Санкцыі ЕС супраць Расіі ўдалося працягнуць усяго на тыдзень. Адзінства разбілася аб двух расійскіх алігархаў
Краіны Еўрасаюза 14 верасня дамовіліся толькі на тыдзень падоўжыць дзеянне так званага чорнага санкцыйнага спіса, у які праз расійскую агрэсію супраць Украіны ўключаныя амаль 3 тысячы чалавек і арганізацый. Цяпер абмежаванні будуць дзейнічаць да 22 верасня. Такім чынам, амбасадарам краін ЕС далі яшчэ тыдзень для перамоў і ўзгаднення пазіцый, паведамляе Reuters.

Прычынай затрымкі сталі патрабаванні Славакіі і Францыі змяніць санкцыйны спіс. Славакія выступае за зняцце абмежаванняў з двух расійскіх алігархаў — Алішэра Усманава і Міхаіла Фрыдмана. Францыя, у сваю чаргу, дамагаецца выключэння з санкцыйнага спісу Усманава.
Парыж тлумачыць сваю пазіцыю пытаннямі нацыянальнай бяспекі і просьбамі партнёраў з іншых краін. Пры гэтым падрабязнасці гэтых патрабаванняў не раскрываюцца.
Санкцыі ЕС супраць асобаў і арганізацый прымаюцца толькі пры згодзе ўсіх краін-членаў. Індывідуальныя абмежаванні прадугледжваюць, у прыватнасці, забарону на ўезд у ЕС і замарожванне актываў. Тэрмін дзеяння цяперашняга пакета санкцый заканчваўся ў аўторак, таму без дамоўленасці паміж краінамі існавала рызыка яго непрацягу.
Алішэр Усманаў — узбекска-расійскі бізнэсмен, адзін з найбагацейшых людзей свету. У студзені ён выйграў судовы працэс супраць нямецкай газеты Frankfurter Allgemeine Zeitung. Усманаў падаў у суд праз публікацыю пра яго магчымыя сувязі з Крамлём.
Міхаіл Фрыдман — расійскі прадпрымальнік, якога называюць адным з найбольш уплывовых расійскіх фінансістаў. Ён заснавальнік і адзін з асноўных акцыянераў Alfa Group, якой належыць найбуйнейшы расійскі прыватны банк Alfa-Bank.
Абодва бізнэсмены былі ўключаныя ў санкцыйны спіс ЕС 28 лютага 2022 года. У выпадку Фрыдмана ЕС абгрунтоўвае санкцыі, сярод іншага, яго дзеяннямі, якія, паводле пазіцыі Еўрасаюза, спрыялі падрыву тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны, падтрымкай расійскіх кіраўнікоў, адказных за анексію Крыма і дэстабілізацыю ўсходу Украіны, а таксама атрыманнем выгоды ад сувязяў з гэтымі асобамі.
Цяпер чытаюць
У Чэхіі палякі збілі паляка, прыняўшы яго за ўкраінца з-за шапкі ў колерах Верхняй Сілезіі. Хлопец ехаў у велапрабег дзеля хворай на рак цяжарнай партнёркі
Каментары