Нерухомасць22

Брэсцкі дэпутат пабудаваў элітны дом на набярэжнай. Цэны могуць шакаваць нават мінчукоў

Разабраліся, як забудоўшчыку ўдалося абысці абмежаванні ў гістарычным цэнтры горада і колькі каштуюць кватэры ў доме, якія прадаваліся толькі па адмысловым запісе. 

Жылы дом «Жамчужына» на набярэжнай Мухаўца. Фота: БрэстКАДпраект

Клубны дом з прыгожай назвай «Жамчужына» здалі яшчэ ў маі 2023 года, але ў яго гісторыі засталося нямала белых плямаў. 

Сучасны будынак займае высокі бераг галоўнай воднай артэрыі Брэста, ракі Мухавец, і знаходзіцца ў межах гістарычнага цэнтра горада. Фасады дома пераймаюць папулярныя ў іншых краінах рашэнні мінулых гадоў: вуглы будынка скругленыя, тынкаваныя ў глыбокі цёмны колер сцены, шырокія тэрасы з панарамнымі краявідамі, хаатычна размешчаныя быццам бы драўляныя вертыкальныя ламелі на фасадзе. 

Рашэнне фасадаў дома. Фота: Анлайнер

Дом мае дзве секцыі. Тая, што была звернутая да ракі, мае пяць паверхаў і цокаль, у якім планавалі размясціць кавярню і пункт пракату спортінвентару. Другая секцыя, звернутая ў бок вуліцы Інтэрнацыянальнай, мае чатыры жылыя паверхі, а на ніжнім нежылым планавалі размясціць пакой жыллёвага таварыства і два гандлёвыя пункты. Секцыі злучае падземны паркінг на 39 машын, у які можна заехаць з вуліцы Карла Маркса.

Альтанка, з якой адкрываецца панарамны краявід на раку. Фота: БрэстКАДпраект

Над паркінгам ля берага ракі разбіты ўнутраны дворык для жыхароў, на якім пабудавана дзіцячая пляцоўка і панарамная альтанка, адкуль можна любавацца краявідамі Мухаўца. Уся тэрыторыя адгароджаная ад чужых людзей.

Ідылічную карціну сучаснай архітэктуры і цудоўнага месца разбурае гісторыя з'яўлення комплексу, у якой не абышлося без махінацый з грамадскім меркаваннем.

Набярэжная Мухаўца з новым домам. Фота: БрэстКАДпраект

Заказчыкам сучаснага жылога комплексу «Жамчужына» выступіла мясцовая кампанія «Прадом». Дакладней раней яна была мясцовай, а сёння яе офіс афіцыйны знаходзіцца па вуліцы Макаёнка ў Мінску, у адным з дамоў раёна Vogue, што пабудаваны ўздоўж дзіцячай чыгункі.

Гэтая кампанія спачатку займалася будаўніча-мантажнымі работамі, а таксама вырабляла на ўласнай вытворчасці металічныя канструкцыі. У 2018 годзе гэтая фірма атрымала падрад на дзяржаўным аб'екце — будаўніцтве новага трохпавярховага корпуса гарадской бальніцы хуткай дапамогі, які быў своечасова здадзены да святкавання 1000-годдзя Брэста.

Рэндар канчатковага варыянта забудовы ўчастка. Фота: БрэстКАДпраект

Праект «Жамчужыны» выканала фірма «БрэстКАДпраект», якая з’яўляецца адным найлепшых праекціроўшчыкаў у горадзе. З «Прадом» у якасці заказчыка і генпадрадчыка яны разам выканалі, напрыклад, жудасны 15-павярховік па вуліцы Марозава, 25, а таксама 24-кватэрны дом на рагу Марозава і Чырвонасцяжнай, які зведаў пэўныя трансфармацыі і ўрэшце быў узведзены як офісны будынак.

Але найбольш знакавым прыкладам супрацоўніцтва стала рэалізацыя да таго ж тысячагадовага юбілею горада ў 2019 годзе святломузычнага фантана на пешаходнай Савецкай вуліцы. Як пісалі дзяржаўныя выданні, права на праектаванне і будаўніцтва гэтага аб'екта было абедзвюм кампаніямі «прадастаўлена».

Рэндар канчатковага варыянта забудовы ўчастка. Фота: БрэстКАДпраект

Як мы пісалі раней, «БрэстКАДпраект» таксама супрацоўнічае з забудоўшчыкам спартыўнага клуба «Аматар», якім кіруе былы супрацоўнік Камітэта дзяржкантролю. У выніку гэтага супрацоўніцтва ў гістарычным цэнтры Брэста, у абыход беларускага заканадаўства і рэгламентаў аховы, быў знішчаны пад новую забудову цэлы шэраг гістарычных будынкаў.

У 2021 годзе ў кампаніі «Прадом» з’явіліся фінансавыя цяжкасці. На працягу некалькіх месяцаў не выплачваліся заробкі многім супрацоўнікам, якіх у штаце налічвалася ўжо каля тысячы.

Падманутыя супрацоўнікі зладзілі кампанію супраць свайго працадаўцы, заваліўшы яго дзясяткамі негатыўных ацэнак на розных сэрвісах. Скардзіліся асабліва на гендырэктара Дзьякава, пра якога пісалі, што зразае заробкі як хоча і нічога не баіцца, бо сам дэпутат.

Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук і дырэктар «Прадома», дэпутат гарсавета Андрэй Дзьякаў. Фота: тэлеграм-канал Аляксандра Рагачука

На мясцовых выбарах у 2018 годзе беспартыйны дырэктар прадпрыемства, Андрэй Уладзіміравіч Дзьякаў, быў выбраны дэпутатам Брэсцкага гарадскога савета дэпутатаў па выбарчай акрузе № 34. У гэтым статусе ён знаходзіўся да пачатку 2024 года, калі прайшлі чарговыя выбары.

Як добра вядома, на несвабодных беларускіх выбарах асоб ад кожнай акругі фактычна прызначаюць, адбіраючы з ліку найбольш лаяльных кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў. Здаецца, новы статус дырэктара адкрыў для «Прадома» і новыя магчымасці.

На ўчастку, дзе сёння ўзведзена «Жамчужына», яшчэ нядаўна знаходзілася занядбаная прыватная забудова — два дамы і гаспадарчыя пабудовы па адрасе вуліца Карла Маркса, 90, 92, 94.

Месца досыць унікальнае для плоскага як стол Брэста. У горадзе не так шмат месцаў, дзе можна адшукаць участак з перападам вышынь у 1-2 метры, тут жа перапад складаў ажно 6 м. Ды яшчэ размяшчаўся каля самай ракі. Горадабудаўнікі, разумеючы ландшафтную каштоўнасць, адвялі яго пад месца для адпачынку жыхароў усяго горада.

Усе добра ведаюць пра існаванне генеральных планаў, але на развіццё і забудову гарадоў яны маюць мізэрны ўплыў.

Галоўнымі для рэальнага праектавання гарадоў з’яўляюцца дакументы ўзроўнем ніжэй — праекты дэталёвай планіроўкі, якія распрацоўваюцца для асобных раёнаў і дыктуюць цалкам канкрэтна і выразна рэгламенты па іх забудове.

У жніўні-верасні 2018 года гарвыканкам праводзіў грамадскае абмеркаванне па дэтальным плане гістарычнай часткі Брэста, распрацаваным спецыялістамі БелНДІПгорадабудаўніцтва. У прыкладзеных матэрыялах можна адшукаць у тым ліку схему з падзелам функцыянальныя зоны і эскіз забудовы, якія паказваюць планы горадабудаўнікоў.

У дэталёвым плане гістарычнай часткі Брэста, які быў вынесены на грамадскае абмеркаванне, участак (месца абведзена кружочкам) быў цалкам адведзены пад парк з высокай наведвальнасцю. Два аб'екты на захад, абведзеныя жоўтым колерам, гэта амфітэатр і ЗАГС

У дэталёвым плане гістарычнай часткі Брэста тэрыторыя, на якой пабудаваны дом, абазначана зялёным колерам з патройнай штрыхоўкай і абрэвіятурай ЛР1-о. Згодна з легендай да схемы так абазначаны ў праекце паркавыя тэрыторыі з высокімі рэкрэацыйнымі нагрузкамі, з магчымасцю размяшчэння аб'ектаў рэкрэацыйнага прызначэння.

Гэта азначае, што гэтай тэрыторыяй на набярэжнай Мухаўца мусілі найбольш інтэнсіўна карыстацца для адпачынку ўсе жыхары горада, а не толькі купка выбраных. 

Усяго некалькі выключэнняў на набярэжнай было зроблена да знакавых аб'ектаў — для новага будынка ЗАГСа, пра які гавораць ужо некалькі гадоў, і летняга амфітэатра. Але для кожнага з іх у праекце дэталёвай планіроўкі вылучаная асобная зона грамадскай забудовы — інакш нельга.

Эскіз забудовы з дэталёвага плана гістарычнай часткі Брэста, які быў вынесены на грамадскае абмеркаванне. На месцы «Жамчужыны» ніякай забудовы акрамя паркавага павільёна

Нават тое, што праект жылога дома прайшоў грамадскае абмеркаванне тут не мае ролі — у гэтым месцы проста не маглі даць праектаваць нічога акрамя парку. Каб пабудаваць на гэтай тэрыторыі жылы дом, трэба было б уносіць карэкціроўкі ў праект дэталёвай планіроўкі і прайсці з ім праз грамадскае абмеркаванне. Але з моманту прыняцця гэтага дакумента ніякіх карэкціровак у яго не ўносілася.

Як жа такое магло адбыцца? Варыянтаў не так шмат: або палажэнні праекта дэталёвай планіроўкі былі свядома праігнараваны мясцовымі ўладамі пад спецыяльны праект «для сваіх», або праект дэталёвай планіроўкі быў зацверджаны зусім не ў тым выглядзе, у якім выносіўся на грамадскае абмеркаванне. Абодва варыянты, мякка кажучы, далёкія ад законнасці.

У дэталёвым плане гістарычнай часткі Брэста, які быў зацверджаны выканкамам, участак (месца абведзена кружочкам) ужо не цалкам адведзены пад парк, а падзелены на дзве часткі. Левая частка супадае з плямай забудовы «Жамчужыны»

У базе даных можна адшукаць схаваную пад непазнавальнай назвай пастанову, якой 29 мая 2019 года быў зацверджаны дэталёвы план гістарычнай часткі Брэста. І нечакана ў квартале пад № 51 (стар. 178) тое месца, якое раней цалкам адводзілася пад парк, цяпер аказалася падзелена на дзве часткі, адна з якіх супадае з плямай забудовы «Жамчужыны».

Заўважце, зацверджаны дэталёвы план гістарычнай часткі Брэста адрозніваецца ад таго, які выносіўся на абмеркаванне, то-бок зменены без ведама жыхароў горада.

Каштоўны ўчастак дастаўся «Прадому»

Старая забудова на ўчастку. Фота: realbrest.by

Старая забудова на ўчастку. Фота: brestcity.com

Ужо ў наступным месяцы за арэнду ўчастка плошчай 0,322 га, пра які марыць любы забудоўшчык — наўпрост на набярэжнай ракі ў гістарычным цэнтры — на аўкцыёне пазмагаліся тры найбуйнешыя будаўнічыя арганізацыі горада — «Палессежылбуд», «Прадом» і «Дэмарш». 

Умовай быў знос за свой кошт старых пабудоў і добраўпарадкаванне тэрыторыі, роўнай па плошчы той, што адведзена пад будоўлю.

Будоўля ў лютым 2022 года. Фота: БрестСИТИ

1 ліпеня 2019 года Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт выдаў дазвол «Прадому» на праектаванне і будаўніцтва капітальных пабудоў на гэтым участку. У красавіку 2021 года на ўчастку пачаўся знос старых будынкаў, а следам хутка пачаў расці жалезабетонны каркас клубнага дома.

Схема разрэза будынка з матэрыялаў грамадскага абмеркавання 2020 года

Грамадскае абмеркаванне (АУНА) па самім праекце жылога дома прайшло ў ліпені-жніўні 2020 года зусім незаўважаным. Беларускае грамадства жыло зусім іншымі падзеямі — прэзідэнцкімі выбарамі і масавымі пратэстамі, у якіх Брэст займаў не апошняе месца. Сёння старонка абмеркавання на сайце выканкама выдаленая, а матэрыялы для азнаямлення, якія размяшчаліся ў воблачным сховішчы, больш недаступныя.

План забудовы «Жамчужыны», які выносіўся на грамадскае абмеркаванне ў 2020 годзе. Справа ўнізе чыноўніцкі подпіс: «Узгоднена размяшчэнне праектаванага дома на гэтай пляцоўцы». Секцыя каля ракі выцягвалася ўздоўж набярэжнай і заходзіла на тэрыторыю, якая засталася за паркам нават па новым праекце дэталёвай планіроўкі. Секцыю ў выніку падрэзалі, а ва ўтвораным выступе пабудавалі альтанку 

На галоўнае пытанне, як інжынер-эколаг «БрэстКАДпраекта», здолеў абысці палажэнні галоўнага горадабудаўнічага дакумента для гэтай тэрыторыі, мы ўжо атрымалі адказ — у яго былі ўнесены зусім іншыя звесткі. 

Але нават у такім выглядзе ёсць шэраг пытанняў. Зона ў дакуменце адведзена пад грамадскую забудову, а не пад жылую, а таксама агароджа вакол «Жамчужыны» ахоплівае значны кавалак той часткі, якая засталася на паперы за паркам, але сёння тут прыватная дзіцячая пляцоўка і альтанка толькі для жыхароў дома.

Рэндар восені 2019 года. Спачатку меркавалася зрабіць секцыю каля ракі значна даўжэйшай. Фота: virtualbrest.by

Зялёным колерам у дакуменце абазначаны менавіта ландшафтна-рэакрэацыйныя тэрыторыі агульнага карыстання, у якія не ўключаюцца тэрыторыі прыватных жылых комплексаў. Атрымліваецца, што і тут берасцейцаў абвялі вакол пальца, каб даць гаспадарам жыцця больш, чым ім належыць.

Яшчэ адзін варыянт доўгага дома ў выглядзе карабля. Напэўна самы амбіцыйны па архітэктуры, прынамсі ў разы больш стылёвы за тое, што ў выніку атрымалася. Фота: БрэстКАДпраект

«Прадом» збудаваў дом для сваіх?

«Жамчужына» ўнікальны комплекс не толькі паводле свайго месца размяшчэння. Унікальныя тут і кватэры, іх усяго 38, сярод якіх 9 кватэр досыць вялікія — плошчай каля 120—130 кв. м, а плошча адной увогуле складае каля 190 кв. м. Камфортнымі іх робяць і высокія столі пад 3 метры.

Дом «Жамчужына» і набярэжнага Мухаўца. Фота: Анлайнер

Зрэшты такімі столі сталі праз тое, што Міністэрства культуры зарэзала вышыню будынка ў межах гістарычнага цэнтра да 5 паверхаў, хоць першапачаткова яго хацелі зрабіць вышэйшым і шырэйшым. Таксама ведамства і горадабудаўнічая рада прадыктавалі неабходныя водступы ад лініі набярэжнай, каб дом не навісаў над людзьмі, якія там гуляюць.

Усяго было разгледжана больш за 10 варыянтаў архітэктурнага рашэння, у тым ліку ў выглядзе карабля, але ад яго адмовіліся, як сцвярджае дырэктар праектнай арганізацыі Дзяніс Сліўка, бо ён падаваўся занадта грувасткім, але найхутчэй ён проста не ўпісаў у адведзены ўчастак. На рэндарах бачна, што замест працягу дома цяпер толькі альтанка.

Закрыты двор дома «Жамчужына». Фота: Анлайнер

Яшчэ адна праблема, з якой, па словах Сліўкі, сутыкнуліся пры будаўніцтве дома — наступствы эканамічных санкцый заходніх краін супраць рэжыму Лукашэнкі. У доме давялося замяніць замежныя ацяпляльнае абсталяванне і ліфты на айчынныя, паменшаў таксама выбар матэрыялаў і абсталявання для кватэр.

Насамрэч, дамы з такімі велізарнымі кватэрамі з'яўляюцца рэдка, тым больш у абласным цэнтры, бо для іх цяжка знайсці купца. Тым больш, што ў такім месцы і кошт квадратнага метра будзе значна даражэйшым. Тут трэба быць дакладна ўпэўненым, што на кожную кватэру знойдзецца кліент.

Дом «Жамчужына» з альтанкай. Фота: Анлайнер

«Жамчужына» з такой праблемай не сутыкнулася, хоць дагавораў на долевае будаўніцтва ў ім ні з кім не заключалі. Усе кватэры былі прададзены па запісе, які вёўся ў час будоўлі. Даведацца пра такі спіс, напрошваецца думка, маглі толькі свае?

Парталы, якія спецыялізуюцца на нерухомасці, называюць гэты дом дзіўным і нават «сакрэтным».

Дом «Жамчужына» на рагу вуліц Інтэрнацыянальнай і Карла Маркса. Фота: Анлайнер

У гэтым доме па выніках ліпеня статыстыка здзелак зафіксавала рэкордную для Брэста цану квадратнага метра — звыш $1700, а агулам кватэра плошчай каля 126 квадратных метраў з выхадам на набярэжную каштавала блізу $220 000. Гэта рэкордная для горада цана.

У другой секцыі кошт квадратнага метра складае каля $1000—1200 у эквіваленце. Пры тым што сярэдні кошт квадратнага метра па горадзе складае $820.

У маі 2024 года ў доме купілі чатырохпакаёвую кватэру на 124 квадратныя метры за $205 000. Яна стала самай дарагой кватэрай сярод тых, што былі купленыя сёлета па-за межамі Міншчыны.

Планіроўка трохпакаёвай кватэры

Летам на другасны рынак таксама выставілі адразу дзве кватэры ў «Жамчужыне» — трохпакаёўкі без аддзелкі, кожная па 66,7 кв. м. За кватэры, з якіх від адкрываецца не на Мухавец, а на хрушчоўку па вуліцы Інтэрнацыянальнай, прасілі $87 000 і $95 000, то-бок па $1305-1425 за квадратны метр.

Нягледзячы на адчувальную нават па мерках Мінска цану, не кажучы ўжо пра абласны цэнтр, усе кватэры ў доме сёння ўжо спрададзены.

Жылы дом «Жамчужына» на набярэжнай Мухаўца. Фота: БрэстКАДпраект

Каментары2

  • муха
    17.10.2024
    "а плошча адной увогуле складае каля 190 кв. м."
    для дэпутата канечне
  • на план гляджу
    17.10.2024
    гардэроб з вакном), тады як ванная - не

Брэсцкі дэпутат пабудаваў элітны дом на набярэжнай. Цэны могуць шакаваць нават мінчукоў2

Брэсцкі дэпутат пабудаваў элітны дом на набярэжнай. Цэны могуць шакаваць нават мінчукоў

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчук зайшоў у незачынены рэстаран гандлёвага цэнтра, узяў грошы з касы і дзве пляшкі віскі

Белстат назваў самыя крымінальныя раёны Беларусі6

Новы інтэрнат БНТУ амаль гатовы. Вось як ён выглядае знутры6

«Пасылка не можа быць дастаўлена». У махляроў новы метад — яны прадстаўляюцца поштай1

«Зачышчаць будуць усіх, каму не дазволена выказвацца»3

На некалькі дзён змяняюцца маршруты грамадскага транспарту ў Мінску, у тым ліку аўтобуса №100

«Чаго вам не хапала? Жыві — не хачу!» Паглядзелі «Экстрэмісты» — новы спектакль «Купалаўцаў»5

Пачынаюць судзіць аналітыка Андрэя Паротнікава. Яму пагражае да 20 гадоў1

Былы беларускі спецназавец спрабаваў узарваць уладальніка бара ў Маскве4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Брэсцкі дэпутат пабудаваў элітны дом на набярэжнай. Цэны могуць шакаваць нават мінчукоў2

Брэсцкі дэпутат пабудаваў элітны дом на набярэжнай. Цэны могуць шакаваць нават мінчукоў

Галоўнае
Усе навіны →