перадалі амаль усю інфраструктуру і ўласнасць, а 21 снежня падпісалі пагадненне аб перадачы новаму клубу футбольнай дзейнасці і спартыўных правоў.

Тое, што адбылося, Бандарчук называе не рэарганізацыяй, а «своеасаблівым захопам». І тлумачыць, як усё адбывалася ў Наваполацку:

«Улетку 2022-га, калі мы гулялі яшчэ ў першай лізе, генеральны дырэктар завода «Нафтан» — а ім тады быў Андрэй Сойка — запытаўся, як справы. Каманда ішла ў групе лідараў і змагалася за вяртанне ў вышэйшую лігу. Я і адказаў: «Змагаемся, працуем». На што пачуў: «А навошта вы змагаецеся? Не трэба нікуды выходзіць». Здзівіўся: «У сэнсе?» А мне: «У прамым. Выхад у вышэйшую лігу пацягне павелічэнне бюджэту. Таму не трэба. Я вам забараняю».

Бандарчук, па яго словах, тлумачыў, што ён не можа, раней матывуючы футбалістаў да змагання, цяпер змяніць пазіцыю на адваротную і загадаць ім займацца на полі сімуляцыяй:

«Па-першае, гэта як мінімум крымінальна каральнае дзеянне. Па-другое, футбалісты пакруцяць пальцам ля скроні, скажуць: «Звар'яцеў» і зробяць на злосць мне. Па-трэцяе, у мяне ёсць здаровыя спартыўныя амбіцыі. І, акрамя гэтага, змены ў 191-ы ўказ, якія ўступілі ў сілу, робяць немагчымым існаванне клуба ў першай лізе».

Але ў выніку Сойка нібыта скончыў размову такімі словамі:

«Я вам сказаў. Вы мяне пачулі. А далей рабіце што хочаце. Грошай не будзе».

Далей на кіраўніцтва клуба працягваўся ціск у тым жа кірунку на розных узроўнях. Між тым змены ў 191-ы ўказ з 1 ліпеня 2022-га забаранялі выплачваць заробкі гульцам у першай лізе.

«Дык вось, калі б тады клуб не вярнуўся ў вышэйшую лігу, то летась, застаўшыся ў першай, пры тых умовах фінансавання, якія ў нас былі б, я не змог бы плаціць заробак футбалістам «Нафтана». Падкрэслю — менавіта футбалістам. Таму што, да прыкладу, і кіроўцу аўтобуса, і трэнерскаму штабу — можна. А вось гульцам — нельга. На жаль, вось такі закон. І я разумеў, што апошні шанец выратаваць клуб — абавязкова вярнуць яго ў вышэйшую лігу. Гэта значыць ні ў якім разе не весціся на тыя самыя «просьбы», указанні і распараджэнні», — тлумачыць сваю пазіцыю Бандарчук.

У вышэйшую лігу «Нафтан» усё ж тады выйшаў, і гендырэктар прадпрыемства нібыта пасля таго выразна сказаў: «Вы не выканалі маё даручэнне, таму грошай вам не будзе. Калі прыйшлі сюды, не думайце, што мы вам будзем іх выдзяляць».

Пасля таго, як сцвярджае Бандарчук, «я стаў падключаць адміністрацыйны рэсурс, прычым гарадскога было відавочна недастаткова», і гэта спрацавала: «Як ні дзіўна, гендырэктара завода прымусілі даць грошы». Але пры гэтым той сказаў: «Дам грошай, але пры адной умове: гэта апошні год, калі завод фінансуе клуб у такім статусе. Няхай яго забірае сабе горад, і гэта будзе ўжо яго галаўным болем».

Пры гэтым Андрэй Сойка заявіў, што «не выдзелю сродкі датуль, пакуль не будзе распрацаваны і пачне выконвацца план мерапрыемстваў». Тады

«план хутка стварылі і намінальна сталі яго выконваць. Сфармавалі працоўную групу, пратакол нейкі напісалі. Але ўсе разумелі, што гэты гендырэктар дапрацоўвае на сваёй пасадзе апошнія месяцы. І мы рабілі гэта ў надзеі, што пасля яго сыходу план мерапрыемстваў будзе забыты і сыдзе на нішто».

Часткова гэтыя разлікі спраўдзіліся, бо Андрэй Сойка сапраўды неўзабаве прадпрыемства пакінуў. Але лягчэй ад гэтага надта не стала: 

«Кіраўніцтва горада мне адкрыта казала: «Нам футбол не патрэбны. Дастаткова хакея, біятлона, лыжных гонак, басейнаў, школ, дарог, бальніц. Так што на клуб не прэтэндуем». Пры гэтым новаму дырэктару завода таксама было не да гэтага. Я з ім сустрэўся, распавёў, што вось такая гісторыя. Ён мне: «Ды гэта трызненне нейкае. Клуб ваш гораду дакладна не патрэбны».

Але пасля аказалася, што горад усё ж уступіў у гульню, бо зверху ідзе ўстаноўка:

«Пазіцыя Мінспорту ясная: каб такіх клубаў, як мы, было як мага менш — або ў ідэале не было наогул. Таму што яны дрэнна кіраваныя, маюць пэўную самастойнасць і, на думку Мінспорту, кепска кіруюцца праз дзяржаўную вертыкаль — аблвыканкамы, аддзелы ўпраўлення спорту і гэтак далей». 

Таму «наваполацкі выканкам стварыў і зарэгістраваў новы клуб, стаўшы яго 100-працэнтным заснавальнікам». А спробы супраціву не дапамаглі:

«У выніку ўлада нас даціснула. Склікалі агульны сход членаў нашага клуба, каб галасаваць і іншае. Большасці членаў клуба абсалютна без розніцы, якая арганізацыйна-прававая форма клуба — і хто ім будзе налічваць заробак. Прычым усе, уключаючы і мяне, разумеюць, што ўся маёмасць і інфраструктура клуба былі створаныя за сродкі нашага наваполацкага НПЗ. Вось людзі і прагаласавалі за тое, каб перадаць гэта новаму клубу — усе, акрамя мяне і яшчэ пары чалавек». 

Узначаліў новы клуб былы дырэктар Полацкага фізкультурна-спартыўнага комплексу Аляксей Ванько, па словах Бандарчука, «чалавек, які абсалютна не мае дачынення да футбола. Не ведаю, ці глядзеў яго хоць бы па тэлевізары». Перспектывы новага клуба пры такіх падыходах Дзмітрый Бандарчук ацэньвае негатыўна: «Калі на працу бяруць такіх менеджараў, якія не ведаюць, куды ім бегчы і што рабіць, то нічога добрага з гэтага не будзе». 

Каментары

Арыштавалі 58-гадовую гаспадыню аграсядзібы з Баранавічаў, якая была прэтэндэнтам на прэзідэнцкіх выбарах — 20205

Арыштавалі 58-гадовую гаспадыню аграсядзібы з Баранавічаў, якая была прэтэндэнтам на прэзідэнцкіх выбарах — 2020

Усе навіны →
Усе навіны

10 фільмаў, якія не варта прапусціць у 2025-м

«Кіраўніцтва БНФ абяцала кожнаму ўдзельніку па адной сасісцы». Што пішуць у метадычках для ідэолагаў16

У Аўстраліі памёр кракадзіл Бёрт — зорка культавага ў 1980-я фільма «Дандзі па мянушцы «Кракадзіл»

Вывезены з Украіны ў Расію падлетак скончыў жыццё самагубствам1

Суд на Каляды. У Мінску пачаўся завочны працэс над Славам Камісаранкам

У Расіі хочуць забараніць званкі ў месенджарах3

Іранскі прадпрымальнік выканаў «Купалінку» на старажытным іранскім барабане1

Прызначылі новага гендырэктара Мінскага аэрапорта

Расійскі тыктокер Азамат Айталіеў вярнуўся ў Мінск раздражняць беларусаў: танчыць у вышыванцы, шукае жонку18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштавалі 58-гадовую гаспадыню аграсядзібы з Баранавічаў, якая была прэтэндэнтам на прэзідэнцкіх выбарах — 20205

Арыштавалі 58-гадовую гаспадыню аграсядзібы з Баранавічаў, якая была прэтэндэнтам на прэзідэнцкіх выбарах — 2020

Галоўнае
Усе навіны →