Грамадства1010

Беларускія сыравары просяць дапамагчы ім выкупіць ферму ў Польшчы. Раней яны трымалі кароў і коз пад Браславам

Юля і Аляксей раней трымалі хутар на Браслаўшчыне. Філолаг-перакладчык і эканаміст-маркетолаг са сталіцы ў 2015 годзе купілі хатку для адпачынку, потым засталіся там пажыць, паралельна працуючы анлайн, і незаўважна для сябе сталі гаспадарамі авечак, коз, а пасля і коней, кароў, качак і курэй. Пара самастойна навучылася варыць сыры — вядома, удваіх з’есці ўсё было нерэальна, таму яны пачалі прадаваць свае прысмакі пад брэндам Krapacheese, і паступова зрабілі гэта асноўнай справай жыцця.

Пра фермераў пісалі СМІ, даходы раслі, але ўсе планы на гаспадарку перакрэслілі падзеі 2020 года. Юля і Аляксей пераехалі ў Польшчу. Пачынаць з нуля было няпроста, але сёння пара кіруе гаспадаркай з 32 авечак, 28 коз, 2 коней, 7 сабак і адной коткі. Праўда, дом з 2,5 гектара зямлі яны бралі ў арэнду з умовай выкупу — выкупіць пажадана цягам бліжэйшых трох‑чатырох месяцаў.

«Мы атрымалі амаль усе галоўныя дазволы. Але банкі адмовілі нам у іпатэцы і звыклых пазыках праз фермерскі від дзейнасці, бо пры такой дзейнасці вялікія выдаткі ў параўнанні з даходамі. У спецыялізаваных жа пазыках нам адмовілі, таму што ў нас беларускае грамадзянства», — расказваюць Юля і Аляксей.

Яны прапануюць падтрымаць іх пакупкай сыроў, візітам да іх на перазагрузку ці данатам. Для выкупу гаспадаркі ім не хапае 60 тысяч еўра.

Юля і Аляксей, гаспадары фермы і стваральнікі брэнда сыроў Krapacheese. Тут і далей — фота з асабістага архіва герояў

«Самыя папулярныя сыры — халумі, сулугуні і рыкота»

Ферма Юлі і Аляксея знаходзіцца ў польскай вёсцы Балажуўка (Bałażówka), што за 60 кіламетраў ад Кракава. Авечкі і козы ў іх тут гуляюць па горных краявідах, так і вабячы далучыцца да іх кампаніі жыхароў вялікіх гарадоў, для якіх небасхіл часта схаваны за будынкамі. Сюды сапраўды прыязджаюць на прыродны дэтокс. Тым больш гаспадары ладзяць не толькі экскурсію па ферме, але і накрываюць дэгустацыйны стол. Такі экспірыенс на свежым паветры прапануецца ўсім ахвотным за 75 злотых за дарослага (каля 60 рублёў) ці 40 злотых (32 рублёў) — за дзіця.

Cыры Krapacheese

Дадаткова, па жаданні, гаспадары могуць прыгатаваць дранікі, чабурэкі і падаць да іх фермерскае віно з мясцовай вінарні, з якой яны супрацоўнічаюць. 

Самыя папулярныя сыры на замову тут — халумі, сулугуні і рыкота. Агулам жа рукамі мужа і жонкі ствараецца вялікая колькасць сартоў: фета, сыры з блакітнай і белай цвіллю, некалькі відаў цвёрдых вытрыманых.

Замовіць у іх можна і так любімыя многімі беларусамі глазураваныя сыркі. Так, сулугуні абыдзецца ў восем злотых (каля 6 рублёў) за сто грамаў, халумі (які можа быць і з мятай, і з журавінамі) каштуе 9,5 злотага (сем рублёў з невялікім) за сто грамаў, а натуральны тварог — 5,5 злотага (каля 4 рублёў) за той жа аб’ём.

Заказы адпраўляюцца па ўсёй Еўропе, але найчасцей, вядома, сыры прыязджаюць да сталоў жыхароў Польшчы.

60% кліентаў Юлі і Лёшы — беларусы, але сярод замоўцаў ёсць і палякі з украінцамі, жыхары Літвы, Іспаніі і Германіі. А на экскурсіі да іх завітвалі госці з Італіі, Францыі і Індыі.

«На другі год эміграцыі ўдалося выходзіць у нуль»

Калі ў Беларусі ў пары ўжо была наладжаная кліенцкая база і даход, у чужой краіне прыйшлося ўсё выбудоўваць наноў. На другі год эміграцыі фермерам удалося выходзіць у нуль. Цяпер сітуацыя розніцца ў залежнасці ад сезона — летам, дзякуючы экскурсіям і фестывалям, пара ў плюсе, але зімой і ранняй вясной, а таксама пасля буйных святаў прыходзіцца працаваць у мінус.

«Мы падлічылі асноўныя расходы — на месяц гэта прыкладна 1500 злотых на сена, 800 — на корм сабакам і кату, 300 на збожжа для козачак і авечак, 200‑250 — на ветабслугоўванне жывёл (пры лепшым раскладзе), 600 злотых — на паштовае абслугоўванне, 300‑400 — на пакаванне тавараў, 2400 — на каровіна малако ў фермера (каля 180 літраў). Арэнда дома з камуналкай за кошт таго, што мы дамаўляліся яго выкупіць, выходзіць нядорага — каля чатырох тысяч злотых. Агулам, карацей, штомесячна мы выдаткоўваем на гаспадарку каля 10 тысяч злотых (амаль 2500 еўра. — НН)», — расказвае Юля.

«Напіўшыся, гаспадары ўварваліся ноччу з крыкамі звальваць адсюль»

Праца ў Юлі і Аляксея ў сезон пачынаецца а пятай раніцы, каб паспець падаіць жывёл і выгнаць на поле да спякоты — так у авечак і козачак ёсць шанец нармальна адпасвіцца, а пасля схавацца ў цень.

Спачатку фермеры арандавалі дом і зямлю ў іншых гаспадароў, але ад іх прыйшлося заўчасна з’ехаць, бо тыя злоўжывалі алкаголем. Аднойчы, напіўшыся, гаспадары ўварваліся да пары ноччу з крыкамі звальваць («spierdalać») адсюль. Сп'яну яны забыліся, хто і чаму заняў іх тэрыторыю. Абараніць сябе ад агрэсіі без паліцыі Юля з Лёшам змаглі толькі дзякуючы сабакам, якіх палякі спужаліся.

Гадаванцы сям’і Павел і Урса

Гэта быў стрэс не толькі для пары, але і, вядома, для іх жывёл. Як і новы вымушаны пераезд. Тым больш чарговы: чатырох сабак і двух коней пара да гэтага транспартавала з Беларусі, а потым — да часовага прыстанішча.

Каб не ўчыняць жывёлам дадатковы стрэс з пераездам, сям’і б не хацелася пакідаць сённяшнюю ферму. Дый паспрабуй з такой гаспадаркай зняць новы дом з вялікай тэрыторыяй пад пашу.

Калі б не пад фермерскі від дзейнасці, то пара атрымала б крэдыт на набыццё нерухомасці. Банкам жа, якія супрацоўнічаюць менавіта з фермерамі, сёння забаронена весці справы з грамадзянамі Беларусі і Расіі. Тое самае тычыцца і спецыяльных еўрапейскіх праграм.

Менавіта таму гаспадары звярнуліся па дапамогу. Ідэальная падтрымка для іх — набыццё ў Krapacheese сертыфіката на любую суму. З фермераў за гэта — пастаянныя пастаўкі свежага сыру на месяцы наперад.

Юля з Лёшам будуць рады любой, нават самай дробнай замове ў іх, а таксама данату на спецыяльнай анлайн-платформе.

«Набыўшы зямлю, мы зможам ісці далей: уладкаваць сыраварню, пашырыць выраб сыроў, палепшыць статак. А калі атрымаецца сабраць больш за патрэбную суму, можна будзе яшчэ падключыць дом да цэнтральнага водаправода».

«Хаб, дзе можна было б збірацца на святкаванне Купалля ці Дзядоў і парыцца ў лазні»

Юля і Аляксей адзначаюць, што многія прыязджаюць да іх у госці не проста па прыроду і смачную экалагічную ежу, але і па беларушчыну, без якой сумуюць эмігранты. Таму ў сваіх марах пара ўяўляе стварэнне на іх участку гэткага беларускага хаба, дзе можна было б збірацца на культурныя імпрэзы, размовы на роднай мове, святкаванне Купалля ці Дзядоў, а заадно і папарыцца ў лазні.

«Але гэта ўсё ў далёкай перспектыве. Цяпер галоўная мэта — выкупіць дом, пакуль дзейнічаюць нашы пашпарты (яны актуальныя да 2026 года). І пасля яшчэ больш сканцэнтравацца на стварэнні добрых прадуктаў — купіць прафесійнае абсталяванне, набыць трактар і якасна паляпшаць статак», — расказвае пра планы Юлія і дадае:

«Ведаеце, мы не проста просім, маўляў, дайце грошай на дом. Мы зробім свой прадукт, цалкам экалагічны, створаны ў гарах. Адна вялікая сям’я замовіла ў нас сыроў на тысячу еўра, але нават самая дробная замова цяпер нам дапаможа».

Каментары10

  • ...
    03.11.2025
    Ну в целом правильно, надо отучать людей донатить каждому кто попросит.
  • Рагу из козлятины, сильвупле, и Пино Гри 1990 года
    03.11.2025
    Indrid Cold, Пусть их люди свяжутся с моими людьми и передадут бизнес-план, что они подавали в банк. Мой бизнес консультант изучит и даст рекомендации. Если цифры сходятся, мой юрист подготовит инвест договор и свяжется с их юристом обсудить детали. После всех обсуждений и доработка мы встретимся на их ферме и под светом софитов и прямой трансляцией во всех соц сетях подпишем "Инвест договор Тысячелетия" и я переведу искомую сумму. Потом праздничный обед на десять блюд из козлятины, сыра и вина с живым аккомпанементом шотландских волынок или виолончели.
  • Парада
    03.11.2025
    Хай звернуцца да Бурага з Гірын у АББУ - там усім дапамагаюць.

Цяпер чытаюць

Дэпартаваныя пры пасярэдніцтве амерыканцаў палітвязні завіслі між пеклам і зямлёю — без ДНЖ і магчымасці працаваць

Дэпартаваныя пры пасярэдніцтве амерыканцаў палітвязні завіслі між пеклам і зямлёю — без ДНЖ і магчымасці працаваць

Усе навіны →
Усе навіны

У выніку абстрэлу Кіева загінула ўдава першай ахвяры Чарнобыльскай катастрофы1

Экс-камандзір Палка Каліноўскага Павел Шурмей пакінуў пасаду і заявіў, што падраздзяленне ўжо не з'яўляецца палком па колькасці49

Магія «залатой крыві»: як навукоўцы спрабуюць аднавіць самую рэдкую групу крыві ў свеце — і навошта1

Нарада па сітуацыі на мяжы з ЕС прайшла без удзелу Лукашэнкі5

Дачка суддзі, якая жыўцом згарэла ў судзе ў Слуцку ў 1967-м, расказала, як склалася жыццё іх сям’і пасля гучнай трагедыі19

Які раён Беларусі самы бедны? Народ спрачаецца9

Ад экс-палітвязня Ігара Карнея патрабуюць пагасіць запазычанасць за побыт на Валадарцы3

У Мінску купілі кватэру за паўмільёна даляраў

МЗС пра зніклую ў М’янме Веру Краўцову: Дакументы аб смерці падробленыя3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дэпартаваныя пры пасярэдніцтве амерыканцаў палітвязні завіслі між пеклам і зямлёю — без ДНЖ і магчымасці працаваць

Дэпартаваныя пры пасярэдніцтве амерыканцаў палітвязні завіслі між пеклам і зямлёю — без ДНЖ і магчымасці працаваць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць