Усяго патроху33

Ад паказаў Victoria’s Secret і вокладак Vogue да здымак у Сафіі Копалы. Беларускія мадэлі, якія скарылі сусветныя подыумы

Многія лічаць, што дзяўчаты з Беларусі — адныя з самых прыгожых у свеце. Беларускія мадэлі ўсё часцей заваёўваюць сусветныя подыумы, становяцца тварамі самых прэстыжных дамоў моды і падпісваюць уражвальныя кантракты. Пра самых вядомых з іх расказала Palatno.

беларускія мадэлі, мадэльный бізнес Беларусі

Кацярына Даманькова — супермадэль свету і анёл Victoria’s Secret

Кацярына Даманькова — дзяўчына, пра якую ў 2006 годзе ў Беларусі было чуваць з кожнага праса. Менавіта тады яна выйграла прэстыжны конкурс «Супермадэль свету» і стала сапраўднай зоркай.

Каця нарадзілася ў 1988 годзе ў Мінску. Вучылася дзяўчынка ў політэхнічнай гімназіі і марыла стаць не мадэллю, а генным інжынерам.

Усё змяніла выпадковая сустрэча ў кавярні з Сяргеем Нагорным, заснавальнікам самай вядомай у Беларусі мадэльнай школы. Той параіў дзяўчыне паспрабаваць сябе на кастынгах, запрасіў у сваё агенцтва і зрабіў прафесійнае партфоліа. Так Каця атрымала свой першы кантракт і стала тварам папулярнага тады мабільнага аператара DIALLOG.

Каця Даманькова

Неўзабаве пасля гэтага прыйшла першая замежная прапанова працы, і дзяўчына паляцела ў Лондан, а потым у Парыж.

Вызначальным момантам у кар’еры беларускі стаў конкурс Supermodel of the World амерыканскага агенцтва Ford. Дзяўчына ехала ў Нью-Ёрк толькі з адной мэтай — перамагчы. На самім шоу перад фінальным выхадам было шмат нерваў, прычоску Каці мянялі ажно тры разы.

Падчас абвяшчэння тройкі фіналістаў у галаве ўдзельніцы была адна думка — толькі не другое месца. «Другое для мяне было б самым крыўдным пройгрышам, самым балючым з магчымых сцэнарыяў», — скажа пазней дзяўчына ў інтэрв’ю. Але яе аб’яўляюць пераможцай, і ўжо праз паўгадзіны Каця тэлефануе бацькам у Беларусь і крычыць у слухаўку: «Я выйграла, мама! Я перамагла!» У тую ноч бацькі больш не заснулі, а ўвесь наступны дзень давалі інтэрв’ю на галоўных каналах краіны.

Каця Даманькова

Дзякуючы Даманьковай і яе перамозе, агенцтва Сяргея Нагорнага атрымае прызнанне за мяжой і стане галоўным «пастаўшчыком» беларускіх мадэляў на подыумы Нью-Ёрка, Мілана і Парыжа.

Пасля выйгрышу Каця зразумела, што ёй трэба будзе надоўга пераехаць у Амерыку і будаваць кар’еру. Было вельмі страшна. Дзяўчына некалькі гадоў жыла з сяброўкамі ў невялікай здымнай кватэрцы, бясконца ездзіла на кастынгі і стаяла ў чэргах у чаканні, што яе выберуць. Усё ішло нядрэнна, Даманькова супрацоўнічала з вядомымі брэндамі (Armani, Calvin Klein, Oscar de la Renta, Carolina Herrera), здымалася для глянцу (Marie Claire і Harper’s Bazaar), але ваў-кантракт ніяк не падпісваўся.

Каця Даманькова

Але ўжо ў 2010 годзе беларуска дабілася таго поспеху, пра які марыць любая мадэль — стала анёлам Victoria’s Secret. Гэта адна з найвышэйшых ступеняў у мадэлінгу, як «Оскар» для акцёра ці «Грэмі» для музыканта.

Пасля дэфіле ў раскошнай бялізне ад VS Даманькова стала атрымліваць вялізную колькасць прапаноў ад сусветных брэндаў, але менавіта тады кар’еру давялося паставіць на паўзу — Каця выйшла замуж за расійскага мільярдэра і ўладальніка футбольнага клуба «Рэдынг» Антона Зінгарэвіча. Разрывацца паміж Масквой і Нью-Ёркам было складана, таму дзяўчына выбрала сям’ю і паралельна паступіла ў МДІМЗ на журналіста, а ў 2013-м нарадзіла дачку Марусю. Праз два гады шлюб распаўся.

Цяпер Кацярына Даманькова жыве на Кіпры, замужам за IT-бізнэсменам і выхоўвае ўжо чацвярых дзяцей. За гэты час яна паспела стварыць інтэрнэт-партал аб прыгажосці і мацярынстве BeautyHack.ru, а таксама разам з іншай вядомай мадэллю, расіянкай Наталляй Вадзянавай, стаць інвестарам беларускага IT-праекта для жанчын Soula.

Яўгенія Катава — ад брыдкага качаняці да любіміцы Dolce & Gabbana

Жэня Катава нарадзілася ў 1994 годзе ў Барысаве і ніколі не задумвалася аб тым, каб стаць мадэллю. Дзяўчынка доўгі час займалася плаваннем, але праз праблемы са здароўем ёй прыйшлося шукаць іншы занятак.

У Доме культуры пачынаўся кастынг у «Школу модніц», і Жэня вырашыла паўдзельнічаць. Выкладчыца тады прапанавала дзяўчыне паспрабаваць сябе ў якасці мадэлі, але тая была няўпэўненым, закамплексаваным падлеткам і спачатку ўспрыняла яе словы як жарт. Жэня лічыла сябе брыдкім качанём і часта праз гэта плакала. Толькі праз пяць гадоў дзяўчыну ўгаварылі, і яна паехала ў Мінск вучыцца ў мадэльную школу Сяргея Нагорнага.

Яшчэ адной прычынай для пераезду ў сталіцу стала жаданне збегчы далей ад аднакласнікаў, якія дражнілі і крыўдзілі Жэню за высокі рост і худзізну: «Усё жыццё я чула размовы за спінай. Я была худая, як гліст, з вялікімі бровамі, якія я ўвесь час спрабавала схаваць за грыўкай, і наогул на фоне сябровак глядзелася вельмі недарэчна. Гэта быў цэлы квэст — апынуцца далей ад школы, ад нядобрых людзей, якія мяне тады атачалі».

Першую сапраўдную працу Катава атрымала ў 16 год на Тыдні моды ў Польшчы. А ўжо ў 2011 годзе мадэль пераехала ў Нью-Ёрк і ўзяла больш зручны для англійскай мовы псеўданім Zhenya Katava. Да таго часу ў партфоліа Жэні было толькі некалькі здымак, тым не менш яе адразу адправілі на подыум.

Зусім хутка дзяўчыну пачнуць называць беларускай Айшварыяй Рай за падобныя рысы твару і неверагодна прыгожыя вочы. Але Жэні такое параўнанне не вельмі падабаецца, яна лічыць, што больш падобная да Ірыны Шэйк і Мілы Куніс.

Дзяўчына пражыла ў Нью-Ёрку да 2018 года. За гэты час яна паспела пабываць на вокладках глянцу і папрацаваць са шматлікімі сусветнымі брэндамі, сярод якіх Armani, Karl Lagerfeld, Vivienne Westwood, Bottega Veneta, Mark Jacobs. А яшчэ беларуска стала сапраўднай музай Dolce & Gabbana і рэгулярна з’яўлялася на іх паказах.

Сапраўдным прарывам у кар’еры стаў кантракт з Цьеры Мюглерам — Катава стала тварам яго культавых духоў Aura Mugler. Гэтай працай дзяўчына ганарыцца больш за ўсё. Але нягледзячы на поспех, у інтэрв’ю яна будзе часта паўтараць: «Я не лічу сябе нейкім звышнатуральным стварэннем. Так, я ведаю, што сімпатычная, што чагосьці дабілася. Але не стаўлю сябе вышэй за іншых».

Жэня Катава

У 2018 годзе Жэня прыязджае ў Мінск адпачыць. У Амерыцы яна толькі што разышлася з хлопцам — Артурам Кульковым, адным з самых высокааплатных манекеншчыкаў свету. Выпадкова дзяўчына ўспамінае пра свайго даўняга прыхільніка, з якім пазнаёмілася ў сацсетках. Яны дамаўляюцца аб сустрэчы і з таго дня разам.

Новым выбраннікам мадэлі стаў Віталь Яцук, спадчыннік сеткі магазінаў «Віталюр». Ён атачыў Жэню такой увагай, што тая перадумала вяртацца ў ЗША. Летам 2021 года пара згуляла вяселле, а ў лютым 2023-га ў іх нарадзілася дзіця. Катава цалкам прысвяціла сябе сям’і і вяртаецца да працы мадэлі вельмі рэдка.

Марына Лінчук — вокладкі Vogue і здымкі ў Сафіі Копалы

Марына нарадзілася ў Мінску ў 1987 годзе. Сям’я першыя часы жыла вельмі бедна і тулілася ў камуналцы. З часам айчым заняўся аўтабізнэсам, з’явіліся грошы, і бацькі купілі сваю кватэру.

У 12 гадоў дзяўчынка за кампанію пайшла з сяброўкай на кастынг у мадэльнае агенцтва «Тамара». Як гэта часта бывае, выбралі менавіта яе, а не сяброўку. Марына тады вельмі здзівілася, бо заўсёды лічыла сябе «батанам», ніяк не прыгажуняй, і наогул збіралася паступаць на доктара ці юрыста. Але жыццё распарадзілася па-іншаму.

Марына Лінчук

Праз год Марына ўпершыню трапіла на паказ у Маскву, куды праз некаторы час пераехала і заключыла кантракт з мадэльным агенцтвам IQ Models. Праз некалькі месяцаў ёй прапанавалі працу ў мадэльным агенцтве Японіі, дзе Марына прапрацавала два з паловай гады. Жыць у зусім іншай культуры было складана, да ўсяго дзяўчына не магла спакойна выйсці на вуліцу — высокая бландзінка пастаянна збірала каля сябе натоўп разявак.

Беларуска не здавалася, набіралася вопыту і ўмудрылася за такі кароткі тэрмін практычна дасканала вывучыць японскую мову. Пасля заканчэння кантракта ў 2005 годзе дзяўчына паехала працаваць у ЗША і пасялілася ў Нью-Ёрку.

Пераломным момантам у кар’еры беларускі стала фотасесія ў легенды fashion-фатаграфіі Стывена Майзела ў 2007 годзе. Пасля гэтых здымкаў Марыне сталі прапаноўваць супрацоўніцтва Christian Dior, Versace, Dolce & Gabbana і іншыя знакамітыя брэнды. Усяго за два гады Лінчук дамагаецца статусу супермадэлі і ў 2009 годзе ўваходзіць у спіс «30 самых уплывовых мадэляў свету» па версіі французскага Vogue, побач з Жызэль Бундхен і Наталляй Вадзянавай.

Ад 2008-га Марына некалькі разоў становіцца тварам брэндаў Escada і Dior і рэгулярна выступае на модных паказах калекцый ад Givenchy, Gucci, Alexander McQueen, Versace, Valentino, Chanel, Louis Vuitton, Yves Saint Laurent, Roberto Cavalli — спіс можна працягваць бясконца. Следам ідуць вокладкі Vogue, ELLE і Harper’s Bazaar і здымкі ў Сафіі Копалы спачатку ў роліку парфумаў Miss Dior Chérie, а пазней у фільме «Дзесьці», прэм’ера якога адбылася на Канскім кінафестывалі.

Марына Лінчук

Цяпер Марына замужам за амерыканскім бізнэсменам, працягвае жыць у ЗША і выхоўвае дзвюх дачок. Зрэдку беларуска ўдзельнічае ў паказах. Напрыклад, у лютым 2023 года 35-гадовая Лінчук прайшлася па подыуме на адкрыцці Тыдня моды ў Нью-Ёрку.

Яшчэ адным любімым заняткам для топ-мадэлі сталі падкасты — разам са сваёй калегай Гінтай Лапіня Марына запусціла шоу «the Extra Stitch», у якім адкрыта расказала пра кар’еру ў мадэльным бізнесе і сумяшчэнні яе з роллю мамы.

Вольга Шэрэр — муза Армані і нявестка Стэфана Габана

Вольга нарадзілася ў 1987 годзе ў Мінску. Мадэльную кар’еру дзяўчына пачала ў 2005 годзе з удзелу ў беларускіх Тыднях моды. Аднак сапраўдным стартам можна лічыць 2007 год, калі яна заключыла кантракт з мадэльным агенцтвам New York Model Management і вельмі хутка стала тварам Lanvin і Kenzo.

Пачатак кар’еры быў складаным. Напрыклад, трапіць у аб’ектыў топавага фатографа было амаль нерэальна праз велізарную канкурэнцыю. Трэба было абавязкова добра выступіць на тыдні моды, каб пазней цябе абраў нехта з кастынг-дырэктараў Стывена Майзела, Бэна Хасэта ці Ціма Уокера. А праца з імі — гэта дзверы ў свет высокага глянцу. Вользе ўдалося звярнуць на сябе ўвагу, і дзяўчына стала адной з іх улюбёнак.

У наступныя некалькі гадоў Шэрэр лічыцца адной з найбольш паспяховых мадэляў. Яе графік распісаны па хвілінах, а партфоліа рэгулярна папаўняецца рэкламнымі кампаніямі для Bottega Veneta, Ralph Lauren, Louis Vuitton, Christian Dior, Rick Owens, Alexander McQueen, Dior і Hermès.

У 2011 годзе падчас дабрачыннай фотасесіі для Dolce&Gabbana Шэрэр знаёміцца з Маўрыцыа Габана — супрацоўнікам кампаніі D&G, таленавітым фатографам і братам таго самага Стэфана Габана. Пасля трох гадоў адносін у пары нараджаецца сын Валерыа Мікалай Габана.

Вольга Шэрэр

Падчас цяжарнасці Вольга не планавала працаваць, хоць і была вельмі запатрабаванай. Амаль ад усіх паказаў Haute Couture мадэль адмовілася, бо баялася гарсэтаў, якія могуць ціснуць на жывот. Але для Джорджыа Армані зрабіла выключэнне — яна даўно стала для яго сапраўднай музай. Беларуска прывабіла маэстра неверагоднай крохкасцю і рудым колерам валасоў — менавіта з яго падачы ў модных колах яе сталі называць «рудой шэльмай».

Армані хацеў бачыць на сваім паказе One Night Only Rome толькі Вольгу, яго не бянтэжыў нават яе пяцімесячны жывот. Калі дзяўчына прымярала адзін з пінжакоў, а той ніяк не зашпільваўся, Джорджыа крычаў ёй: «Проста ўдыхні! Яшчэ мацней!»

Пасля нараджэння дзіцяці Вольга вярнулася на подыум. Мацярынства не перашкодзіла ёй працягнуць кар’еру мадэлі, і дзяўчына вельмі гэтым ганарыцца. Цяпер беларуска жыве ў Мілане з мужам і сынам, працягвае здымацца для вокладак Vogue, Harper’s Bazaar і Elle і працаваць на паказах сусветных брэндаў.

Таццяна Дзягілева — самая сэксуальная беларуска

Таня Дзягілева нарадзілася ў Віцебску ў 1991 годзе. У дзяцінстве дзяўчынка займалася балетам, ва ўзросце 11 гадоў яе заўважыў скаўт мадэльнага агенцтва, і ўжо ў 14 Таня ўпершыню прыняла ўдзел у Тыдні моды ў Мілане. Дэбют прайшоў паспяхова, і адразу пасля першых паказаў беларуску засыпалі кантрактамі сусветныя брэнды. У 2006 годзе яна ўжо насіла статус «супермадэль».

Таццяна Дзягілева

Ад таго ж года Дзягілева працуе на паказах Chanel, Christian Dior, Hermès, Versace, Prada, Donna Karan, Calvin Klein. А праз тое, што для іншаземцаў славянскія прозвішчы складаныя ў вымаўленні, беларуска становіцца для ўсіх Таняй Дзі (Tanya D).

Дзягілева вылучаецца сярод іншых мадэляў сваёй яркай іншапланетнай знешнасцю. Твар «эльфа» дазволіў дзяўчыне не толькі скарыць высокі подыум, але і рэгулярна з’яўляцца на вокладках глянцу.

Цікава, што з усіх «прышэльцаў» менавіта Таню многія модныя эксперты называюць самай прыгожай. У 2010 годзе часопіс Esquire, які стварыў сэксуальны атлас планеты Зямля, назваў мадэль самай сэксуальнай ураджэнкай Беларусі. А яшчэ яна ўваходзіць у васьмёрку самых стройных мадэляў (так, ёсць і такія рэйтынгі). Дарэчы, дзяўчына ніколі не сядзела на дыетах, такі целасклад перадаўся ёй ад бацькоў.

Таццяна Дзягілева

Таццяна Дзягілева лічыцца адной з самых працавітых мадэляў. У некаторыя сезоны яна можа ўдзельнічаць у больш чым сотні паказаў, што з’яўляецца рэкорднай колькасцю нават для такіх запатрабаваных зорак, як Наомі Кэмпбел або Кейт Мос.

Беларуска некалькі разоў станавілася тварам кампаній Hugo Boss, Yves Saint Laurent і Jean Paul Gaultier, адкрывала і закрывала шоу Celine Elie, Saab і Nina Ricci, а таксама здымалася ў самых вядомых сусветных фатографаў. Яна настолькі натхнілася працай з імі, што сама стала вучыцца мастацтву фатаграфіі. Акрамя таго, дзяўчына вывучылася на дызайнера ў Мілане і скончыла бізнэс-школу.

Вядомая Дзягілева і сваім бурным асабістым жыццём. Адзін з самых гучных яе раманаў — адносіны з расійскім алігархам Дзмітрыем Рыбалоўлевым. Той часта ў інтэрв’ю казаў пра Таню, што яна была ледзь не адзінай яго дзяўчынай, якая не палявала на яго грошы.

Цяпер беларуска жыве ў Парыжы, займаецца fashion-фатаграфіяй і сумяшчае працу мадэлі і дызайнера-стыліста.

Каментары3

  • Ойвэй
    15.01.2024
    Ды неяк насраць, калі чэсна. Гэткіх пустых рускамірных лялек - процьмы. 
  • Хейт
    15.01.2024
    А я пра Марго задумаўся 🥰
  • дзядок
    18.08.2024
    А от мне дык прыемна чуць, што дзяўчаты з Беларусі ўпрыгожваюць самыя знакамітыя сусветныя мадэльныя подыюмы.

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Галоўнае
Усе навіны →