Пад ціскам канкурэнтаў беларускі вытворца грузавікоў паступова губляе свой галоўны рынак, піша выданне «Беларусы і рынак».
Летась МАЗ павялічыў продажы грузавікоў на расійскім рынку, але разам з тым іх доля на тым жа рынку скарацілася.
Паводле даных Аўтастата, МАЗ летась прадаў у Расіі 6,3 тыс. грузавікоў. Амаль на 44% больш, чым годам раней. Статыстыка выглядае даволі сімпатычна.
Але, нягледзячы на ўражальныя працэнты росту, продажы беларускіх грузавікоў у Расіі раслі значна павольней за рост рынку. Агулам летась у Расіі было прададзена 143,7 тыс. новых грузавікоў. І гэта на 70% больш, чым годам раней. І на фоне гэтых 70% саракапрацэнтны рост продажаў МАЗаў ужо не выглядае такім самавітым.
Адпаведна, доля грузавікоў МАЗ на расійскім рынку летась зменшылася да 4,4% з 5,2%. Беларускія грузавікі ў Расіі адсоўваюць канкурэнты. Другое месца на расійскім рынку пасля КАМАЗ, заняў кітайскі Sitrac, які павялічыў продажы сваіх грузавікоў у 6,4 разы. На трэцім месцы таксама кітайская кампанія SHACMAN з ростам продажаў больш чым у два разы.
А кітайскі Foton павялічыў продажы сваіх машын наогул у 43 разы. Калі ў 2022 годзе гэта кампанія прадала ў Расіі толькі 145 машын, то ў 2023 годзе яна амаль дагнала МАЗ, прадаўшы 6,27 тыс. аўтамабіляў. На фоне кітайскіх поспехаў беларускі рост ужо зусім не ўражвае.
Да таго ж пры росце продажаў за год больш чым на 40% у снежні продаж грузавікоў МАЗ у Расіі скараціўся на 5,5%. Калі ў снежні 2022 года МАЗ прадаў 566 сваіх грузавікоў, то ў снежні 2023 ужо толькі 535. Пры тым, што рынак продажу грузавікоў у Расіі працягваў расці. І за снежань мінулага года ён вырас амаль на 20%. На 70% нарасціў свае продажы Sitrac, на 10% — SHACMAN, і амаль у восем разоў — кітайскі Foton.
І яшчэ адна маленькая, але ад гэтага не меней важная дэталь, складаецца ў прычынах, па якіх рынак расійскіх грузавікоў паказаў такі бурны рост. Відавочна, гэта адбылося з прычыны ваенных дзеянняў ва Украіне. Таму што для вайны патрэбныя не толькі танкі і самалёты. Патрэбныя яшчэ грузавікі, каб перавозіць ваенныя грузы.
Адпаведна, большая частка прыросту прыйшлася на дзяржаўны абаронны заказ. Сферу, у якой беларускія ўлады заўсёды сябе адчувалі, як рыба ў вадзе. Гэта значыць, кітайцы адсоўваюць беларускіх вытворцаў нават там, дзе палітычныя меркаванні, асабістыя сувязі і ўменне дамовіцца заўсёды пераважалі над рыначнымі меркаваннямі.
Каментары