Кашалёк з сюрпрызамі. Ці зможа X Ілана Маска стаць супердадаткам для ўсяго?
Вясной 2026 года, праз 20 гадоў пасля запуску твітара, сацсетка Х, якая прыйшла яму на змену, збіраецца абнародаваць свой сэрвіс для працы з фінансамі. Маючы базу, якую яе ўладальнік Ілан Маск ацэньвае ў 600 млн актыўных карыстальнікаў, Х мае амбіцыі стаць адным з галоўных фінансавых дадаткаў у свеце, а патэнцыйна і супердадаткам, які дае доступ да ўсіх асноўных штодзённых паслуг.

Гэтаму будуць перашкаджаць як рэгулятары з розных краін, так і рэпутацыя самой сацсеткі, піша Бі-бі-сі.
Капітан Кірк прэзентуе
Акцёр Уільям Шэтнер — не выпадковы чалавек у сусвеце ўладальніка Х Ілана Маска. Цяпер яму 94 гады, яшчэ ў 1960‑я ён граў капітана зоркалёта Кірка ў легендарным фантастычным серыяле «Зорны шлях», а Ілан Маск быў яго фанатам. Цяпер яны з Маскам сябруюць, абменьваючыся рэплікамі ў сацсетцы.
Таму невыпадкова, што 4 сакавіка 2026 года менавіта ў акаўнце Шэтнера ў Х з'явілася серыя паведамленняў пра тое, якім будзе сэрвіс X-Money (X-Грошы). Да іх былі прыкладзены некалькі скрыншотаў, на якіх упершыню можна было ўбачыць, як на Х будуць выглядаць прынцыпова новыя функцыі.
Гісторыя твітара, які стаў Х, пачалася 20 гадоў таму, 21 сакавіка 2006-га, з кароткага запісу сузаснавальніка Джэка Дорсі: «Проста наладжваю свой твітар». Наперадзе быў выбуховы рост — сэрвіс, які першапачаткова даваў магчымасць публікаваць паведамленні да 140 сімвалаў, рэпосціць іх ці камунікаваць з іншымі карыстальнікамі ў рамках тых жа 140 сімвалаў, аказаўся вельмі папулярны.
Да сёмага года існавання там публікаваліся тысячы паведамленняў у секунду; глабальная папулярнасць прывяла ў твітар зорак, палітыкаў, лідараў меркаванняў і экспертаў; у 2019 годзе квартальная выручка ўпершыню перавысіла 1 млрд даляраў. Мільёны карыстальнікаў вялі там самыя падрабязныя дзённікі ў сваім жыцці.
Ілан Маск, які купіў Twitter за 44 млрд даляраў у 2022 годзе, пачаў з таго, што скараціў прыкладна 50% супрацоўнікаў, у тым ліку тых, хто адказваў за мадэрацыю.
Частка палітыкі мадэрацыі была перагледжана, некаторыя заблакаваныя карыстальнікі адноўлены ў правах, а «сінюю птушачку», якая служыла для верыфікацыі карыстальнікаў, сталі даваць ананімным, затое платным акаўнтам. Усё гэта прывяло да абвінавачванняў у істотным росце дэзынфармацыі і хэйтспічу на платформе.
Для Ілана Маска галоўным у Twitter былі не толькі магчымасць трансляваць свой пункт гледжання на велізарную аўдыторыю (некалькі даследаванняў сведчылі пра тое, што яго допісы маглі ўзмоцнена прасоўвацца сацсеткай), але і база з сотнямі мільёнаў карыстальнікаў.
Маск паабяцаў маштабную трансфармацыю сэрвісу, дзе ў будучыні, па яго задуме, паведамленні стануць не галоўнай функцыяй. Убачыць гэта ўпершыню можна будзе ўжо сёлета.
11 лютага, выступаючы на ўнутранай прэзентацыі Х, Маск пацвердзіў, што X-Money ужо працуе ў тэставым рэжыме для супрацоўнікаў кампаніі.
У сакавіку адзін з карыстальнікаў пахваліўся, што ў рамках тэставання расплаціўся пластыкавай карткай ад Х на запраўцы.
Па словах Маска, больш шырока X-Money павінен запусціцца ў красавіку.
Месца, дзе захоўваюцца ўсе грошы
«Чакаем, што на працягу наступных месяца-двух пяройдзем да абмежаванага вонкавага бэта-тэставання, а потым і да глабальнага запуску для ўсіх карыстальнікаў X. Гэта павінна стаць месцам, дзе будуць захоўвацца ўсе грошы <…> Гэта сапраўды зменіць правілы гульні», — казаў Маск.
Мяркуючы па скрыншотах у акаўнце Уільяма Шэтнера — пакуль убачыць інтэрфэйс новага сэрвісу можна толькі на іх, Х выйдзе на рынак плацежных сістэм.
Яшчэ ў студзені 2025‑га Х заключыў стратэгічнае партнёрства з плацежнай сістэмай Visa. Гэта дазволіць кампаніі Маска выпускаць як фізічныя, так і віртуальныя карткі. Чакаецца, што акрамя імя і прозвішча на іх можна будзе ўказваць свой нік у сацыяльнай сетцы.
Стартавая прапанова — 25 даляраў кожнаму новаму карыстальніку, пакупкі з опцыяй кэшбека, прывязка асноўнага банкаўскага рахунку і 6% гадавых на дэпазіты.
У будучыні, як мяркуецца, Х зможа працаваць і з крыптавалютамі.
Супердадатак для ўсяго
Але і фінансы — гэта толькі частка экасістэмы, якую Маск плануе стварыць на базе твітара. Да сакавіка 2026‑га Х інкарпараваў у сацсетку ШІ-памочніка, Grok. Ён можа як выступаць у ролі сітуатыўнага асістэнта карыстальніка, так і выконваць больш складаныя задачы, звязаныя з напісаннем кода.
Х з 2023 года развівае сістэму выплат для папулярных аўтараў. У 2026‑м сэрвіс паабяцаў ганарар у 1 млн даляраў таму, хто напіша самы значны тэкст, які «фарміруе дыскусіі, становіцца навіной і ўплывае на культуру». Трэба напісаць не менш за тысячу слоў, ключавы крытэрый поспеху — колькасць паказаў.
У Х з'явілася агульнадаступная опцыя аўдыя– і відэазванкоў без пазначэння нумара тэлефона. У стадыі актыўнага тэставання знаходзіцца сэрвіс Х-Chat, які можа быць вылучаны ў асобны дадатак. Ён выкарыстоўвае скразное шыфраванне і стане канкураваць з WhatsApp і месенджарам ад Facebook.
У перспектыве некалькіх гадоў Х хоча пашырыцца яшчэ больш — зайсці на рынак анлайн-гандлю, стварыць свой відэасэрвіс, давесці ўзровень ШІ да паўнавартаснага асістэнта, які, да прыкладу, сам бы мог фільтраваць кантэнт пад кожнага карыстальніка.
Чалавек і яго Х
Ілан Маск яшчэ на стадыі пакупкі Twitter казаў пра жаданне стварыць на яго базе сістэму, якая б замкнула на сабе значную частку штодзённага жыцця чалавека.
Маск таксама ніколі не хаваў, якая менавіта ідэя натхняе яго на гэта, — кітайскі дадатак WeChat. Ён развіваўся па сваёй траекторыі — пачынаючы ад кітайскага аналага ICQ да сэрвісу, якім карыстаюцца больш за мільярд карыстальнікаў.
Унутры гэтага супердадатка — сацсетка, дзяржпаслугі, сэрвісы для асабістых і прафесійных зносін, фінансавыя аперацыі, гульні, медыя, дастаўкі і іншае. А таксама больш дробныя дадаткі, якія можа стварыць любы ахвотны. Іх сотні тысяч, і яны прапануюць вялікую колькасць паслуг: ад распазнання музыкі да выкліку таксі.
Але эксперты звяртаюць увагу на ключавыя адрозненні, якія заўважна перашкодзяць зрабіць WeChat для заходняга свету на базе Twitter і Х.
Старшы рэдактар выдання TechForge Раян Доўз пісаў, што дамінаванне WeChat у Кітаі часткова абумоўлена ўнікальнай тэхналагічнай экасістэмай краіны і нарматыўна-прававой базай. Там няма канкуруючых платформаў, яго падтрымлівае дзяржава — і наглядае за ім.
«На заходніх рынках Маску давядзецца сутыкнуцца з высокай канкурэнцыяй, прызнанымі тэхналагічнымі гігантамі і больш фрагментаваным наборам спажывецкіх пераваг», — піша Доўз.
Часопіс Foreign Policy таксама пісаў, што ў поспеху WeChat у Кітаі былі занадта спецыфічныя падставы: масавая аўдыторыя перайшла ад наяўных не да пластыкавых картак, як у заходнім свеце, а адразу да мабільных дадаткаў у танных і шырока распаўсюджаных смартфонах. Дзяржава не пускала на рынак замежных канкурэнтаў і сама была зацікаўленая ў супердадатку, бо так за ім прасцей назіраць.
Птушка, якая лётае па правілах ЕС
Ілану Маску таксама давядзецца сутыкнуцца з рэгуляваннем на ўзроўні еўрапейскіх дзяржаў ці ЕС у цэлым. Пакуль на гэтым полі Х церпіць паразы.
У снежні 2025‑га сацсетка атрымала ад Еўракамісіі штраф 120 млн еўра за парушэнне закона аб лічбавых паслугах — «сінюю птушачку», якая ўводзіць у зман і нібыта пацвярджае не сапраўднасць акаўнта, але толькі тое, што ён — платны; непразрыстасць архіва рэкламы і інфармацыі аб яе заказчыках — што, на думку ЕС, павышае рызыкі махлярства.
Рэакцыя з амерыканскага боку на словах была жорсткай. Віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс заявіў, што Еўрасаюз штрафуе Х за адмову займацца цэнзурай, кіраўнік Дзярждэпартамента Марка Рубіа назваў штраф «атакай на ўсе амерыканскія тэхналагічныя платформы і амерыканскі народ з боку замежных урадаў».
Сам Ілан Маск пажадаў Еўрасаюзу распасціся.
Цяпер Еўракамісія вядзе ўжо новае расследаванне супраць Х — Грок, яе AI-памочнік, «распранаў» фатаграфіі (часам гаворка ішла пра непаўналетніх). Расследаванні вядуць Вялікабрытанія, Аўстралія і Германія. У Францыі ў офіс Х у лютым 2026‑га прыходзіла з ператрусам пракуратура. У Інданезіі і Малайзіі Grok нават часова забаранялі.
У планах Х — праца з грашыма, а тут рэгуляцыя яшчэ больш жорсткая. Напрыклад, у ЗША трэба атрымаць ліцэнзію ад кожнага са штатаў, а іх кантралюючым органам, як піша выданне Tech Startups, не падабаецца стаўка на тэхналогіі пры мінімальнай колькасці персаналу, высокая цякучка кадраў — у тым ліку ў падраздзяленні, якое займаецца плацяжамі.
Па стане на сакавік 2026 года кампанія Ілана Маска атрымала дазвол на правядзенне фінансавых аперацый больш чым у 40 штатах ЗША з 50 (а сярод тых, хто ўсё яшчэ сумняваецца, напрыклад, Нью-Ёрк), то-бок нават унутры краіны сэрвіс пакуль не зможа зарабіць.
Канфліктныя грошы
Перад еўрапейскімі рэгулятарамі будзе стаяць нетрывіяльная задача: вырашыць, ці давяраць грошы грамадзян кампаніі, чый прадукт — Grok — «распранаў» фатаграфіі людзей, дазваляў сабе антысеміцкія выказванні і даваў парады, як здзейсніць замах на свайго стваральніка — Ілана Маска. У адным з іншых скандалаў кампанія дапусціла трапленне ў адкрыты доступ соцень тысяч перапісак з Grok і некалькі разоў, апошні ў лютым 2026-га, не прадухіліла глабальныя збоі ў працы X.
З іншага боку, дадатак прапануе прынцыпова новыя рэчы для рынку. Інвестар з Сіліконавай даліны Чамат Паліхапітыя піша, што новая мадэль Х дазволіць ператварыць звычайны профіль чалавека ў сацсетцы ў «найважнейшы фінансавы актыў» — чым аўтарытэтней і папулярней яго меркаванне, тым больш у яго шанцаў атрымліваць фінансавую прыбытак ад іншых карыстальнікаў ці рэкламадаўцаў.
Але і грамадзяне, а не толькі палітыкі з ЕС хацелі б атрымаць гэтыя новаўвядзенні толькі пры ўмове, што яны бяспечныя і адпавядаюць законам. 47% удзельнікаў апытання, якое праводзілася ў Германіі, Іспаніі, Італіі і Польшчы, падтрымалі б забарону Х на тэрыторыі Еўрасаюза — калі ён будзе парушаць яго правілы.
Эксперты амерыканскай кампаніі па распрацоўцы лічбавых прадуктаў HeyInnovatons у 2024 годзе назвалі прычыны, па якіх Х можа не дамагчыся чаканага — сярод іх былі праблемы з рэгулятарамі і недавер аўдыторыі.
Але на першае месца яны паставілі адсутнасць ідэнтычнасці. Выданне цытуе выснову заснавальніка тэхналагічнай кампаніі Super.com Хусейна Фазала: «Будаваць масты паміж гэтымі прадуктамі і сэрвісамі няпроста, і спатрэбіцца час і некалькі ітэрацый, каб спажывец зразумеў, навошта ён выкарыстоўвае твітар не толькі для таго, каб твіціць, але і для аплаты, пакупак ці чагосьці яшчэ».
Каментары
[Зрэдагавана]