Грамадства1111

У Мінску будуюць новае «Акрэсціна» ў глухой прамзоне. А што будзе са старым?

На месцы былога ваеннага гарадка ў Сцяпянцы ўзводзяць новы комплекс для Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП). Сёння ён размяшчаецца на завулку Акрэсціна і пасля падзей 2020 года стаў сімвалам катаванняў і невыносных умоў утрымання. Аднак і на стары будынак ва ўладаў ёсць планы: імаверна, хутка ён закрыецца на маштабны рамонт.

Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама на Акрэсціна (справа). Фота: Наша Ніва

Згодна з пашпартам аб'екта, размешчаным на будаўнічым плоце па адрасе вуліца Карвата, 74, з верасня 2025 года тут вядзецца рэканструкцыя будынка пад размяшчэнне ЦІП. Праект распрацаваў інстытут «Белдзяржпраект», заказчыкам выступае Упраўленне капітальнага будаўніцтва (УКБ) Мінгарвыканкама, а падрадчыкам — Будаўнічае ўпраўленне №94 Будтрэста №1. Будаўніцтва фінансуецца з бюджэту Мінска і павінна завяршыцца праз год, у студзені 2027 года.

Раней на гэтым месцы знаходзіўся трохпавярховы будынак з шэрай сілікатнай цэглы, пабудаваны ў канцы 1960‑х гадоў як казарма асобнага навучальнага батальёна сувязі ВПС (в/ч 40858). У 1997 годзе часць была расфарміравана, і апошнія гады будынак стаяў закінутым, як і многія іншыя аб'екты былога ваеннага гарадка ў Сцяпянцы.

Будынак па вуліцы Карвата, 74 да пачатку рэканструкцыі. Фота: Wikimapia
Пашпарт аб'екта. Фота з сацсетак

Падрыхтоўка да будаўніцтва пачалася яшчэ летам 2023 года, а ўжо ў чэрвені 2024‑га быў гатовы праект. Апошнія змены па заўвагах дзяржэкспертызы ў яго ўнеслі ў маі 2025 года.

Што будзе ўнутры новага ізалятара?

Галоўны фасад адміністрацыйнага будынка ЦІП на вул. Карвата. План з праектнай дакументацыі.
Дваровы фасад адміністрацыйнага будынка ЦІП на вул. Карвата. План з праектнай дакументацыі
Тарцовы фасад адміністрацыйнага будынка ЦІП на вул. Карвата. План з праектнай дакументацыі

Згодна з праектам, новы ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама — гэта цэлы комплекс будынкаў. Нягледзячы на тое, што работы афіцыйна называюцца рэканструкцыяй, старую казарму зносяць амаль цалкам, да падмурка, на якім узвядуць новы двухпавярховы адміністрацыйны корпус.

Цокальны паверх адміністрацыйнага будынка ЦІП на вул. Карвата. Два вялікія памяшкання злева, у восях 1'-2', гэта трэнажорная зала і зала рукапашнага бою для супрацоўнікаў ЦІП. План з праектнай дакументацыі

Цокальны паверх адміністрацыйнага будынка аддадзены пад спорт: тут размесцяцца трэнажорная зала і зала рукапашнага бою. Цікавая дэталь: мяркуючы па памерах раздзявалак, мужчын сярод персаналу будзе ўтрая больш, чым жанчын.

Другі паверх адміністрацыйнага будынка ЦІП на вул. Карвата. План з праектнай дакументацыі

На другім паверсе размесцяцца кабінеты начальства з дывановым пакрыццём замест керамагранітнай пліткі, якой выкананы падлогі астатніх памяшканняў, пакоі адпачынку, гардэробы, душавыя для супрацоўнікаў, бухгалтэрыя, архіў і іншае.

Да паўночнага тарца адміністрацыйнага корпуса прымыкае ўласна ізалятар — трохпавярховы будынак з падземным узроўнем для архіваў і тэхнічных памяшканняў.

Першы паверх новага будынка ЦІП на вул. Карвата. Фіялетавым колерам пазначана памяшканне загрузкі і выгрузкі затрыманых, ружовым — пакой вобшуку са «стаканамі», сінім — душавыя, зялёным — дэзынфекцыйная, блакітным — прагулачныя дворыкі, чырвоным — камеры. План з праектнай дакументацыі

Лагістыка прыёму затрыманых прадумана да дробязяў. Аўтазак заязджае проста ўнутр будынка праз пад’ёмныя вароты. Адтуль затрыманы трапляе ў калідор, дзе яго чакаюць пакой разбіральніцтва і памяшканне для вобшуку з дванаццаццю «стаканамі» (вузкімі боксамі памерам 1,3х1 м). Далей — або душавыя без выразнага падзелу паводле полу, або дэзынфекцыя.

На першым паверсе таксама размяшчаюцца пакоі адпачынку персаналу, прыёму ежы, захоўвання спецсродкаў, буфетная і тэхнічныя памяшканні.

Планіроўка звычайных камер і карцара. План з праектнай дакументацыі

З першага паверху пачынаюцца і камеры для ўтрымання арыштаваных. Іх тут усяго шэсць: дзве камеры на два чалавекі (кожная плошчай 15 м2), па камеры на чатыры чалавекі (18 м2), на шэсць чалавек (26 м2) і на восем чалавек (34 м2), а таксама карцар.

Карцары ўяўляюць сабой выцягнутыя памяшканні плошчай 12 м² з маленькім акенцам пад самай столлю і туалетам без перагародкі.

Да будынка прымыкаюць чатыры закрытыя прагулачныя дворыкі памерам 7х7 м.

Другі паверх новага будынка ЦІП на вул. Карвата. Чырвоным колерам пазначаны камеры. План з праектнай дакументацыі

На другім паверсе размешчаны чатыры пакоі для разгляду адміністрацыйных матэрыялаў, некаторыя бытавыя памяшканні, а таксама 16 камер: дзве на двух чалавек, адзінаццаць на чатырох чалавек, восем камер на шэсць чалавек і адна камера на восем чалавек, а таксама карцар (памеры камер аналагічныя тым, што размяшчаюцца на першым паверсе). 

Трэці паверх новага будынка ЦІП на вул. Карвата. Чырвоным колерам пазначаны камеры. План з праектнай дакументацыі

Трэці паверх у цэлым аналагічны другому і мае столькі ж камер таго ж памеру.

У камерах на першым паверсе могуць размясціцца 22 чалавекі, на другім і трэцім — па 104 чалавекі. Агульная ўмяшчальнасць новага ізалятара складзе 230 чалавек (пры мінімальным патрабаванні ў заданні на праектаванне — 221 месца). Агульная плошча камер у новым ізалятары складае каля 1084 м².

Умовы наўрад ці можна назваць камфортнымі: сцены і столі будуць пафарбаваны акрылавай фарбай проста па бетоне, сцены будуць змрочнага шэрага колеру (Grau 50) перагародкі ў санвузлах зробяць з металічнага прафіляванага насцілу. Праўда, падлогі ў камерах абяцаюць зрабіць драўлянымі — значыць, будзе трохі цяплей.

Па-за камерамі куды больш утульная атмасфера: падвесныя столі і сцены, памаляваныя ў светлы бэж (Palazzo 55) у калідорах і карамельны (Caramel 55) — у памяшканнях для персаналу.

Дваровы фасад новага будынка ЦІП па вуліца Карвата. План з праектнай дакументацыі
Тарцовы фасад новага будынка ЦІП па вуліца Карвата. План з праектнай дакументацыі

Знешне будынак архітэктары паспрабавалі зрабіць больш сучасным і менш змрочным: вентыляваны фасад будзе аздоблены пад керамічную цэглу, чорную на цокалі і чырвоную на астатніх паверахах, з дапамогай нанясення на тынкоўку трафарэту «Лонданская цэгла», што нагадвае стыль лофт у модных жылых кварталах.

Тэрыторыю абнясуць трохметровым плотам з трыма радамі калючага дроту «Гарэза» (Егоза).

Агароджа ЦІП па вуліцы Карвата. Чарцёж з праектнай дакументацыі

На тэрыторыі таксама размесцяцца кантрольна-прапускны пункт, ангар для захоўвання транспарту, пажарная помпавая станцыя, трансфарматарная падстанцыя і дызель-генератарная ўстаноўка для рэзервовага электразабеспячэння будынкаў.

Цікава, што з праекта прыбралі элементы безбар'ернага асяроддзя — тактыльную плітку і піктаграмы са шрыфтам Брайля. Начальства вырашыла, што людзі з парушэннем зроку ў ЦІП трапляць не будуць, хоць практыка паказвае адваротнае: за краты кідаюць і інвалідаў, і старых людзей.

Генеральны план новага ЦІП па вуліца Карвата. Лічбамі пазначаны: 1 — адміністрацыйны будынак (рэканструкцыя існага будынка), 2 — будынак ЦІП, 3 — КПП, 4 — ангар для захоўвання транспарту, 5 — трансфарматарная падстанцыя, 6 — падвышальная помпавая станцыя, 7 — дызель-генератарная ўстаноўка, 8 — помпавая станцыя пажаратушэння (падземная). План з праектнай дакументацыі
Генплан, нанесены на спадарожнікавы здымак

Варта адзначыць, што новы ЦІП быццам наўмысна размешчаны ў адным з самых аддаленых і цяжкадаступных месцаў горада, дзе няма аніякай жылой забудовы, а толькі закінуты ваенны гарадок, прамзона і глухі лесапарк абапал. У жніўні 2020 года запісы з жылых дамоў таго, што адбывалася на тэрыторыі Акрэсціна і як крычалі людзі за яго агароджай, пацвердзілі жорсткае катаванне пратэстоўцаў. 

Што чакае Акрэсціна?

Паралельна з будаўніцтвам новага комплексу улады рыхтуюцца да маштабных работ на старым месцы. Згодна з дакументацыяй, з 2 сакавіка па 30 чэрвеня 2026 года ў будынку ЦІП на 1‑м завулку Акрэсціна запланаваны «бягучы рамонт».

Аднак спіс работ выглядае больш чым сур'ёзна для звычайнага касметычнага рамонту. Згодна з каштарысам, у камерах плануецца разабраць 387 м² дашчаных падлог.

Трэба адзначыць, што мы не ведаем дакладную колькасць камер у ЦІП на Акрэсціна. Меркаваць пра тое, што рамонт закране ўсе ці большасць камер, можна толькі па ўскосных звестках. 

ЦІП на Акрэсціна. Фота: Reform.news

У плане будынак мае памеры прыкладна 33 м х 13,5 м, што дае прыкладную плошчу аднаго паверха каля 445 м². У праекце новага ЦІП на вуліцы Карвата плошча ўсіх камер на адным паверсе складае блізу 60% агульнай плошчы паверха, можна меркаваць, што і стары будынак уладкаваным падобным чынам. Тады гэта азначае, што мяняць падлогі будуць у камерах на некалькіх паверхах.

Замест дошак там зальюць палімернае пакрыццё па бетоне. Гэта значыць, што ўмовы для «палітычных», якім часта даводзіцца спаць на падлозе ў перапоўненых камерах, могуць стаць яшчэ больш жорсткімі — ляжаць на тонкім палімеры будзе халадней і цвярдзей, чым на дрэве.

Таксама на тое, што работы закрануць усе камеры, можа ўказваць тое, што ў каштарысе прапісана замена 100 м² аконных праёмаў і кратаў. Улічваючы невялікі памер турэмных вокнаў (1,5-2,2 м² у камерах на вул. Карвата), гэта можа азначаць замену шклопакетаў практычна ва ўсім будынку.

Правядзенне такіх работ немагчыма без поўнага высялення ўтрыманцаў. Куды перавядуць людзей на час рамонту, пакуль невядома. Афіцыйна пра закрыццё старога ізалятара не паведамлялася.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары11

  • Жыве Беларусь
    19.02.2026
    Лукашысты будуць сядзець
  • Музэй таталітарызма
    19.02.2026
    Будзе некалі у́ гэтай катавальні музэй лукашызму праклятага
  • На россию
    19.02.2026
    Лепей бы міні-трактары МТЗ пабудавалі, бо снег чысціць трэба... Валет папрадавау́ усё на россию

Цяпер чытаюць

«Лукашэнка мне сказаў: «Хочаш — можаш адказаць нам, ударыць па Мазыры, па заводзе» — Зяленскі29

«Лукашэнка мне сказаў: «Хочаш — можаш адказаць нам, ударыць па Мазыры, па заводзе» — Зяленскі

Усе навіны →
Усе навіны

Былы палітвязень Сяргей Іванцоў: Я прачынаўся ад грукатання ўласных касцей 

Спецпрадстаўнік Пуціна пра фінал Алімпіяды: Зборная ЗША перамагла свой будучы 52‑і штат. Адзін з апошніх хакейных матчаў паміж ЗША і Канадай6

Марына Адамовіч: Начальнік турэмнай бальніцы сказаў, што калі я хачу, то магу забраць Міколу дадому7

«Цяпер яны грамадзяне Расіі». Што кажа бацька, які звёз дзяцей беларускі ў Луганск2

Чалавекам, якога застрэлілі ля рэзідэнцыі Трампа ў Фларыдзе, аказаўся хлопец, які захапляўся маляваннем палёў для гольфа3

У Мінску стаяла гіганцкая чарга па бясплатныя бліны4

Беларуска адначасова мела два грамадзянствы — але даведалася пра гэта толькі ў 21 год. Як так выйшла?10

У Беларусі сталі дзейнічаць ліміты на мабільны інтэрнэт

«Пуцін ужо пачаў Трэцюю сусветную». Зяленскі пра перамір'е, выбары і саступкі Расіі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Лукашэнка мне сказаў: «Хочаш — можаш адказаць нам, ударыць па Мазыры, па заводзе» — Зяленскі29

«Лукашэнка мне сказаў: «Хочаш — можаш адказаць нам, ударыць па Мазыры, па заводзе» — Зяленскі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць