Здароўе66

Татуіроўкі б'юць па імунітэце і прыводзяць да хранічнага запалення ў лімфатычнай сістэме — новае даследаванне

Новыя навуковыя даныя прымушаюць паглядзець на татуіроўкі не толькі як на мастацтва, але і як на доўгатэрміновы эксперымент над уласнай імуннай сістэмай. Згодна з новым даследаваннем, фарба пасля тату не застаецца на месцы, а мігруе ў лімфатычную сістэму і можа запускаць хранічнае запаленне.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Vecteezy.com

Сёння кожны пяты чалавек у свеце мае на целе малюнак, і гэтая тэндэнцыя толькі расце. Доўгі час для навукоўцаў заставалася загадкай: як менавіта татуіроўкі выжываюць пад скурай, калі імунная сістэма павінна ўвесь час спрабаваць знішчыць чужародныя целы? Адказ на гэтае пытанне прывёў да трывожных высноў.

Як піша Spektrum.de, каманда швейцарскіх навукоўцаў пад кіраўніцтвам імунолага Сант’яга Гансалеса першапачаткова не планавала вывучаць шкоду татуіровак.

«Мы проста шукалі найменш балючы спосаб пазначыць нашых лабараторных мышэй, калі нехта прапанаваў зрабіць ім татуіроўку, — расказвае Гансалес. — Мы паспрабавалі і зрабілі першае назіранне, якое і запусціла ўсё даследаванне».

Як татуіроўкі ўплываюць на імунітэт

Навукоўцы заўважылі, што ўжо праз некалькі гадзін пасля працэдуры чарніла назапашвалася ў лімфатычных вузлах і правакавала запаленчую рэакцыю. Паколькі спецыялізацыя каманды — менавіта запаленчыя рэакцыі, яны вырашылі вывучыць гэты працэс глыбей.

Даследчыкі выявілі, што пігменты не застаюцца на месцы. Трапляючы ў лімфавузлы, яны паглынаюцца макрафагамі («клеткамі-пажыральнікамі»). Аднак, у адрозненне ад бактэрый, цвёрдыя часцінкі фарбы немагчыма пераварыць.

Гэта запускае небяспечны цыкл. Макрафагі распазнаюць чарніла як пагрозу і спрабуюць знішчыць яго, выклікаючы запаленне. Не здолеўшы расшчапіць малекулы пігменту, клеткі высільваюцца і гінуць. Чарніла вызваляецца, і новыя макрафагі зноў спрабуюць яго атакаваць.

Асабліва агрэсіўнымі аказаліся чырвоныя і чорныя фарбы, якія найбольш актыўна спрыяюць разбурэнню клетак. Але, як высветлілася, галоўная праблема палягае не столькі ў вастрыні першаснай рэакцыі, колькі ў яе працягласці.

«Характэрна, што запаленчы працэс захоўваецца працяглы час. Мы назіралі відавочныя прыкметы запалення ў лімфатычных вузлах мышэй нават праз два месяцы пасля нанясення татуіроўкі», — адзначаюць аўтары. Для чалавека гэта можа азначаць гады хранічнага стрэсу для імунітэту.

Як татуіроўкі ўплываюць на эфектыўнасць вакцын

Група Гансалеса таксама праверыла, як татуіроўкі ўплываюць на эфектыўнасць прышчэпак, што стала асабліва актуальным пытаннем пасля пандэміі.

Вынікі паказалі, што наяўнасць татуіровак можа зніжаць эфектыўнасць мРНК-вакцын (напрыклад, супраць COVID-19). У татуіраваных мышэй пасля вакцынацыі выпрацоўвалася менш антыцелаў. Навукоўцы звязваюць гэта з тым, што занятыя барацьбой з чарнілам клеткі горш сінтэзуюць спайк-бялок каранавіруса. Гэты бялок пакрывае паверхню віруса падобна калючкам і служыць «мішэнню» для навучання імуннай сістэмы. Калі спайк-бялку выпрацоўваецца мала, арганізм фармуе слабейшую абарону.

Аднак з інактываванай вакцынай ад грыпу адбылося адваротнае: пігменты, імаверна, узмацнілі імунную рэакцыю. Чаму так адбываецца, пакуль дакладна невядома, але, магчыма, запаленне прымушае імунітэт працаваць у больш актыўным рэжыме.

Аўтары артыкула ў навуковым часопісе PNAS падкрэсліваюць, што на гэты момант гэта самае поўнае даследаванне ўплыву тату-чарнілаў на імунітэт. Яны звяртаюць увагу на важную праблему: рэгуляванне вытворчасці фарбаў для татуіровак значна менш строгае, чым патрабаванні да фармацэўтычнай прадукцыі, хоць чарніла ўводзіцца непасрэдна ў арганізм.

Хоць пакуль незразумела, наколькі дакладна вынікі, атрыманыя на мышах, можна перанесці на людзей, навукоўцы ўпэўненыя: грамадскасць павінна ведаць пра патэнцыйныя рызыкі. Татуіроўка можа стаць прычынай таго, што імунная сістэма перастане працаваць эфектыўна, бо будзе ў стане пастаяннай барацьбы з фарбай унутры ўласнага арганізма.

Каментары6

  • Дмитрий
    28.11.2025
    Сейчас в комментарии набегут размалёванные любительницы и начнут рассказывать, что учёные дураки и ничего не смыслят в эстетике. И вообще - что хотим со своим телом, то и делаем. Сразу вспоминается кадр из фильма "тупой и ещё тупее 2", где татуировка одной из главных героинь в молодости была улыбающимся смайликом, а годкам к 45 стала плачущим))
  • Отец Засандалин
    28.11.2025
    Наколочки, наколочки, гоп-татуировочки. Вместо рыжих цацок носят мыши-воровочки.
  • Бессаромнік
    29.11.2025
    Не можа чалавек у пастаянным эстэтычным развіцці біць сабе наколкі, бо яны для яго вельмі хутка маральна старэюць. Таму для мяне гэта хутчэй рэд флаг.

Цяпер чытаюць

Беларусь ужо не толькі пра палітвязняў. З чым Святлана Ціханоўская паехала на адзін з галоўных форумаў па бяспецы ў ЗША і што там рабіў Сяргей Ціханоўскі7

Беларусь ужо не толькі пра палітвязняў. З чым Святлана Ціханоўская паехала на адзін з галоўных форумаў па бяспецы ў ЗША і што там рабіў Сяргей Ціханоўскі

Усе навіны →
Усе навіны

Перапынак у фінале чэмпіянату свету будзе доўжыцца 30 хвілін5

Кубракоў: Працоўныя мігранты ўжо размеркаваныя па прадпрыемствах8

Вось хто той хлопец, які паехаў на праполку бульбы і стаў героем сацсетак10

Памятаеце харызматычнага і жартаўлівага кіраўніка Мікалаеўскай вобласці? Ён можа стаць міністрам у новым урадзе Украіны3

Банк у Польшчы заблакаваў рахункі — а там іпатэка, і зберажэнні. Айцішнік-беларус баіцца страціць кватэру9

Навукоўцы знайшлі ў ДР Конга новы від малпаў. У іх ружова-аранжавыя вусны і чорная морда4

Зламаны аўтамабіль заехаў на эвакуатар, але яго туды падштурхнуў іншы легкавік1

Чаму не варта перастройвацца з паласы ў паласу, калі вы захраслі ў заторы? Тлумачаць матэматыкі2

Зяленскі прапанаваў новую пасаду былому міністру абароны, але той адмовіўся10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусь ужо не толькі пра палітвязняў. З чым Святлана Ціханоўская паехала на адзін з галоўных форумаў па бяспецы ў ЗША і што там рабіў Сяргей Ціханоўскі7

Беларусь ужо не толькі пра палітвязняў. З чым Святлана Ціханоўская паехала на адзін з галоўных форумаў па бяспецы ў ЗША і што там рабіў Сяргей Ціханоўскі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць