У сярэдзіне 2000-х гадоў было запланавана пабудаваць на гэтым месцы культурна-забаўляльны цэнтр, але знайшоўся больш прыбытковы для забудоўшчыкаў варыянт. Праект нідзе не публікаваўся.
На пустыры ў адным з двароў жылога раёна Лябядзіны ў Мінску пачалі ўзводзіць дом, інфармацыя пра які трымаецца ў сакрэце забудоўнікамі і чыноўнікамі.
Трывогу жыхары забілі яшчэ ў лістападзе 2023 года, калі невядомыя рабочыя прыйшлі і абгарадзілі пад будоўлю пляцоўку паміж дамамі №16 і 20 на вуліцы Мястраўскай.
Жыхары спадзяваліся, што тут пабудуюць аб'ект сацыяльна-бытавога прызначэння, якія ў раёне ў дэфіцыце. Перад тым, як засяліцца ў сярэдзіне 2010-х гадоў у свае дамы, навасёлы цікавіліся, што яшчэ можа з'явіцца ў іхнім раёне, і тады ім патлумачылі, што ў гэтым месцы, паміж двума дамамі-слупкамі, па плане мусіць вырасці шматфункцыянальны цэнтр.
Менавіта кампактны грамадскі будынак намаляваны на эскізе забудовы з дэталёвага плана раёна. Пра з'яўленне на гэтай тэрыторыі плошчай 0,8 га шматфункцыянальнага цэнтра з кінатэатрам у 2019 годзе, спасылаючыся на інвестыцыйны атлас, пісала і дзяржаўнае агенцтва «Мінск-Навіны».
Але жыхароў чакала расчараванне, калі на агароджы вакол будоўлі з'явіўся пашпарт аб'екта. Выявілася, што будаваць тут будуць зусім не шматфункцыянальны цэнтр, а шматпавярховы жылы дом. У прасторны раён па праспекце Пераможцаў прыйшло ўшчыльненне.
Людзі не маглі паверыць у такі падман і звярнуліся да мясцовых уладаў з калектыўным лістом, каб ім патлумачылі, як гэта магло адбыцца. Тым больш, што нідзе пра планы пабудаваць на гэтым участку жылы дом не згадвалася. І нават на публічнай кадастравай карце значылася «Зямельны ўчастак для будаўніцтва аб'екта «Культурна-забаўляльны цэнтр з кінатэатрам №20 (па генплане) у жылым раёне Лебядзіны».
Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканама адказаў коратка: на гэтым участку плануецца будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома, бо па праекце дэтальнага планавання жылога раёна Лебядзіны, зацверджаным у верасні 2004 (у іншым адказе 2007), зямельны ўчастак знаходзіцца ў квартале жылой забудовы.
Жыхарам удалося таксама раздабыць рэндар і высветліць, што дом будзе мець больш як 400 кватэр і складацца з трох секцый па 12, 16 і 25 паверхаў. 25 паверхаў маюць суседнія дамы-слупкі.
Няма чаго і казаць пра парушэнне архітэктурнай кампазіцыі, якую закладалі горадабудаўнікі пры праектаванні раёна, але як жа пытанні інсаляцыі кватэр у суседніх дварах і на дзіцячых пляцоўках, забяспечанасці парковачнымі месцамі, месцамі ў дзіцячых садках, школах, паліклініках? Усё гэта падзе цяжарам на ўжо перагружаную інфраструктуру раёна.
Мяркуючы па плане, які змешчаны на схеме руху вакол будоўлі, дом будзе мець невялікі падземны паркінг на 2 паверхі, які не здольны забяспечыць патрэбы 400 кватэр.
Як такі гіганцкі аб'ект маглі дазволіць без грамадскага абмеркавання?
Паводле беларускага заканадаўства, калі ты будуеш жылы дом на тэрыторыі, якая па дэтальным плане раёне адведзена пад жылую забудову (яна можа быць змяшанай, то-бок уключаць як жылыя, так і грамадскія аб'екты), то правядзення грамадскага абмеркавання не патрабуецца. Усё, так бы мовіць, «па законе».
Спробы жыхароў суседніх дамоў атрымаць хоць якую інфармацыю ад Мінгавыканкама пра тое, якім будзе дом, аказаліся безвыніковымі.
На ўсе звароты па гэтай будоўлі чыноўнікі адказвалі адпіскай, спасылаючыся на тое, што даванне інфармацыі парушыць «правы, свабоды і (або) законныя інтарэсы іншых асоб». Чые?
Замоўцам будаўніцтва на пашпарце аб'екта значыцца ТАА «СМУ-87», праектнай арганізацыяй — архітэктурная студыя «АрхНуво», тэхнічны нагляд ажыццяўляе «Датч Стар».
«АрхНуво» — даволі вядомае архітэктурнае бюро, чые праекты адрозніваюцца нетрывіяльным рашэннем фасадаў у духу біямарфізму. Раздабыты жыхарамі раёна рэндар адлюстроўвае шматпавярховік з зусім нехарактэрнымі для бюро строгімі геаметрычнымі фасадамі.
«Датч Стар» вядомы многім мінчанам як забудоўнік мікрараёна побач з метро «Грушаўка». З жылым комплексам «Гранд Хаус», які забудоўшчык узводзіў у гэтым раёне, быў звязаны гучны скандал апошніх гадоў. Узвядзенне часткі комплексу прадугледжвала знішчэнне часткі Грушаўскага сквера. Мясцовыя жыхары вырашылі адстойваць апошнюю зялёную зону ў раёне. Супраціў быў такім моцным, што ўлагоджваць жыхароў у 2020 годзе прыязджала Качанава. Рашэнне аб захаванні сквера прымаў асабіста Лукашэнка, гарадскім уладам давялося шукаць для забудоўніка новы ўчастак у якасці кампенсацыі.
Самай загадкавай з тройкі з'яўляецца кампанія «СМУ-87», якая выступае забудоўнікам.
Назва кампаніі мімікруе пад абрэвіятуры дзяржаўных арганізацый у будаўнічай галіне, якія існуюць яшчэ з савецкіх часоў, яе можна было б нават расшыфраваць як «будаўніча-мантажнае ўпраўленне» ці «спецыялізаванае мантажнае ўпраўленне».
Але насамрэч гэта прыватная кампанія, якая была зарэгістравана толькі ў лютым 2023 года. Ужо ў лістападзе таго ж года «СМУ-87» абнесла агароджай смачны кавалачак зямлі ў прэстыжным сталічным раёне і пачала будаўніцтва 25-павярховага гмаха.
Сакрэт поспеху кампаніі выдае юрыдычны адрас, па якім яна зарэгістравана — праспект Дзяржынскага, д.19, пам. 1510. Гэта адрас таго самага скандальнага дома «Гранд Хаус» у Грушаўцы. У гэтым жа доме размяшчаецца «Датч Стар» са сваім офісам продажаў кватэр у жылым комплексе «Гранд Авеню». Паводле экспертаў па нерухомасці, «СМУ-87», «Датч Стар» і «ГрандХаузІнжэнірынг», які будуе «Квартал» у Грушаўцы, уваходзяць у групу кампаній «Гранд Дэвелапмент». Гэта тлумачыць хуткі ўзлёт невядомай нікому на рынку сталічнай нерухомасці кампаніі.
Загадкавы шматпавярховік на Мястраўскай вуліцы забудоўнік плануе скончыць толькі ў лістападзе 2026 года.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬБрэсцкі дэпутат пабудаваў элітны дом на набярэжнай. Цэны могуць шакаваць нават мінчукоў
«У кватэры па стыку цячэ вада, а мне кажуць, што гэта не праблема». У Смалявічах два гады не могуць здаць дом на паўсотні кватэр
Каму па кішэні? Агляд крэдытаў на нерухомасць ад беларускіх банкаў
Кватэры еўрафармату набіраюць папулярнасць у Беларусі
Каментары