Аляксандар Мілінкевіч і Зянон Пазьняк атрымалі афіцыйныя папярэджаньні ад ЦВК за «правядзеньне датэрміновай агітацыі». Мілінкевічу закідаліся каляндарыкі й «дарагія партрэты», Пазьняку — агітацыя за народнае галасаваньне.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына казала, што каляндарыкаў распаўсюджваецца шмат, а партрэты — відавочна дарагія, што ЦВК вядомыя наклады, месцы друку (гэтыя зьвесткі стаяць на кожным каляндарыку. — З.Д.), вядомыя маршруты й машыны, на якіх перавозілі гэтыя каляндарыкі зь Менску ў абласныя й раённыя цэнтры (вось тут прароблены вялікі кавалак працы. — З.Д.). «Зразумейце, мы супраць вас нічога ня маем. Але ж нельга займацца датэрміновай агітацыяй», — сказала яна. І дадала, што штаб «прыцягнуў пазабюджэтныя сродкі на друк дарагіх поліграфічных матэрыялаў», што таксама зьяўляецца парушэньнем заканадаўства.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча Аляксандар Бухвостаў парыраваў, што каляндарыкі, па-першае, не агітацыя. А па-другое, да іх вырабу ініцыятыўная група Аляксандра Мілінкевіча ніякага дачыненьня ня мае. «Вось вы таксама можаце гэтыя каляндарыкі надрукаваць. І хто заўгодна можа, — кажа сп.Бухвостаў. — Чаму ж выраб гэтай прадукцыі прыпісваецца ініцыятыўнай групе? Па адным партрэце, гэта праўда, сябры ініцыятыўнай групы маюць. Але не аддаюць грамадзянам. Паказваюць, так. Але як жа зьбіраць подпісы, не паказваючы нават твару чалавека, за якога прапануеш падпісацца? А не аддаем, значыць, не агітуем», — кажа Бухвостаў.

Сяргей Папкоў на паседжаньні ЦВК у адказ на закіды пра датэрміновую агітацыю пайшоў у контратаку.

Папкоў: «Так, мы агітуем за народнае галасаваньне. І будзем агітаваць надалей. Мы прасілі ЦВК зрабіць запыт у пракуратуру, ці зачыненая крымінальная справа ў дачыненьні да Зянона Пазьняка. Калі так, дык гэта дазволіла б яму вярнуцца ў Беларусь. Але вы гэтага не зрабілі. І калі наш кандыдат ня вернецца, неяк жа трэба тлумачыць яго пазыцыю».

Ярмошына: «Пры рэгістрацыі ЦВК будзе ўлічваць, ці праводзіўся збор подпісаў з парушэньнем заканадаўства. Калі так, дык гэта можа стаць прычынай адмовы ў рэгістрацыі.

Папкоў: «Гэта ўвогуле ня выбары, а псэўдавыбары... Вы ня маеце гонару... Вам загадалі... У вас ужо ўсе лічбы падрыхтаваныя...»

Ярмошына: «Супакойцеся. Гэта не палітычная трыбуна...»

У сухім астатку маем пастанову ЦВК пра вынясеньне афіцыйных папярэджаньняў групам Пазьняка й Мілінкевіча — двух сапраўдных праціўнікаў Лукашэнкі.

Факту, што тэлебачаньне паказвае толькі аднаго кандыдата і за яго ж зьбіраюць подпісы работнікі сацыяльных і жыльлёва-камунальных службаў, спн.Ярмошына пакуль не заўважыла.

Аляксандар Мілінкевіч зьбіраецца абскардзіць «надуманае» папярэджаньне. Сяргей Папкоў мае намер працягваць ранейшую агітацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?