Усяго патроху33

Беларусі пагражае нашэсце янота-паласкуна

Амерыканскі янот-паласкун, завезены ў Еўропу ў XX стагоддзі, сёння хутка пашырае арэал свайго пражывання. З Германіі ён паступова захоплівае Польшчу і набліжаецца да Беларусі, прыродныя ўмовы якой ствараюць спрыяльнае асяроддзе для замацавання гэтага інвазіўнага віду. Ужо цяпер навукоўцы называюць яго бядой ХХІ стагоддзя для еўрапейскіх гнездавых птушак.

Янот-паласкун. Фота: Wikimedia Commons

Янот-паласкун (Procyon lotor) — драпежнік сярэдняга памеру з Паўночнай Амерыкі. Сваё імя ён атрымаў праз звычку мыць ежу ў вадзе. Жывёла мае характэрную знешнасць: шэра-бурую поўсць, цёмную «маску» вакол вачэй, паласаты хвост і рухавыя пярэднія лапы, здольныя хапаць, адчыняць, капаць і выкручваць.

Ён выдатна лазіць па дрэвах, плавае і пераходзіць вялікія адлегласці ў пошуках корму. Вага дарослага янота — 5-10 кілаграмаў, даўжыня цела — да 60 сантыметраў.

Што ўжо было

У Беларусі янота-паласкуна спрабавалі акліматызаваць яшчэ ў 1950-я. У 1954 годзе 52 асобіны былі завезены з Азербайджана ў Прыпяцкі запаведнік, а ў 1958 годзе — выпушчаныя на тэрыторыі былога Давыд-Гарадоцкага раёна.

Да 1965 года колькасць гэтых звяроў дасягнула 1500, і ў 1969-1970 гадах была дазволеная іх здабыча. Аднак да пачатку 2000-х папуляцыя амаль знікла.

У 2007 годзе беларускія навукоўцы выказвалі здагадку, што янот вымер праз хваробы, выкліканыя мясцовымі паразітамі, да якіх ён не меў імунітэту.

Вяртанне

Сёння янот вяртаецца — але ўжо самастойна, з захаду. У Германіі яго папуляцыя перасягнула тры мільёны асобін, нягледзячы на тое, што паляўнічыя знішчылі каля мільёна. Яго адаптыўнасць і пладавітасць уражваюць: гэты звярок імкліва засяляе новыя тэрыторыі, пераадольваючы і гарады, і дарогі, і рэкі.

Фота: Dzikie Kaczki / Facebook

З Германіі па лясах і рэках ён масава распаўсюджваецца на ўсход. Паводле карты Польскай акадэміі навук, янот ужо запоўніў захад краіны, яго можна сустрэць у цэнтры і на ўсходзе Польшчы, уключна з раёнамі ля мяжы з Беларуссю.

Чым ён небяспечны?

У адрозненне ад амерыканскай норкі, якая пераважна трымаецца ўздоўж вадаёмаў, янот выкарыстоўвае ўсе тры ўзроўні лясной экасістэмы: зямлю, ваду і кроны дрэў. Ён нішчыць гнёзды птушак, у тым ліку ў дуплах і штучных схованках. Асабліва пакутуюць качкі, кулікі, ластаўкі, совы.

У межах агульнага арэалу янот уступае ў канкурэнцыю з тхарамі, куніцамі і лісамі, а таксама рабуе куратнікі, рыецца ў смецці, у горадзе адкрывае кантэйнеры і пранікае ў гаспадарчыя пабудовы. Ён — пераносчык шаленства і паразітаў, што небяспечна як для людзей, так і для хатніх жывёл.

Што адбываецца ў Беларусі?

У Беларусі янот-паласкун не лічыцца інвазіўным відам, бо няма пацверджаных звестак пра яго натуральнае пранікненне. Выпуск у прыроду забаронены, але ўвоз і ўтрыманне — не, што стварае шэрую зону: уцекачы з вальераў могуць лёгка апынуцца на волі.

У 2024 годзе янота зафіксавалі пад Баранавічамі, таксама паведамлялася пра яго прысутнасць у пойме Нёмана і Налібоцкай пушчы. Пакуль незразумела, ці гэта вынік натуральнага міграцыйнага распаўсюджвання, ці наступствы чалавечай дзейнасці.

Ці можна яго спыніць?

Сярод эколагаў гучаць розныя прапановы. Адна з найбольш рэалістычных — уключыць янота ў спіс паляўнічых відаў, як гэта ўжо зроблена з шакалам. Іншыя мяркуюць, што канкурэнты ў беларускіх лясах — рысь і воўк — здольныя стрымліваць яго распаўсюджанне.

Але скептыкі сумняваюцца: у Германіі і Польшчы гэтыя ж самыя драпежнікі не спрацавалі. І нават калі янота прызнаюць паляўнічай жывёлай, хто на яго будзе паляваць? Урэшце, амерыканскую норку таксама не спынілі — і яна ўжо стала звычайным відам у нашых вадаёмах.

А можа, ён вымрэ зноў?

Ці можа янот-паласкун і цяпер не прыжыцца ў Беларусі — як гэта ўжо аднойчы здарылася? Такое развіццё падзей не выключана. Калі яго знікненне ў 1980—2000-х было выклікана інфекцыямі і мясцовымі паразітамі, да якіх від не меў імунітэту, гісторыя сапраўды можа паўтарыцца.

Але сёння сітуацыя істотна змянілася. Еўрапейскія папуляцыі янота ўжо ўстойлівыя, генетычна разнастайныя, і, магчыма, набылі неабходную абарону супраць мясцовых хвароб. Таму верагоднасць замацавання віду ў Беларусі цяпер значна вышэйшая, чым напрыканцы ХХ стагоддзя.

Каментары3

  • смех і грэх
    22.06.2025
    спачатку крычаць пра мараторый на смяротнае пакаранне, пасля публікуюць дзіўны артыкул пра злога янота. астанавіцесь.
  • Ёсік
    22.06.2025
    Ну то хоць не пакістанцы. Ёсьць шчэ нехта, хто прэцца ў Беларусь.
  • Тэкля
    22.06.2025
    Прыгожы

Цяпер чытаюць

Ваяр з Беларускага добраахвотніцкага корпуса: Я жыў у ружовай бурбалцы2

Ваяр з Беларускага добраахвотніцкага корпуса: Я жыў у ружовай бурбалцы

Усе навіны →
Усе навіны

«У вас ёсць усяго некалькі хвілін». Што рабіць, калі навальніца, ураган або смерч засталі на прыродзе2

На гарадзішчы на Менцы знайшлі фрагмент амфары з рунай11

Прэм'ер Даніі: ЕС трэба пераўзброіцца за гэтыя пяць гадоў2

У Канадзе раскрыта змова «антыўрадавага апалчэння» з удзелам вайскоўцаў2

Кіраўнік кадравай службы Трампа Серхіа Гор аказаўся ўраджэнцам Ташкента Сяргеем Гарахоўскім11

«Самае прыгожае свята лета». Турысты расказалі, як з'ездзілі на Купалле ў Сулу3

Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам унутраных спраў Літвы. Размова ішла па-беларуску12

«Кідае ў нас кучы гаўна». Трамп заявіў пра сваю незадаволенасць Пуціным6

Пазняк перайшоў да абразаў Ціханоўскага: «Істота тарабаніць увесь час»172

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ваяр з Беларускага добраахвотніцкага корпуса: Я жыў у ружовай бурбалцы2

Ваяр з Беларускага добраахвотніцкага корпуса: Я жыў у ружовай бурбалцы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць