Беларусы начамі стаяць у чарзе, каб уладкавацца на склад Wildberries у «Вялікім камені» з заробкам ад 1500 рублёў
Прыехала а дзявятай раніцы — аказалася 309‑й у чарзе. Ахвотныя працаваць на складзе ў «Вялікім камені» расказваюць у Threads, як спрабуюць аформіцца па некалькі дзён, заўважыў Reform.news.
Ахвотныя ўладкавацца на склад Wildberries у індустрыяльным парку «Вялікі камень» пад Мінскам займаюць чаргу ноччу і ездзяць туды па некалькі дзён запар. Аўтарка аднаго з пастоў прыехала на афармленне а дзявятай раніцы і аказалася 309‑й у чарзе. Паводле яе слоў, людзі спрабуюць трапіць унутр па два-тры дні, а тыя, хто запісваецца апоўначы, атрымліваюць нумары ў раёне 80-га.

Іншы каментатар піша, што а 5:53 на рэгістрацыі ўжо было 57 чалавек, хоць афармленне пачынаецца а дзявятай. Яшчэ два тыдні таму, мяркуючы па каментарах, уладкавацца можна было за гадзіну.

Склад, пра які ідзе гаворка, запусцілі 25 мая гэтага года — ён працуе амаль сем месяцаў, але ажыятаж вакол працаўладкавання ўзнік менавіта цяпер. Заробак залежыць ад выпрацоўкі, і ў вакансіі гэта адкрыта пазначана: ад 1500 да 6000 рублёў на месяц.

Аплата здзельная: за кожны «пік» (адну аперацыю з адзінкай тавару) плацяць фіксаваную стаўку. Напрыклад, работнік скануе рэч тэрміналам і кладзе яе ў ячэйку або скрынку ці дастае для выканання замовы. Пры гэтым, паводле каментатараў, аплата за «пік» апошнім часам знізілася — магчыма, праз няспынны паток ахвотных працаваць.

Паводле звестак выдання, на стажыроўцы людзі атрымліваюць каля 20 рублёў за паўтары гадзіны працы. Пры васьмігадзінным працоўным дні і пяцідзённым працоўным тыдні гэта прыкладна 2250 рублёў на месяц. Каментатары пацвярджаюць: навічкам на складзе WB залатыя горы не свецяць.
«Карацей, мы днямі ноччу прыехалі, запісаліся 25‑мі ў чаргу. Паехалі спаць. Потым прыехалі раніцай і за дзве гадзіны ўладкаваліся. Пасля яшчэ нават паспелі папрацаваць гадзіны тры. Але ў выніку за гэтыя тры гадзіны мы зарабілі па 45 рублёў чыстымі на рукі на чалавека», — піша elektros.pro у каментарах да паста.

У той жа час каментатары пішуць, што пры пэўным спрыце можна зарабіць і 250 рублёў за змену працягласцю 9—10 гадзін. Гэта 25—28 рублёў за гадзіну: пры такім жа графіку з васьмігадзінным працоўным днём атрымалася б 4200—4700 рублёў на месяц, а калі працаваць па 9—10 гадзін пяць дзён на тыдзень — каля 5250 рублёў.

Верагодна, людзей набіраюць з запасам, разлічваючы, што частка адсеецца, і заробкі праз гэта паступова зніжаюцца. Аўтарка паста пацвярджае: некаторыя яе знаёмыя аформіліся, выйшлі на працу адзін раз і больш не вярнуліся.
І ўсё ж паток ахвотных не змяншаецца.
«Праца не зусім лёгкая, але я дакладна ведаю — у Мінску такога заробку цяпер не знайсці», — піша адна з работніц склада.
Яшчэ адзін аргумент — свабодны графік, які мала хто гатовы прапанаваць.

Цяпер чытаюць
Адвакат Аляксандр Данілевіч: Мяне адвялі ў клетку на КПП і зачыталі ўказ для службовага карыстання пра памілаванне па просьбе Міжнароднага алімпійскага камітэта
Каментары