Глядзець хакей Аляксандр Лукашэнка па даўняй традыцыі пайшоў у кампаніі шпіца Умкі і прыгожых дзяўчат. У іх шэрагах, дарэчы, адбылася чарговая ракіроўка.

Любоў (ці хаця б навык імітаваць цікавасць) да хакею — гэта тое, што абавязкова для штатных прыгажунь Лукашэнкі. Яны рэгулярна публікуюць у сваіх інстаграмах фота і відэа з хакейных матчаў. І, канешне, падтрымліваюць палітыка з трыбун, калі той сам выходзіць на лёд.
На матчы «Дынама-Мінск» супраць маскоўскага «Дынама» разам з Лукашэнкам можна пабачыць асабістую доктарку Святлану Канашэнку, якой зноў даверылі шпіца Умку.
У адным радзе з палітыкам сядзіць таксама сенатар Дзмітрый Баскаў. Побач з ім — Аліна Роскач са Светлагорска. Яна ўдзельнічала ў «Міс Беларусь» у 2016 годзе і з таго моманту час ад часу з’яўляецца ў кампаніі Лукашэнкі.
Былую фаварытку Уладлену Зайцаву, якая даволі доўга займала галоўнае месца побач з Лукашэнкам на такіх мерапрыемствах, пасадзілі ў іншы рад — яна сядзіць ніжэй, побач з Наталляй Эйсмант.
На тым жа радзе, дзе Зайцава, знаходзіцца яшчэ адна даўняя спадарожніца Лукашэнкі — Настасся Казырыцкая, удзельніца конкурсу «Міс Беларусь — 2021».

Хто ж тая дзяўчына, якую можна пабачыць па левую руку ад Лукашэнкі? Гэта Валерыя Марозава. У 2024 годзе яна перамагла ў конкурсе прыгажосці ў Барысаве, а ў наступным годзе паспрабавала прабіцца на «Міс Беларусь».

Тады яна працавала доктаркай у паліклініцы №2 Барысава. Журы планавала здзіўляць сваім хобі. Валерыя казала:
«Маё захапленне — стварэнне доглядавай касметыкі. Мару аб уласнай лінейцы касметычных сродкаў, якая будзе сумяшчаць у сабе навуку, эстэтыку і клопат аб скуры».
Валерыя лічыць сваёй асноўнай рысай характару ўраўнаважанасць. Дзяржаўнай прэсе дзяўчына казала, што яе натхняюць словы Стыва Джобса: «Мы знаходзімся тут, каб зрабіць свой унёсак у гэты свет. А інакш навошта мы тут?».

Летась Валерыя ўдзельнічала ў фінальным этапе абласнога конкурсу «Малады лідар Міншчыны — 2025» і атрымала дыплом.

Засвяцілася Валерыя і на сустрэчы Барысаўскага райкама БРСМ з маладымі спецыялістамі, якія нядаўна пачалі працаваць ва ўстановах аховы здароўя Барысаўшчыны.
«Мяне як маладога спецыяліста ўсё задавальняе. Зарплатай таксама задаволеная. З недахопаў — дэфіцыт кадраў, і гэта не сакрэт. Праз гэта павялічаны аб'ём працы», — цытавалі словы Марозавай на сайце мясцовага выканкама.
Але цяпер, выглядае, Валерыя ўжо не працуе доктаркай — на сайце барысаўскай паліклінікі №2 узяць талон да яе немагчыма.

Затое ў інтэрнэце можна знайсці фота Валерыі на III Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы. Выглядае яна як дзяўчына са службы пратакола: на каленях трымае блакнот з афіцыйным беларускім арнаментам, на ім бачная паперка з надпісам «Службовае».
Хто тыя дзяўчаты, якія «выпадкова» апынуліся ў Mak.by падчас візіту Лукашэнкі?
Хто тая дзяўчына, што сядзела побач з Лукашэнкам на конкурсе «Міс Беларусь»? Раней іх не бачылі разам
Што за студэнтка Улляна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?
Дзяўчына з «кавуновага батальёна» Лукашэнкі атрымала ў Рыме прапанову рукі і сэрца. Хто ж жаніх?
Каментары
Вельмі дурнаваты і састарэлы гэты штамп, а пасля 2020-га ўвогуле недарэчны.