У Японіі на тэрыторыі АЭС «Фукусіма-1» зноў значна павысіўся ўзровень радыяцыі.
Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі ў сераду генеральны сакратар урада Японіі Юкіа Эдана, адзначыўшы, што прыкладна праз гадзіну ён усё ж пачаў зніжацца. Паводле дадзеных Эдана, узровень радыяцыі напярэдадні павышаўся да 1 тысячы мікразівертаў, затым упаў да 800. У 10.00 па мясцовым часе ў сераду (03:00 па Мінску) рэзка падняўся, аднак да 10.54 (03:54 па Мінску) пачаў зніжацца.

Як праінфармавала кампанія-аператар станцыі Tokyo Electric Power Co (TEPCO), узровень радыяцыі ля брамы «Фукусімы-1» вырас да крытычных адзнак у 10 мілізівертаў у гадзіну (каля 10 тыс. мікразівертаў). Як перадае ІТАР-ТАСС са спасылкай на Нацыянальнае агенцтва бяспекі атамных аб’ектаў, крыніцай рэзкага скачка радыяцыі можа быць радыеактыўны выкід з другога рэактара.

Спецыялісты мяркуюць, што прычынай магло таксама стаць пашкоджанне абалонкі трэцяга рэактара, пры якім выкід радыяцыі адбыўся разам з парай.

Па звестках спецыялістаў,

вада ў сістэме астуджэння трэцяга рэактара па-ранейшаму застаецца на нізкім узроўні, але ціск унутры стабілізаваўся.
Японскія СМІ паведамлялі, што ўзровень вады ў другім рэактары электрастанцыі панізіўся настолькі, што часткова агаліліся паліўныя элементы. Сілы самаабароны Японіі пачалі рыхтаваць верталёт да скіду вады на трэці рэактар для астуджэння перагрэтых цеплавыдзяляльных элементаў, паведамляе тэлекампанія NHK. Раней паведамлялася, што выкарыстоўваць верталёты для астуджэння рэактараў дадзенай АЭС пакуль нельга праз моцны вецер у раёне электрастанцыі.

Генеральны сакратар кабінета міністраў асабліва падкрэсліў, што агучаныя ім на прэс-канферэнцыі звесткі — не канчатковае заключэнне спецыялістаў, гаворка ідзе толькі пра верагоднасць, акрэсленую разлікамі, паведамляе РІА «Навіны». Па словах Эдана, пакуль планаў пашырэння зоны эвакуацыі вакол АЭС ва ўладаў няма.

Кіраўніцтва TEPCO напярэдадні прызнала, што праз сапсаваную сістэму ахалоджання на АЭС можа пачацца некантраляваная ланцуговая рэакцыя.

У выніку апошніх падзей працоўныя былі вымушаныя часова пакінуць станцыю, перадае ВВС. У сераду былі эвакуяваныя 730 супрацоўнікаў АЭС. Адзначалася, што на станцыі да аварыі працавалі 800 чалавек. Аднак пазней агенцтва Reuters паведаміла, што прыкладна праз гадзіну пасля эвакуацыі, калі ўзровень радыяцыі зменшыўся, спецыялістам АЭС дазволілі вярнуцца на атамны аб’ект.

Над АЭС падымаецца слуп белага дыму

Незадоўга да выкіду радыяцыі над трэцім рэактарам пачаў паднімацца слуп белага дыму, а на чацвёртым энергаблоку ў другі раз за апошнія два дні ўспыхнуў пажар. Як паведаміла Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) са спасылкай на японскія крыніцы, агонь у раёне энергаблоку можна было назіраць на працягу 30 хвілін, затым пажар быў патушаны. Узгаранне адбылося ў вонкавым корпусе ахоўнай абалонкі рэактара. У ноч на аўторак там адбыўся трэці выбух, ад якога пацярпеў другі рэактар, пакінуты да землятрусу.

Тэлеканал NHK паказаў кадры, на якіх відаць, як над АЭС падымаецца слуп дыму. Першапачаткова ТБ паведамляла, што дым стаіць над чацвёртым энергаблокам. Пазней прадстаўнік кампаніі Tokyo Electric Power заявіў, што, мяркуючы па малюнках, дым, відавочна, ідзе з трэцяга энергаблока. Як адзначыў Юкіа Эдана, урад Японіі высвятляе прычыну ўзнікнення белага дыму над АЭС.

Загінулі і прапалі без вестак 11 тыс. чалавек

Як паведамілі ў сераду ў галоўным паліцэйскім упраўленні Японіі, больш за 11 тысяч чалавек, па дадзеных на 8:00 раніцы (01:00 па Мінску), загінулі і прапалі без вестак у сувязі з землятрусам і цунамі. Раней паведамлялася пра больш чым 10 тысяч загінулых і зніклых без вестак.

Як паведамілі ў паліцыі, загінулі 3676 чалавек, зніклымі без вестак лічацца 7558 жыхароў Японіі. Раненні рознай ступені цяжкасці атрымалі 1990 чалавек.

У адпаведнасці з найбольш дакладнымі дадзенымі, якія на дадзены момант маюць улады краіны, колькасць зніклых без вестак у выніку ўдару стыхіі цяпер перавышае 7,5 тыс чалавек, перадае ІТАР-ТАСС. Колькасць пацярпелых не змянілася і складае крыху менш за 2 тыс. чалавек.

Не выключана, што колькасць ахвяр будзе расці і далей. У мінулую нядзелю шэф паліцыі прэфектуры Міягі, па якой стыхія нанесла найбольшы ўдар, заявіў аб тым, што толькі ў дадзеным рэгіёне загінулых будзе не менш за 10 тыс чалавек. Пацверджаных лічбаў, якія адпавядалі б ацэнкам паліцыі, на дадзены момант няма.

Па афіцыйных дадзеных, усяго ў выніку землятрусу і цунамі каля паўмільёна чалавек пазбавіліся жылля. Паводле ацэнак экспертаў, для аднаўлення краіны запатрабуецца каля 180 млрд даляраў.

Апраменьванне атрымалі дзесяткі чалавек

Паводле даных МАГАТЭ, японскія ўлады ўжо абследавалі на прадмет апраменьвання 150 чалавек — 23 з іх спатрэбілася дэзактывацыя, перадае Reuters. Ваенна-марскія сілы ЗША таксама пацвярджаюць, што ў часткі асабістага складу, дыслакаванага ў Японіі, выяўленыя прыкметы апраменьвання малымі дозамі радыяцыі. Як адзначаюць у TEPCO, пры апраменьванні ў зоне АЭС за гадзіну чалавек атрымлівае дозу радыяцыі, якая ў восем разоў перавышае гадавую норму.

Эксперты: сітуацыя на «Фукусіме-2» развіваецца па горшым сцэнары

Як піша газета «Коммерсант», аналізуючы тое, што адбываецца на японскай АЭС, сітуацыя там развіваецца па адным з найгоршых сцэнароў. Аварыя атрымала 6 балаў па сямібальнай шкале INES — горш ацэньвалася толькі аварыя на Чарнобыльскай АЭС, дзе быў выстаўлены найвышэйшы бал. Хоць адмыслоўцы працягваюць сцвярджаць, што небяспекі распаўсюджання радыяцыі для іншых краін пакуль няма, у свеце тэрмінова згортваюць ядзерныя праграмы.

Як патлумачыў газеце дырэктар Інстытута праблем бяспечнага развіцця ядзернай энергетыкі (ІБРАЭ) РАН, член-карэспандэнт Леанід Бальшоў, радыеактыўныя рэчывы, якія пасля выбухаў на АЭС трапілі ў навакольнае асяроддзе, павінныя складацца як з кароткатрывалых, так і доўгатрывалых ізатопаў. Эксперт не выключыў магчымасці пашкоджання самога корпуса рэактара, калі размешчанае ўнутры яго ядзернае паліва значна расплавілася.

Між тым еўракамісар па энергетыцы Гюнтэр Этынгер назваў сітуацыю ў Японіі «апакаліпсісам». Ён лічыць, што ўлады Японіі «страцілі кантроль над сітуацыяй». На думку амерыканскай некамерцыйнай навуковай арганізацыі Union of Concerned Scientists (UCS), распаўсюджанне радыяцыі па тэрыторыі Японіі працягнецца. Як адзначаюць эксперты, падтрымліваць працу пашкоджанай ахалоджвальнай сістэмы на АЭС будзе вельмі складана, калі рабочыя будуць эвакуяваныя.

У выпадку аварыі ў актыўнай зоне рэактара радыяцыя можа пранікнуць вонкі праз расколіну ў ахоўнай абалонцы ядзернага рэактара, папярэджваюць навукоўцы. На іх думку, улады краіны мусяць павялічыць зону эвакуацыі вакол АЭС.

Катастрафічная сітуацыя на «Фукусіме-1» прывяла да росту патрабаванняў узмацніць меры бяспекі на АЭС па ўсім свеце. У Брусэлі адбылася экстраная сустрэча міністраў энергетыкі ЕС, прадстаўнікоў еўрапейскіх органаў па кантролі за ядзернай бяспекай і прадстаўнікоў аператараў найбуйнейшых еўрапейскіх ядзерных аб’ектаў. Удзельнікі прыйшлі да пагаднення аб неабходнасці стрэс-тэстаў АЭС і іншых ядзерных аб’ектаў ЕС. Такія крытэры будуць выпрацаваныя на працягу першага паўгоддзя, у другім паўгоддзі спецыялісты пачнуць рэалізацыю гэтай ініцыятывы.

У азіяцкіх краінах паніка праз ілжывую трывогу

Жыхароў азіяцкіх краін, размешчаных побач з Японіяй, прывяло ў паніку фальшывае SMS-паведамленне, дасланае нібыта японскім урадам, аб тым, што радыяцыя можа распаўсюдзіцца за межы краіны. У гэтым папярэджанні зламыснікі просяць жыхароў іншых краін прыняць меры, каб мінімізаваць наступствы ўздзеяння радыяцыі на чалавечы арганізм.

Асаблівую паніку SMS-паведамленне выклікала на Філіпінах. У некаторых раёнах пасля імклівага распаўсюджання чутак работнікі прадпрыемстваў і школьнікі былі спешна адпушчаныя дадому. У выніку ўрад Філіпін вымушаны быў выпусціць афіцыйнае абвяржэнне.

Як нагадвае ВПС, у моманты масавых бедстваў, падобных да тых, якія адбываюцца цяпер у Японіі, хуліганы і ашуканцы часта запускаюць такія SMS або электронныя лісты, каб падманам атрымаць грашовую выгаду або проста распаўсюдзіць паніку. У ЗША інтэрнэт-карыстальнікаў просяць быць асцярожнейшымі і не адкрываць падазроныя лісты з паведамленнямі пра землятрус і цунамі ў Японіі, каб не пацярпець ад вірусаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?