«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
Заснавальнік сеткі афтальмалагічных клінік «Новы зрок» Алег Каўрыгін стаў госцем новага выпуску ТОКу. У інтэрв'ю сярод іншага ён расказаў пра сваё блізкае знаёмства з Ірынай Абельскай і яе старэйшым сынам Дзмітрыем.

У 2023 годзе ў Беларусі разгарнуўся канфлікт вакол сеткі клінік «Новы зрок». Улады пазбавілі іх ліцэнзій, а пазней супраць уладальніка бізнэсу завялі крымінальную справу. У 2024 годзе Каўрыгіна завочна прысудзілі да 12 гадоў калоніі. Сам ён лічыць, што за ягоным пераследам стаіць спроба захапіць паспяховы бізнэс.
Пры гэтым раней Каўрыгін меў добрыя адносіны з людзьмі, блізкімі да Аляксандра Лукашэнкі. У прыватнасці, ён добра ведаў Ірыну Абельскую, шматгадовую кіраўніцу лечкамісіі, і яе сына Дзмітрыя.
«Я вельмі ўдзячны Ірыне як сын сваёй маці», — заўважае бізнэсмен. Паводле яго слоў, ініцыятарам знаёмства быў ён сам:
«Я ёй проста патэлефанаваў і ўсё. Сказаў: я такі і такі. А што мне? Я самадастатковы чалавек, я сам з сябе нешта ўяўляю. Мне не патрэбныя нейкія камердынеры. Я патэлефанаваў Абельскай і сказаў, што хачу пад'ехаць да яе, пагаварыць наконт лячэння сваёй мамы. Ірына, па-мойму, працавала тады галоўным доктарам лечкамісіі. (…)
Ірына неаднаразова дапамагала маёй маме атрымліваць лячэнне. Платнае, якое аплачваў я, але на базе, больш высокім узроўні лечкамісіі. І майму бацьку», — расказаў бізнэсмен.
Ірыну Абельскую ён характарызуе як вельмі прыемную і кантактную жанчыну.
Як даводзіць бізнэсмен, з часам іх знаёмства выйшла за межы пытанняў лячэння. У прыватнасці, ён дамовіўся з прафесарам Балашэвічам, які тады ўзначальваў Міжгаліновы навукова-тэхнічны комплекс у Санкт-Пецярбургу, каб на навучанне прынялі Дзмітрыя Абельскага, старэйшага брата Колі Лукашэнкі.
«Я пры ёй [Ірыне Абельскай] патэлефанаваў, [дамовіўся], што яго прымуць у Піцеры як роднага. У яго была цікавасць да афтальмалогіі жывая. (…) Я проста дапамагаў у навучанні яе дзіцяці.
Дзіма з Ірынай былі ў мяне ў гасцях. Мы з імі елі ў рэстаранах. Яны прыязджалі ў Вільню. Дзіма быў у мяне на дачы. Дзіма прыязджаў да мяне ў клініку стажыравацца. І пасля гэтага ён прыняў рашэнне нейкае», — даводзіць Каўрыгін.
Але з часам адносіны сапсаваліся. У інтэрв'ю сітуацыю вакол сваіх клінік бізнэсмен называе рэйдарскім захопам, у якім, па яго словах, прымала ўдзел кампанія Voka, з якой звязаны Дзмітрый Абельскі.
На пытанне, чаму Дзмітрый мог так паступіць з чалавекам, з якім раней быў у добрых адносінах, бізнэсмен адказаў:
«Грошы, грошы. Людзі мяняюцца разам з абставінамі. Змяніліся нейкія абставіны, ён палічыў, што павінен перайсці на новы ўзровень. І вось цяпер ён можа вось так рабіць. Гэта яго асабістае рашэнне».
Каўрыгін сцвярджае, што пасля ўсіх гэтых падзей Дзмітрый нават тэлефанаваў яму. Паводле яго, размова звялася да спробы папрасіць прабачэння і запэўненняў у сваёй недатычнасці да таго, што адбылося.
Аднак сам Каўрыгін, мяркуючы з яго слоў, у гэтыя тлумачэнні не паверыў. Падчас інтэрв'ю ён звярнуўся непасрэдна да Дзмітрыя Абельскага:
«Дзіма, мікраскоп мой, які каштуе паўмільёна еўра, стаіць у тваёй клініцы. Ты ім карыстаешся. Я ж ведаю. Дзіма, ты глядзіш на мяне? Бо астатняе абсталяванне таксама скраў ты».
Каментары