Тэма Народнага пісьменьніка, якую ўзьняла была «Наша Ніва», выклікала жывую рэакцыю чытачоў і выйшла па-за рамкі газэты.

Надоечы на хвалях радыё «Свабода» прагучэла праграма на гэтую тэму з удзелам Адама Глёбуса, Яўгена Будзінаса ды Валянціна Акудовіча. Адгукнулася матэрыялам «Эўрапейскае радыё». У газэту са сваімі прапановамі пішуць нашыя чытачы і беларускія літаратары. Удзельнікі дыскусіі ня толькі называюць пэўныя кандыдатуры, але й выказваюцца, ці патрэбен інстытут Народнага пісьменьніка сёньняшняй Беларусі ўвогуле.

Народ пра Народнага

Наш чытач Ягор Марціновіч пагаджаецца з актуальнасьцю тэмы, аднак лічыць што Народным пісьменьнікам ня можа быць творца, маладзейшы за 60 гадоў. Пры гэтым Народны мусіць быць менавіта пісьменьнікам: «Зянон шмат зрабіў для беларускай Незалежнасьці. Але вельмі мала для беларускай літаратуры. І гэта нармальна! Бо Пазьняк – не пісьменьнік... Арлоў? Канечне, гэта вядомы чалавек, грамадзкі дзеяч, гісторык. Але не Народны пісьменьнік, бо не эпоха ў беларускай прозе.

Пра Васіля Сёмуху... Народны перакладчык – гэта б гучэла. Але такога званьня ж яшчэ няма». Крытэрамі адбору, на думку сп.Марціновіча, ёсьць вядомасьць у народзе («вядомасьць менавіта як літаратара»), а таксама прызнаньне літаратурнага таленту і наяўнасьць літаратурнай спадчыны. Паводле гэтых крытэраў Ягор Марціновіч аддае свой голас на карысьць Івана Пташнікава.

Уладзіслаў Хархардзін зь Верхнядзьвінску ня згодны з тым, што ў Беларусі няма з каго выбраць Народнага пісьменьніка. Больш за тое, ён прапануе самім чытачам «вызначыць Народных пісьменьнікаў, на пачатак ня меней як 5–10 пісьменьнікаў і паэтаў, а потым кожны год вызначаць аднаго-двух у дадатак да тых, каго вызначалі раней». Ад сябе ён прапануе сярод пісьменьнікаў – Уладзімера Арлова і Вольгу Іпатаву, сярод паэтаў – Генадзя Бураўкіна.

Юры Мянькоў, настаўнік зь вёскі Баравая Буда, ня бачыць сэнсу даваць званьні пісьменьнікам і паэтам, як гэта рабілі ў савецкія часы. Прычына – «гэтае званьне прысуджалі ў імпэрскія часы з мэтай кантраляваць пісьменьніцкае асяродзьдзе». «Сапраўдным Народным жа пісьменьнікам можа быць толькі той, хто ня толькі добра можа пісаць свае творы на роднай беларускай мове, але ў першую чаргу ён павінен змагацца за адраджэньне беларускай культуры, гісторыі, павінен быць разам з абуджаным народам на пляцах, бараніць волю і свабоду. Ён павінен ня толькі штодзень размаўляць і думаць па-беларуску, але і адчуваць настолькі беларускае слова, як адчувае сапраўдны Беларус», – піша сп.Мянькоў.

Пісьменьнікі пра Народнага

Калі творца годна рэпрэзэнтуе літаратуру свайго народу як мастак слова і грамадзянін, то ня грэх яго ўшанаваць адпаведным чынам. Так лічыць літаратар і навуковец Арсень Ліс. І ня бачыць нічога кепскага ў тым, што гэтая традыцыя ў нас прыжылася. Ад сябе ён прапануе Івана Пташнікава зь яго адчуваньнем прыроды і чалавека, Віктара Казька – арыгінальнага празаіка зь міталягічнымі элемэнтамі ў суворым рэалізьме. А беларускую паэзію, на думку сп.Ліса, годна прэзэнтуюць Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, Анатоль Вярцінскі, Янка Сіпакоў, Алесь Разанаў, Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Някляеў. Упершыню ў сьпісе прэтэндэнтаў, дзякуючы А.Лісу, зьявіліся беларускія драматургі Аляксей Дудараў ды Алесь Петрашкевіч. А прысвоіць высокае званьне ад імя народу, мяркуе літаратар, павінна ў поўным сэнсе гэтага слова аўтарытэтная ўстанова ці Асоба.

«Свабода» пра Народнага

У праграме Юр’я Дракахруста на тэму Народнага разважалі пісьменьнікі і філёзафы. Сярод іх быў і той, каго ў часе галасаваньня таксама прапаноўвалі на гэтае званьне.

Адам Глёбус цешыцца, што ў Беларусі больш не ўзнагароджваюць творцаў савецкімі званьнямі: «І дзякаваць Богу, што цяпер не даюць гэтага званьня. Я лічыў яго заўсёды крышку абразьлівым, бо пісьменьнікі, якія пісалі па-расейску і былі імпэрскімі пісьменьнікамі – імпэрыі СССР, не атрымлівалі званьня Народнага пісьменьніка Расеі. А гэта такое грэблівае стаўленьне да літаратараў з ускраін… Калі казаць пра народных пісьменьнікаў Беларусі больш глыбока, то іх у нас два – Колас і Купала. Больш і ня трэба».

Яўген Будзінас лічыць, што творчы чалавек, каб пазьбегнуць прыгнёту, мусіць пазьбягаць любой улады над сабою: «Усё ж хто народны, мусіў бы вызначаць народ... Іншая справа, што гэтае званьне – як і іншыя савецкія званьні – «заслужаны», «ганаровы» і г.д. было сымбалем уладнага прызнаньня. Калі вы сталі ў позу адносна ўлады, то недарэчна прэтэндаваць на тое, што ўлада пачне вам выказваць афіцыйнае прызнаньне. А што тычыць тых, хто стаў у іншую позу, то для афіцыйнага прызнаньня патрэбнае яшчэ і майстэрства і талент. Нешта я такіх ня бачу сярод тых, хто пайшоў цяпер у нагу з уладай.

А наагул мне здаецца, што ня справа пісьменьніка пра гэта непакоіцца. Паўтаруся, пісьменьнік павінен быць як мага далей ад любой улады, бо любая ўлада прыгнятае чалавека».

Любімы Ю.Дракахрустам Валянцін Акудовіч уважае апытаньне на тэму Народных пісьменьнікаў вартым «СБ», але не «НН», а саму тэму архаічнай. «Статус Народнага пісьменьніка, як вядома, прыдумалі камуністы. Тады, зрэшты, ён быў з розных прычынаў дарэчы. Па-першае, камуністычная ідэалёгія выдавала сябе за ідэалёгію народу, і пісьменьнік вызнаваўся яе галоўным ідэолягам. Па-другое, на тую пару кніга яшчэ сапраўды досыць шырока чыталася, скажам, раманы Шамякіна выдаваліся мільённымі накладамі.

А што мы маем цяпер? Перадусім заўважым, што беларуская літаратура сама па сабе ня толькі не народная, а проста маргінальная зьява. І нават найбольш папулярных яе аўтараў, скажам, Адама Глёбуса, чытае некалькі тысячаў чалавек... Карацей, давайце ня будзем ганьбіцца перад людзьмі, абмяркоўваючы архаічныя ідэі, якія належаць тым эпохам, зь якімі мы імкнемся як найхутчэй разьвітацца», – рэзюмуе філёзаф, вядомы сваімі правакацыйнымі выказваньнямі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?