25+ ідэй падарункаў на Каляды і Новы год ад беларускіх майстроў і брэндаў
У пераднавагодняй мітусні не адразу атрымліваецца сарыентавацца і абраць для сваякоў і сяброў той самы падарунак пад ялінку — каб не абы-што і не за касмічны кошт. Калі вы не з тых, хто закупіўся яшчэ месяц таму, а адкладаеце ўсё на апошні момант, вось падборка небанальных прэзентаў (ніякіх шкарпэтак і майткоў).
Для ласуноў
Звычайнымі шакаладкамі ці цукеркамі, здаецца, ужо нікога не здзівіш, а вось арэшкі-гіганты са згушчонкай ад мінскай кавярні Let it be (Кастрычніцкая, 23А) могуць стаць сапраўдным гастранамічным адкрыццём.

Тыя, хто ўжо каштаваў арэшкі, кажуць, што яны такія вялікія, што могуць замяніць асобны прыём ежы. Ну і згушчонка там што трэба.
Кошт аднаго арэшка: 9 рублёў
Для тых жа, хто па-за межамі Беларусі, звяртаем увагу на 82‑грамовыя сыркі, якія ствараюцца рукамі беларускай мастачкі Элі.

Кошт аднаго сырка: ад 3 да 4 еўра
Калі ж чалавек больш па салёным, то добрай ідэяй на падарунак можа быць сэт з розных сыроў, напрыклад, ад беларускіх сыравараў у Польшчы Krapacheese. Тым больш кожны заказ набліжае сям’ю Юлі і Аляксея да мары — выкуп фермы.

Кошт для прыкладу: адыгейскі сыр — 1,6 еўра за 100 гр.
Для залежных ад кніжак
У зімовы, пераднавагодні час і кніжак хочацца асаблівых — казачных. Калі ўжо па некалькі разоў перачытаныя «Уладар пярсцёнкаў» ці «Гары Потар» (у тым ліку па-беларуску) і хочацца чагосьці новенькага, то раім звярнуць увагу на новае выданне «Гутэнберга» «Каляды 1992» (кошт — 18 еўра).

Для сямейнага чытання прыдасца «Снежная фея» ад Юліі Верамей — кніга-падарожжа ў зімовы свет, дзе жывуць сяброўства, дабрыня і цуды (кошт — 12 еўра).
Для больш дарослых чытачоў класным падарункам стане кніга пра творчасць Язэпа Драздовіча з «Акадэмкнігі». Мастак сам па сабе — чароўны і неардынарны, такі ж, як і яго працы.

Для каваманаў
Daloni coffee штогод радуюць аматараў кавы сваімі добра прадуманымі адвэнт-календарамі з дрып-кавай. У гэтым годзе, ведаючы, што першыя разбяруць яшчэ на этапе прэзентацыі, яны выпусцілі дадатковы прадукт — навагодні бокс са specialty кавай і пернікамі (колькасць абмежаваная).

Кошт: 125 рублёў
Для чэмпіёнаў планавання…
…а заадно і аматараў беларускай культуры, бо менавіта гэта аб’яднала ў сваім аўтарскім календары Воля Этыка — каляндар, які можна вышываць.

«Ствараўся ён, па-першае, каб сваімі рукамі дакрануцца да беларускай традыцыі: усе схемы зроблены на аснове аўтэнтычных арнаментаў. А па-другое, каб 12 раз у 2026 годзе можна было запаволіцца і некалькі гадзін правесці сам-насам з сабой і з вышыўкай крыжыкам», — патлумачыла ідэю навінкі майстрыца.
Яна абяцае, што такой вышыўцы дадуць рады нават пачаткоўцы, тым больш разам з календаром ідзе інструкцыя і ўсе неабходныя матэрыялы. А яшчэ і падстаўка! Каб каляндар прыгожа стаяў на абраным уладальнікам месцы ў кватэры ці офісе.
Кошт: 50 еўра
Для эстэтаў
Канечне, на кампанію заўсёды знойдзецца нехта па-за сістэмай — той, хто не аматар нават ставіць ялінку ў доме. Але калі вашы знаёмыя лічаць упрыгожванне дрэва галоўнай традыцыяй, то цацка заўсёды будзе дарэчнай.
У гонар надыходзячага Году каня майстры нарабілі шмат класных варыянтаў. Наш фаварыт — уручную распісаныя конікі ад керамісткі Дар’і Лізунковай.

Кошт за адну цацку: 70 рублёў
Калі вы ўсё ж не па коніках, звярніце ўвагу на чароўных персанажаў ад Марыі Карнеенка. Кажаны, коткі, трусікі і калядоўшчыкі створаныя з ваты — а так і не скажаш!

Кошт: ад 23 еўра і вышэй, у залежнасці ад памеру і складанасці цацкі
Больш смелыя і арыгінальныя цацкі з пасланнямі можна замовіць у Надзеі @yakhont. Таксама дызайнерка сваімі рукамі стварае незвычайныя вазы і талеркі.

Кошт адной цацкі: 10 еўра
Цацачную рэтра-класіку са шкла і не толькі раім шукаць на Oz.by — у іх вялікі выбар.
Для аматараў утульнасці
Амаль кожны чалавек, які арганізаваў у доме шмат кропак з настраёвым святлом, скажа вам, што гэта найлепшая ідэя — ён не залівае ўсю прастору, не рэжа вочы, а працуе на асвятленне канкрэтнага куточка, дзе можна загнездавацца з пледам і кубкам какавы.
Такім настраёвым эфектам могуць радаваць самаробныя лямпы-сімвалы гарадской прасторы ад «Хутка Смачна».

Цягнік, вагон метро, панэлька ці домік з Асмалоўкі — што будзе асвятляць кватэру блізкага? Выбіраць вам.

Кошт: ад 70 еўра і вышэй
Замяніць лямпу можна і на больш танны, але не менш эфектны варыянт — свечкі. Тым больш, калі яны ад брэнда «Кроплі зор». Проста паглядзіце на гэтыя каляровыя вежы-канструктары!

Ёсць у стваральніцы брэнда і спецыяльная зімовая калекцыя са свечкамі ў форме Шчаўкунчыка ці каруселі.
Кошт: ад 11 еўра і вышэй, у залежнасці ад велічыні прадукту
Для моднікаў
У маразы класная альтэрнатыва шапкам для дзяўчат — хусткі. Раім звярнуць увагу на хусткі з арнаментальнай вышыўкай ад Кацярыны Пятровіч. Для мужчын у Каці можна купіць вышываную кашулю — чаму б менавіта ў такім вобразе не сустрэць Новы год?

Актуальным элементам гардэроба (як для дзяўчат, так і для хлопцаў) застаецца вязаны капюшон, асабліва калі ён адразу ідзе ў дуэце з вялікім шалікам. Па такія рэчы заглядвайце да вядомых вам майстроў. Ці вось да Вольгі.

Ну, і вечная класіка ў дапамогу: алімпійкі і худзі ад LSTR.
Калі ўцяпленне не стаіць за мэту, то проста стылёвай шматслойнасці раздасць Tvaja_paniova — майстарка зробіць для вас фартух у любым колеры, з арнаментам, характэрным вашаму рэгіёну.

Кошт: ад 35 еўра
Для аматараў падарожжаў
З кавідных часоў вандроўкі па Беларусі толькі набіраюць папулярнасць — многія працягваюць упершыню адкрываць для сябе захапляльныя куточкі нашай радзімы. Для такіх сяброў крутым падарункам будзе Пашпарт вандроўніка — кніжка, якая змяшчае ў сабе 65 беларускіх славутасцяў, вартых наведвання.

Кошт: 54 рублі.
Спіс прэзентаў для вандроўнікаў агулам бяздонны — ім і намёты нялішнія, і бутэлькі на ваду, і ліхтарыкі, і паўэрбанкі… А яшчэ — добры заплечнік. У брэнда «Вокладкі», дарэчы, цяпер калядныя зніжкі — можа, што годнае трапіць на вока.

Для тых, хто любіць ззяць
Універсальная палетка для твару Paradiso Relouis Contouring Palette ідэальная і на будні, і для святаў — усё для таго, каб ззяць штодзень.

Кошт: 19,96 руб.
Дадаткова ззяць дапамогуць вадкія культавыя цені ад гэтага ж брэнда — з усёй разнастайнасці колераў будзе складана выбраць той самы.
Кошт: 10,89 руб.
Калі ў вашай кампаніі ёсць аматары спа-працэдур, раім звярнуць увагу на навагодні набор «Марозны марцыпан» ад «Беліты» — можна сабраць у падарункавую торбу і мус для рук, і пену для ванны, і гель для душа.
Для калекцыянераў аксесуараў
Завушніцы, пярсцёнак ці нешта іншае з упрыгожанняў — найлепшы варыянт для тых, хто любіць сам пабыць ялінкай.
Завушніцы ад Машы Мароз — тое, пра што будзе пытаць у вас кожны мінак. Ніводная пара не паўтараецца, а яе стварэнне — заўсёды натхненне традыцыйнымі беларускімі посцілкамі і іх стракатасцю.

Больш стрыманая бачанне прыгажосці — у брэнда Label D. У такой ювелірцы можна пайсці і ў офіс, і на спатканне, і на вечарыну.

Бяспройгрышным варыянтам стануць модныя цяпер абвесы на торбы, якія можна выкарыстоўваць і як бірульку для ключоў.

Варыянт ад atmasfiera.com
Для тых, хто настальгуе
Сябра ці блізкі ў эміграцыі? Вы не прагадаеце, калі дашляце яму нешта з яго родных мясцін ці нешта з роднымі краявідамі.
Так, брэнд «Жнівень» даўно прапаноўвае замаўляць цішоткі з каардынатамі роднага горада.

Кошт: 22 еўра
А брэнд Jestem tu надрукуе для вас на цішотках любое мілае сэрцу месца — будзь тое бабуліна хата, рэчка ў мястэчку ці сталічныя вежы на цэнтральным вакзале.

Кошт: 30 еўра
Дызайнеры ж з ZABRODSKI падрыхтавалі для вас цэлую серыю лонгсліваў на любы густ — з культавай беларускай ежай, бабуліным тэлевізарам, накрытым сурвэткай, ці тым самым вясковым сервантам з сервізам.

Кошт: 66 еўра
Добрым, інтэлігентным вітаннем з радзімы можа стаць і беларуская мапа — напрыклад, у версіі Аркадзя Смоліча 1919 года.

Кошт: 55 еўра.
А што наконт таго, каб насіць на плячах ці галаве хусткі з роднымі сэрцу краявідамі? Такія ў вялікім выбары прапануе брэнд AV Сollection.

Кошт: 67 рублёў
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬТоп беларускіх швэдраў на любы густ — з Палессем, слуцкімі паясамі ці лялькамі-абярэгамі
Топ небанальных падарункаў на любую нагоду ад беларускіх майстроў
Стылістка назвала топ-5 самых модных беларусак
Топ самых модных беларускіх мужчын — выбар стылісткі
Ідэя для падарунка — падборка стылёвых аксесуараў з беларускім каларытам
Каментары