Азербайджан мабілізаваў рэзервістаў і выставіў войскі на баявыя пазіцыі
Азербайджан абвясціў мабілізацыю № 1 і прывёў свае ўзброеныя сілы ў стан поўнай баявой гатоўнасці. Адначасова пачаўся прызыў рэзервістаў, а вайсковыя падраздзяленні вылучаюцца на баявыя пазіцыі або ў загадзя вызначаныя раёны. Пра гэта паведаміла Міністэрства абароны краіны, патлумачыўшы парадак дзеянняў пасля адпаведнага рашэння прэзідэнта Ільхама Аліева. Нагадаем, што ўвесь паўночны захад Ірана кампактна заселены азербайджанцамі.

5 сакавіка два беспілотнікі, запушчаныя з тэрыторыі Ірана, атакавалі азербайджанскі анклаў Нахічэвань. Адзін з іх трапіў у будынак тэрмінала міжнароднага аэрапорта, які знаходзіцца прыкладна за дзесяць кіламетраў ад мяжы, другі ўпаў побач са школай у сяле Шакарабад. У выніку пацярпелі два чалавекі, а будынак аэрапорта атрымаў пашкоджанні.
Міністэрства замежных спраў Азербайджана назвала гэты напад грубым парушэннем міжнароднага права. Пасла Ірана выклікалі для ўручэння ноты пратэсту, а Баку запатрабаваў ад Тэгерана правесці расследаванне і даць гарантыі, што падобныя выпадкі не паўторацца.
У Міністэрстве абароны Азербайджана заявілі, што атакі на цывільную інфраструктуру не застануцца без адказу і паабяцалі прыняць меры для абароны суверэнітэту краіны, насельніцтва і важных аб’ектаў.
Разам з тым раней Ільхам Аліеў асабіста наведаў пасольства Ірана ў Баку, каб выказаць спачуванні ў сувязі са смерцю вярхоўнага лідара аяталы Алі Хаменеі, які загінуў у выніку амерыкана-ізраільскіх удараў.
Як паведамляла Financial Times, яшчэ да цяперашняга крызісу на Блізкім Усходзе ў Іране быў распрацаваны план на выпадак вайны, які прадугледжвае ўдары па энергетычных аб’ектах суседніх краін з мэтай стварыць хаос у рэгіёне і аказаць ціск на Захад.
У Іране жыве вельмі шмат азербайджанцаў, гэта найбуйнейшая этнічная меншасць краіны, колькасць якой, па розных ацэнках, складае ад 15 да 20 мільёнаў чалавек (прыкладна 16—25% насельніцтва Ірана). Гэта у паўтара ці два разы больш, чым насельніцтва Азербайджана (каля 10 мільёнаў).
Асноўная частка азербайджанскага насельніцтва жыве на паўночным захадзе Ірана, у рэгіёне, які гістарычна называюць Паўднёвым Азербайджанам. Ён мяжуе з Азербайджанскай Рэспублікай.
Падзел азербайджанскага этнасу адбыўся ў пачатку XIX стагоддзя ў выніку расійска-персідскіх войнаў. Паводле Гюлістанскага (1813) і Туркманчайскага (1828) дагавораў тэрыторыя была падзелена па рацэ Аракс. Паўночная частка тады адышла да Расійскай імперыі (цяпер незалежны Азербайджан), а паўднёвая частка засталася ў складзе Персіі (цяпер Іран).
Азербайджанскае пытанне ў Іране падчас Другой сусветнай вайны, а асабліва пасля яе спрабаваў выкарыстаць Сталін. У 1941 годзе туды ўвялі савецкую 47‑ю армію, а прапагандысты, якіх з Баку накіроўваў 1‑ы сакратар ЦК КП Азербайджана Мір-Джафар Багіраў, актыўна распаўсюджвалі ідэі паназербайджанізму.
У жніўні—верасні 1945 года была створана Дэмакратычная партыя Азербайджана. 26 лістапада 1945 года пад кантролем савецкіх войскаў адбыліся выбары ў Нацыянальны меджліс Іранскага Азербайджана, на якіх перамагла гэтая партыя. 12 снежня было абвешчана пра стварэнне Дэмакратычнай Рэспублікі Азербайджан. Прыкладна ў той жа час, у студзені 1946 года, у Іранскім Курдыстане была абвешчаная такая ж марыянеткавая Мехабадская рэспубліка.
Аднак план Масквы стварыць у Іранскім Азербайджане залежную дзяржаву не ўдалося рэалізаваць. У маі 1946 года Сталін пад ціскам ЗША і Вялікабрытаніі вывеў савецкія войскі з Ірана. Пасля гэтага лёс створаных саветамі рэспублік фактычна быў вырашаны — неўзабаве іранскія войскі ўзялі іх тэрыторыю пад кантроль, а лідары рэспублік былі ці рэпрэсаваныя, ці збеглі ў СССР. Пасля таго пытанне азербайджанскага аб'яднання на сур'ёзным узроўні больш ніколі не падымалася.
Азербайджанскія карані маюць адзін з лідараў іранскай апазіцыі Мірхасэйн Мусаві і знакаміты іранскі кінарэжысёр Джафар Панахі. Праўда, далёка не ўсе людзі цюркскіх каранёў у Іране захавалі азербайджанскую ідэнтычнасць.
Рыжанкоў абмеркаваў з міністрам замежных спраў Азербайджана сітуацыю на Блізкім Усходзе і ўдар Ірана па Нахічэвані
Мінабароны Азербайджана: Іран накіраваў чатыры беспілотнікі па Нахічэвані
Аліеў назваў тэрарыстычным актам атаку іранскіх дронаў па Нахічэвані
Іранскія шахеды прыляцелі ў Азербайджан — адзін упаў каля школы, другі выбухнуў на тэрыторыі аэрапорта
Каментары
[Зрэдагавана]