Амаль усе каралавыя рыфавыя экасістэмы свету могуць разбурыцца на працягу наступных 50 гадоў. Галоўныя прычыны — пацяпленне акіянаў і марскія хвалі спёкі. Пра гэта гаворыцца ў глабальнай ацэнцы, апублікаванай Міжнародным саюзам аховы прыроды (МСАП), пра якую піша The Independent.

Вынікі даследавання прадставілі падчас канферэнцыі ААН па пытаннях біяразнастайнасці ў Албаніі. Паводле ацэнак навукоўцаў, 96% мелкаводных рыфавых экасістэм ужо знаходзяцца пад крытычна высокай пагрозай і могуць знікнуць да 2075 года.
Большасць найвядомейшых рыфавых сістэм планеты, у тым ліку Вялікі Бар’ерны рыф у Аўстраліі, Каралавы трохкутнік у заходняй частцы Ціхага акіяна і Паўднёва-Усходняй Азіі, Мезаамерыканская бар’ерная рыфавая сістэма і каралавыя рыфы Чырвонага мора, апынуліся ў катэгорыі тых, што знаходзяцца пад крытычнай пагрозай. Гэта найвышэйшы ўзровень небяспекі.
«Пагроза разбурэння каралавых рыфаў узрастае. Аднак гэта павінна стаць сігналам да неадкладных дзеянняў, а не падставай для адчаю», — заявіў Мішал Гудка, навуковы кіраўнік першай глабальнай ацэнкі стану каралавых рыфавых экасістэм.
Паводле яго слоў, каралавыя рыфы прадэманстравалі дзіўную здольнасць аднаўляцца пасля разбуральных выпадкаў абясколервання.
«У будучыні могуць захавацца асобныя ўчасткі рыфаў з караламі, устойлівымі да неспрыяльных умоў. Таму мы павінны зрабіць усё магчымае, каб даць ім шанец на выжыванне», — падкрэсліў ён.
Новая ацэнка стала чарговым трывожным сігналам адносна стану каралавых рыфаў, якія маюць вырашальнае значэнне для рыбалоўства і турызму, а таксама абараняюць узбярэжжы ад эрозіі і штормаў. Іх часта называюць «трапічнымі лясамі мора» праз надзвычай багатую біяразнастайнасць.
Рыфы забяспечваюць асяроддзе для жыхароў чвэрці марскіх відаў, а таксама падтрымліваюць жыццё прыбярэжных супольнасцяў і дзейнасць мясцовага бізнэсу.
Калі рыфавая экасістэма разбураецца, цвёрдыя каралы знікаюць, а іх месца займаюць водарасці, абломкі і губкі. У выніку рыф больш не можа падтрымліваць разнастайную экасістэму, у якой жывуць як дробныя бесхрыбетныя, так і рыфавыя рыбы, у тым ліку груперы.
«Каралавыя рыфы — адзін з найбольш выразных паказчыкаў стану здароўя акіяна», — заявіла генеральная дырэктарка МСАП Грэтэль Агілар.
Ацэнка ахапіла 127 трапічных і субтрапічных экалагічных рэгіёнаў. Агульная плошча даследаваных каралавых рыфаў склала 188 362 квадратныя кіламетры.
Змяненне клімату даследчыкі назвалі «найбольш паслядоўным фактарам, які выклікае скарачэнне каралавых рыфаў ва ўсім свеце».
Акрамя таго, у часопісе Nature апублікавалі яшчэ адно даследаванне МСАП. Згодна з ім, амаль 44% відаў каралаў, якія ўтвараюць рыфы, сутыкаюцца з павышанай рызыкай знікнення праз змяненне клімату.
Год таму даследаванне паказала, што маштабнае абясколерванне ахапіла 84% рыфаў Сусветнага акіяна. Гэта быў найбольш інтэнсіўны падобны выпадак за ўвесь перыяд назіранняў.
«2024 год стаў самым спякотным за ўсю гісторыю метэаралагічных назіранняў на планеце, і значную частку лішняга цяпла паглынаюць акіяны. Сярэднегадавая тэмпература паверхні акіянічных вод па-за палярнымі рэгіёнамі дасягнула рэкордных 20,87 градуса Цэльсія», — адзначаюць аўтары артыкула.
Акрамя скарачэння глабальных выкідаў парніковых газаў, спецыялісты падкрэсліваюць неабходнасць памяншаць забруджванне, змагацца з празмерным вылавам рыбы і абмяжоўваць забудову ўзбярэжжаў. Гэтыя меры могуць павысіць шанцы рыфаў на выжыванне.
Брытанец амаль год правёў у акіяне без выхаду на сушу, пераплыўшы на лодцы Ціхі і Індыйскі акіяны
Самы вялікі карал у свеце знайшлі каля Саламонавых выспаў
У акіяне стварылі штучныя рыфы, і колькасць відаў рыб узрасла ў пяць разоў
Апакаліпсісу не будзе? Навукоўцы перагледзелі самы змрочны сцэнар пацяплення клімату
Каментары