Сістэмнага эканамічнага крызісу ў Беларусі няма. Матэрыял з такім загалоўкам вынесла ў топ лукашэнкаўскае агенцтва БЕЛТА. У падмацаванне гэтых словаў напачатку артыкула прыводзіцца меркаванне кіраўніка місіі МВФ па Беларусі Крыса Джарвіса: «У Беларусі адсутнічае сістэмны эканамічны крызіс, але ёсць сур’ёзныя эканамічныя праблемы, і важна, каб яны вырашаліся», — сказаў Джарвіс.

Беларускай эканоміцы неабходна «некаторая гнуткасць абменнага курсу», заявіў Джарвіс 6 красавіка падчас відэабрыфінгу, адказваючы на пытанне пра неабходнасць дэвальвацыі рубля.

Паводле яго слоў, шэраг дзеянняў Нацбанка, уключаючы дазвол камерцыйным банкам выкарыстоўваць «найбольш дэвальваваны абменны курс», указваюць на прызнанне неабходнасці «больш гнуткага абменнага курсу». «Мы назіраем рух абменнага курсу ў межах плюс-мінус 8%. У сваю чаргу, узровень абменнага курсу залежыць ад мер эканамічнай палітыкі, якія рэалізуюцца ў яго падтрымку», — сказаў Джарвіс.

Джарвіс расказаў, што ў бачанні МВФ «прадпрыемствы і насельніцтва скупляюць валюту, ідзе перавод рублёвых дэпазітаў у валютныя», — адзначыў прадстаўнік фонду. Кіраўнік місіі МВФ звязвае такую сітуацыю з тым, што пасля завяршэння рэалізацыі ўзгодненай праграмы дзеянняў з МВФ эканамічная палітыка ўлад была занадта мяккай. У прыватнасці, у мінулым годзе назіраўся празмерны рост крэдытавання — каля 40%, што значна больш за тэмпы росту ВУП і інфляцыі. Акрамя гэтага, бліжэй да канца года адбылося павышэнне зарплаты. У выніку, адзначыў Джарвіс, сфарміраваўся «вельмі высокі дэфіцыт» рахунку бягучых аперацый.

МВФ рэкамендуе беларускім уладам скараціць дэфіцыт бюджэту, істотна паменшыць крэдытаванне ў межах дзяржаўных праграм, а таксама зрабіць больш жорсткай грашова-крэдытную палітыку, павялічыўшы працэнтныя стаўкі, каб яны былі большыя за ўзровень інфляцыі.
Гэта, паводле меркавання экспертаў фонду, створыць стымул для насельніцтва несці грошы ў банкі.

Джарвіс адзначыў: «Мы бачым, што яны [Нацбанк] разумеюць сур’ёзнасць сітуацыі і важнасць хутчэйшага аднаўлення працы валютнага рынку», — сказаў кіраўнік місіі. Ён таксама лічыць, што Нацбанк з’яўляецца ў такой сітуацыі плацежаздольным, паколькі здолеў прадухіліць істотнае скарачэнне рэзерваў.

Паводле меркавання прадстаўніка МВФ, сістэмнага эканамічнага крызісу ў Беларусі няма. «Але ёсць сур’ёзныя эканамічныя праблемы, і важна, каб яны вырашаліся», — падкрэсліў Джарвіс.

Ён мяркуе, што Беларусь зможа ажыццяўляць свае плацяжы па замежным доўгу і дэфолту не адбудзецца. «Гэтая праблема непакоіць і замежных інвестараў, але, я думаю, яны павінны адчуць упэўненасць», — заявіў Джарвіс.

Да апошняга часу лукашэнкаўскія СМІ гаварылі пра «беларускі эканамічны цуд», а сам Лукашэнка тлумачыў праблемы ў беларуска-расійскіх і беларуска-еўрапейскіх адносінах тым, што гэтыя краіны зайздросцяць эканамічным і сацыяльным поспехам Беларусі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?